Вы тут

Беларускі саюз праваслаўных жанчын хутка пачне работу


Беларускі саюз праваслаўных жанчын пачне работу ў найбліжэйшыя месяцы. Устаноўчае пасяджэнне новага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання адбылося днямі ў Мінску.


— Размовы наконт з'яўлення такой арганізацыі ў Беларусі хадзілі даўно. Былі розныя прапановы, кропкава ўзнікалі ініцыятывы. Напрыклад, у Віцебску ўжо даўно існуе абласное аддзяленне міжнароднага Саюза праваслаўных жанчын, — падзяліўся старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы па ўзаемадзеянні царквы і грамадства, протаіерэй Мікалай Коржыч. — Зараз настаў той самы момант, калі склалася ініцыятыўная каманда, гатовая без прамаруджвання ўзяцца за работу на рэспубліканскім узроўні. Гэта цудоўная навіна!

Плануецца, што арганізацыя аб'яднае намаганні праваслаўных беларусак для вырашэння праблем у самых розных сферах: ад духоўна-асветніцкай і культурнай да сацыяльнай і экалагічнай. Сярод задач — дабрачыннасць, адукацыйныя ініцыятывы, падтрымка жанчын і іх сем'яў у складаных жыццёвых сітуацыях, развіццё праграм па ўзмацненні здароўя нацыі і іншыя.

— Сёння надзвычай важна захаваць духоўна-маральную спадчыну, папулярызаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, якія заставаліся нязменнымі амаль тысячагоддзе на нашай зямлі, аднак апошнім часам апынуліся пад пагрозай. А паколькі праваслаўная вера аб'ядноўвае многія народы па ўсім свеце, мы будзем імкнуцца і да ўзмацнення сяброўскіх адносін паміж прадстаўніцамі розных краін, — расказала старшыня першага пасяджэння БСПЖ Таццяна Баршчэўская. — Акрамя таго, саюз будзе развіваць супрацоўніцтва беларускай праваслаўнай царквы з інстытутамі грамадзянскай супольнасці. Не на апошнім месцы сярод задач арганізацыі стаіць патрыятычнае выхаванне.

З вітальным словам да праваслаўных жанчын звярнуўся Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел:

— Шматвекавая гісторыя царквы Хрыстовай сведчыць, што праваслаўная жанчына падараваныя ёй Богам таленты можа раскрыць не толькі ў сям'і і блізкім коле людзей, але і ў грамадскім служэнні. Адным з яркіх таму прыкладаў з'яўляецца жыціе Святой заступніцы Беларусі прападобнай Ефрасінні, ігуменні і княгіні Полацкай, якая была ў роўнай меры і вялікай малітвенніцай, і вялікай працаўніцай. Яна сваімі рукамі перапісвала кнігі і тым самым пакінула след у гісторыі айчыннай культуры. Яна мірыла князёў, якія знаходзіліся ў стане вайны, а значыць, несла найважнейшае дзяржаўнае служэнне, узмацняючы сваімі справамі асновы грамадства і краіны. Постаць Святой Ефрасінні кажа пра тое, што справы праваслаўнай жанчыны ў гонар Бога могуць адыграць знакавую сацыяльную і гістарычную ролю.

Нягледзячы на тое што Беларускі саюз праваслаўных жанчын зараз знаходзіцца ў стадыі стварэння, цікавасць да яго ўжо праяўляюць з-за мяжы. Так, праўленне міжнароднага Саюза праваслаўных жанчын выказала жаданне падпісаць дамову аб супрацоўніцтве адразу пасля афіцыйнай рэгістрацыі БСПЖ.

Ганна КУРАК

Фота прадстаўленыя арганізатарамі

Загаловак у газеце: Паслядоўніцы Ефрасінні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?