Вы тут

З якімі цяжкасцямі сутыкаецца стваральнік бульбяной фермерскай гаспадаркі?


З якімі цяжкасцямі сутыкаецца стваральнік фермерскай гаспадаркі, ці дапамагае дзяржава вяскоўцам і як пераманіць сталічных жыхароў на работу ў раён? Справа Уладзіміра Адамовіча з Лагойска не толькі адказвае на гэтыя пытанні, але і стала ўзорам для іншых прыватнікаў.


Уладзiмiр Анцiповiч.

У гаспадарцы Уладзіміра Леанідавіча збіраюць рэкордныя 50—60 тон бульбы з гектара. Для кіраўніка гэты паказчык — не самы важны. «Выручка і прыбытак! Лічыць трэба грошы, а не ўраджайнасць ці валавыя паказчыкі», — упэўнены фермер.

Ён пачынаў з паспяховага фармацэўтычнага прадпрыемства, але ў 2011-м стала нецікава: «усіх вышынь дасягнуў», засумаваў і вырашыў пайсці новым шляхам. Пытання, чым жа заняцца, амаль не ўзнікла: яшчэ ў дзяцінстве, калі адпачываў у бабулі на канікулах, трохі зайздросціў паважанаму старшыні калгаса. А калі пасталеў, зразумеў, што зусім адарвацца ад глебы не атрымаецца. Вось і вырашыў даказаць (самому сабе, перш за ўсе), што з сельскай гаспадаркі можна жыць заможна.

Паўгода вывучаў, глядзеў, аналізаваў, наведваў гаспадаркі і спецыялізаваныя выстаўкі ў Беларусі і за мяжой — і заўважыў свабодную нішу. Амаль выпадкова: дапамагаў жонцы абіраць агародніну і запэцкаў рукі. «Чаму ў Еўропе прадаюць мытую бульбу, а мы — брудную?» — з гэтага пытання і пачаўся новы бізнес.

Улады Лагойскага раёна выдзелілі трыста гектараў зямлі, а Уладзімір Леанідавіч са свайго боку набыў узоры асноўных сартоў бульбы і прапанаваў суседзям міні-дэгустацыю. Вызначыліся тры лідары, сярод якіх быў і беларускі сорт «Скарб».

Фермер усё рабіў па навуцы, дасканала выконваючы тэхналогіі. Напачатку каманду складалі тры чалавекі: два механізатары селі ў новыя трактары. Тэхніку, дарэчы, Уладзімір Адамовіч мусіў набыць імпартную. Давялося — бо з айчыннымі вытворцамі адносіны не склаліся. «Мне, прыватніку, спачатку немагчыма дазваніцца па тэлефоне, потым патрабуецца стос нейкіх заявак і даведак. Дык з жывымі грашыма мне прасцей было звярнуцца да фірмы, каб праз тыдзень прывезлі імпартныя трактары», — успамінае кіраўнік фермерскай гаспадаркі.

Першы ўраджай сабралі каля сарака тон з гектара — у той час, калі ў суседзяў было дваццаць. Эксперымент працягваўся: на розных участках ствараліся розныя ўмовы па ўгнаеннях, доглядзе, набывалася новая тэхніка. Ураджайнасць стабільна расла, а з ёй сама гаспадарка. Калі пашырацца не было куды, узяўся падымаць два суседнія калгасы Лагойскага раёна, якія аб'ядналі. Адамовічу былі перададзеныя іх акцыі. Гаспадаркі стратныя, каля дзесяці мільёнаў доўгу, — давялося праводзіць аптымізацыю і змагацца за ўласныя погляды на мікраэканоміку.

У сховiшчах ААТ «Косiна».

Напрыклад, выгадней прадаваць маладую бульбу, і фермер не будзе чакаць да вераснёўскага ўраджаю. «Сельская гаспадарка — гэта бізнес, а не дабрачыннасць. Дык нашто ж мне тыя планы даводзіць, калі я хачу зарабляць і людзям сваім плаціць?» — здзіўляецца дагэтуль.

Зараз у працаўнікоў лагойскай гаспадаркі сярэдняя зарплата 1200 рублёў — зразумела, што да Адамовіча стаіць чарга на працаўладкаванне. Гэта пры тым, што суседнія сельгаспрадпрыемствы скардзяцца на страту асноўнага рынку збыту. Адамовіч не скардзіцца: калі Расія значна павялічыла вытворчасць агародніны і сама забяспечыла сябе, адкрыў рознічны гандаль па роднай Беларусі, асвоіў рынкі Малдовы, Сербіі. Дайшла наша бульба да Швейцарыі. У планах — краіны Афрыкі, дзе цяжкасці з захаваннем агародніны — бульба любіць да +25 °С.

Сёння Уладзімір Адамовіч не сумняваецца: вырошчваць бульбу, не кажучы ўжо пра іншую агародніну, — прыбыткова. У ААТ «Косіна» 160 спецыялістаў атрымалі работу. Тут і жыллё прапануецца, ды і са сталіцы моладзь з задавальненнем ездзіць. А новая «малая радзіма» кіраўніка гаспадаркі (былы мінчанін даўно прапісаўся на Лагойшчыне) з датацыйнай ператварылася ў самастойную. І, што ўтойваць, папрыгажэла — з'явіліся новыя будынкі і ўсюды наведзены парадак.

Новаўтвораную фермерскую гаспадарку на першыя тры гады дзяржава пазбавіла ад падаткаў і справаздачнасці, увогуле дала шмат прэферэнцый.

Сёння досвед кіраўніка з ахвотай пераймаюць іншыя прыватнікі. На жаль, дзяржаўным сельгаспрадпрыемствам не да таго: «Нам дзяржава дапамагае, падказвае. А ў іх планы, паперы... Зразумела, калі паступіла распараджэнне праверыць гатоўнасць тэхнікі да новага сезона, дык гэта не значыць, што трэба час згубіць на гэтыя «пастраенні» трактароў, што заняты ў полі. Было б лепш, калі б выканаўцы на месцах падыходзілі не так літаральна: правяралі б і дапамагалі адстаючым. А фермеры самі за сябе адказваюць, самі зацікаўленыя ў выніках».

Мовай лічбаў

Згодна з дзяржаўнай праграмай развіцця аграрнага бізнесу ў Беларусі на 2016—2020 гады, развіццё фермерскіх гаспадарак — адзін з патэнцыйных кірункаў рэалізацыі прыватнай ініцыятывы і прыцягнення інвестыцый у айчынную сельскую гаспадарку.

Па папярэдніх звестках Белстата, на першае студзеня ў Беларусі налічвалася 3194 сялянскія (фермерскія) гаспадаркі. Найбольшая іх колькасць у Мінскай вобласці (802) і Брэсцкай (700). У 2010 годзе гаспадарак было 2442, з кожным годам іх становіцца больш — у 2017 годзе налічвалася ўжо 3168. Колькасць работнікаў у КФГ — каля дзесяці тысяч.

І сталыя, і новыя фермеры актыўна ўдзельнічаюць у «бульбяной суполцы» Беларусі. Кожны, хто вырашыў паспрабаваць уласныя сілы і жадае ўзяцца за справу па-навуковаму, можа звяртацца ў НПЦ НАН па бульбаводстве і плодаагародніцтве. Тут імкнуцца паставіць навуку як мага бліжэй да жыцця. Фермер ці вялікая гаспадарка — стаўленне да ўсіх аднолькавае, гаспадарка і ў тысячу, і ў пяцьдзясят гектараў на роўных могуць разлічваць на дапамогу.

Дранікі — толькі экалагічна чыстыя

Усё часцей нас пужаюць рознымі нітратамі, нітрытамі і ГМА... «Беспадстаўна, — заспакойвае Вадзім Маханько. — Узровень нітратаў у нашай бульбе і ўвогуле агародніне — пад жорсткім кантролем, а ГМА ў Беларусі проста забароненыя».

Дарэчы, калі ў Еўропе праводзяць па 5—10 апрацовак хімічнымі прэпаратамі, у нас — не больш за тры ў вегетацыйны перыяд. А будучае насенне яшчэ на стадыі клетачкі ў прабірцы тройчы правяраецца на вірусы. Так што дранікі з нашай бульбы экалагічна чыстыя.

Беларускае навуковае бульбаводства адзначыла 90-годдзе, а калекцыя сартоў з'яўляецца нацыянальным набыткам краіны. «Сёння ў рэестры 62 беларускія сарты бульбы, усяго ў краіне вядома больш за 150. Мы ганарымся, што 70—75 % пасадак у краіне занятыя беларускім насеннем. І ніводнага году не было, каб Беларусь сябе не забяспечыла «другім хлебам», — падкрэслівае намеснік генеральнага дырэктара НПЦ, кандыдат сельскагаспадарчых навук Вадзім МАХАНЬКО.

І ролю фермерскіх гаспадарак у забеспячэнні харчовай бяспекі краіны нельга пераацаніць. Найбольш цесна з рэгіёнамі супрацоўнічаюць абласныя доследныя станцыі. Па выніках выканання дзвюх дзяржаўных комплексных праграм у Беларусі з'явіліся добра абсталяваныя сховішчы на 800 тысяч тон бульбы — такім чынам, увесь беларускі ўраджай ёсць куды закласці. Навукоўцы ж дапамагаюць адаптаваць умовы гэтых сховішчаў пад патрэбы гаспадаркі, напрыклад, канкрэтны сорт.

— Беларусь дэманструе высокую канкурэнтаздольнасць у вытворчасці бульбы, — адзначае Вадзім Леанідавіч. — Вялікі аб'ём забяспечваюць буйныя прадпрыемствы, у асноўным дзяржаўнай формы ўласнасці, а вось агароднінай больш займаюцца прыватныя гаспадаркі. Што да экспарту, мы адкрыты для ўсяго свету, але гэта не ўзаемна. Ёсць толькі асобныя пастаўкі.

Да зніжэння экспарту прыводзіць у тым ліку і павышэнне кошту транспарціроўкі. Бульба — прадукт цяжкі і аб'ёмны, а значыць, патрабуе шмат паліва. Тым не менш сёння беларуская бульба карыстаецца попытам не толькі ў Казахстане, Узбекістане, але прыйшла і на Сахалін, куды насенне дастаўляецца чыгункай.

Навукоўцы робяць усё, што ад іх залежыць, каб падтрымаць айчыннага вытворцу. Так, стартаваць прыватніку ў гэтай сферы складана: патрэбныя дарагія сховішчы, тэхніка, насенне. Але ж і прыбытак потым, вобразна кажучы, пяць вядзёр з куста.

Варвара МАРОЗАВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Бульба. Не толькі каштоўная культура

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.