Вы тут

Міхаіл Панджавідзэ: Дзеці — радасць і каласальны стымул для жыцця


Моцныя творчыя сем'і, можна сказаць, нефармальны брэнд Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Тут шмат сямейных пар, і насуперак стэрэатыпам аб неверагоднай лёгкадумнасці артыстаў, многія з іх адзначылі ўжо сярэбраныя юбілеі сямейнага жыцця. Вось і галоўны рэжысёр Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Міхаіл Панджавідзэ і яго жонка — салістка оперы Кацярына Галаўлёва ў красавіку адзначаць стальное вяселле.


— Вы пазнаёміліся ў Вялікім тэатры Расіі, дзе абодва служылі. А калі зразумелі, што прабегла тая самая іскра?..

Міхаіл Панджавідзэ: — Усё кажуць аб гэтай іскры, але нічога паміж намі не бегала. Не было ніякіх узрушэнняў! Каця ў Вялікім тэатры Расіі працавала з пятага курса кансерваторыі, а я прыйшоў стажорам. Даў сабе зарок: пакуль не буду ў штаце тэатра — ніякіх інтрыжак або раманаў! А калі мяне прынялі на работу, то Каця аказалася першай жанчынай, на якую я сур'езна звярнуў увагу. Усё было вельмі спакойна: пагутарылі, закахаліся, я заляцаўся, а потым, як мае быць, пайшоў да Каціных бацькоў — сватацца. Праўда, мы шмат гадоў пражылі без штампаў у пашпартах, проста не было калі ўладзіць гэтую фармальнасць. Так што 11 гадоў — гэта афіцыйная лічба, а рэальная — 20.

— У вас абодвух гэта другі шлюб, у кожнага на момант вашай сустрэчы ўжо было дзіця. Гэта не ўскладняла адносіны?

Кацярына Галаўлёва: Не, дзеці неяк адразу сталі агульнымі.

— Прапанова перабрацца ў Мінск была для вас нечаканай?

М. П.: — У пэўнай меры, так. Спачатку мяне запрасілі зрабіць адну пастаноўку, гэта была опера «Набука». Тады тэатр толькі адкрыўся пасля працяглай рэканструкцыі, і мне было цікава паспрабаваць усе сучасныя тэхнічныя магчымасці, якія толькі з'явіліся ў беларускім Вялікім. А пасля паспяховай прэм'еры атрымаў запрашэнне ў Мінск...

— Лёгка адважыліся на пераезд?

М. П.: — За 15 гадоў, вядома, прывык да Вялікага ў Маскве. Але сам па сабе пераезд не быў праблемай. Напэўна, было складана вырашыцца памяняць уклад жыцця. Але адаптацыя прайшла хутка, і ў Мінску я адчуваю сябе досыць камфортна. Складаней было сыну — Сярожу на той момант споўнілася 13 гадоў, у Маскве ў яго засталіся сябры, напачатку ён нават ездзіў да іх на выхадныя. Цяпер у яго сябры і там, і тут.

К. Г.: — У Маскве заўсёды марыла працаваць у Вялікім. На гэты конт можна гаварыць шмат пафасных слоў, але не апошнюю ролю адыгрывала тое, што мне было зручна дабірацца да тэатра на метро. (Усміхаецца.) На момант запрашэння Міхаіла ў Мінск мяне нішто не стрымлівала ў Маскве: у тэатры для мяне практычна не было работы. А жыць на дзве краіны няпроста. Мінск мне спадабаўся адразу — утульны, прыгожы і спакойны горад. А ў беларускім Вялікім і тады быў дастаткова насычаны рэпертуар, і цяпер ён застаецца багатым.

— Раскажыце, чым займаюцца вашы старэйшыя дзеці?

М. П.: — Маша працуе ў Маскве. Два гады вучылася на рэжысёра, а потым сказала: не жаночая гэта справа! Цяпер яна займаецца арганізацыяй гарадскіх свят, на ўсіх этапах — ад задумы да ўвасаблення. Вырашыла вучыцца на прадзюсара. Пытаюся ў дачкі: «Маша, прадзюсар — хіба жаночая прафесія?» Адказала: прадзюсары суцэльна жанчыны, а рэжысёры — мужчыны... Маша выйшла замуж, але пакуль я яшчэ не дзед.

Сярожа атрымаў вельмі добрую адукацыю ў Беларусі — у ліцэі пры Акадэміі музыкі. Потым ён вучыўся на акцёрскім у Акадэміі мастацтваў, але забраў дакументы, калі яго не перавялі на бясплатнае навучанне. Хлопец ён творчы, цяпер спрабуе сябе як эстрадны спявак і аранжыроўшчык. Тым не менш з сынам у мяне была сур'ёзная размова. Я прама сказаў яму: калі ў верасні ён паступае вучыцца, прычым свядома, а не для таго, каб «адкасіць» ад арміі, то я яму дапамагаю матэрыяльна. Калі не, значыць, пераходзіць на самазабеспячэнне ці ідзе служыць. У 21 год хлопец не павінен сядзець на шыі ў бацькоў! Каця, вядома, са мной не згодная...

К. Г.: — Калі б Сярожа мог служыць у Беларусі, то я не была б так катэгарычна супраць арміі. У сына расійскае грамадзянства, і я баюся, каб ён не апынуўся ў якой-небудзь «гарачай» кропцы. А ў тым, што трэба або вучыцца, або працаваць, вядома, падтрымліваю мужа.

— Давайце пагаворым аб вашай малодшай дачушцы. Колькі ёй гадоў?

М. П.: — Сашачцы пяць з паловай, ужо цяпер бачу ў ёй цікавую асобу. Пакуль ходзіць у садок. З наступнага года аддам займацца ў музычную школу і на харэаграфію. А вось з агульнаадукацыйнай школай — пытанне. Мы не ўпэўненыя, што ў шэсць гадоў трэба ісці вучыцца. Па-мойму, ёй яшчэ хочацца гуляць. І потым: да каго яна патрапіць? Як гэта магчыма загадзя даведацца? Нельга ж выбраць ні педагога, ні школу, — усё па рэгістрацыі. Я баюся, што дачка трапіць да настаўніка старой загартоўкі, які можа «паламаць» дзяцей, ператвараючы ў зручных для сябе. Зламаць, ведаеце, лёгка, а вось як потым скласці? Або будзе патрабаваць, каб кожнае дзіця ўдзельнічала ў прадметных алімпіядах, збірала тоны макулатуры і г. д. Так што пакуль, думаю, абмяжуемся музыкай — там з малымі займаюцца ў гульнявой форме. Я вось яшчэ разважаю аб вывучэнні замежных моў. Нас у школе вучылі граматыцы, але мы не ўмелі размаўляць. Вусную гаворку потым прыйшлося наганяць ужо ў дарослым жыцці. Ці магчыма наогул у школе вывучыць хоць бы азы замежнай мовы?..

К. Г.: — Мы ўжо сутыкаліся з тым, што дзяцей у школе падзяляюць па паспяховасці, па сацыяльным статусе бацькоў і матэрыяльным становішчы сям'і. І іх гэта траўмуе. Таму мы разглядаем варыянт дыстанцыйнага навучання. У пачатковай школе простая праграма, так што пры неабходнасці зможам дапамагчы. Саша — гіперактыўнае дзіця, у школе ёй будзе цяжка выседзець 40 хвілін, склаўшы рукі на парце. Нам не хочацца пазбаўляць дачку дзяцінства.

— Аляксандра з'явілася, калі вам было ўжо за сорак... Кажуць, што познія дзеці амалоджваюць бацькоў?

М. П.: — Адказнасці пасля сарака больш, чым у маладыя гады. Гэта не выпадковыя, а жаданыя дзеці. Мы ўжо былі прафесійнымі бацькамі! Дзеці — радасць і каласальны стымул для жыцця. Няважна, як ты сябе адчуваеш, але ў сем раніцы трэба ўстаць, сабраць дачку ў садок. Маленькае дзіця прымушае трымацца бадзёра.

К. Г.: — Пасля спектакля няма сіл нават размаўляць, не тое што гуляць. Але дзіця не павінна гэтага адчуваць. Толькі калі сама стала мамай, зразумела, што і маім бацькам часам было не да маіх «чаму, пагуляй, пачытай», але яны ніколі ад мяне не адмахваліся. Сям'я, мне здаецца, і трымаецца на зносінах — ці то чытанне казкі, ці то абмеркаванне, як правесці выхадныя.

— Кацярына, а спраўляцца з хатнімі справамі вам хто-небудзь дапамагае?

К. Г.: — Часам да нас прыязджаюць мая або Мішына мама. Бабулі любяць песціць унукаў, што-небудзь смачненькае прыгатаваць. А калі вы пытаеце пра домработніцу або пастаянную няньку, то гэта не наш выпадак. У нас не бывае вэрхалу, але і вось так, як я люблю, каб усё было на сваіх месцах, нядоўга трымаецца. Калі Саша сваволіць з сабакам, а ў нас бардоскі дог, то цацкі раскіданыя па ўсёй кватэры. І гэта нармальна, таму што дом — гэта тое месца, дзе людзям камфортна, а не нейкая стэрыльная тэрыторыя.

М. П.: — Каця выдатна гатуе! Прычым складаныя стравы, да якіх многія жанчыны нават баяцца падступіцца. Калі Каця гатуе боршч, то сапраўдны! А які цудоўны плоў! Усе сябры, якія бываюць у нас у гасцях, кажуць, што ў жонкі цудоўная кулінарная інтуіцыя. Яна не глядзіць у рэцэпт, а нейкім толькі ёй вядомым спосабам адгадвае ідэальныя прапорцыі прадуктаў, спецый.

— Напэўна, раніцамі песціце сям'ю смачнымі сняданкамі?

К. Г.: — Рэжым дня ва ўсіх настолькі розны, што разам снедаць і нават вячэраць ніяк не атрымліваецца. Усе гэтыя складаныя стравы я гатую толькі ў выхадныя, у звычайныя дні — усё спрашчаецца. Часам у кафэ сілкуемся, купляем што-небудзь у кулінарных аддзелах, — як атрымліваецца. Сярожка, дарэчы, добра гатуе. На шчасце, сям'я ўсёедная, непераборлівая.

— Міхаіл Аляксандравіч, вас запрашаюць іншыя тэатры для пастаноўкі спектакляў. На колькі звычайна прыходзіцца з'язджаць і ці паспяваеце замаркоціцца?

— Камандзіроўка доўжыцца не менш за месяц, і, вядома, сумую па сям'і. Як гаворыцца, разам цесна, а паасобку — сумна. Балазе, сучасныя сродкі сувязі дазваляюць і чуць, і бачыць родных.

— Кацярына, зазірнула ў ваша дасье: там зусім мала гастроляў. Не любіце ездзіць?

— Ездзіць, глядзець свет я якраз люблю. Гэта добра ў адпачынку з сям'ёй. А гастролі — гэта іншае. Не магу сказаць, што я такая неспакойная мама, якая кожную хвіліну будзе тэлефанаваць дзіцяці, але, калі еду, сэрца не на месцы: а як там яны?.. Нашы бацькі ў тым узросце, калі яны могуць дапамагчы, але не ўзваліць на сябе дом і дзяцей. Значыць, трэба на час гастроляў запрашаць няньку. У выніку я нервуюся ўсю паездку, а заробленыя грошы павінна аддаць няньцы. Так што ў гэтым няма сэнсу. Я люблю спяваць, люблю сцэну, але, напэўна, я не кар'ерыстка. Калі можна адмовіцца ад гастроляў, я адмоўлюся дзеля сям'і. І гэта ніякая не ахвяра — гэта мой выбар.

— Міхаіл Аляксандравіч, нядаўна вас віншавалі з 50-годдзем. Такі юбілей — нагода падвесці нейкія прамежкавыя вынікі. Вы задаволеныя тым, як склалася асабістае жыццё?

— Я выхоўваўся на пэўных каштоўнасцях. Напрыклад, павінен быць адзін шлюб. Прычым не ўхваляўся ні ранні шлюб, ні познія дзеці... Але ў мяне — усё не «па сцэнарыі». Два шлюбы, першае дзіця з'явілася рана — у 20 гадоў, апошняе — позна, у 45... Так, бацькоўскія наказы — правільныя. Але гэта не адмаўляе таго, што я шчаслівы, бо са мной — Каця і нашы дзеці. Калі б жыццё склалася па правілах — яно было б іншым.

* * *

Творчае жыццё Панджавідзэ-рэжысёра таксама ўдалося. Дзякуючы пастаноўкам Міхаіла Аляксандравіча беларуская опера ажыла, яго спектаклі даўно заваявалі сэрцы публікі... Міхаіл Панджавідзэ — уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За пастаноўкі ў іншых тэатрах рэжысёр таксама ўдастоены высокіх узнагарод, сярод іх — Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Татарстан.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.