Вы тут

Жменька слоў... І цэлы раман


«У Маскву, у Маскву, у Маскву!»

Марылі аб гэтым не толькі тры сястры Чэхава, але і адна, суседчына... Гадоў з 20 таму, схадзіўшы замуж і ў хуткасці з дзіцем вярнуўшыся, яна знайшла-такі (як хвалілася) мужчыну ўласнай мары! І гэта ён абяцаў ёй Маскву.


Казаў, што мае там добрую кватэру — амаль што ў цэнтры і дачу (праўда, за 70 кэмэ, але на добрай машыне (яна, вядома ж, таксама ёсць) — гэта не адлегласць. Яшчэ хваліўся, што зарабляе шмат, а вось траціць зусім не любіць — болей адкладвае ў так званую «падушку бяспекі». Таму Кіра, калі пераедзе, зможа рабіць, што падабаецца — сядзець сабе дома (вязаць, чытаць, гатаваць...) і ні аб чым не думаць... Працаваць? Ну, хіба калі захоча... І тады работа, вядома ж, знойдзецца: медсёстры — яны ўсюды патрэбны. Ды і сувязі ў яго яшчэ тыя...

Карацей, спала Кіра і бачыла, як, хоць нарэшце, ды зажыве — за мужам, як купіць усё, што трэба, і дачцэ, і сабе, як не будзе эканоміць кожны рубель і ўсё цягнуць на сабе. Марыла, як нарэшце выедзе са сваёй «начлежкі» — кватэркі, дзе можна хіба начаваць, бо ўсё ў ёй маленькае: кухня, вітальня, пакоі, як добрай бабе сесці, а вось потым у Маскве...

Ну, чаму б і не, калі дачка — амаль дарослая і самастойная (дзякуй богу, усё можа, усё ўмее), калі да маці — будзе прыязджаць...

І яны да яе таксама будуць — часта, з рознымі падарункамі...

А пакуль што прыязджаў ён, Максім, — як правіла, на святы. Казаў, што дачакацца іх не можа — так моцна сумуе!

Не без таго — ад'ядаўся тут баршчамі ды фірменнымі пірагамі, абураўся цэнамі (што крыху бянтэжыла: з яго добрай зарплатай...), любіў пахадзіць-пагуляць па горадзе і кожны раз потым шчыра дзівіўся, які ён ціхі — пасля Масквы, які чысты і якія тут добрыя людзі!

А таму Кіра, здаецца, зусім не здзівілася, калі неяк па Новым годзе ён першы раз абмовіўся — сказаў, што ў тую Маскву ёй можна і не ехаць: можна жыць тут — яму падабаецца, галоўнае — гэта каб разам.

«Ну, хто б спрачаўся?! Ну, сапраўды! — лікавала Кіра. — Жыць трэба там, дзе дачка, дзе радня! Гэта ў сто разоў лепей! А калі да ўсяго прадаць маскоўскую кватэру ды купіць нешта тут... Свой дом, напрыклад — з прасторнымі пакоямі, з ружамі, садам, лазняй!»

Яна ж і «прыцанілася» — паглядзела ў інтэрнэце, што пачым у той сталіцы і што за гэтыя грошы можна купіць тут. Ад перспектыў галава пайшла кругам, крылы выраслі, але...

У Дзень абаронцаў Айчыны Максім прыязджаць не збіраўся (і яе да сябе чамусьці не клікаў...). Дамовіліся, што вось гэта, мужчынскае свята, яны аб'яднаюць з жаночым і адзначаць тут, у Кіры. Яны з дачкой загадзя прадумалі «культурную праграму» і меню, купілі прысмакаў, разам рыхтавалі падарункі: уперад — хіба адна для адной ды бабуль. Цяпер — з'явіліся новыя. Для яго, найдаражэйшага з гасцей, Кіра звязала цёплую прыгожую безрукаўку, яе дачка — модны шалік.

І масквіч, як здалося, не лыкам быў шыты: прыехаўшы, апроч іншага, дастаў з дарожнай сумкі невялічкую чырвоную каробачку (відаць, пярсцёнак? Заручальны...) для Кіры і прыгожы канверцік — трэба разумець — для яе дачкі?

«У ім ну, напэўна ж, грошы? — з гонарам падумала маці. — І гэта правільна, бо ў дзяцей цяпер такія запыты і патрэбы... Да таго ж ім — нават родным — паспрабуй яшчэ дагадзі... А вось грошы — яны і ў Афрыцы грошы. Дачка не маленькая, сама прыдумае, што за іх прыкупіць».

Уручаць ці — дакладней — абменьвацца падарункамі яны дамовіліся трохі пазней — перад святочным абедам, калі госць з дарогі трохі адпачне (пакуль ён зачыніўся ў ванным пакоі), калі з заняткаў вернецца дачка, а гаспадыня — збярэ на стол. Для гэтага амаль усё ўжо было гатова і амаль усё... валілася з рук. Дзіўна, але факт, Кіру чамусьці мала хвалявала змесціва чырвонай каробачкі, а вось канверта... Ну, не вытрываць было, як цікава, што там (канкрэтна) — у якой валюце? І колькі?

«Нельга чытаць чужыя пісьмы, — казала яна сабе. — Нельга ўскрываць чужыя канверты!» Але нейкая неадольная сіла ўвесь час цягнула яе да століка, дзе ляжалі Максімавы рэчы, штурхала пад локаць: «Ну, што тут такога? Адкрый... Паглядзі...»

«І сапраўды — што?» — здалася ўрэшце Кіра.

Па шуме вады яна разумела, што госць пад душам — значыць, выйдзе не хутка. Спехам адкрыла канверт, глянула і села. У ім, такім яркім і прыгожым, ляжала маленькая сіненькая паперка: дзесяць беларускіх рублёў.

...Ногі ледзьве трымалі, аднак іншага выйсця яна не бачыла: зноў жа спехам накінула паліто, спусцілася на першы паверх, пазваніла ў дзверы досыць «крутому» суседу, які — дакладна ведала — можа пазычыць дзвесце долараў і не будзе «трындзець» аб гэтым на ўвесь пад'езд...

Той і напраўду грошай даў (дзякаваць богу, не спытаўшы, ні што гэта зрабілася — Кіра век не пазычала: жыла на свае, ні калі аддасць), і яна пабегла дамоў.

Паспела — госць па-ранейшаму пялёскаўся пад душам — паклала грошы ў канверцік, потым доўга сядзела на кухні.

І вось жа дзіўная рэч: яна, тая куханька, не здавалася болей цеснай — удзвюх з дачкой яны так многа і так хораша тут сядзелі!

І вітальня зусім не была маленькай — танцаваць там ці што...

І пакойчыкі... Галоўнае, два!

А суседзі якія...

Карацей — у Кірыных планах ні Масквы, ні таго масквіча больш не было.

* * *

«Мужчына...

Падалося, прыстойны?

Падалося, разумны?

Падалося, добры?

Падалося, звярнуў увагу?!

Паглядзела бліжэй — падалося».

Жменька слоў. І цэлы раман.

Валянціна ДОЎНАР

Загаловак у газеце: «У Маскву, у Маскву, у Маскву!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».