Вы тут

Будучыня сельскай гаспадаркі — у кавунах і буяках?


Перад беларускімі аграрыямі стаіць задача па выніках сельскагаспадарчага года атрымаць не менш за 8,5 мільёна тон збожжавых, 5 мільёнаў тон цукровых буракоў, 1,2 мільёна тон бульбы, 640 тысяч тон агародніны, 180 тысяч тон пладоў. «Для атрымання запланаваных аб'ёмаў патрэбная будзе «жалезная» дыктатура тэхналогій ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях», — падкрэсліў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір ГРАКУН падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.


Сёлета сяўба пройдзе на 2400 тысячах гектараў, з іх 888 тысяч зоймуць раннія збожжавыя. Лён будзе вырашчаны на 52 тысячах га, цукровыя буракі — на 98, бульба — на 40 тысячах гектараў.

Падрыхтоўка глебы і сяўба пачалася на тры тыдні раней у параўнанні з мінулым годам. Па стане на 29 сакавіка ў краіне падрыхтаваны 41 % глебы, пасеяна 22 % збожжавых і зернебабовых. Скончыць сяўбу гаспадаркі павінны за дзесяць дзён — тэрміны адрозніваюцца для кожнага раёна.

Усе гаспадаркі рэспублікі з лішкам забяспечаны насенным матэрыялам: на 152 % — збожжавымі, 194 % — яравым рапсам, 124 % — бульбай, 100 % — лёнам. На ўласных заводах атрымана 72 % неабходнай колькасці насення кукурузы, астатняе дакупіцца.

Для сяўбы трэба набыць 1204 тысячы тон мінеральных угнаенняў з айчынных прадпрыемстваў. Па даных на ўчора, гаспадаркі забяспечаны на 46 %, паступленні будуць працягвацца да мая.

Сродкаў аховы раслін у краіне закупяць на 357 мільёнаў рублёў — ва ўсіх абласцях на конкурсах вызначаны пастаўшчыкі.

Сельскагаспадарчая тэхніка падрыхтавана на 93 %. У сельгаспрадпрыемствах усяго налічваецца каля 40 тысяч трактароў, у сяўбе будзе ўдзельнічаць каля 18 тысяч. Энерганасычаная тэхніка занятая на падрыхтоўцы глебы, сяўбе, унясенні ўгнаенняў. Амаль тысяча машын «Раса» падкорміць азімыя на плошчы 1800 тысяч гектараў.

Перазімавалі азімыя паспяхова — натуральная гібель назіраецца не больш за 3-5 %. Нават магчымыя веснавыя замаразкі не павінны надта сапсаваць сітуацыю. Толькі ў некаторых раёнах Віцебскай вобласці дзе-нідзе адзначана снежная цвіль, але гаспадаркі атрымалі рэкамендацыі па захаванні ўраджаю.

Як адзначыў Уладзімір Гракун, на фінансаванне вясенніх палявых работ патрэбна 1880 мільёнаў рублёў. 432 мільёны ўжо накіраваны на закупку насення, мінеральных угнаенняў, сродкаў аховы раслін, ГЗМ.

Дызельнага паліва спатрэбіцца 188 тысяч тон. Зараз у гаспадарках маецца запас на 7-9 дзён сяўбы, а 50 тысяч тон паліва будзе адпушчана з матэрыяльнага рэзерву па ўзгадненні з Прэзідэнтам, што дазволіць своечасова завяршыць усе палявыя работы.

Згодна з указаннем кіраўніка краіны асаблівую ўвагу аграрыі звяртаюць на сяўбу запатрабаваных на рынку культур — у тым ліку бахчавых, пладова-ягадных. Таму ў гэтым годзе ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях на прамысловай аснове будзе закладзена не менш за сорак гектараў пад кавуны (раней столькі налічвалася ўсяго, і за мінулы год атрымалі 420 тон кавуноў).

Штогод у Беларусі аднаўляецца па 500 гектараў садоў, павялічваецца плошча ягаднікаў, асабліва плантацый буякоў, і грыбніц. Грыбы — культура не проста імпартазамяшчальная, гэта і варыянт для экспарту.

У стабілізацыйных фондах і сховішчах сельгаспрадпрыемстваў яшчэ застаецца дастатковы запас: захоўваецца 19,3 тысячы тон агародніны.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Перазімавалі добра, ураджай павінен быць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?