Вы тут

Інструктар па кросфіце на калясцы: Усе абмежаванні ў нас у галаве


Віктар Захар’еў сцвярджае: усе абмежаванні ў нас у галаве.


У 21 год сур'ёзная траўма пасадзіла маладога хлопца ў інвалідную каляску, але гэта яго не зламала, спачатку ён займаўся спортам, каб бесперашкодна самастойна перасоўвацца, а потым стаў дапамагаць іншым калясачнікам не забываць пра паўнавартаснае жыццё. Віктар пачаў удзельнічаць у трэніровачных лагерах для інвалідаў-калясачнікаў, стаў інструктарам па плаванні і выкладае яго ў лагерах, цяпер вывучыўся на інструктара па кросфіце, а летам плануе займацца развіццём экстрэмальных відаў спорту на вадзе. У сакавіку мужчына пабываў у Нарвегіі, дзе прайшоў навучанне катанню на лыжах. Падобны вопыт ён хацеў бы перанесці і ў Беларусь.

Спортам Віктар захапляўся з дзяцінства і нават марыў вырасці хакеістам, у прафесійнай камандзе гуляў яго тата, аднак у юнацтве хлопец закінуў хакей — у моду прыйшлі «качалкі».

— А ў 21 год у выніку кулявога ранення я атрымаў траўму, якая прымусіла сесці ў інвалідную каляску, — расказвае Віктар. — Са спортам я сябрую з дзяцінства, гэта дапамагло аднавіцца хутчэй, хоць першыя два гады ўжо ў калясцы я займаўся вельмі інтэнсіўна. Потым прыйшоў час вызначацца, думаць, як жыць далей, не дома ж сядзець. Пра тое, каб замкнуцца ў чатырох сценах, не было нават і думкі, можа быць, пашанцавала, таму што ў мяне да гэтага быў досыць вялікі круг зносін, і пасля траўмы я не ўпаў духам. Характар ​​і сіла волі ў такіх сітуацыях адыгрываюць асноўную ролю, — сцвярджае Віктар.

Тады малады чалавек упершыню трапіў на зборы для калясачнікаў, а праз год Захар'еў ужо сам стаў інструктарам па цяжкай атлетыцы на такіх жа зборах.

— Там апроч розных відаў спорту і агульнай фізічнай падрыхтоўкі, мы навучаем людзей, як правільна даглядаць сябе, ездзіць на калясцы, спускацца па прыступках. Падобныя зборы вельмі запатрабаваныя, бо добрая фізічная форма і валоданне рознымі навыкамі дазваляюць усё рабіць самому, хаця б проста перасоўвацца свабодна, а не прасіць дапамогі, — расказвае Віктар. — Мы стараемся зрабіць так, каб і пасля збораў людзі камунікавалі, не заставаліся адны, таму што, як толькі яны замыкаюцца дома, сваякі пачынаюць усё падносіць, дапамагаць і ўсе заняткі ідуць дарэмна. Таму на зборах мы ўвесь час кажам пра тое, што нельга спыняцца ў сваім развіцці. На жаль, такія зборы праходзяць толькі раз у год і прыняць у іх удзел можа абмежаваная колькасць людзей, — адзначае Віктар. — Многія інваліды сядзяць дома па дзесяць гадоў, асабліва гэта было ў 90-х, калі большасць жылі ў пяціпавярхоўках і без ліфта не маглі выбрацца на вуліцу. Атрымліваецца, калі ты зламаўся і ліфта няма — гэта прысуд. Цяпер людзі больш спрабуюць выходзіць на вуліцу.

Далей — больш. Пасля цяжкай атлетыкі Віктар Захар'еў стаў сертыфікаваным інструктарам па плаванні: вучыць гэтаму як у басейнах, так і ў адкрытых вадаёмах.

— На жаль, жадаючых займацца плаваннем сярод калясачнікаў мала, — адзначае ён, — Шмат у каго праблемы з шыйным аддзелам, а гэта ў асноўным людзі, якія атрымалі траўму менавіта ныраючы, таму ў іх панічны страх вады. Хтосьці саромеецца, таму што трэба ж пераадзецца, а гэта дадатковыя складанасці.

Нядаўна Віктар прайшоў навучанне на інструктара па кросфіце, гэта дазволіць мужчыну трэніраваць як інвалідаў, так і здаровых людзей.

— У нашай спецыфіцы, вядома, трэба разбірацца, нагрузка павінна залежаць ад роду траўмы, таму што ёсць праблемы, пачынаючы з сядзячага ладу жыцця, нырак, заканчваючы ціскам. Займацца кросфітам можна ў любой спартыўнай зале, трэнажоры для нас практычна нічым не адрозніваюцца, напрыклад, я магу падцягвацца на звычайнай перакладзіне, для гэтага да яе ўсяго толькі трэба прымайстраваць невялікія «вушкі», з дапамогай якіх, я мог бы заскочыць. Наогул, галоўнае, каб у чалавека было жаданне, — адзначае Віктар.

Мужчына расказвае, што на падобных актыўных калясачнікаў людзі рэагуюць па-рознаму.

— Нядаўна быў у Нарвегіі, навучаўся там катацца на горных лыжах, на схіле на нас наогул ніхто не звяртаў увагі, а вось у Беларусі людзі глядзяць на інвалідаў альбо здзіўленымі вачыма, альбо бягуць дапамагаць адразу ўдзесяцёх, што можа больш нашкодзіць. Часта дзівяцца, маўляў, ён сам сеў у машыну? А што тут такога? Вядома, я яе ваджу. Жыву на другім паверсе, штодня спускаюся і падымаюся самастойна. Раней нават любіў шакаваць людзей, дзе-небудзь у бары заскочыць па лесвіцы на другі паверх.

Асноўная прычына, якая абмяжоўвае людзей на калясках — гэта боязь таго, што пра цябе падумаюць іншыя, — адзначае Віктар. — Але ў свеце нас каля 9 мільярдаў, і няўжо важна, што падумаюць канкрэтна пра цябе... Вядома, нашаму грамадству не хапае нармальнага абыходжання з інвалідамі, даступнасці выхаду з хаты, перамяшчэння, магчымасці кудысьці трапіць. Ведаеце, нават калі ўзяць пандусы — іх з'яўляецца ўсё больш, але некаторыя ўсталяваны пад дзевяноста градусаў. Да таго ж, ёсць закамплексаваныя людзі, часам, недзе дзеці могуць тыкаць пальцам, калі мне ўсё адно, то кагосьці гэта абражае. У Еўропе, напрыклад, першапачаткова звычайныя дзеці вучацца ў школе разам з дзецьмі-калясачнікамі і таму прывыкаюць да таго, што людзі могуць быць рознымі.

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.