Вы тут

Праект па вяртанні знакавых аб'ектаў запусцілі вучні ў Свіслацкім раёне


Ідэя ў тым, каб зрабіць пад адкрытым небам музей з макетамі былых храмаў. Некалі касцёлы і цэрквы мелі даволі велічны выгляд, але з цягам часу былі разбураны і зніклі. Аўтары праекта прапануюць аднавіць іх з дрэва і камянёў. Ёсць намер увекавечыць зніклыя вёскі і хутары.


Храмы — у рост

Этнаграфічным праектам заняліся вучні і педагогі дзвюх устаноў адукацыі — вучэбна-педагагічных комплексаў у Корнадзі і Дабраволі. Педагогі і вучні аб'ядналіся, каб вярнуць з небыцця знакамітую спадчыну свіслацкага краю. У першую чаргу гэта храмы і сядзібы, якіх было даволі шмат.

— Мы правялі даследчую работу, звярнуліся да твораў Напалеона Орды, Віктара Карпызы, іншых мастакоў і вызначылі, якія храмы былі раней на тэрыторыі Свіслацкага раёна, які іх лёс і ўвогуле гісторыя, — расказала навуковы кіраўнік праекта, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Лысевіч. — Мы гаворым менавіта аб тых храмах, якія так і не былі адноўлены.

На падставе гістарычных матэрыялаў школьнікі і педагогі зрабілі невялікія макеты храмаў. Праект быў прадстаўлены на абласным туры рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Прэзентацыя — гэта толькі пачатак работы.

Якім аўтары бачаць свой музей? Па-першае, гэта будуць вялікія, у рост чалавека, макеты былых храмаў. Бо для музея пад адкрытым небам патрэбны менавіта маштабныя аб'екты, каб можна было пахадзіць вакол іх, памацаць. А каб макеты былі трывалымі, іх мяркуюць зрабіць з выкарыстаннем дрэва і камянёў. Да ажыццяўлення задумкі ёсць намер прыцягнуць жыллёва-камунальную гаспадарку, краязнаўчы музей, нацыянальны парк «Белавежская пушча».

Модуль для хутара

Храмы — не адзінае, што будзе размешчана ў музеі пад адкрытым небам. Другой важнай часткай стануць драўляныя модулі з назвамі зніклых вёсак і хутароў. Зараз на тэрыторыі Свіслацкага раёна сем сельскіх Саветаў. Кожнаму модулю будзе адпавядаць сельсавет, на тэрыторыі якога знаходзіліся некалі тыя паселішчы.

— Знікае многа вёсак і хутароў. Каб гэта неяк увекавечыць і нагадаць людзям аб мінулым іх малой радзімы, мы правялі даследчую работу і выявілі напачатку ўсе назвы гэтых зніклых вёсак і хутароў. Раней такіх раскіданых паселішчаў было вельмі шмат, але ў дваццатым стагоддзі яны пачалі хутка знікаць.

Гісторыю збіралі па крупіцах. Некаторыя факты падказалі мясцовыя жыхары, старажылы гэтых мясцін. Так аматары-краязнаўцы даведаліся пра хутар Харашэвічы, што ў Ханявіцкім сельскім Савеце. Кажуць, што назва Харашэвічы звязана з урадлівай глебай. У 30-я гады ХІХ стагоддзя тут было нямала хутароў з такой назвай. Вёска існуе і зараз, захавалася тут і старажытная царква. А вось былы маёнтак Мікалая Булгарына, які валодаў гэтымі землямі, не захаваўся, хаця да нядаўняга часу можна было ўбачыць гаспадарчыя пабудовы.

Трапіць у музейную экспазіцыю і старадаўняя сядзіба ў вёсцы Юзафполь. Гэта прозвішча гаспадароў, якія пабудавалі тут у канцы ХІХ стагоддзя палац у стылі класіцызму. Зберагліся толькі некалькі гаспадарчых пабудоў, якія служылі збожжасховішчам мясцовым сяльгаспрадпрыемствам.

Аўтары праекта даведаліся аб гісторыі многіх хутароў, якія зніклі з карты раёна. Напрыклад, Яліны, што ў пушчы, поўнасцю былі акружаны хваёвымі лясамі. Былі тут і хутары па прозвішчах — Кучынскі, Цымлёва, Юзэфава, Сіплівага, Бусла, Субатка. Быў нават хутар Лубянка. Ён утварыўся ў 30-х гадах мінулага стагоддзя на месцы былой сядзібы. Старажылы кажуць, што гэта назва звязана са старажытнымі заняткамі мясцовых жыхароў, якія ў рэчцы мачылі луб, а на хутары вілі вяроўкі. З мянушкай звязана назва хутара Чолы. У 1939 годзе праз яго прайшла дзяржаўная мяжа СССР і ўтварылася пагранзастава «Чолы». Зараз яна перайменавана ў «Магілёўскую».

Усяго такіх хутароў школьнікі з педагогамі налічылі каля сотні. Дарэчы, многія назвы захаваліся і да гэтага часу. Толькі зараз так завуць лясны масіў альбо поле.

Зацікавіліся ўлады

Сабраны матэрыял сістэматызаваны. Распрацавана інтэрактыўная экскурсія для будучага музея, у якасці экскурсаводаў выступаюць самі вучні.

— Унікальны наш праект яшчэ і тым, што не патрабуе вялікіх затрат, — падкрэслівае Вольга Лысевіч. — Усе неабходныя матэрыялы ёсць на тэрыторыі Свіслацкага раёна. Мы плануем гэта ўсё зрабіць з дрэва. Наш раён лясны, думаем, што зможам знайсці дапамогу ў леснікоў. Таксама нашы партнёры — сельскія Саветы, райвыканкам.

Да праекта далучыліся сельскія Саветы. Старшыня Дабравольскага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Філіновіч расказаў, што зараз вядзецца распрацоўка зямельнага ўчастка пад будучы музей. Улады ўзялі на сябе юрыдычную частку справы, афармленне дакументацыі. Абяцаюць садзейнічаць у перагаворах з нацыянальным паркам «Белавежская пушча».

Праект «Страчаная спадчына Свіслацкага краю» можа стаць яшчэ адным цікавым турыстычным аб'ектам у раёне. Уладкаваць музей пад адкрытым небам аўтары прапануюць каля аднаго з былых хутароў, дзе зараз адкрыты гасцінічныя комплексы. Тэрмін рэалізацыі — найбліжэйшыя два гады. На думку арганізатараў, музей будзе цікавы як турыстам, так і мясцовым жыхарам, якія змогуць больш даведацца аб зямлі сваіх продкаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з нявесткай вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.