Вы тут

Як распазнаць менінгіт?


За два апошнія месяцы ў Гомелі зафіксавана дзве дзіцячыя смерці ад менінгіту. У лютым ад гэтай хваробы памёр двухгадовы хлопчык, а ў сакавіку — ад імгненнага цячэння той жа інфекцыі загінула 16-гадовая школьніца. Як распазнаць небяспечную хваробу, галоўнае правіла якой — неадкладная шпіталізацыя, расказала ўрач-інфекцыяніст 3-й дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Юлія МІЛЬКО.


— Юлія Васілеўна, што гэта за хвароба?

— Менінгіт — гэта запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозгу, у прыватнасці мяккай мазгавой абалонкі, але можа паражацца і мазгавая тканка. Гэта інфекцыйнае захворванне. Па этыялогіі яно вельмі разнастайнае: выклікаць яго могуць вірусы, бактэрыі, у больш рэдкіх выпадках — грыбы ці, напрыклад, гельмінты.

— Які менінгіт распаўсюджаны ў нас?

— Бактэрыяльны — ён сустракаецца ў 88—95 % выпадкаў. У 65 % яго ўзбуджальнікам з'яўляецца менінгакок, у 20 % — пнеўмакок, у 10 % — гемафільная інфекцыя (тып B), у астатніх 5 % іншыя бактэрыяльныя ўзбуджальнікі.

— Як ім можна заразіцца?

— Паветрана-кропельным шляхам ад чалавека, які з'яўляецца бессімптомным носьбітам ці хварэе на вострую рэспіраторную інфекцыю.

— Гэта значыць ад абсалютна любога хворага на вострую рэспіраторную інфекцыю можна заразіцца менінгітам?

— Хутчэй гэта так павінна «пашчасціць». Бо адна і тая ж інфекцыя ў пэўнага чалавека выклікае толькі насмарк, у кагосьці — фарынгіт, бранхіт ці пнеўманію, а ў іншага будзе менінгіт.

— Ёсць меркаванне, што спецыфічныя паломкі ў імунітэце спрыяюць захворванню на менінгіт...

— Абсалютна правільна. Нехта можа быць бессімптомным носьбітам гэтай хваробы і не ведаць пра гэта, а іншы будзе хварэць на менінгіт, і гэта залежыць ад генетычных паломак.

— У якім узросце дзеці часцей хварэюць на менінгіт?

— Такой статыстыкі няма, бо да гэтага захворвання схільныя ўсе. У дзяцей да трох месяцаў свая панэль схільнасці да пэўных інфекцыйных хвароб, у больш старэйшых — свая. Улічваючы вакцынацыю, у тых дзетак, хто прышчэплены ад найбольш распаўсюджаных узбуджальнікаў — пнеўмакока і гемафільнай інфекцыі, — змяншаецца рызыка развіцця менінгіту.

— Яны ўваходзяць у нацыянальны каляндар прышчэпак?

— Прышчэпка супраць пнеўмакоку робіцца толькі па паказаннях. А прышчэпка супраць гемафільнай інфекцыі (тып В), якая можа выклікаць менінгіт, ёсць у календары абавязковых прышчэпак. Калі яе ўнеслі туды некалькі гадоў таму, захваральнасць на менінгіт пачала зніжацца.

— Часта дзяцей палохаюць, што калі не насіць шапку, можна захварэць на менінгіт. Гэта так?

— Пераахалоджанне, канешне, выклікае зніжэнне нашых абаронных бар'ераў, аслабленне імуннай сістэмы. Аднак гэта не значыць, што вы абавязкова захварэеце на менінгіт. Для гэтага трэба сустрэцца з узбуджальнікам.

— Галоўная небяспека менінгіту — яго хуткае развіццё, калі можна не паспець дапамагчы...

— Так, існуюць імгненныя формы менінгіту з менінгакакцэміяй, асабліва гэта характэрна, калі ўзбуджальнік — менінгакок. Клініка ў такіх выпадках развіваецца імкліва — на працягу шасці гадзін, і маці з дакладнасцю да гадзіны можа ўказаць, калі дзіця захварэла.

А вось вірусныя менінгіты, у адрозненні ад бактэрыяльных, лепш паддаюцца лячэнню, у іх больш лёгкае цячэнне, менш ускладненняў і наступстваў. Часта нават не патрабуецца прызначэнне антыбіётыкаў, дастаткова дыягнастычнай пункцыі (забору спіннамазгавой вадкасці з пазваночнага канала), якая прыносіць хвораму аблягчэнне.

— Як распазнаць, што ў дзіцяці менінгіт?

— Для ўсіх тыпаў гэтай інфекцыі характэрныя пэўныя сімптомы. Першы — галаўны боль распіраючага характару, які цяжка купіруецца. Другі — высокая ліхаманка, як правіла, тэмпература цела паднімаецца вышэй за 38,5, часцей за ўсё 39-40 градусаў, і не збіваецца гарачкапаніжальнымі сродкамі. Трэці сімптом — рвота, якая не прыносіць аблягчэння, без млоснасці і расстройства стулу. Ёсць і спецыфічныя сімптомы, яны могуць быць як слаба выражаны, так і моцна. Гэта сімптомы Брудзінскага, Керніга, так званая рыгіднасць патылічных мышцаў, урачы іх добра ведаюць. Яны з'яўляюцца раннімі прыкметамі раздражнення мазгавых абалонак пры менінгіце. У маленькіх дзетак таксама можа быць прыпуханне вялікага цемечка.

— Чаму ў нас не робяць прышчэпкі хоць бы ад самага небяспечнага ўзбуджальніка — менінгакока?

— Створана вакцына ад менінгакока тыпаў А, В і С. У нас пераважае тып В. Але ў Беларусі такіх вакцын пакуль няма.

— Як тады засцерагчы дзіця ад гэтага захворвання?

— Меры прафілактыкі такія ж, як і для любой інфекцыі. Самы небяспечны ўзбуджальнік інфекцыі — менінгакок — няўстойлівы ў навакольным асяроддзі, таму варта праветрываць пакой, многія бацькі маюць бактэрыцыдныя лямпы, тады не пашкодзіць кварцаванне. Карысныя прагулкі на свежым паветры, рацыянальнае харчаванне, агульнае загартоўванне. У халодны перыяд лепш пазбягаць месцаў, дзе вялікая колькасць людзей, з маленькімі дзецьмі старайцеся менш карыстацца грамадскім транспартам. Усялякія мерапрыемствы накшталт хрысцін лепш праводзіць не дома.

— Хвароба лечыцца толькі ў стацыянары?

— Абавязкова ў стацыянары, бо перш за ўсё там маюцца ўмовы для рэанімацыі. Дарэчы, лёгкае цячэнне менінгіту спачатку нагадвае цяжкую вірусную інфекцыю, таму часта бацькі адмаўляюцца ад шпіталізацыі. Потым выклікаюць хуткую дапамогу, бо дзіцяці становіцца горш. Тут трэба праяўляць насцярожанасць, не адмаўляцца ад шпіталізацыі, бо пры менінгіце час ідзе не на дні, а на гадзіны. Чым раней будзе аказана дапамога, тым больш шанцаў на выздараўленне без наступстваў і ўскладненняў.

У тэ­му

Як па­каз­вае прак­ты­ка ва ўсім све­це, вы­ра­та­ваць хво­ра­га з ім­гнен­ным ця­чэн­нем ме­нін­га­ко­ка­вай ін­фек­цыі ўда­ец­ца не заў­сё­ды. І та­кое раз­віц­цё хва­ро­бы мо­жа быць звя­за­на з пэў­ны­мі ня­прос­ты­мі дэ­фек­та­мі ў імун­най сіс­тэ­ме ча­ла­ве­ка, рас­каз­вае пра­фе­сар ка­фед­ры ін­фек­цый­ных хва­роб Бе­ла­рус­ка­га дзяр­жаў­на­га ме­ды­цын­ска­га ўні­вер­сі­тэ­та Сяр­гей ЖА­ВА­РО­НАК. Та­кія лю­дзі, на­прык­лад, хва­рэ­юць на ім­гнен­ныя фор­мы гры­пу.

Сіг­на­лам для вы­клі­ку хут­кай да­па­мо­гі па­він­на стаць тры­я­да сімп­то­маў: моц­ны га­лаў­ны боль, вы­со­кая тэм­пе­ра­ту­ра, рво­та (у дзя­цей і па­жы­лых яе мо­жа не быць). Ка­лі да гэ­та­га да­да­ец­ца сып на на­гах і яга­дзі­цах, які па­сту­по­ва на­рас­тае, гэ­та вель­мі гроз­ны сімп­том.

— Ча­ла­век у вы­ні­ку гі­не не ад ме­нін­гі­ту, а ад кро­ва­зліц­ця ў над­ны­рач­ні­кі, — ка­жа Сяр­гей Жа­ва­ро­нак.

За апош­нія га­ды за­хва­раль­насць на ме­нін­гіт іс­тот­на змен­шы­ла­ся. Ка­лі ра­ней што­год ад ім­гнен­ных фор­маў гэ­тай ін­фек­цыі гі­ну­ла 28—30 ча­ла­век, то ця­пер — 10—12.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!