Вы тут

Прызначаныя новы міністр сельскай гаспадаркі і кіраўнік Шклоўскага раёна


Анатоль Хацько стаў міністрам сельскай гаспадаркі, Аляксандр Ціток — новым кіраўніком Шклоўскага райвыканкама.


Кадравыя прызначэнні ў Палацы Незалежнасці працягнуліся і сёння. У панядзелак «наводзіць жалезны парадак» на Магілёўшчыну адправіліся новы памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы і губернатар — Леанід Заяц. 

Новы міністр

Анатоль Хацько з 2016 года працаваў генеральным дырэктарам Беларускага дзяржаўнага аб’яднання па племянной жывёлагадоўлі. 

«Вы не горш за мяне ведаеце, што ў раслінаводстве трохі прасцей, і мы хоць неяк працуем адносна таго, як гэта патрабуецца. Што датычыцца жывёлагадоўлі, а гэта ў пэўнай ступені фінішная вытворчасць нашай сыравіны ў сельскай гаспадарцы (малако, мяса) — тут у нас праблем хапае. Калі жывёлагадоўля не ў парадку, тады і раслінаводства не трэба», — акрэсліў кірункі працы Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыняў дадзенае кадравае рашэнне з улікам вопыту работы Анатоля Хацько ў сферы сельскай гаспадаркі і яго выдатных прафесійных ведаў у галіне жывёлагадоўлі. «Улічваючы ваш вопыт і тыя праблемы, якія ў нас ёсць у сельскай гаспадарцы, мною прынята рашэнне накіраваць вас у міністэрства сельскай гаспадаркі кіраўніком», — сказаў Прэзідэнт.

«Шклоўскаму раёну неабходны «чалавек з чыстымі рукамі» 

На пасаду старшыні Шклоўскага райвыканкама прадстаўлены Аляксандр Ціток, які ўзначальваў Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Па словах кіраўніка дзяржавы, яму імпануе, што Аляксандр Ціток ужо займаў пасаду старшыні райвыканкама і мае вопыт у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

«Вы займаліся ў маштабах рэспублікі гэтымі пытаннямі, вы працавалі тут, ведаеце сітуацыю, абстаноўку, сістэму кіравання на высокім узроўні. Я спадзяюся, што працуючы ў такой ваеннай арганізацыі, вы спрактыкаваліся ў плане дысцыпліны і парадку — у тым, чаго нам не хапае ў сельскай гаспадарцы, у прыватнасці ў Шклоўскім раёне», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. 

Паводле слоў Прэзідэнта, Шклоўскі раён — вядучы рэгіён не толькі Магілёўскай вобласці, але і ўсёй краіны.

«Гэта ў пэўнай ступені эксперыментальная пляцоўка развіцця сельскай гаспадаркі ў будучым. Такім і застанецца Шклоўскі райн. Там ў плане арганізацыі раёна, на мой погляд, зроблена ўсё, выключэннем можа быць, яшчэ паўкрока трэба зрабіць у плане аптымізацыі, арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў маштабах раёна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і дадаў: Але заўсёды Магілёўшчына і Шклоўскі раён пакутавалі з-за адсутнасці дысцыпліны. Я не хачу сказаць, што там кадры горшыя, чым дзесьці — ні ў якім выпадку, там граматныя людзі. А вось адказнасці і дысцыпліны не хапала заўсёды».

Асабліва пазначыў кіраўнік дзяржавы, што Шклоўскаму раёну неабходны «чалавек акуратны, з халоднай галовой, але гарачым сэрцам, самае галоўнае — чыстымі рукамі».

Прэзідэнт нагадаў, што прынцып любога кіраўніка — перш чым штосьці рабіць, трэба шмат разоў падумаць.

***

Міністр сельскай гаспадаркі Анатоль Хацько расказаў журналістам, якім кірункам дзейнасці надаць асаблівую ўвагу на новай пасадзе.

«Прэзідэнтам пастаўлены задачы па працягу працы, якая сёння вядзецца па сельскай гаспадарцы — павышэнне эфектыўнасці, навядзенне парадку на зямлі. Гэтыя пытанні трэба вырашаць штодзённа, — расказаў Анатоль Хацько. — Будзем працягваць працу па тэхналогіях, навядзеннi арганізацыйнага парадку на месцах».

Асаблівыя задачы ўскладаюцца на міністра ў яго профільнай сферы — жывёлагадоўлі.

«Прэзідэнтам пастаўлена задача нарасціць аб’ёмы вытворчасці, павысіць якасць прадукцыі, якая сёння ідзе ад жывёлагадоўлі. Улічваючы, што сёння мы з’яўляемся вытворцам такога аб’ёму сельскагаспадарчай прадукцыі неабходна яе якасна атрымаць і рэалізаваць», — паведаміў міністр.

Пасля прызначэння Анатоль Хацько прыняў удзел у нарадзе, дзе абмяркоўваліся пытанні пасяўной.  Адно з важных агучаных патрабаванняў да аграрыяў — захаванне тэхналогій.

«Пасяўную трэба выканаць у тэрмiн і тэхналагічна. Ад гэтага залежыць і ўраджай будучага хлеба і кормавытворчасць», — звярнуў увагу Анатоль Хацько.

Паводле слоў міністра, яшчэ не вычарпаны магчымасці росту вытворчасці малака. Але для гэтага трэба больш актыўна працаваць на месцах, захоўваць тэхналогіі, дакладна выконваць задачы.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».