Вы тут

Чаму новы гродзенскі мікрараён Грандзічы-2 будуецца далёка ад цэнтра?


«У Гродне будуюць новы мікрараён Грандзічы-2. Гэта на ўскрайку горада, побач з камбінатам будаўнічых матэрыялаў. Летам там часцяком бываюць шызымі дрэвы ад выкідаў камбіната, — расказвае ў сваім звароце да Прэзідэнта гродзенец Юрый Куляшоў і пытае. — Чаму будуюць так далёка, калі ў Гродне ёсць шмат месцаў са старой, вельмі старой прыватнай забудовай. Нават без выгод. Можна ж у горадзе будавацца, а прыватныя хаты — на ўскрайку».


Мы вырашылі распытаць гарадскія ўлады, ці мае рацыю гродзенец адносна шкоднасці ўздзеяння выкідаў і магчымасцях будаваць жыллё ў іншых — бліжэйшых да цэнтра — месцах.

Як паведамілі ў гарвыканкаме, будаўніцтва мікрараёна Грандзічы-2 прадугледжана генпланам Гродна. Ён месціцца на поўнач ад мікрараёнаў Дзевятоўка-6, 7 на адлегласці прыкладна трох кіламетраў ад прадпрыемства філіял № 5 «Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў» ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». Базавая санітарна-ахоўная зона для гэтага прадпрыемства складае 500 метраў.

— Яшчэ ў 2015 годзе згодна з патрабаваннямі заканадаўства ў галіне забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва для прадпрыемства быў распрацаваны праект санітарна-ахоўнай зоны з разлікамі рассейвання выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферным паветры, узроўняў фізічнага ўздзеяння і ацэнкі рызыкі для жыцця і здароўя людзей. Праводзіцца аналітычны (лабараторны) кантроль для пацвярджэння разліковых памераў санітарна-ахоўнай зоны. Жылая забудова ў межах разліковай санітарна-ахоўнай зоны прадпрыемства адсутнічае і не плануецца да будаўніцтва, — паведаміў першы намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй ЖУК.

Што датычыцца магчымасцяў будаўніцтва жылля бліжэй да цэнтра, ён нагадаў, што гарвыканкам імкнецца рацыянальна выкарыстоўваць гарадскія тэрыторыі дзеля гэтых мэт, дзякуючы ушчыльненню існуючай жылой забудовы, выкарыстанню тэрыторый вытворчых пляцовак і вайсковых часцей, якія падлягаюць вынасу за межы гарадскіх тэрыторый.

За кошт гэтага атрымліваецца знайсці прывабныя лапікі зямлі, на якіх будуюцца шматпавярховікі. Напрыклад, такая забудова (амаль 90 тысяч «квадратаў» жылля) з'явілася ў раёне вуліц Татарскай — Камбайнерскай на месцы ранейшай сядзібнай забудовы і былой вайсковай часці па вуліцах Пралетарскай — Шчорса, такі ж амаль па квадратах жылы комплекс Калбасіно вырас па вуліцы Суворава. Акрамя гэтага распрацаваны праект дэталёвага планавання мікрараёна шматпавярховікаў на тэрыторыі былога ваеннага гарадка па вуліцы Лідскай, разлічаны на 114 тысяч квадратных метраў жылля.

Але гэта далёка не ўсе планы гарадскіх улад адносна ўшчыльнення забудовы. Ужо завяршаецца распрацоўка праекта дэталёвага планавання мікрараёна ўздоўж падаўжэння вуліцы Астроўскага і ў раёне вуліц Церашковай — Каханоўскага. У перспектыве тут пабудуюць 85 тысяч жылых «квадратаў». Праект дэталёвага планавання мікрараёна Вясновы ў раёне вуліц Каліноўскага-Вясновай таксама прадугледжвае будаўніцтва жылых высотак на 100 тысяч квадратных метраў.

— Акрамя гэтага мы працуем па кропкавым ушчыльненні існуючай шматкватэрнай забудовы, у той час як асноўныя тэрыторыі пад перспектыўнае сядзібнае будаўніцтва знаходзяцца ў перыферыйнай зоне горада, — падкрэслілі ў гарвыканкаме.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: У якім напрамку пашырацца гораду?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».