Вы тут

Што можна, а чаго нельга рабіць на Дабравешчанне?


Пытанне ад жыхаркі з г. Бяроза Брэсцкай вобласці Надзеі: «На старонках газеты «Звязда» даволі падрабязна можна прачытаць пра беларускія святы, але пра Дабравешчанне ніколі не пісалі. Можа сёння гэтае свята ніхто і не святкуе, але з дзяцінства помню, як бабуля перасцерагала што-небудзь рабіць у гэты дзень і прыгаворвала: «На Дабравешчанне дзеўка касы не пляце, птушка гнязда не ўе». Як растлумачыць гэтыя забароны?»


Разглядаючы кожны святочна-абрадавы комплекс, мы абавязкова звяртаем увагу на кола павер'яў, прыкмет і рэгламентацый, якія за многія стагоддзі існавання сфарміраваліся ў ім або вакол яго. Калі паглядзець на шырокае кола абрадавых і этыкетных рэгламентацый, звязаных з Дабравешчаннем, то адразу ж кідаецца ў вочы іх супярэчлівасць, і, што зусім нечакана, выразная перавага забараняльна-абмежавальных прадпісанняў. На наш погляд, прычынай таму стала незвычайна цеснае збліжэнне дзвюх традыцый: язычніцкай і хрысціянскай. Ад першай зыходзіў прыярытэт развівальна-пабуджальнага характару (свята хрысціянскага календара — Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы — было прызначана ў гонар з'яўлення Архангела Гаўрыіла Прасвятой Дзеве Марыі і адзначаецца дакладна за дзевяць месяцаў да Раства Хрыстовага), ад другой, наадварот, — стрымлівальна-абмежавальнага.

Бадай што самым распаўсюджаным і самым вядомым у Беларусі з'яўляецца абрадавы фразеалагізм, які даволі жорстка абмяжоўваў чалавека ў выкананні той ці іншай работы ў гэты дзень: «На Дабравешчанне дзеўка касы не пляце, птушка гнязда не ўе». Яшчэ адна забарона гэтага дня — паліць у печы і расчыняць цеста для выпякання хлеба. Традыцыя забараняла ў гэты дзень паліць у печы, каб не наклікаць засуху або градабой. На Палессі казалі: той, хто распальвае ў гэты дзень агонь, «запячэ зямлю». Існаваў шэраг прадпісанняў пакаральнага характару, які сведчыў пра тое, што людзі ўсё ж дапускалі магчымасць парушэння табуляванай традыцыі: гаспадыню, якую парушыла забарону, выводзілі на вуліцу ў адным споднім, аблівалі вадой, у хаце маглі перабіць усе глечыкі, перавярнуць чыгункі з ежай.

Часцей за ўсё здаралася так, што святкаванне Дабравешчання прыпадала на перыяд Вялікага посту, таму прадугледжвалася, што абрадавы стол сям'і ў гэты дзень павінен быць посны. Адначасова этнаграфічныя апісанні падаюць нечаканы контр-ход развіцця святочных падзей: «Тых жанчын, якія пяклі і смажылі, гатавалі тлустую ежу (?!) у гэты дзень, аблівалі вадой, таму што меркавалі: «Калі смажыць на Дабравешчанне, то лета будзе жаркае, сухое»; «Дабравешчанне — посны дзень, таму нельга пячы — паколькі будзе жарыць сонца».

У коле рэгламентацый, якія датычацца засявання новага ўраджаю, існуе забарона садзіць бульбу ў той дзень тыдня, у які сёлета было Дабравешчанне. Акрамя таго, у той дзень тыдня, на які прыпадала свята, нельга было першы раз выганяць жывёлу на пашу, забаранялася распачынаць ворыва і сяўбу; вывозіць гной на поле; пачынаць будаўніцтва хаты ды іншых пабудоў. І разам з тым у той жа дзень тыдня, у які было Дабравешчанне, увосень пажадана было занесці першы кошык бульбы ў склеп (пограб), каб яна добра захоўвалася; прывезці з поля першы сноп і паставіць у гумно, каб не разводзіліся пацукі.

Асобныя прыкметы і абрадавыя прадпісанні гэтага дня: папярэджанне не апранаць новае адзенне — яно хутка парвецца; што-небудзь пазычаць суседзям (г. зн. выносіць з хаты) і адначасова «нельга было нічога прыносіць з лесу, інакш у хаце з'явяцца пацукі, тараканы і іншыя шкоднікі. «Той, хто штосьці аддаў з хаты на Дабравешчанне (не абавязкова грошы), аддаваў спакой і здароўе».

Лічылася таксама, што ў гэты дзень трэба быць стрыманымі ў адносінах, старацца нікога не пакрыўдзіць. Адначасова выказвалася далікатная парада: «Хто на Дабравешчанне з раніцы і да ночы назаве мужа сорак разоў «мілы», увесь год для яго любімай будзе».

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.