Вы тут

Вецер вандраванняў


Вясна — бацькі дашкольнікаў і малодшых школьнікаў не дадуць зманіць — гэта не толькі абуджэнне, першацветы і змена практычнага гардэробу на больш яркі і легкадумны. Гэта яшчэ неабходнасць хоць бы прыблізна паведаміць у школе ці дзіцячым садку, дзе вашы дзеці будуць аздараўляцца падчас ужо такіх блізкіх летніх вакацый, і самім спланаваць летні адпачынак. Не дзіва, што на розных рэсурсах пачкамі пачынаюць з'яўляцца парады і расповеды бывалых пра тое, як гэта лёгка, захапляльна і наогул беспраблемна — адпачываць з дзецьмі.


Энтузіясты-вандроўнікі ўпікаюць асцярожных бацькоў: маўляў, уся справа ў вашай уласнай ляноце і нежаданні адарваць пятую кропку ад роднай утульнай канапы. Насамрэч, сцвярджаюць такія нястомныя турысты, нават з немаўлятамі можна падарожнічаць хоць за тысячы кіламетраў і тры пералёты, павадзіць іх па музеях у Еўропе, паказаць світанак у Тайландзе, перазімаваць на Канарах і г. д.

Адкінем сілай волі нетактоўнае жаданне ўдакладніць, на якія такія залатыя запасы сярэднестатыстычнай сям'і з двума-трыма дзецьмі выправіцца на доўгія вакацыі, бо зразумела ж, атрымаем хрэстаматыйны адказ: хочаш добра адпачыць — трэба добра папацець, круціцца, шукаць варыянты. Сапраўды, фінансавы бок вельмі важны, але далёка не заўжды вызначальны ў планах падарожнікаў. Значна больш пытанняў узнікае да таго, ці ўсе ў сям'і маюць дастаткова моцны імунітэт, каб перанесці доўгую дарогу, змену часавага пояса, клімату, звыклай ежы і вады, ці ва ўсіх супадаюць інтарэсы ў плане культурна-асветніцкай праграмы ў адпачынку, або рашэнне прымаецца кімсьці адным, таму што «мне гэта цікава, значыць, усім будзе цікава»?

Не, я далёкая ад таго, каб абвінавачваць у крывадушнасці і эгаізме бацькоў, якія падарожнічаюць з дзецьмі. Але не трэба рабіць распаўсюджаную памылку і лічыць, што калі ў вас спрацавала пэўная схема, то ва ўсіх астатніх атрымаецца тое самае. Асабіста ведаю сям'ю, у якой бацькі перадалі сваё захапленне воднымі паходамі сыну, і сплаўляюцца яны разам з дзевяці месяцаў малога, і, тройчы цьфу-цьфу, з кожнага сплаву вяртаюцца па вушы задаволеныя, шчаслівыя і здаровыя. Але гэтаксама ведаю я і матулю, якая наслухалася парад знаёмых «не сядзець седзьма», пасадзіла малодшую дачку ў слінг, старэйшага сына на калені і паехала да мора — а вярнуўшыся вымушаная была лячыць жорсткую алергію ў малой і запаленне лёгкіх у сына... Дый сама яшчэ добра помню, як штораз падчас адпачынку маю дачку-дашкольніцу накрывала напоўніцу акліматызацыя, і прыкладна да яе пяці гадоў такія сямейныя канікулы прыносілі больш нервовых турбот, чым задавальнення. Нездарма ж большасць педыятраў не рэкамендуюць выязджаць у іншую кліматычную зону з зусім маленькімі дзецьмі (да таго ж з немаўлём да двух тыдняў вас не возьмуць на борт самалёта, да шасці месяцаў — на круізныя лайнеры) і абавязкова раяць, плануючы сямейны водпуск, укамплектаваць дарожную аптэчку з улікам стану здароўя вашага дзіцяці і пацікавіцца эпідэмічнай сітуацыяй у краіне, куды вы збіраецеся паехаць, асабліва калі дзіця не прышчэплена ад пэўных хвароб.

«З першым дзіцем я была ўпэўненая, што ведаю абсалютна ўсё, і імкнулася перадаць гэтыя сакральныя веды свету, — прызнаецца шматдзетная сяброўка. — З другім стала больш асцярожнай у выказваннях і ацэнках. А з трэцім наогул зразумела, што нічога як след не ведаю, што бацькоўству трэба яшчэ вучыцца і вучыцца. Таму, калі многія просяць падзяліцца, як мы ладзім сямейны адпачынак, — расказваю, але абавязкова падкрэсліваю, што гэта толькі наш канкрэтны досвед, і камусьці іншаму ён можа проста не падысці».

Словам, летні адпачынак — якраз той выпадак, калі варта сем разоў адмераць, суаднесці з аб'ектыўнай рэальнасцю ўсе вашы «хачу» і «магу». А потым ужо — надзімаць парусы і лавіць спадарожны вецер!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?