Вы тут

Зрабіць крута — гэта ўнутраная матывацыя творчага чалавека


Да цёплага свята Купалля чакаць яшчэ тры месяцы, але дбайны гаспадар рыхтуе сані летам, а калёсы шчэ зімой. Вось і гурт Аurа — а менавіта лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» Юліі Быкавай і Яўгену Алейніку даверылі музычнае аздабленне свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») — не сядзіць без справы.


Напрыклад, цяпер у гурта ёсць новая студыя ў Астрашыцкім гарадку. І не толькі студыя, але і дом — гарадскія жыхары Яўген і Юлія пераехалі сюды ўсёй сям'ёй, каб не разрывацца паміж творчым працэсам і выхаваннем двух сыноў, а ўсё сумяшчаць. Доўга шукалі кватэру па суседстве ці двухпавярховую, але ўсё выходзіла празмерна дорага. А вось варыянт арэнднага жылля ў прыгарадзе стаўся найлепшым: у прыдачу да трохпакаёвага доміка сям'я атрымала вялізны гараж, які пасля рамонту, уласна, і ператварыўся ў студыю.

Сямейны і творчы дуэт запісвае тут новыя песні, рыхтуецца да сольнага канцэрту на новай пляцоўцы, а літаральна днямі прадставіў кліп — хутчэй, міні-фільм — на песню «Дарогі беларускія».

У тры хвіліны музычнага відэа, ініцыятарам здымак якога выступіў тэлеканал АНТ, акрамя двух заслужаных артыстаў Аляксандра Саладухі і Вікторыі Алешкі змясціўся і яшчэ адзін народны (акцёр Уладзімір Гасцюхін, які ў звыклым для сябе вобразе дальнабойшчыка калясіць па беларускіх дарогах) і цэлы россып беларускіх брэндаў, ад вядомай аўтамабільнай маркі да «Міс Беларусь» Марыі Васілевіч. І ўсё гэта не схаваная рэклама, а маленькая, ды ўражальная гісторыя — кранальная, як успаміны кожнага з нас пра малую радзіму.

— Гатовы кліп мы і самі паглядзелі ў тэлевізійным эфіры ўпершыню, — прызнаецца сямейны і творчы тандэм. — Ці спадабалася? Не тое слова! Рэжысёр Ілья Баранаў, наш добры сябар, здолеў злавіць той самы настрой, які прыходзіць, напэўна, з узростам — калі асабліва цэніш дарогу дадому...

«Калі я ўбачыў у кліпе кадры, дзе кітайскія студэнты разглядваюць у вокны электрычкі нашы краявіды, ад успамінаў нават прашыбла на слязу, — дадае Яўген Алейнік. — Здаецца, я зусім нядаўна быў у Кітаі па кантракце, усур'ёз думаў перавезці сям'ю, затрымацца там на доўгія гады, разглядаў тамтэйшыя пейзажы... І вось атрымаўся такі фідбэк».

— Ці плануеце вы скарыстаць гэта відэа і іншыя кліпы на свае песні ў купальскім канцэрце ў Александрыі?

— Над гала-канцэртам працуе рэжысёр Агата Мацко, і, для таго каб наша сумесная праца мела плён, кожны мусіць раскрыць уласную ідэю, без аніякіх пабочных давескаў. Гэта як з «Чорным квадратам» Малевіча: калі б хтосьці пачаў раіць яму намаляваць побач арнамент ці Месяц, каб было зразумела, што гэта начное неба — словам, калі б адзін творца (альбо не-творца) раіў другому, як зрабіць — атрымалася б, мякка кажучы, дрэнна. Таму Агата раскрые ў пастаноўцы нашы творы так, як яна бачыць, а мы ўжо сыграем іх так, як мы адчуваем. Вельмі спадзяёмся, што музычнае і візуальнае афармленне спалучацца ў адно эфектнае цэлае.

Прынцыповая акалічнасць: вялікі двухгадзінны канцэрт у Александрыі будзе цалкам жывы. «Жывейшы за ўсіх жывых! — падкрэслівае Яўген Алейнік. — Такой задачы раней ніхто не ставіў перад рэжысёрамі, але музыка — перадусім, так што на сцэне будзе каля 30 музыкантаў, якія, гаворачы нашым выканальніцкім слэнгам, «вылабаюць жывака». У нас чамусьці склалася вельмі дрэннае стаўленне да беларускай поп-музыкі, і часткова ў гэтым вінаватыя самі музыканты, якія ў 90-х — пачатку 2000-х апусцілі планку якасці ніжэй за плінтус, карыстаючыся направа і налева «плюсавой» фанаграмай. І толькі бліжэй да нашых дзён пачалі стварацца якасныя поп-праекты, выканаўцы ў якіх спявалі жыўцом. Ні ў якім выпадку не хачу апранаць белае паліто і заяўляць, што адны мы такія віртуозы, але гэтым канцэртам мы хочам паставіць пэўную планку якасці, падняць такую хвалю, пасля якой усе наступныя выканаўцы будуць рабіць яшчэ лепш і лепш. З дрэннага на добрае перайсці вельмі проста, а назад — трэба, каб дарогі назад не было. Успамінаю, як у Францыі ўпершыню пакаштаваў французскае шампанскае: падалося, прыкладна тое самае, як у нас. А ў Мінску, адкаркаваўшы ігрыстае віно мясцовай вытворчасці, зразумеў, што больш ніколі не змагу называць гэта шампанскім. На мой погляд, і ў нашай сферы трэба імкнуцца да сусветнага ўзроўню. Бо знакамітыя поп-артысты — Бруна Марс, Джасцін Цімберлейк, Соldрlау — гэта вялікія калектывы і жывая музыка! Тое самае я бачыў у Кітаі, дзе ўдзельнічаў у стварэнні фінальнай серыі шоу Mаskеd Sіngеr (накшталт «Кропля ў кроплю», але артысты выступаюць у традыцыйных масках, і журы трэба адгадаць, хто гэта) — там былі запрошаны музыканты знакамітага амерыканскага спевака Прынса, і яны дэманстравалі проста завоблачны ўзровень майстэрства, прычым рабілі гэта ад душы. І я перакананы, што жывы канцэрт дзяржаўнага ўзроўню — гэта для беларускіх артыстаў крок у патрэбным кірунку. Выступленне не пад шчыльную фанаграму «мінус адзін», а з гітарыстам, які можа выдаць сола, з бубначом, які «валіць грув» — зусім іншая атмасфера ў зале. А каб і мы, і музыканты былі ў тонусе, за месяц да Александрыі мы запланавалі даць сольны канцэрт 6 чэрвеня ў Верхнім горадзе — новая для нас пляцоўка, гістарычны цэнтр Мінска, дзе даўно хацелася сыграць, каб слухачы ў атмасферным месцы паслухалі жывую душэўную музыку і потым разышліся абмяркоўваць уражанні па кавярнях. Паглядзім, наколькі гэты план-прадчуванне апраўдаецца».

— На пасяджэнні арганізацыйнага камітэта фестывалю ў Александрыі былі названы канкрэтныя лічбы — 27 вашых песень прагучаць 6 ліпеня ў гала-канцэрце, прысвечаным Году малой радзімы. Гэта творы з альбома «Куточак Беларусі»?

— І з альбома, і ранейшыя хіты — напрыклад, «Першы снег» у выкананні Іны Афанасьевай, і, напэўна, зусім новыя песні.

— А яшчэ было абвешчана, што гэту музычную праграму Міністэрства культуры плануе выкарыстоўваць як нацыянальны культурны брэнд па-за межамі краіны. Місія пачэсная, але і адказная — ці не цісне гэты груз?

— Па шчырасці, мы разумеем, што словы пра культурны брэнд прагучалі авансам. Гэта такі крэдыт даверу, які трэба апраўдаць, і калі атрымаецца насамрэч крута, то вынік пакажам і ў іншых краінах. Але зрабіць крута — гэта не задача, якую ставіць перад намі міністэрства ці ўрад, а матывацыя, якая ідзе знутры творчага чалавека. Ты, і толькі ты сам, мусіш паставіць для сябе гэтую планку і яе дасягнуць.

Яўген Алейнік паўтарае думку, якую ўжо агучваў пасля «Вялікай размовы» ў Прэзідэнта, звяртаючыся да калег: «Хопіць ныць! Сёння ў беларускіх артыстаў і музыкантаў ёсць усе ўмовы для працы і развіцця: студый хапае, пляцоўкі ёсць, арэнда памяшканняў дасяжная. Чаго не хапае? Хіба толькі агеньчыка ў вачах, але яго павінен запаліць кожны ў сабе, а не чароўны выспятак ад некага іншага».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з архіва гурта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?