Вы тут

Чым адметная выстаўка «1919: Беларуская рэспубліка»


Коміксы, дзе галоўны герой — Зміцер Жылуновіч, анкета арыштаванага Вацлава Ластоўскага з архіваў КДБ і папяровае сэрца маладой дзяржавы. Чым яшчэ адметная выстаўка «1919: Беларуская рэспубліка» ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, даведалася карэспандэнт «Звязды».


Ма­ла­вя­до­мы эс­кіз гер­ба БССР  Ге­на­дзя Зму­дзін­ска­га, 1925 год.

— Глядзі-глядзі, такім мог быць наш герб! — хлопец штурхае ў бок дзяўчыну і паказвае на эскіз у насычаных барвовых адценнях з мудрагелістым надпісам СССР і сякерай замест молата.

Сапраўды, побач з гербам аўтарства Валянціна Волкава, які стаў асновай для сучаснай дзяржаўнай сімволікі, красуюцца два малавядомыя варыянты графіка Генадзя Змудзінскага. У інтэрнэце такога не знойдзеш.

Выстаўка, арганізаваная да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, — гэта працяг мінулагодняга праекта, прысвечанага стагоддзю БНР.

— У першую чаргу хацелася адлюстраваць фарміраванне нацыянальнай ідэі. Але гэта яшчэ і выстаўка пра людзей, у грудзях якіх білася беларускае сэрца, якія на сваіх плячах неслі гэтую ідэю і зрабілі яе рэальнасцю. Яны часам былі па розныя бакі барыкад, аднак усіх іх аб'ядноўвала любоў да Беларусі, — расказаў куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік гістарычнага музея Аляксандр ЗІМНІЦКІ.

Тое, што над выстаўкай працавала каманда з сямі маладых гісторыкаў і мастакоў, становіцца зразумела адразу: храналогію стварэння БССР вырашылі падаць праз коміксы. Па-майстэрску адмаляваныя чорна-белыя сюжэты і добра прадуманыя дыялогі мала таго што прыцягваюць моладзь, дык яшчэ і прымушаюць старэйшае пакаленне па-новаму зірнуць на гісторыю. Аднак цэнтрам экспазіцыі сталі ўсё ж не малюнкі, а сімвалічнае вялізнае «сэрца беларускай дзяржаўнасці». Кроў да яго «паступае» ад розных палітычных і культурных падзей пачатку ХХ стагоддзя. А паколькі падчас выстаўкі не раз згадваліся «айцы-заснавальнікі» рэспублікі, якія знаходзіліся па розныя бакі барыкад, то і фота іх размясцілі на дзвюх асобных сценах, размешчаных з двух бакоў ад сэрца.

Прадумалі аўтары нават месцы для ўдалых сэлфі. Гэта дзве тэматычныя фотазоны — «І Усебеларускі з'езд» і «1920 год». Хочаш — пад «Маніхвэстам» падпішыся, а хочаш — заскоквай на воз і бяры ў рукі аўтэнтычную стрэльбу.

— Выстаўка прадстаўляе тонкую драматургію падзей 100-гадовай даўніны. Тут мы можам асэнсаваць ролю канкрэтных асоб, эпізодаў у гісторыі, дзякуючы якім з'явіліся асноўныя чыннікі беларускай культуры — мастацтва, мова і літаратура, адукацыя і навука. Без іх немагчыма ўявіць паўнавартасную незалежную рэспубліку, — зазначыў дырэктар гістарычнага музея Павел САПОЦЬКА.

Тым, хто шануе класічную падачу матэрыялу, таксама ёсць на што глянуць. Гістарычны музей у супрацоўніцтве з Нацархівам, Цэнтральным архівам КДБ, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва сабраў «эпоху зараджэння БССР» па драбніцах. Тут вам і ўнікальныя дакументы, сярод якіх — арыгіналы і факсіміле Канстытуцыі ССРБ і Маніфеста 1919 года, Канстытуцыі 1927 года; і рарытэты, якія належалі першым асобам дзяржавы: пішучая машынка і членскія білеты Усевалада Ігнатоўскага, гадзіннік Іосіфа Адамовіча і нават начная кашуля Змітра Жылуновіча!

Аў­тар дыя­ло­гаў да ко­мік­саў Кан­стан­цін Ка­сяк і вы­нік яго пра­цы «ў дзе­ян­ні».

— Пакручасты, трагічны, поўны ахвяр шлях беларускага народа да незалежнасці немагчыма ўявіць без суб'екта, які ўзнік на карце сто гадоў таму, — без БССР. У наш час існуюць розныя меркаванні наконт тых палітычных перамен. Але нельга забывацца пра тое, як іх успрымалі сучаснікі. Антон Луцкевіч, старшыня Рады міністраў БНР, калі даведаўся аб першым абвяшчэнні БССР, занатаваў у дзённіку запіс з прыкладна такім тэкстам: «У нас велізарная радасць. Жылуновіч абвясціў Беларускую рэспубліку. Нашы пакуюць валізы. Едзем яму дапамагаць». Вацлаў Ластоўскі, які быў прэм'ер-міністрам БНР і адкрыта асуджаў Рыжскі дагавор, аднак, казаў, што нават шэсць паветаў другі раз абвешчанай Беларусі — крок да поўнай беларускай незалежнасці. Гэтыя людзі адчувалі, што ёсць больш важныя фундаментальныя рэчы, чым уласныя амбіцыі. Трэба разумець, што тыя, хто спрабаваў стварыць дзяржаву і на савецкай, і на несавецкай аснове, мелі адзін выток — Першы Усебеларускі з'езд, — падзяліўся доктар гістарычных навук, прафесар Ігар МАРЗАЛЮК. — 1919 год — дата насамрэч неадназначная, якая, з аднаго боку, наблізіла беларусаў да незалежнасці, з іншага — распаласавала краіну і раздзяліла народ. Зараз даводзіцца чуць, як замест назвы Заходняя Беларусь некаторыя кажуць «так званая Заходняя Беларусь» ці нават «Усходняя Польшча». Для мяне, заходніка па бацьку, падобнае чуць абразліва. Гісторыя ў нас адна, таму ставіцца да яе трэба з павагай.

Выстаўка «1919: Беларуская рэспубліка» будзе працаваць у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі да 12 мая.

Ганна КУРАК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.