Вы тут

«Мужна жыў і мужна паміраў»


«Мужна жыў і мужна паміраў»

Да 110–годдзя Валерыя Маракова

Прымай, дарагая краіна,

Прымай свайго сына ізноў!

І месячным светам —

Крывёю рабіны,

І сумам начэй, і трывогаю сноў…

В. Маракоў

Калі знаёмішся з лёсам пісьменнікаў, якія развіталіся з жыццём маладымі ў 1930–х, хочацца верыць, што яно не прайшло марна. Надышоў час успомніць з удзячнасцю усіх творцаў, якія прынеслі сябе ў ахвяру, пакінуўшы нам спадзяванне на лепшую будучыню.

Праект «На хвалі часу, у плыні жыцця» знаёміць з членамі згуртавання «Маладняк». Адкрываем мы яго асобай паэта Валерыя Маракова (1909–1937), які стаў сябрам згуртавання ў 1926 годзе і чыё 110–годдзе адзначаецца сёлета.

В. Маракоў

Ён пакінуў пасля сябе толькі чатыры паэтычныя зборнікі. Тым не менш, карыстальнікі віртуальнага праекта, распачатага Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, могуць пазнаёміцца не толькі з поўнымі тэкстамі гэтых зборнікаў (алічбаваныя цяпер і тыя, якія не мелі электронных версій, — «Вяршыні жаданняў» (1930) і «Права на зброю» (1933)), але і з падборкай кніг, прысвечаных лёсу і творчасці, і з бібліяграфічным спісам, які дапаможа новым даследчыкам арыентавацца ў існуючай ужо колькасці артыкулаў і рэцэнзій. Фотаздымкі для праекта прадастаўлены Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Беларускім дзяржаўным архівам–музеем літаратуры і мастацтва.


Мы шукаем магчымасці данесці да людзей важнасць нашага праекта для выкарыстання яго ў далейшых даследаваннях гісторыі літаратуры, распрацоўваем розныя падыходы, звяртаемся па падтрымку да тых, хто займаецца гэтым перыядам. Далучайцеся!


Амаль да пачатку ХХІ стагоддзя асоба Валерыя Маракова чытачу была мала вядомая. Пазнаёміцца з жыццём і творчасцю паэта можна праз сучасныя выданні: зборнік выбраных твораў «Рабінавая ноч» (2003), укладзены пляменнікам Леанідам Мараковым, і ім жа напісаную кнігу «Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст» (1999). Зварот да творчасці рэпрэсаванага родзіча прывёў Леаніда Маракова да працы над выданнем энцыклапедычнага даведніка «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794–1991: энцыклапедычны даведнік», які выходзіў з 2004 года. Пазней былі падрыхтаваны падобныя выданні пра рэпрэсаваных каталіцкіх і праваслаўных святароў, медыцынскіх і ветэрынарных работнікаў. Гэта каштоўныя выданні, у якіх прыводзяцца біяграфіі больш за 6000 дзеячаў беларускай культуры, расстраляных або загінулых у сталінскіх канцлагерах (ГУЛАГ).

Валерый Маракоў нарадзіўся 14 (27) сакавіка 1909 года ў вёсцы Акалонія пад Мінскам. Яго дзяцінства, у адрозненне ад дзяцінства аднагодкаў–вяскоўцаў, праходзіла ў Мінску, дзе ён скончыў сямігадовую школу. З малых гадоў хлопец дапамагаў бацьку: працаваў разам з ім мулярам. А па вечарах сядзеў над кнігамі.

Маракоў належаў да «другога прызыву» маладнякоўцаў, куды яго прывёў рэдактар часопіса «Малады араты». Неўзабаве хлопца выбралі членам рэдкалегіі часопіса «Маладняк». Яго першыя творы друкаваліся ўжо ў 1923–1925 гадах у іншых выданнях («Звязда», «Беларускі піянер», «Чырвоная змена»), а ў 1926 годзе выйшаў яго першы зборнік «Пялёсткі».

Ранні перыяд «Маладняка» (1923–1925) называлі перыядам «бурапены». Гэтая «формула», развітая і расшыфраваная на пачатку 1960–х Нілам Гілевічам, азначала апантанасць, святочна–ўрачысты настрой, веру ў чырвоныя сцягі і светлую будучыню. Многія з паэтаў абвяшчалі літаратурную спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем. Гэта асабліва заўважна ў паэзіі Алеся Дудара, Міхася Чарота, Андрэя Александровіча. Захапіў такі настрой і ліру Валерыя Маракова.

Даследчыкі вызначаюць ў творчасці паэта два перыяды. У творах да 1930–х найбольш арыгінальна выявіліся яго чалавечыя якасці: спакойны, ураўнаважаны характар, дабрыня і чуласць. Але ўжо тады прабіваліся ў асобных радках матывы тугі і смутку, якія пераходзілі з верша ў верш. Гэта была даніна модзе. Вялікі ўплыў на творчасць паэтаў аказваў тады Ясенін. Яго настроі можна знайсці ледзь не ў кожнага «маладнякоўца»: і ў Язэпа Пушчы яны ёсць, і ў  Алеся Дудара, і ў Паўлюка Труса. І Тодар Кляшторны, і Сяргей Дарожны, а з імі і Валерый Маракоў пераймалі некаторыя матывы і настроі рускага паэта. Таму пазней Маракова сталі абвінавачваць у «ясеніншчыне», ігнараванні творчасці, мабілізуючай на выкананне «велічных планаў». Крытыкі не разумелі яго лірычных радкоў, дзе заўважна, як паэта перапаўняе жаданне ўсё любіць, таму ясенінскія матывы вычытваліся самі па сабе. Аднак праз ахопленыя шчырым яркім пачуццём радасці творы вельмі яскрава праступалі сум і адчуванне жорсткасці існуючай рэчаіснасці.

З успамінаў Алеся Звонака: «Першая кніга вершаў маладога паэта сведчыла аб яго паэтычнай сталасці, а не аб недаспелых вучнёўскіх практыкаваннях. Было ў той кніжцы многа сонца і святла, многа шчырага пачуцця і любові да роднае зямлі, да яе людзей, былі ў ёй тыя крылы, без якіх сапраўднай паэзіі высока не ўзляцець».

Вершы, якія ўвайшлі ў першы зборнік паэта, былі напісаны ў 14–15–гадовым узросце. Яны ўжо вызначаліся глыбінёй думак, эмацыйнай і сэнсавай насычанасцю, што незвычайна для такога юнага чалавека. Паэзія Маракова вялікае ўражанне рабіла на моладзь, яна была напоўнена задорам радасці жыцця і веры ў шчаслівую будучыню. «Пялёсткі» пераходзілі з рук у рукі, вершы перапісваліся ў патаемныя дзявочыя дзённікі, бо гэта былі вершы 17–гадовага хлопца пра першае каханне, «першы вянок яго васількова–журботнай размашыстай песні».

Пялёсткі

Пялёсткі. Дзяўчыне

На фоне аптымістычнай паэзіі «маладнякоўцаў» пачыналі з’яўляцца беспрадметны сум, «васільковая журба», бязвер’е і песімізм. Такія матывы сталі заўважацца і ў творчасці Маракова. Асабістае жыццё ставіць яго ў такія ўмовы, калі творчы размах спыняецца перад перашкодамі. Ён не можа прымаць рэчаіснасць. Магчыма, юнак ужо прадчувае выпрабаванні, якія на яго долю выпадуць.

О, мой любы дружа, дружа дарагі,

Мне з табой не ведаць суму і тугі.

Ты і я сягоння будзем пець і жыць,

Хоць парой над горлам зіхацяць нажы.

Са зборніка «Пялёсткі»

 

Другі зборнік Валерыя Маракова выйшаў восенню 1927 года. Цікава, што ён стаў аўтарам двух зборнікаў лірыкі ў 18 гадоў, пры гэтым здаў іх у друк, калі яму было 16 і 17 гадоў.

На залатым пакосе

Не цвілі дыяментамі вочы,

Дый за гэтым тады не сачыў.

Толькі шкода, што ў белыя ночы

Мала знаў я прыгожых жанчын.

Са зборніка «На залатым пакосе»

Авацыі і кветкі атрымліваў паэт на творчых вечарынах і сустрэчах. Іншыя пісьменнікі трошкі зайздросцілі яго славе, але сціплы па натуры аўтар такой увагай да сваёй асобы не ганарыўся. Сяргей Грахоўскі ўспамінаў, што калі ў людным калідоры рэдакцыі «Чырвонай змены» замаячвала постаць Валеры, усе сціхалі і расступаліся, праводзячы паэта вачыма. Таму Грахоўскі і ганарыўся знаёмствам сваім з Мараковым. А той вітаўся з ім за руку, цікавіўся творчымі поспехамі. Сябры па пяры спрабавалі ажаніць Маракова, але Валерый на гэта не ішоў — разумеў, відаць, што не зможа даць шчаслівае жыццё жанчыне, бо прадчуваў хуткі арышт.

З успамінаў Паўла Пруднікава: «З вялікай сімпатыяй і любоўю адносіўся да Маракова Якуб Колас. Апошні часта запрашаў яго разам з сабою на сустрэчы з чытачамі. На адной з такіх сустрэч прысутнічаў і я. Гэта было ў Белпедтэхнікуме, дзе да гэтага народны паэт выкладаў методыку беларускай мовы. Скажу шчыра, што я па–сяброўску зайздросціў Валерыю, калі яго выклікалі на “біс”!»

 В. Маракоў. Другі рад злева направа

У пачатку 1930–х і ў іншыя гады ў святле ідэалагічных падыходаў некаторыя крытыкі пачалі спрабаваць «перагартаваць» Маракова. Гэта быў час, калі з усіх лірычных жанраў празнаваўся толькі адзін — грамадзянская лірыка, якая разумелася толькі як «зброя класавага змагання». Паэты ў сваіх вершах звярталіся не да чалавека — на першы план выходзілі дасягненні індустрыялізацыі і калектывізацыі, праслаўленне «мудрэйшага з мудрых», правадыра ўсіх народаў. Таму паэт мусіў, насуперак сваёй творчай натуры, адвярнуцца ад лірыкі ў бок вершаванага эпасу. Але яго творы ўсё роўна ўспрымаліся як пародыі на актуальныя тэмы. Маракова ў гэты час, як і іншых паэтаў, адпраўлялі на будоўлі, на фабрыкі, а пасля ён пісаў рыфмаваныя справаздачы пра працу на заводах Барысава, Рэчыцы, Оршы. Але пры гэтым паказваў лірычных герояў — жывых людзей з іх перажываннямі, няўпэўненасцю ў будучыні, нягодамі. Словы гэтага паэта зразумелыя нам сёння, але на той час яны выклікалі незадаволенасць.

Чалавек —

гэта вам не мумія,

ўзяў са склепу і выштурхнуў вон,

чалавек —

гэта сад з залатымі думамі,

дзе па жылах праходзіць

блакітны агонь.

Вершы Маракова пачынаюць нагадваць вершы Маякоўскага з іх барабаннаю траскатнёю. Такія творы трапляюць ў зборнік «Права на зброю» (1933). Але сустракаецца ў ім і сапраўдная лірыка.

У 1935 годзе за верш «Песня перамог» (надрукаваны ў газеце «Піянер Беларусі»), напісаны ў суаўтарстве з Тодарам Кляшторным, Маракоў быў выключаны з членаў ССП на шэсць месяцаў. «За багему і напісанне верша», як сам паэт адказаў на допыце. Маракову мала што ўдалося надрукаваць са сваіх твораў і перакладаў у 1931–1934 гады, калі ён знаходзіўся пад «пільным прыглядам улады». Паспеў падрыхтаваць пятую кнігу «Жыццё ў цвеце», якая вярнула яго ў рады ССП, але так і не выйшла, пачаў працу над раманам «Вечная крыніца».

На запыт УГБ па даручэнні Саюза пісьменнікаў ад 20 мая 1935 года А. Кучар напісаў характарыстыку «О творчестве Валерия Морякова», у якой адзначаў, што «в зборниках «Пялёсткі», «На залатым пакосе», «Вяршыні жаданняў» всюду пьяный разухабистый и безнадёжный пессимизм». Валерыя Маракова ён назваў яркім прадстаўніком багемна–ўпадніцкага атрада буржуазнага нацыяналізму ў беларускай літаратуры.

А. Дудар, В. Маракоў, М. Нікановіч, 1932 г.

Першы раз яго арыштавалі 21 сакавіка 1935 года. Гэты год вызначаюць як «зацішша перад бурай». 7 ліпеня справа Маракова была спынена, яго выпусцілі з Мінскай турмы НКУС.

Зноў ён быў арыштаваны 6 лістапада 1936 года. Як і большасць рэпрэсаваных у той час пісьменнікаў, яго абвінавачвалі ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». Але пратаколы допытаў заўсёды заканчваліся словамі: «Абвінавачаны вінаватым сябе не прызнаў». Невядома, праз якія ўгаворы, пагрозы і катаванні давялося яму прайсці, але нішто не змусіла яго нагаворваць на сябе і паклёпнічаць на іншых.

Крывавай ноччу беларускай гісторыі называюць 29 кастрычніка 1937 года, калі разам з Валерыем Мараковым былі забіты «маладнякоўцы» Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот.

***

Праект «На хвалі часу, у плыні жыцця» працягнецца агульнай імпрэзай да 115–годдзя Міколы Хведаровіча (1904–1981) і Паўлюка Труса (1904–1929), якая пройдзе ў красавіку ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. У кастрычніку на партале Нацыянальнай бібліятэкі з’явіцца раздзел, прысвечаны Адаму Бабарэку (1899–1938), які распрацоўваў метадалагічныя праблемы літаратуразнаўства, даследаваў гісторыю беларускай літаратуры, творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўкі, Кузьмы Чорнага. Пра багаты творчы набытак крытыка гаворыць «Збор твораў» (2011) у 2–х тамах, які склаў каля 95 працэнтаў архіва аўтара. Чарговы раз будзе арганізавана мерапрыемства і ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. 

Таццяна ЛАЎРЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.