Вы тут

Распавядаем, як даглядаць маліну вясной


Каб паласавацца смачнай малінай летам, вясной важна не спазніцца з падкормкай, абразаннем і барацьбой са шкоднікамі.


Расліны маліны патрабавальныя да цяпла і часта не пераносяць моцных замаразкаў. Пры недастатковым снежным покрыве надземная частка раслін падмярзае, асабліва калі кусты растуць на ўзвышшы. Адразу пасля раставання снегу трэба зрабіць рэвізію пасадак. Праверце, як кусты маліны перазімавалі, ці ёсць пашкоджанні замаразкамі. Калі ўвосень вы не паспелі выразаць парасткі, якія адпладаносілі, то абавязкова зрабіце гэта вясной.

Чысцім

  • Выразаем пад корань старыя парасткі.
  • Ачышчаем пасадкі ад апалага лісця і спальваем яго.
  • Развязваем і выпростваем галінкі, падвязваем да шпалераў.
  • Прысыпаем аголеныя карані зямлёй і мульчыруем торфам або кампостам.

Калі на зіму галінкі маліны прыгіналі і падвязвалі, то развязаць і распрастаць іх трэба адразу пасля раставання снегу. Пупышкі, якія знаходзяцца бліжэй да зямлі, могуць распусціцца раней тэрміну. Калі халады вернуцца, што часта бывае вясной, набраклыя пупышкі могуць падмерзнуць.

Абразаем верхавіны

За зіму ў маліны падмярзаюць верхавіны галін. Увесну іх абразаюць да першай жывой пупышкі. Зрабіць гэта трэба не адразу пасля прывязвання да шпалеры, а крыху пачакаць да распускання пупышак. Калі распусціцца самая верхняя пупышка, будзе бачна, падмерзла вярхушка парастка за зіму ці не. Абрэзаць верхавіны пажадана ў любым выпадку, бо гэта стымулюе ўтварэнне пладаносных бакавых парасткаў.

Да распускання пупышак

На працягу ўсяго сезона глеба пад кустамі павінна знаходзіцца ў свабодным ад пустазелля і друзлым стане. Калі ўпусціць момант і не апрацаваць глебу, то маліннік хутка зарасце пустазеллем, а непрыбранае старое лісце паслужыць крыніцай разнастайных грыбковых захворванняў. Акрамя таго, пад старым лісцем і пад зямлёй зімуюць некаторыя шкоднікі, якія з задавальненнем будуць размнажацца.

Каля раслін маліны глебу не перакопваюць. Карані маліны размешчаны неглыбока, і пры вясновай перакопцы можна пашкодзіць каранёвую сістэму. Перакопку робяць толькі ў міжраддзях восенню. Ранняй вясной праводзяць рыхленне глебы на глыбіню 5—10 см.

Пасля рыхлення глебу вакол раслін мульчыруюць. Калі глеба вельмі вільготная і шчыльная, то мульчыраваць не рэкамендуецца. Лепш проста правесці вясновае рыхленне і ўнесці ўгнаенні.

Падкормка

Першыя два гады пасля пасадкі, пры добрай перадпасадачнай падрыхтоўцы, угнаенні можна не ўносіць.

Ранняй вясной пры рыхленні ўносяць азотныя ўгнаенні. Лепш за ўсё мачавіну. Яна ўносіцца ўздоўж усяго шэрагу раслін паласой 50—70 см.

Норма ўнясення азотных угнаенняў на адзін квадратны метр: мачавіна — 8 г; аміячная салетра — 10—12 г.

У перыяд паспявання ягад і плоданашэння азотныя ўгнаенні не ўносяцца.

Увосень, пасля збору ўраджаю, уносяцца калійныя і фосфарныя ўгнаенні.

Барацьба з хваробамі і шкоднікамі

Маліна, як і іншыя ягадныя кусты, падвяргаецца вірусным, грыбковым хваробам і нападу шкоднікаў. Ранняй вясной, да распускання пупышак, маліну і глебу пад кустамі апырскваюць 3-працэнтнай бардоскай сумессю або 0,5—1-працэнтным растворам хлорвокісу медзі.

На працягу сезона перыядычна аглядаюць пасадкі для выяўлення хворых раслін і праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы.

У якасці прафілактыкі грыбковых і вірусных інфекцый пасадкі маліны апырскваюць чатыры разы за сезон: ранняй вясной па спячых пупышках; перад цвіценнем; адразу пасля цвіцення; пасля збору ўраджаю.

Для барацьбы з насякомымі маліну апырскваюць інсектыцыдамі ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі, асабліва ў першай палове лета. Своечасова праведзеныя вясновыя работы па доглядзе за малінай павышаюць устойлівасць раслін і ствараюць неспрыяльныя ўмовы для развіцця хвароб.

Правільны вясновы догляд дазволіць пазбегнуць заражэння пасадак рознымі грыбковымі і віруснымі інфекцыямі, сабраць добры ўраджай і забяспечыць рост здаровых парасткаў на працягу лета.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».