Вы тут

Чаму багацеі адмаўляюцца ад гаджэтаў?


Чалавечыя зносіны становіцца таварам класа люкс, а актыўнае спажыванне лічбавых паслуг у паўсядзённым жыцці — прыкмета беднасці, лічыць рэпарцёр Thе Nеw Yоrk Tіmеs Нэлі Боўлз, яе меркаванне прыводзіць расійскі партал gаzеtа.ru.


Выкарыстанне гаджэтаў дазваляе зрабіць таннейшымі адукацыю, догляд пажылых людзей, заказ страў, тлумачыць журналіст. Аднак ужо цяпер забяспечаныя людзі хочуць, каб іх дзеці гулялі з канструктарам, а не са смартфонам, і аддаюць іх у прыватныя школы, дзе не прымяняюцца сучасныя тэхналогіі, а баўленне часу без тэлефона, сацыяльных сетак і электроннай пошты становіцца сімвалам статусу. «Чалавечыя зносіны становяцца раскошай», — піша яна.

Пакуль у жыцці небагатых людзей з'яўляецца ўсё больш экранаў, з жыцця багацеяў яны знікаюць.

У пацвярджэнне сваіх слоў рэпарцёр прыводзіць даныя даследавання Інстытута раскошы, які вывучае лад жыцця багатых людзей. Згодна з імі, выдаткі на падарожжы і харчаванне перавышаюць выдаткі на гаджэты. Багацеі імкнуцца да асабістага ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі і атрымліваюць задавальненне ад жыцця, не выкарыстоўваючы для гэтага смартфоны і планшэты.

«Мы бачым, што чалавечая спагада становіцца раскошай, — кажа дырэктар інстытута Мілтан Педраса. — Станоўчыя ўражанні звязаны з удзелам іншых людзей — падумайце, напрыклад, пра задавальненні ад масажу. Адукацыя, ахова здароўя, крамы — усе пачынаюць шукаць спосабы зрабіць вопыт больш «чалавечным».

Калі ў 1980-х гадах валоданне тэхналагічнымі навінкамі было сімвалам багацця і ўлады, то сёння гаджэты даступныя большасці слаёў насельніцтва. «Пэйджары калісьці былі важнымі, таму што паказвалі, які вы важны, заняты чалавек, — кажа старшыня аддзела маркетынгу ўніверсітэта Паўднёвай Каліфорніі Джозэф Нуньес. — Сёння, калі вы знаходзіцеся на вяршыні іерархіі, вам не трэба нікому адказваць — гэта іншыя павінны адказваць вам».

Інтэрнэт і тэхнічная рэвалюцыя адкрылі доступ да сацсетак і электроннай пошты ў роўнай ступені для багатых і бедных. Масавасць зрабіла іх непрывабнымі. Даследаванні паказваюць, што цяга да сацыяльных сетак і інтэрнэт-пляцовак часам набывае нездаровае адценне, нават пераўтвараецца ў залежнасць, становячыся шкоднай звычкай падобна курэнню. А багатыя людзі сочаць за сваім здароўем лепш, чым бедныя. Яны могуць дазволіць сабе адмовіцца ад продажу сваіх даных і ўвагі ў якасці прадукту.

У дзяцей, якія праводзяць больш за дзве гадзіны штодзень з гаджэтамі ў руках, больш нізкія адзнакі ў тэстах на мысленне і веданне мовы. Акрамя таго, у іх назіраецца заўчаснае станчэнне кары галаўнога мозга. У дарослых людзей выяўлена сувязь паміж доўгім выкарыстаннем гаджэтаў і дэпрэсіяй. У школах усё часцей выкарыстоўваюцца ноўтбукі — мяркуецца, што гэта падрыхтуе дзяцей да працы з «ручнымі» гаджэтамі ў будучыні. У маленькіх амерыканскіх гарадах і зусім рэалізуюцца праграмы дыстанцыйнага навучання праз камп'ютар.

Тым часам супрацоўнікі высокатэхналагічных кампаній, наадварот, аддаюць дзяцей у прыватныя школы, дзе кантакт з гаджэтамі зведзены да мінімуму. Багатыя дзеці праводзяць перад экранамі значна менш часу, чым бедныя. Магчыма, камфорт пры ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі стане своеасаблівым класавым маркерам, лічыць Боўлз. І нават пры ўсім жаданні адмовіцца ад гаджэтаў часцяком аказваецца немагчыма. Яны ўбудаваныя ў спінкі сядзенняў у транспарце. Работнікам кампаній часта забараняецца адключаць тэлефоны нават у вольны час. Бацькі не могуць паўплываць на адукацыйны працэс, калі ў школе выкарыстоўваюцца ноўтбукі.

На жаль, у сучасным грамадстве, дзе адміраюць сацыяльныя структуры і квітнее ізаляцыя, выкарыстанне гаджэтаў становіцца спосабам запоўніць гэтую пустэчу.

Выкарыстанне мабільных тэлефонаў можа несці і прамую пагрозу жыццю — некаторыя не расстаюцца з імі нават за рулём, што, натуральна, часцяком прыводзіць да смяротных аварый. Спецыялісты з Аяўскага ўніверсітэта высветлілі, што выкарыстанне мабільніка падчас язды зніжае хуткасць рэакцыі ў два разы. Навукоўцы зымітавалі сітуацыю, у якой кіроўца карыстаецца мабільным тэлефонам або размаўляе з пасажырамі, і высветлілі: затрымка складае каля 40 мілісекундаў, гэта 4/100 секунды. Можа здацца, што гэта зусім няшмат, але далей сітуацыя толькі пагаршаецца: кожны раз, калі нешта адцягвае ўвагу, час, які затрачваецца мозгам на пераключэнне паміж дзеяннямі, толькі ўзрастае.

Больш раннія даследаванні таксама паказалі, што выкарыстанне тэлефона звужае поле зроку кіроўцы да конуса, падобнага на перспектыву тунэля. У іншых работах меркавалася, што яно выступае ў ролі дадатковай разумовай нагрузкі на кіроўцаў, з-за якой ім цяжэй рэагаваць на новы аб'ект.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.