Вы тут

У Мінску расказалі пра аўтызм на мове мастацтва


Увечары 2 красавіка каля сталічнай ратушы прахожыя ўпрыгожылі сінімі агнямі рэпрадукцыю карціны Вінсента Ван Гога «Зорная ноч». У гэты ж час у Палацы культуры прафсаюзаў поўная зала вітала акцёраў тэатральнай пастаноўкі «Восем пачуццяў, або Нараджэнне чалавека». Абедзве гэтыя падзеі сталі часткай агульнай дзеі і прыцягвалі ўвагу беларусаў да Сусветнага дня інфармавання аб праблеме аўтызму. Ініцыятарам акцыі стаў сямейны інклюзіў-тэатр «і» пры падтрымцы аператара мабільнай сувязі velcom.


«Чаму менавіта карціна Ван Гога? Бо ў яго творчасці і біяграфіі многія даследчыкі заўважалі прыкметы разладу аўтыстычнага спектру, — патлумачылі арганізатары. — Але гэтыя асаблівасці не перашкодзілі Ван Гогу стаць знакамітым на ўвесь свет мастаком». Акцыя, падчас якой арт-аб’екты падсвечваюцца сінім колерам у знак падтрымкі людзей з аўтызмам, праходзіць штогод у многіх краінах свету. У прыватнасці, дзякуючы мінчанам і гасцям сталіцы рэпрадукцыя карціны «Зорная ноч» расквецілася 700 светладыёднымі лямпачкамі.

Аўтызм сёння — насамрэч важная праблема, якую трэба шырока абмяркоўваць у грамадстве і ўсім разам шукаць шляхі ўзаемадзеяння, сацыялізацыі людзей з аўтызмам. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пытанне жыцця з аўтызмам паўстае перад кожным 160-м дзіцем, незалежна ад узросту, стану здароўя і сацыяльнага статусу яго бацькоў. Расказаць пра гэта ў чарговы раз вырашылі рэжысёры і акцёры сямейнага інклюзіў-тэатра «і». Уласна, кранальную гісторыю пра восем пачуццяў, з якіх складаецца кожны чалавек, напісаў выхаванец тэатра, хлопец з аўтызмам Кастусь Жыбуль. А яго маці, паэтка Вера Жыбуль, таксама як юная спявачка і актрыса Злата Залеская, дапамагала з напісаннем сцэнарыя кіраўніку і рэжысёру-пастаноўшчыку тэатра Ірыне Пушкаровай. Праект атрымаўся міжнародным дзякуючы супрацоўніцтву з галандскім тэатрам Kazou і рэжысёрам Хансам Салемінкам. 

Галоўнымі персанажамі спектаклю сталі... самі пачуцці: злосць, сум, інтарэс, крыўда, страх, радасць, задавальненне, віна, якія ў пэўныя моманты жыцця захопліваюць чалавека цалкам альбо разрываюць яго на часткі, супярэчаць адно аднаму. Як навучыцца жыць з усімі гэтымі пачуццямі, знайсці сябе ў часе і прасторы, захаваць «самасць» і зразумець іншых людзей? Пошук адказаў на пастаўленыя пытанні выліўся для аўтараў і герояў новай пастаноўкі ў яркую, пластычную дзею, дапоўненую візуальнымі эфектамі на адмысловым экране. Агулам у пастаноўцы задзейнічаны 80 чалавек — гэта і прафесійныя акцёры, і выхаванцы студыі, прычым недасведчаны глядач на сцэне нізавошта не адрозніць «асаблівых» дзяцей, для якіх тэатратэрапія становіцца эфектыўным сродкам пераадолнння дыягназу, ад «звычайных». І авацыі, якія прагучалі на прэм’еры, усе ўдзельнікі таксама атрымалі абсалютна на роўных.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».