Вы тут

Прэзідэнт не задаволены тым, як у рэгіёнах выконваецца «матрыца задач»


Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па актуальных пытаннях рэгіянальнага развіцця.


«У апошні час быў праведзены шэраг маштабных мерапрыемстваў, на якіх разгледзелі стан спраў і паставілі першачарговыя задачы для розных сфер эканомікі, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Абмеркаваны пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аграпрамысловага комплексу, будаўніцтва. Гэтыя галіны шмат у чым вызначаюць стан беларускай эканомікі, а таксама яе магчымасці вырашаць сацыяльныя задачы».

Акрамя таго, дадаў ён, у выніку былі падпісаны тры Дырэктывы — своеасаблівыя «дарожныя карты» для АПК, будаўніцтва і ЖКГ, якія ўстанаўліваюць сістэмныя задачы і неабходныя для іх вырашэння інструменты.

Таксама намечаны шляхі ўдасканалення сістэмы адукацыі і перспектывы беларускай навукі.

«Вызначаны выразныя этапы паскарэння развіцця рэгіёнаў. Мы дамовіліся на працягу двух гадоў забяспечыць паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё адразу 11 буйных гарадоў, — сказаў Прэзідэнт. — Сёння перад урадам і губернатарамі стаіць задача забяспечыць рэалізацыю ўсіх прынятых дамоўленасцяў, планаў і дырэктыў на месцах».

Такім чынам, агульная мэта дадзеных праграмных рашэнняў — дасягненне годнага ўзроўню і якасці жыцця нашых грамадзян.

Безумоўна, падмурак паспяховага развіцця дзяржавы — моцная эканоміка. «Я ўжо шмат разоў казаў: калі ў нас і будуць нейкія праблемы — толькі тады, калі ў нас будзе дрэнна працаваць эканоміка», — сказаў ён.

Таму, патлумачыў Аляксандр Лукашэнка, перш за ўсё неабходна развіваць эканоміку рэгіёнаў, ствараць там рабочыя месцы з годным узроўнем зарплаты.
«Удзел вертыкалі ўлады ў дасягненні гэтай мэты ацэньваецца па выкананні пэўных задач. Мы яе назвалі матрыцай», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Усё не па плане

І якія вынікі? Па-першае, пераважная большасць абласцей у мінулым годзе не дасягнула планавых лічбаў па валавым рэгіянальным прадукце і вытворчасці працы.

«Некаторыя рэгіёны не выканалі заданні па экспарце тавараў, прыцягненні прамых замежных інвестыцый. І ніхто не знізіў узровень выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Гэта значыць, асноўныя паказчыкі эфектыўнасці праваленыя. У гэтым годзе яшчэ не ўсімі губернатарамі забяспечваецца выкананне тых планаў, якія мы перад сабой намецілі. Але сёння важныя не столькі аб’ёмы вытворчасці, колькі яе эфектыўнасць і канчатковы вынік — прыбытак і рэнтабельнасць», — падкрэсліў ён.

Беларускі лідар звярнуў увагу, што значная частка прадпрыемстваў па-ранейшаму працуе са стратамі.

Дзе праекты і інвестыцыі?

«Другое. Не выбудаваная сістэмная праца з інвестарамі, — адзначыў Прэзідэнт. — Відавочна, з кожным інвестарам трэба працаваць індывідуальна. Колькі з іх мы страцілі за кошт сваёй цяганіны, бюракратызму і адсутнасці рашучасці выканаць задачу».

Вядома, што ўсе рэгіёны падпісалі дамовы з кітайскімі правінцыямі і гарадамі. Многія кіраўнікі неаднаразова бывалі ў гэтай краіне.

«Дзе праекты і інвестыцыі? — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. — Нават па наяўных інвестпраектах праца вядзецца няякасна. Не выконваюцца тэрміны рэалізацыі, аддача ад іх вельмі нізкая».

«Як я ўжо падкрэсліваў, нам не патрэбны інвестыцыі дзеля інвестыцый. Патрэбны вытворчасці заўтрашняга дня, новыя тавары і тэхналогіі. Патрэбна разыначка на кожным прадпрыемстве. Варта генераваць новыя ідэі, укараняць ноу-хау, выпускаць запатрабаваную на рынку прадукцыю», — дадаў ён.

Тэма занятасці і своечасовай выплаты заробкаў — пад асаблівым кантролем

Трэцяе — большасць рабочых месцаў, якія ствараюцца ў краіне, не належаць да высокапрадукцыйных і прадугледжваюць нізкую кваліфікацыю работнікаў і невысокі ўзровень заработнай платы.

«Хоць адна з першарадных задач мясцовых органаў улады — арганізацыя вытворчасцей менавіта з паглыбленай перапрацоўкай сыравіны і атрыманне экспартаарыентаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыі з высокім дабаўленым коштам. Я яшчэ раз падкрэсліваю: інвестыцыі — не дзеля інвестыцый. Інвестыцыі павінны быць такія, якія пакідаюць штосьці ў краіне. Да нас шмат прыходзіць інвестараў, якія просяць поўнае вызваленне ад падаткаў, сацыяльных абавязацельстваў і іншае. Пытанне: навошта нам патрэбныя такія прадпрыемствы? Яшчэ і зарплату плацяць мізэрную», — сказаў беларускі лідар.

Па яго словах, прыйшоў той перыяд, калі інвестар павінен прыходзіць да нас у краіну і працаваць на агульных умовах. Льготы павінны атрымліваць толькі тыя інвестары, у кім «мы жыццёва зацікаўлены». 

Акрамя таго, ён дадаў, што ў раёнах і гарадах павінны быць створаны ўмовы і стымулы для прыцягнення працоўных рэсурсаў пад патрэбнасць эканомікі рэгіёнаў.

«Чацвёртае. Не выконваюцца мае патрабаванні па росце зарплаты. Больш за тое, яна яшчэ і выплачваецца не ў час. І гэта адказнасць прэм’ер-міністра і першага віцэ-прэм’ера», — адзначыў Прэзідэнт.

У 2018 годзе толькі 10 з 128 раёнаў і гарадоў мелі зарплату вышэй за сярэднюю па краіне. На Магілёўшчыне няма ніводнага такога раёна ці горада. 

«Вы ведаеце, што тэма занятасці і своечасовай выплаты заробкаў — пад маім асаблівым кантролем. І сваіх жорсткіх установак у гэтым пытанні мяняць я не маю намеру, таму што людзі хочуць кожны дзень есці і ў нешта апрануць дзяцей, каб адправіць у школу або дзіцячы сад», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Самавольнае будаўніцтва

Пятае — у будаўнічым комплексе не забяспечваецца апераджальнае развіццё інжынернай і транспартнай інфраструктуры, а таксама стварэнне аб’ектаў сацыяльнай сферы. Напрыклад, у Бараўлянах сёння ў дзіцячых дашкольных установах дэфіцыт месцаў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па-ранейшаму адзначаюцца факты самавольнага будаўніцтва, пра якія мясцовая ўлада, магчыма, пазнае толькі са сродкаў масавай інфармацыі.

«Наогул я сумняваюся, што гэтая самая мясцовая ўлада пра гэта не ведала да таго, як у сродках масавай інфармацыі гэта прагучала», — сказаў ён.

Сітуацыя з пасяўной

«Шостае. Веснавыя палявыя работы пачаліся з праблем. Губернатарам ужо даўно трэба было вызначыць выразны, дэталёвы (наколькі гэта магчыма) план дзеянняў па правядзенні гэтай самай пасяўной кампаніі. Ад вывазу арганікі на палі і да завяршэння ўсіх палявых работ. Правалаў у гэтым годзе быць не павінна», — заявіў ён.

Беларускі лідар заклікаў спыніць спісваць усе свае пралікі на надвор’е, паколькі ў нашай краіне дастаткова сіл і сродкаў, каб пасеяць у любое надвор’е.

Прэзідэнт нагадаў, што гаспадаркі павінны быць забяспечаны тэхнікай, палівам, мінеральнымі ўгнаеннямі і насеннем. Ён падкрэсліў, што наш урад выпадае з нейкіх кампаній. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы заклікаў прэм’ер-міністра, віцэ-прэм’ера і міністра фінансаў зняць пытанні ўгнаенняў, тэхнікі, калі неабходна, і фінансавання. На працягу гэтага тыдня ўсе пытанні, якія залежаць ад урада, павінны быць знятыя.

«Але больш за ўсё мяне турбуе і насцярожвае, што месцамі ў правядзенні палявых работ няма элементарнага парадку. Я хачу, каб губернатары і ўся вертыкаль улады зрабілі адпаведныя высновы з падзей Магілёўскай вобласці і іншых рэгіёнаў. Рэгіёны з рук прэч дрэнна падрыхтаваліся да гэтай кампаніі. Ці бачыце, вясна рана прыйшла, не разварушылася», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамляюць Генеральная пракуратура і МУС, перад пачаткам пасяўных работ 503 адзінкі тэхнікі знаходзіліся ў непрацоўным стане і не падлягаюць аднаўленню. Паўтары тысячы адзінак не прайшлі тэхагляд. Больш за тры тысячы машын і агрэгатаў спісаныя, да гэтага часу не здадзены на металалом і захоўваюцца з парушэннем правілаў.

«У некаторых гаспадарках у перыяд асноўных работ трактароў і камбайнаў пад плотам не менш, чым у полі. Як гэта выглядае ў жыцці, вы таксама бачылі ў «Купалаўскім». І як захоўваецца вельмі дарагая тэхніка, вы таксама бачылі», — сказаў ён.

Рабіць, але па тэхналогіі

Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы надаў захаванню рэгламентаў і нарматываў. Ён у чарговы раз звярнуў увагу, што безумоўнае выкананне тэхналогіі — гэта аснова асноў поспеху ў АПК, але гэта датычыцца ўсіх сфер.

«Які вынік вы плануеце атрымаць, калі пад яравую сяўбу мінеральных угнаенняў назапашана толькі палова ад патрэбы. А ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, дзе ў нас земляробства на «вышэйшым» узроўні, аж чвэрць. Кожны год праблема з нарыхтоўкай кармоў, умовамі іх закладкі і захоўвання. Даходзіць да таго, што зімой вада ў паілках жывёл замярзае. Я не ведаю, як вы поіце гэтых жывёл. Спачатку парушаем тэхналогію вытворчасці, ну а потым трэба ж твар захаваць, займаемся прыпіскамі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У 2018 годзе ні адна вобласць не справілася з выкананнем даручэння па нарыхтоўцы паўтарагадовага запасу травяных кармоў. У выніку ў асобных раёнах іх пачынаюць завозіць з іншых рэгіёнаў ужо да канца лістапада. Спіс такіх гаспадарак павінен ляжаць на стале ў Прэзідэнта, аб гэтым дамаўляліся па восені.

«Вось гэтыя ўсе перавозкі, гэтая ўся лагістыка — гэта выдаткі. Адсюль недахоп грошай на бягучыя патрэбы. У выніку цяперашняе фінансавае становішча шэрагу арганізацый не дазваляе павысіць прывабнасць сельскай працы, якая застаецца адноц з самых нізкааплатных. І хто, скажыце, пойдзе туды працаваць, на такую заработную плату? — справядліва заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Павінна быць найжорсткая дыктатура тэхналогій, вытворчай дысцыпліны. Пра гэта мы гаворым ледзь не на кожнай нарадзе. Але, як вы, я думаю, адчулі, ніхто нікога ўгаворваць больш не будзе».

Беларускі лідар падкрэсліў: яму надакучыла безгаспадарчасць. Сёлетні год — год азелянення і навядзення парадку, таму краіна павінна тануць у кветках і зеляніне. Уздоўж аўтамабільных дарог, на пустках і тэрыторыях, якія не выкарыстоўваюцца, павінны расці дрэвы і хмызнякі.

Узяць тыя ж дарогі — зеляніна ўздоўж дарог, гэта практычна, менш касіць. Па гэтым пытанні кіраўнік дзяржавы спытае з кожнага памочніка па абласцях і Мінску.

«Гэта, у рэшце рэшт, наша візітная картка. Вам трэба навесці парадак раз і назаўжды. Тады будуць людзі разумець, які парадак павінен быць і як яго падтрымліваць», — дадаў ён.

«Хацелася б сёння пачуць ад губернатараў, што перашкаджае безумоўна выконваць задачы, якія пастаўлены, мы ўжо разжавалі гэтыя праблемы, далей няма куды. Якія фактары перашкаджаюць развіццю рэгіёнаў?» — спытаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся ў прысутных, што неабходна зрабіць для іх эфектыўнага і збалансаванага развіцця ў доўгатэрміновай перспектыве? Як плануецца скарачаць рэгіянальныя адрозненні ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва?

«Яшчэ раз прашу: без усялякіх самасправаздач. Не час», — сказаў Прэзідэнт.


Уладзімір Краўцоў: Ёсць неабходнасць заняцца ў сельскай гаспадарцы нечым новым

Па выніках нарады з журналістамі пагутарыў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Ён адзначыў, што ў вобласці актыўна ідуць усе веснавыя палявыя работы. «Працуюць усе гаспадаркі вобласці. Асаблівасць гэтага года — ранняя вясна, вельмі сухое надвор'е, таму трэба паспець у час усё зрабіць. Сяўба ранніх яравых, збожжавых — ужо практычна напалову адсеяліся, — сказаў ён. — Разам з тым, адчуваецца недахоп асобных пазіцый. Дарэчы , сёння мы ў Прэзідэнта абмеркавалі пытанні паліва, знойдзена рашэнне».

Што тычыцца новых напрамкаў у рабоце, а таксама стварэння высокапрадукцыйных працоўных месцаў, як з гэтымі пытаннямі ідуць справы ў Гродзенскай вобласці? Паводле слоў старшыні Гродзенскага аблвыканкама, пры шэрагу тых традыцыйных прадуктаў, якія вырабляюцца ў сельскай гаспадарцы, ёсць неабходнасць заняцца нечым новым, тым больш, што змяняецца клімат. Гэта і вінаград, і кавуны — нягледзячы на скепсіс пэўных асобаў, станоўчы вопыт тут ёсць. У той жа Гродзенскай вобласці ёсць праект, які развіваецца замежнымі кампаніямі, па вытворчасці клубніцы. У мінулым годзе пачала працаваць прыватная фабрыка па вытворчасці грыбоў.

У прамысловасці, лічыць Уладзімір Краўцоў, складаней. «Не так проста ўжыць высокія тэхналогіі, павінны быць інвестары, адпаведныя ўмовы. Мы гэтым шляхам таксама ідзем з шэрагам замежных кампаній», — дадаў ён.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.