Вы тут

«Мінская вясна» з беларускімі прэм'ерамі ўжо на падыходзе


Беларуская дзяржаўная філармонія расказала, чым будзе напоўнены юбілейны — трыццаць пяты — Міжнародны фестываль музыкі «Мінская вясна», першы канцэрт якога адбудзецца 3 красавіка. Не такая «пантовая», як іншыя прыклады беларускіх музычных фестываляў з шэрагам спонсараў, прытым і без бюджэтнага фінансавання, але вельмі ўпэўненая ў прасторы класічнай і джазавай музыкі, «Мінская вясна» падрыхтавала надзвычай прывабную праграму, у якую апроч іншага ўвайшлі сусветная прэм'ера новага твора беларускага кампазітара Вольгі Падгайскай і цэлы стос беларускіх прэм'ер.


Чаго варты «Рэквіем» Вольфганга Амадэя Моцарта ў не так даўно знойдзенай версіі для струннага аркестра, гэта значыць, без духавых інструментаў. У філармоніі кажуць, што «Рэквіем» і без таго заўсёды збірае поўную залу слухачоў. Гэтым разам — у праграме «Толькі Моцарт» з удзелам вядомага піяніста Кірыла Кедука 9 красавіка — у выкананні Дзяржаўнага камернага аркестра адбудзецца беларуская прэм'ера пакуль беларускаму аматару музыкі невядомага прачытання.

Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі будзе задзейнічаны яшчэ ў некалькіх канцэртах «Мінскай вясны». Асаблівую ўвагу прыцягвае важкае сачыненне Іагана Баха «Страсці па Марку» ў рэканструкцыі нямецкага дырыжора Ёрна Бойзена, што на канцэрце ў Мінску сам будзе кіраваць аркестрам. Канцэрт 23 красавіка плануе сабраць на сцэне філармоніі цэлую міжнародную каманду, што з арганізатарскага пункту гледжання і з пункту гледжання супадзення зорак выпадак бяспрыкладны.

Разам з музыкантамі камернага аркестра і салісткамі Вялікага тэатра оперы і балета Таццянай Гаўрылавай і Наталляй Акінінай шэдэўр Баха будуць выконваць тэнар Бенджамін Глаўбіц і бас-барытон Джуліян Рэдлін з Германіі і ансамбль салістаў аркестра Рrаtum Іntеgrum з Расіі. Па словах арганізатараў, чарговае выкананне «Страсцей па Марку» ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў найбліжэйшай перспектыве малаверагоднае.

Апошні ў гэтым сезоне канцэрт аўтарскага праекта Яўгена Бушкова «Класіка — гэта класна», які ідзе ўжо дзесяць гадоў, пройдзе ў рамках фестывалю 6 красавіка пад назвай «Чароўны... барабан». Тон сустрэчы будуць задаваць ударныя.

«Мінская вясна» не магла не далучыцца да святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі, якое шырока адзначаецца ў Польшчы, Літве, Расіі і, канешне, Беларусі. Гаворка ідзе пра чарговую беларускую прэм'еру: упершыню ў краіне ў канцэрце «Вечар кансерваторыі» 11 красавіка будуць выкананыя Манюшкавы «Крымскія санеты». Выканальнікамі стануць студэнцкі сімфанічны аркестр і студэнцкі хор нашай акадэміі музыкі, а таксама студэнцкі хор Кракаўскай музычнай акадэміі. Дырыжорамі стануць беларус Андрэй Галанаў і госць з Кракава Станіслаў Краўчынскі.

Музыка Баха прагучыць таксама ў «Шэдэўрах віяланчэльнага барока» 5 красавіка, дзе выступіць саліст Маскоўскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніі Кірыл Родзін, і на «Вечары музыкі для флейты і клавесіна», які зробяць Галіна Мацюкова і Дзмітрый Зубаў. Нарэшце, музыку вядомых кампазітараў для аргана, у тым ліку Баха, 24 красавіка выканае нідэрландскі арганіст Петэр Аўвэркерк.

«Джазавы вечар у філармоніі» 7 красавіка зробіць Беніта Гансалес трыа з ЗША, якое, апроч уласна Гансалеса, прадстаўляюць Арк Аўруцкі і Дэвід Ходэк.

Апошнім канцэртам фестывалю 26 красавіка філармонія адзначыць 75-годдзе вызвалення краіны ад фашысцкіх захопнікаў. «Вайны, якой яе прынята паказваць, з ваеннымі песнямі і так далей, не будзе. Я б гэты канцэрт нават канцэртам не назвала. Як гэта будзе адбывацца — інтрыга, — кажа Вольга Янум, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы, што рыхтуе праграму выступлення. — Рэпертуар на 90 працэнтаў — прэм'ерны і вельмі незвычайны. Гэтых сачыненняў тут пакуль не чулі. Апроч нашай капэлы, у канцэрце будуць задзейнічаны выдатныя выканаўцы — тэатр танца «Альтана», які створыць незвычайную атмасферу, цудоўныя салісты віяланчэль—скрыпка—саксафон Аляксей Афанасьеў, Алег Яцына і Павел Казак. Будзе выканана музыка кампазітараў найбліжэйшага замежжа, напрыклад, гордасці Латвіі Петэрыса Васкса і Эрыка Эшэнвалдса. Але галоўнае — тут адбудзецца сусветная прэм'ера беларускага кампазітара Вольгі Падгайскай «Памяці ахвяр Халакосту». Мы самі пад вялікім уражаннем ад твора, гэта будзе вартым завяршэннем фестывалю».

Вольга Янум таксама адзначыла сімвалічнасць даты, калі гэта «дзейства ці перформанс» адбудзецца, бо 26 красавіка — дзень памяці аб чарнобыльскай катастрофе і Вялікая пятніца перад праваслаўным Вялікаднем. Слоганам канцэрта стане выраз «Мір сляпы — вайна бачыць многае».

За трыццаць пяць гадоў існавання «Мінская вясна» паспела паўдзельнічаць у выхаванні многіх беларускіх, цяпер ужо сусветна вядомых, музыкантаў — віяланчэлістаў Івана Карызны і Аляксея Кісялёва, піяніста Андрэя Паначэўнага, скрыпача Арцёма Шышкова і іншых.

«У 1984 годзе я напісаў запіску міністру культуры, у якой сказаў, што, апроч Беларускай музычнай восені, па ўзоры «Пражскай вясны» і нам добра было б зрабіць вясеннюю праграму прэм'ер, аднаўленняў, тэматычных канцэртаў, — успамінае мастацкі кіраўнік філармоніі Юрый Гільдзюк. — Гэта было вельмі добра прынята. Цяпер філармонія засталася з «Мінскай вясной» сам-насам, нашы фестывалі перасталі фінансавацца асобна, і з той нагоды, што мы — бюджэтная арганізацыя, прыходзіцца ўкладвацца ў тыя рамкі, у якія прымушае ўкладвацца жыццё. Але ў нас атрымліваецца рабіць вельмі цікавыя праграмы».

Агулам юбілейны фестываль рыхтуе дванаццаць канцэртаў — дванаццаць асабліва вясенніх вечароў мінскай вясны.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Моцарт, Манюшка і Беніта Гансалес Трыа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».