Вы тут

Як педагогі і прафесіяналы ІТ-сферы знайшлі агульную мову?


«Я педагог, які глыбока «захраснуў» у інавацыях, але для мяне гэта было як выхад у адкрыты космас без скафандра», — падзялілася сваімі эмоцыямі ад удзелу ў першым хакатоне для педагогаў і айцішнікаў настаўніца рускай мовы і літаратуры з салігорскай СШ № 5 Алена ВОЛКАВА.

«За гэтыя два дні было ўсё: страх, радасць, смех, дабрыня, невычэрпныя словы падтрымкі, майстар-класы, стасункі, новыя знаёмствы, нетворкінг, зноў страх і мой дэвіз на прэзентацыі «Бяжы або памры», таму што ўкласці ў тры хвіліны ўсю ідэю праекта — гэта, скажу я вам, вельмі складана! Але мы справіліся! Навучыліся! Сталі крутымі! І вельмі хочацца верыць у тое, што працяг будзе... Я да гэтага часу не магу прыйсці ў сябе ад эмацыянальнага ўздыму і натхнення! Бясцэнна, калі ў галаве нараджаецца сотня ідэй і ты адчуваеш, што здольны на многае», — напісала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» настаўніца рускай мовы і літаратуры сталічнай гімназіі № 38, выкладчыца ў прыватнай школе STЕАM Анастасія ГАНЧАРОВА.


Дапамагчы і... атрымаць задавальненне

Сяргей БАРЫСІК: “ Вельмі хочацца дапамагчы, але трэба ведаць, як менавіта мы можам дапамагчы адукацыі?”

Першы ў Беларусі адукацыйны хакатон ЕduTHОN павінен быў даць адказы на многія пытанні. Напрыклад, ці змогуць педагогі і прафесіяналы з ІТ-сферы знайсці агульныя інтарэсы? Наколькі непераадольная бездань, што аддзяляе айцішнікаў ад праблем і патрэб сучаснай школы? Як кожны з бакоў бачыць адну і тую ж сітуацыю? І што можа атрымацца, калі ім усё ж такі ўдасца аб'яднаць свае намаганні? З ініцыятывай правядзення хакатону выступіла Асацыяцыя «Адукацыя для будучыні», а падтрымала гэта адважнае пачынанне кампанія РаndаDос.

Для ўдзелу ў мерапрыемстве сабраліся каля трох дзясяткаў педагогаў з Бабруйска, Пінска, Смаргоні, Светлагорска, Баранавіч, Барысава, Радашковіч, Смалявіч, Мар'інай Горкі, Мінска і іншых гарадоў. Сярод іх былі настаўнікі фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, біялогіі, музыкі, беларускай і рускай мовы і літаратуры, гісторыі, дадатковай адукацыі, псіхолагі... Калі для «айцішнікаў» хакатоны даўно сталі будзённай справай, то для абсалютнай большасці педагогаў гэта быў першы падобны вопыт.

Адкрываючы ЕduTHОN, Сяргей БАРЫСІК, тэхнічны дырэктар і сузаснавальнік РаndаDос, падкрэсліў: «Дапамагаючы настаўнікам, мы робім важны ўклад у будучыню нашага грамадства. У пошуках перспектыўных супрацоўнікаў многія ІТ-кампаніі факусуюць сёння сваю ўвагу пераважна на ўніверсітэтах, мы ж працуем на доўгатэрміновую перспектыву. Для мяне падтрымаць хакатон — проста вялікае задавальненне. Вельмі хочацца дапамагчы, але трэба ведаць, як менавіта мы можам дапамагчы адукацыі? Магчыма, педагогам будзе карысны вопыт праектнай работы ў ІT, таму што працэс распрацоўкі праграмнага забеспячэння — гэта менавіта праектная работа. Мы можам навучыць іх таму, як вялікую ідэю разбіць на маленькія часткі, вылучыць галоўнае, устанавіць выразныя крытэрыі паспяховасці. А настаўнікі маглі б затым перадаць гэты вопыт сваім вучням».

 

— А я адчуваю да вас лёгкую зайздрасць і лёгкае спачуванне, бо выдатна ведаю, наколькі напружанымі будуць два праведзеныя на хакатоне дні. Але пасля іх вы абавязкова зменіцеся, бо проста ўжо не зможаце быць ранейшымі, — паабяцаў педагогам дырэктар Асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» Аляксандр ХОМІЧ.

Геаметрыя ў 3D

Зрэшты, як аказалася, вопыт самапрэзентацыі сваёй ідэі можа аказацца надзвычай карысны не толькі педагогам, але і айцішнікам: яны таксама прыйшлі на хакатон з пэўнымі задумамі, якія хацелі б ажыццявіць. Але ідэю трэба ўмець «прадаць», а для гэтага яе неабходна загарнуць у яркую ўпакоўку, прыдумаць маркетынгавы ход і даступна выкласці аўдыторыі. На выступленне ўдзельнікам адводзілася ўсяго 60 секундаў. І не ўсе з пастаўленай задачай справіліся. Былі вельмі класныя ідэі, якія, на жаль, не знайшлі падтрымкі. Напрыклад, па стварэнні рэсурсу, які б дазваляў пагрузіцца ў гульню са змяненнем законаў фізікі, акунуцца ў свет фантастыкі Стругацкіх (фізіка можа быць займальнай і зразумелай!). Ці распрацаваць праект, які дапаможа дзецям запамінаць складаныя тэрміны, азначэнні, правілы па розных школьных прадметах — своеасаблівую базу «запаміналак» накшталт «Долго ели торты, не налезли шорты...». Прапаноўвалася таксама стварыць рэсурс у дапамогу настаўнікам для фарміравання ў падрастаючага пакалення навыкаў «чалавека будучыні» (славутыя чатыры К: камунікацыя, кааперацыя, крытычнае мысленне і крэатыўнасць).

У найлепшых традыцыях хакатонскага «жанру» ўдзельнікі павінны былі ўтварыць каманды, сфармуляваць ідэю, сумеснымі намаганнямі прапрацаваць яе магчымую рэалізацыю пры дапамозе сучасных тэхналогій і прапанаваць камандны праект або нават гатовую праграму на суд журы. Усяго ўтварылася дзевяць камандаў. Варта заўважыць, што «айцішнікі» дасталіся не ўсім. А камусьці, наадварот, моцна пашанцавала: у камандзе «Стэрэаметрыя АR» педагогі аказаліся нават у меншасці. Супрацоўнікі кампаніі па стварэнні высокатэхналагічных рашэнняў у дапоўненай рэальнасці АR.TЕАM прыйшлі на хакатон разам са сваім дырэктарам Канстанцінам Пятрашкам.

Каманда AR.TEAM дзеліцца ўражаннямі ад двухдзённай сумеснай работы ў творчай лабараторыі з педагогамі.

Дарэчы, самаму юнаму прадстаўніку гэтай каманды Аляксею ПІЛЮГІНУ ўсяго 16 гадоў (юнак вучыцца ў 10-м класе мінскай сярэдняй школы № 83), але гэта быў ужо дзявяты (!) хакатон у яго жыцці. А першы падобны вопыт ён атрымаў у 14 гадоў. «Праўда, каб мяне прынялі ў каманду, я тады трошачкі «схлусіў» — сказаў, што мне на два гады больш, — смяецца Аляксей. — Прызнаюся, што я вельмі люблю хакатоніць, нават ездзіў з гэтай мэтай у Маскву. Для мяне хакатон — у першую чаргу, магчымасць знайсці аднадумцаў, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі». На адным з такіх мерапрыемстваў на хлопца звярнуў увагу Канстанцін Пятрашка, і запрасіў яго далучыцца да «АR.TЕАM» — і вось ужо каля года перспектыўны праграміст працуе ў яго камандзе.

Аляк­сею ПІ­ЛЮ­ГІ­НУ ўся­го 16 га­доў, але гэ­та быў ужо дзя­вя­ты (!)  ха­ка­тон у яго жыц­ці. На хлоп­ца ляг­ла асноў­ная на­груз­ка  па ства­рэн­ні ма­біль­най пра­гра­мы.

Дарэчы, на ЕduTHОN на Аляксея лягла асноўная нагрузка па стварэнні праграмы і ён з ёй выдатна справіўся. Але ідэя, якую распрацоўвала каманда «Стэрэаметрыя АR» — мабільная праграма, якая дазваляе сканструяваць і разгледзець прасторавыя фігуры ў рэжыме дапоўненай рэальнасці, — усё ж такі належала педагогу. Яе прапанавала Ірына АДАМОВІЧ, настаўнік матэматыкі з барысаўскай сярэдняй школы № 20 і кіраўнік STЕM-цэнтра, створанага на базе гэтай навучальнай установы.

Праграма для мабільных устройстваў MATH REALІTY дазваляе настаўнікам самастойна рабіць візуалізацыю фігур для задач па стэрэаметрыі.

Тэсціруецца мабільны дадатак, які дазваляе сканструяваць і разгледзець прасторавыя фігуры ў рэжыме дапоўненай рэальнасці.

«Банды» энтузіястаў

Пасля 20 гадзін напружанай працы прыйшоў час прадстаўляць журы свае праекты. На выніковы пітч камандам даецца ўсяго тры хвіліны. У выніку ў адведзены хранаметраж упісалася толькі адна каманда «Вучыцца лёгка».

— Прыгадайце, калі вы вучыліся ў школе, ці даводзілася вам наганяць прапушчаны з-за хваробы матэрыял? Калегі, падыміце руку тыя, каму давялося адпрацоўваць з вучнямі прапушчанае, застаючыся пасля заняткаў? Паважаныя бацькі, а вы не тлумачылі свайму дзіцяці тэмы, якія прайшлі міма яго, таму што ён доўга адсутнічаў у школе? — задавала пытанні аўдыторыі член каманды Анастасія Ганчарова. — «Вітамін ведаў» — гэта інтэрнэт-платформа, якая дапамагае вучыцца дзецям, што доўга хварэюць, праз сеціва, прычым у інтэрактыўнай форме. Навучальны матэрыял будзе на ёй прадстаўлены па ўсіх класах і тэмах, але выкладзены ў «аблегчаным» выглядзе: гэта могуць быць 15-хвілінныя відэа, малюнкі, мульцікі, тэсты, гульнявыя фарматы... Пазней плануем дадаць на платформу матэрыялы для навучання дзяцей з асаблівасцямі развіцця (дыслексіяй, слабым слыхам і слабавідушчых), арганізаваць магчымасць відэасувязі з класам.

Каманда “Прафес і Я” шчыруе над прафарыентацыйным праектам

Цікава, што каманда «Вітамін ведаў» узяла на хакатоне два галоўныя прызы: ад кампаніі ЕРАM — у намінацыі «Сацыяльныя адукацыйныя патрэбы» і спецыяльны прыз ад тэхнічнага дырэктара кампаніі РаndаDос у памеры 1000 долараў.

— Менавіта ў дзяўчат была самая цікавая камандная работа. Назіраць збоку за тым, як яны ўзаемадзейнічалі, было вельмі крута, — растлумачыў свой выбар Сяргей Барысік. — На жаль, ім не дасталіся «айцішнікі»...

У каманду-пераможцу акрамя Анастасіі Ганчаровай увайшлі Таццяна Багдановіч (настаўнік фізікі з бабруйскай СШ № 10), Вікторыя КАЛАЦЮК (настаўнік матэматыкі і інфарматыкі, СШ № 1 з Пружан), Марына КУЛІНОВІЧ (настаўнік інфарматыкі і праграмавання, СШ, № 13, Бабруйск), Таццяна ВОЙТКА (настаўнік інфарматыкі са смаргонскай СШ № 5), Ірына МІТРАФАНЕНКАВА (настаўнік музыкі з Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна), Таццяна ПАРХАМЧУК (настаўнік біялогіі) і Алена ШУМАК (настаўнік рускай мовы і літаратуры) —
абедзве прадстаўніцы пінскай гімназіі № 2. Дзяўчаты прызналіся, што калі ў першы дзень зразумелі, што засталіся без «айцішнікаў», іх ахапіў страх, але потым яны ўзялі сябе ў рукі...

Касцяк каманды "Стэрэаметрыя AR" склалі прафесіяналы з кампаніі па стварэнні высокатэхналагічных рашэнняў у дапоўненай рэальнасці AR.TEAM.

Прыз ад кампаніі BіgDаtа Tесhnоlоgіеs у намінацыі «Тэхналогіі ХХІ стагоддзя» атрымала каманда «Стэрэаметрыя АR». Іх праграма для мабільных устройстваў MАTH RЕАLІTY дазваляе настаўнікам самастойна рабіць візуалізацыю фігур для задач па стэрэаметрыі. Гэта інструмент, пры дапамозе якога можна стварыць 3D-мадэль, каб школьнікі ўбачылі аб'ёмную фігуру. Можна пакруціць у паветры віртуальныя прызмы ці піраміды. На момант тэсціравання было створана ўжо больш як 100 фігур. Мабільная праграма дазваляе зрабіць працэс навучання больш відовішчным і эфектыўным, асабліва для вучняў, пазбаўленых прасторавага мыслення.

Асацыяцыя «Адукацыя для будучыні» абрала свайго пераможцу. Ім стаў праект «UKІ дыктоўкі». У каманду аб'ядналіся тры настаўнікі, праграміст, аналітык і РR-менеджар, каб разам вырашыць праблему пісьменнасці насельніцтва. Персанальныя анлайн-дыктоўкі ўнутры гаджэта дазваляюць увайсці ў праграму, выбраць любую мову, тэму, прайсці дыктоўку (тэкст начытваецца загадзя) і тут жа праверыць свае памылкі. Ключавой перавагай праграмы з'яўляецца анлайн-кансультацыя выкладчыка і магчымасць кожнаму педагогу ствараць тэксты пад свае канкрэтныя патрэбы.

Каманда-пераможца  працуе над праектам “UKI дыктоўкі”.

Першы сумесны адукацыйны хакатон фінішаваў. Ці будзе працяг? Падчас узнагароджання пераможцаў кампанія ЕРАM абвясціла пра свой намер паўдзельнічаць у арганізацыі наступнага ЕduTHОN! Гэта паведамленне ўсе сустрэлі апладысментамі. Як вельмі трапна заўважыла адна з удзельніц, такую канцэнтрацыю разумных і ідэйных людзей можна сустрэць вельмі рэдка. Адзіночкі ў нашым свеце выжываюць з цяжкасцю, і настаўнікам-энтузіястам працаваць у школах зусім няпроста. Але калі такі педагог прыязджае на хакатон і сустракае «банду» такіх жа, як ён — гэта дорыць яму надзею і натхненне.

Ка­ман­дзе «Вучыцца лёгка» не да­ста­лі­ся «ай­ціш­ні­кі»,  але дзяў­ча­ты не раз­гу­бі­лі­ся і... пе­ра­маг­лі!

 

ЕduTHОN — гэта двухдзённая творчая лабараторыя, падчас работы якой прафесіяналы са сфер адукацыі і ІТ збіраюцца разам, каб абмяняцца ідэямі, аб'яднацца па інтарэсах і стварыць мінімальны рабочы прадукт. Мэта ЕduTHОN — прыдумаць і паспрабаваць хутка зрабіць праекты, якія скарачаюць разрыў паміж школай і сучасным грамадствам.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і Асацыяцыі «Адукацыя для будучыні»

Загаловак у газеце: Злавіць хакатонскі драйв

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.