Вы тут

Мінскія балконы гараць з-за кінутых недапалкаў


Цёплае сонечнае надвор'е — час, калі хочацца пусціць у жыллё больш свежага «забортнага» паветра. Але адначасова з прыходам вясны актывізуюцца і аматары пакурыць на балконах. І калі недакуркі збіраюцца ў попельніцу, то дыскамфорт адчуваюць хіба што жыхары верхніх паверхаў, да якіх ідзе ў расчыненае акно тытунёвы дым. Але ж ёсць і тыя курцы, якія не абцяжарваюць сябе пошукам старой кансервавай бляшанкі для недакуркаў, а адпускаюць іх у свабодны палёт. Часам гэта заканчваецца з-за збегу абставін даволі сумна для зусім іншых людзей, якія таго курца маглі нават ніколі і не бачыць.


Удзень 30 сакавіка на нумар 101 паступіла паведамленне, што на балконе, размешчаным на дзясятым паверсе аднаго са сталічных гмахаў, бушуе моцны пажар. Паміж званком і канстатацыяй таго, што агонь патушаны, мінула ўсяго дваццаць тры хвіліны. Але гэтага часу хапіла, каб на балконе была знішчана ўся маёмасць, былі пашкоджаныя дзверы і закурылася кватэра. Меркаваная прычына пажару — недакурак, які прыляцеў на балкон. Таго, хто яго скінуў, цяпер выяўляюць.

А вось «адкрыццё сезона» ў сталіцы з-за непатушаных недакуркаў адбылося даволі рана — яшчэ 23 лютага. Увечары ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што на другім паверсе жылога дома на завулку Казлова гарыць драўляная рама.

Агонь удалося патушыць вельмі хутка — праз 8 хвілін. На шчасце, у кватэру агонь перабрацца не паспеў. Пацярпелі толькі дзверы на балкон, які аказаўся незашклёным. На падлозе яго ляжалі дыван і газеты, якія і загарэліся.

У мінулым чэрвені з-за недакурка загарэўся балкон у новым доме па вуліцы Жыновіча. Тут ужо агнём было ахоплена ўсё памяшканне. Полымя знішчыла ўсё, што там было, і паспела закурыць сцены ў кватэры.

— Небяспека такіх пажараў у тым, што іх, як правіла, позна заўважаюць, — канстатуе афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Вольга Мельчанка. — Жыхароў кватэры, куды прылятае вогненны сюрпрыз, часцей за ўсё няма дома. Сыходзячы, яны пакідаюць расчыненымі вокны або форткі. Узнікае скразняк, і полымя з балкона вельмі лёгка пранікае ў жылы пакой. Хоць былі і выпадкі, калі гаспадар знаходзіўся, скажам, на кухні, а на лоджыю, размешчаную на процілеглым канцы жылля, трапляў непагашаны недакурак. У гэтым выпадку дапаможа аўтаномны пажарны апавяшчальнік, устаноўлены ў сумежным пакоі — менавіта туды ў выпадку пажару пойдзе дым і агонь. Як следства — у вас больш часу, каб заліць недакурак вадой.

Плюс да таго ж балконы і лоджыі часцяком ператвораны ў склад рэчаў, якія добра гараць. Заваліцца маленькаму недакурку ў якую-небудзь шчыліну і паціху тлець вельмі проста. Асабліва гэта датычыцца балконаў, якія выступаюць па-за межы сцяны. Акно, куды заляцеў «бычок», можа быць сарыентавана на той бок, дзе ходзіць вельмі мала людзей, — гэта значыць, паведамленне аб пажары мы атрымаем далёка не адразу. Да таго ж самі недакуркі валодаюць вельмі цудоўнай аэрадынамікай. Яны могуць паляцець не толькі ўніз, але і ўверх, калі гэтаму будуць спрыяць паветраныя плыні. Бывалі выпадкі, калі яны пераадольвалі ўздоўж дома адлегласць у некалькі пад'ездаў і нават заляталі за вугал дома. Дзе скончыцца падарожжа вогненнага смецця — на траве, на падаконніку або на чыімсьці балконе, — прадказаць не здолее ніхто.

— Здаралася і так, што пажар, які ўзнік з-за недакурка, перакідваўся з-за моцнага ветру і на балкон, размешчаны вышэй, — працягвае Вольга Мельчанка. — Так адбылося летась у сакавіку ў шматпавярховіку на мінскай вуліцы Ляўкова. Загарэўся з-за «бычка» адкрыты балкон на пятым паверсе. Ён быў загружаны ўсялякім хатнім скарбам: вопраткай, дошкамі, старым дываном, тумбачкай, закаткамі... Згарэла або моцна было пашкоджана ўсё. Той дзень выдаўся даволі ветраным, і полымя перайшло на паверх вышэй, пашкодзіўшы драўляную раму і абшыўку балкона. На шчасце, ратавальнікі ўтаймавалі стыхію хутка.

Істотны пажар адбыўся ў пачатку мая ў дзевяціпавярховіку на вуліцы Славінскага. Сцэнарый ужо звыклы — мінакі ўбачылі, што гарыць лоджыя на трэцім паверсе, і набралі нумар 101. Вось толькі да таго часу агонь ужо паспеў перайсці ў жылы пакой і разгуляцца там на чатырох квадратных метрах. Згарэла рама, якая аддзяляла лоджыю ад жылога памяшкання, маёмасць, моцна пачарнелі сцены... А яшчэ і пашкоджана абшыўка лоджыі паверхам вышэй.

Ці застануцца рэшткі ад недакурка — пытанне спрэчнае. Бываюць сітуацыі, калі недакурак заваліла часткай мэблі, і пры разборы завалаў аказваецца, што ён збольшага ацалеў. Чым істотнейшы нанесены ўрон — тым меншая верагоднасць, што крыніца агню захаваецца.

Таму лепш, сыходзячы з дома, вокны зачыняць. І па магчымасці разгрузіць балкон або лоджыю. А калі вы жывяце ў доме старой пабудовы, дзе гэтыя памяшканні здаваліся без рамы, то лепш яе ўсё-такі ўстанавіць. Асабліва калі ў кватэры дзве лоджыі і адна з іх «глухая» — гэта значыць, трапіць туды наўпрост з жылога пакоя нельга. Яно таго варта: не выключана, што адзін з вашых суседзяў — неахайны курэц...

Прафілактыка — рэч сумесная

З 2 да 19 красавіка ў краіне праводзіцца прафілактычная акцыя «За бяспеку — разам». Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.

Яна скіравана на тое, каб зменшыць колькасць пажараў у жылым фондзе. Ратавальнікі разам з прадстаўнікамі іншых ведамстваў, сярод якіх міністэрствы ўнутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і энергетыкі, завітаюць у сем'і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, да шматдзетных, інвалідаў, а таксама да пажылых людзей, якія жывуць адны. Ім раскажуць пра тое, як можна павысіць узровень бяспекі свайго жылля, а таксама дапамогуць адрамантаваць печы, электраправодку, устанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Таксама пад праверку патрапяць месцы агульнага карыстання ў шматпавярховай забудове — лесвічныя пляцоўкі, тамбуры, а таксама гарышчы і падвалы. Асобая ўвага будзе аддадзена пустым і закінутым пабудовам.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота прадастаўлена МНС

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.