Вы тут

Як абараніць веласіпед ад крадзяжу


Вясна — час, калі на вуліцы выязджае вялікая колькасць веласіпедыстаў. Але разам з тым актывізуюцца і злачынцы, якія хочуць займець веласіпед, выкраўшы яго ў законнага гаспадара. Пра абстаноўку з крадзяжамі двухколавага транспарту і тое, як жа гэтага пазбегнуць, расказаў намеснік начальніка арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Вадзім Петыш.


Без сведкаў

— Можна сказаць, што веласіпеды крадуць на працягу ўсяго года. Натуральна, усплёск адбываецца ўвесну і ўлетку, калі на вуліцы выязджае большая колькасць веласіпедыстаў, чым узімку. Але і за першыя два месяцы па рэспубліцы ўжо зафіксавана 140 крадзяжоў веласіпедаў. За ўвесь мінулы год іх колькасць перавысіла дзве з паловай тысячы.

Злачынствы, звязаныя з крадзяжом гэтага віду транспарту, раскрываць даволі складана. Гэта звязана з тым, што слядоў згоншчык пакідае мінімум. Сеў на веласіпед — і пакаціў у невядомым кірунку. Якія ж месцы можна назваць небяспечнымі для двухколавага сябра?

— Некаторыя людзі не нясуць веласіпеды пасля прагулак у сваё жыллё, а пакідаюць іх у пад'ездах шматкватэрных дамоў, на лесвічных пляцоўках, у тамбурах, — кажа Вадзім Петыш. — У дамах старой пабудовы на кожную кватэру выдзелена асобная схованка ў падвале. Ёй карыстаюцца, каб не цягацца ва ўмоўнай «хрушчоўцы» па вузенькай лесвіцы з грувасткім веласіпедам некалькі паверхаў. Але паклаўшы руку на сэрца, як даўно вы мянялі там замок?

Сёлета здарыўся адметны выпадак у сталіцы. З аднаго і таго ж пад'езда за кароткі прамежак часу былі скрадзены адразу два веласіпеды. Рынкавы кошт аднаго з іх складае 1200 рублёў, другі — больш просты — «заважыў» на 480. Прычым трэба асобна спыніцца на адным псіхалагічным моманце. Даволі шырока пашырана меркаванне, маўляў, каму патрэбны стары пашарпаны прадмет побыту. Датычыцца гэта і веласіпедаў, якія маглі адкатаць ужо не адзін дзясятак гадоў. Дык вось, зладзеі ўсё роўна сцягнуць тое, што «дрэнна ляжыць». Проста адбыцца гэта можа не адразу. Напрыклад, ужо сёлета быў скрадзены веласіпед, які каштаваў усяго толькі 50 рублёў.

На адсутнасць патэнцыйных сведкаў злачынства і разлічваюць зламыснікі. Больш за тое, сам гаспадар далёка не заўжды можа дакладна сказаць, калі менавіта знік яго двухколавы транспарт. Напрыклад, сёлета ў адной з заяў быў указаны прыкладны тэрмін выкрадання з 1 да 15 лютага. Цэлыя два тыдні гаспадар не звяртаў увагі, ці ёсць яго веласіпед, ці няма...

А вось выпадкаў крадзяжоў з тэрыторый, якія абсталяваны сістэмай відэаназірання, значна менш, чым з месцаў агульнага карыстання ў шматпавярховых дамах. Аб'ектыў камеры выконвае дзейсную прафілактычную функцыю. Зрэшты, гэта псіхалагічны фактар — не фізічны, стапрацэнтную гарантыю таго, што крадзеж не адбудзецца, ён таксама не дасць. Таму лепш за ўсё паклапаціцца аб недатыкальнасці ўласнага байка самому.

Дакументы павінны быць у парадку

Раскрыццё крадзяжоў веласіпедаў нярэдка ўпіраецца ў праблему неахайнага стаўлення законных уладальнікаў да серыйнага нумара. Яго вытворца звычайна наносіць на раму. Але ці ўсе, набываючы транспарт, ведаюць яго? Або захоўваюць дзесяцігоддзямі дакументы на байк? Да таго ж, калі зламыснік вырашыць прадаць скрадзенае, дакументаў у яго не будзе дакладна. Серыйны нумар на раме таксама можа быць знішчаны. А эксплуатацыя веласіпедаў з такімі пашкоджаннямі ў Беларусі не забаронена. Акрамя таго, сама рама — гэта ўсяго толькі адзін з кампанентаў сучаснага веласіпеда. Цяперашнія мадэлі могуць быць укамплектаваны іншымі дарагімі дэталямі, якія зняць можна адносна лёгка, а вось пасля распазнаць, што яны былі менавіта на вашым байку, — не. І гэта яшчэ не ўсё. Калі пасля акажацца, што транспарт быў скрадзены, то ён будзе па рашэнні суда вернуты законнаму ўладальніку, у якога яго скралі. Чалавек жа, які набыў веласіпед «з рук» у зламысніка, нажыве непатрэбныя праблемы. Таму ці варта рызыкаваць, набываючы транспарт без дакументаў?

— Што ж рабіць, калі выпадкова вы ўбачылі веласіпед, які калісьці ў вас скралі? Самае галоўнае — не паддавацца эмоцыям, — раіць Вадзім Петыш. — Сілавая самадзейнасць можа прывесці да таго, што праблемы з законам узнікнуць не толькі ў зламысніка, але і ў вас. Таму лепш за ўсё тут жа набраць нумар 102 і выконваць падказкі праваахоўнікаў. Калі веласіпедыст чакаць міліцыю для высвятлення сітуацыі не захацеў і ваша маёмасць паехала ў нейкім кірунку, то запомніце як мага падрабязней яго прыкметы і шлях руху.

Аднак чым пасля «разрульваць» такія сітуацыі, лепш іх папярэдзіць. А аб тым, каб захавалася маёмасць, ніхто не паклапоціцца лепш за самога ўладальніка. Галоўнае — не пакідаць свой транспарт у вольным доступе без нагляду і не прасіць незнаёмых людзей пасцерагчы на дзясятак хвіліначак ваш байк, пакуль вы будзеце нешта набываць у краме. Інакш існуе істотны шанц, што вы выйдзеце з пакупкамі і не ўбачыце ні добраахвотнага вартаўніка, ні веласіпеда, ні нават сведак таго, што адбылося. Ды і ў непасрэдным полі зроку не прышпільваць веласіпед — таксама вельмі рызыкоўна. Хтосьці можа проста перад вамі заскочыць на сядло і з'ехаць.

— Разам з тым многія крадзяжы веласіпедаў раскрываюцца па гарачых слядах, — канстатуе суразмоўнік. — Калі вы адышлі на некалькі хвілін, вярнуліся і веласіпеда не ўбачылі, то адразу тэлефануйце ў міліцыю. Кожная згубленая хвіліна дае фору злачынцу, бо хуткасць веласіпеда можа перавышаць 30 кіламетраў за гадзіну. Раскажыце сябрам і знаёмым пра тое, што ў вас скралі двухколавы транспарт. Можа, яны ўбачаць ваш байк дзесьці ў горадзе.

Фота skalica.sk

Што цікава, немагчыма вызначыць нейкі тыповы партрэт тых, хто крадзе веласіпеды. Гэта могуць быць як падлеткі, так і, здавалася б, паважныя людзі ва ўзросце за 50. Шмат такіх злачынстваў здзяйсняецца нападпітку.

На бяспецы не эканомяць

— Найлепшым сродкам прафілактыкі велакрадзяжоў будзе спецыяльны замок, — лічыць Вадзім Петыш. — Мы рэкамендуем карыстацца тросам, таўшчыня якога складае як мінімум шэсць міліметраў. Больш тонкія ланцугі элементарна перакусваюцца пасаціжамі. Вельмі пажадана, каб ланцуг быў доўгім і мог адначасова фіксаваць як колы, так і раму. Былі ў нас выпадкі, калі гаспадар мацаваў веласіпед толькі за кола. Зламыснік хуценька яго адкручваў і пакідаў на месцы, а сама рама знікала. Усё, што з веласіпеда здымаецца — ліхтарыкі, кошыкі, велакамп'ютар, помпу, фары, — лепш забраць з сабой. У ідэале можна зняць і сядло. «Паўфабрыкат» для злачынцы не такі прыцягальны. Абавязкова перапішыце серыйны нумар веласіпеда, сфатаграфуйце яго знешні выгляд. Калі ўмовы гарантыйнага тэрміну не забараняюць або сталі неактуальнымі, то варта прамаркіраваць дэталі нязмыўнай фарбай і таксама зняць на камеру.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Веласіпед — прыманка для злачынцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».