Вы тут

Прыёмнае бацькоўства без прафадукацыі — шлях да вяртання малога ў дзетдом


Жаданне ўзаемадзейнічаць, самаўдасканальвацца і працаваць мамай і татам, а не проста імкненне дапамагчы дзіцяці і самому адчуць пяшчоту, павінна кіраваць людзьмі, якія збіраюцца стаць прыёмнымі бацькамі. На адных эмоцыях ад першага знаёмства, без самааддачы і разумення, на што падпісаўся, калі вырашыў стаць прыёмным бацькам, новая сям'я доўга не праіснуе. Чаму дзіця ніколі не вінавата, як не дайсці да разусынаўлення праз непаразуменне і навошта апекунам і ўсынавіцелям прафесійная падрыхтоўка, расказвае Зінаіда ВАРАБ'ЁВА, загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.


Недахоп увагі ці клапатлівы кантроль?

Часта людзі, якія збіраюцца стаць апекунамі ці прыёмнымі бацькамі, думаюць: свайго выгадаваў, выгадую і чужога. А пасля разумеюць, што атрымліваецца не так, як бачылася, а афармленне папер на дзіця — не самая вялікая праблема, як здавалася напачатку, гаворыць спецыяліст.

Першае знаёмства папячыцеляў і малога заўжды прыемнае, прыхільнасць адзін да аднаго з'яўляецца вельмі хутка. Дзіця заўжды задаволена сваім новым становішчам. Напачатку яно выконвае ўсё, што папросяць, можа зваць апекуноў мамай і татам. Аднак усё гэта не азначае, што дзіця адразу палюбіла новых бацькоў. З часам малое прыстасоўваецца да новых умоў, навізна знікае, і паводзіны малечы мяняюцца: яно адмаўляецца падпарадкоўвацца, спрабуе бацькоў «на зуб», высвятляе межы дазволенага. З'яўляюцца дэпрэсія, сваркі, агрэсія, слёзы, уцёкі...

— Прыходзячы ў сям'ю, дзіця думае: я цяпер тут галоўны, у мяне будзе суцэльнае свята — гульні, клопат, увага. Аднак бацькі часта рашаюць жыццёвыя праблемы, а малому раяць заняцца чымсьці самастойна. Супрацьлеглы бок стаўлення да малога — татальны кантроль як праяўленне празмернага клопату. Мне кожны раз балюча, калі я накіроўваю малых з апякунскай і тым больш прыёмнай сям'і назад у дзіцячы дом. Пасля высвятляецца, што бацькі хацелі прымусіць выхаванца падпарадкоўвацца сваім загадам і прытрымлівацца ўласных традыцый. У нас прыёмнымі бацькамі могуць стаць усе ахвотныя, хто не пераходзіў мяжу закону. Аднак яны не разумеюць шмат псіхалагічных тонкасцяў, — падзялілася Зінаіда Вараб'ёва. — Мы ўжо наладзілі ў горадзе сістэму дапамогі бацькам, аднак усё роўна знаходзімся яшчэ на пачатку шляху. Каб дзіця паспяхова сацыялізавалася і зносіны паміж новымі членамі сям'і ўсталёўваліся нармальныя, патрэбны час. І намаганні павінны прыкладаць менавіта дарослыя. Дзіця ніколі не вінаватае, якім бы непаслухмяным ці кепскім яго ні стараліся выставіць. Калі так кажуць, я ўжо бачу, што сям'я задумваецца: «Навошта мы яго бралі?»

Умацаваць нельга зруйнаваць

Работа ў нас наладжана так, што, калі дзіця страціла ўласную сям'ю, у яго павінна з'явіцца замяшчальная. Прычым усынаўленне зусім не абавязковае. Але найлепшая форма выхавання для малога тая, што адпавядае менавіта яго інтарэсам, лічыць прадстаўніца камітэта па адукацыі:

— Калі ў дзіцяці цудоўныя сваякі, навошта яго аддаваць на ўсынаўленне? Няхай лепш родныя стануць яго апекунамі. А многія і самі нізавошта не аддадуць сваіх пляменнікаў ці ўнукаў чужым. А ёсць яшчэ ўзроставыя дзеці, якім гадоў 15—16, і яны лепш пойдуць у дзіцячы дом, а па выхадных да бабулі будуць прыязджаць, а не ў прыёмную сям'ю. І да жаданняў дзяцей мы прыслухоўваемся заўжды, а з дзесяці гадоў — абавязкова.

Усынаўленне, дарэчы, таксама не пажыццёвы статус. Яго можна адмяніць, і, як правіла, робяць гэта дарослыя, якія не справіліся. Аднак быў выпадак, што ўсыноўленыя дзеці пасля свайго 14-годдзя падалі ў суд на ўсынавіцеляў, якія выпівалі. Падлеткі дамагліся разусынаўлення згодна з 139-м артыкулам Кодэкса аб шлюбе і сям'і.

Дзіця можа як умацаваць сям'ю, так і зруйнаваць яе. Нельга чакаць, напрыклад, што новы чалавек запоўніць месца ад страчанага сям'ёй папярэдняга дзіцяці. Гэта амаль 100-працэнтны правал. Таму так важна, што ў кожным раёне Мінска штомесяц працуюць групы па падрыхтоўцы ўсынавіцеляў. Дарэчы, не ўсе даходзяць да стадыі ўсынаўлення, атрымаўшы веды на гэтых курсах.

Ва ўсіх выпадках вельмі важна, каб прыёмныя бацькі ўмелі ўзаемадзейнічаць са сваякамі дзіцяці і не забаранялі стасункі паміж імі. А таксама сур'ёзна ставіліся да сацыяльных педагогаў і псіхолагаў у школах. Усе праблемы можна пераадолець, было б жаданне, упэўнена Зінаіда Вараб'ёва.

Адказнасць за гульні і гутаркі

Незалежна ад таго, трапляе дзіця ў прафесійную сям'ю — дзіцячы дом сямейнага тыпу ці да прыёмных бацькоў, або ідзе пад апеку, папячыцельства, на ўсынаўленне, усе гэтыя формы выхавання сутыкаюцца з цяжкасцямі падчас наладжвання стасункаў з малымі.

Дарослыя павінны шмат часу аддаваць дзецям і прымаць на сябе адказнасць за сумесныя з імі гульні, гутаркі, заняткі, за ўласныя паводзіны, якія будзе капіраваць малы.

— Гэта павольнае пранікненне ў інтарэсы дзіцяці і пастаянная дапамога яму. Каб падтрымаць малога, трэба ведаць, што з ім адбываецца, разумець яго думкі і памкненні. Гэта трэба ўмець рабіць, нават нягледзячы на страту ўласнага часу, і да такой працы неабходна быць гатовым, — пераканана прадстаўніца Мінгарвыканкама.

Аднак нават з улікам усіх намаганняў няма гарантыі, што з часам паміж дзіцем і бацькамі з'явіцца эмацыянальная сувязь. Дарослыя павінны справіцца з гэтымі цяжкасцямі, а задача спецыялістаў — навучыць іх спраўляцца.

— Быць замяшчальнымі бацькамі і пераадольваць праблемы павінны вучыць спецыялісты сацыяльна-педагагічных цэнтраў (СПЦ). І тады, калі дзяцей толькі аддаюць, і падчас суправаджэння сям'і. У раённых СПЦ сталіцы, згодна з новым палажэннем, ёсць цяпер аддзелы па суправаджэнні замяшчальных сем'яў. Падобныя ж службы існуюць у школах. У педагагічным ВНУ таксама больш увагі сталі аддаваць падрыхтоўцы спецыялістаў, у тым ліку па пытаннях замяшчальнага бацькоўства. Так што да нас прыходзяць больш падрыхтаваныя спецыялісты. Аднак самае галоўнае для поспеху — гатоўнасць бацькоў да самаадукацыі, — упэўнена Зінаіда Вараб'ёва. — У саміх замяшчальных бацькоў павінна быць культура на прыняцце гэтай падтрымкі. Мы праводзім трэнінгі, ладзім семінары, арганізуем клубы прыёмных бацькоў. Аднак калі чалавек проста прыйдзе пасядзець, а не паўдзельнічаць, то няма гарантыі, што ён справіцца з праблемай.

У Цэнтральным раёне Мінска, напрыклад, паспяхова працуюць супервізары, якія праводзяць работу з групай людзей, што займаюцца адным відам дзейнасці. На такіх сустрэчах здымаюцца многія пытанні. А яшчэ, магчыма, сёлета ўнясуць змяненні ў палажэнні аб патранатным выхаванні, прыёмнай сям'і і дзіцячым доме сямейнага тыпу. Работа яшчэ больш палепшыцца са з'яўленнем агульнагарадскога СПЦ, які аб'яднае сталічную сістэму па абароне правоў дзяцей.

— Неабходнасць гэтага даўно наспела, — лічыць спецыяліст. — А статус бацькоў-выхавальнікаў у грамадстве павінен стаць больш высокім, бо яны працуюць з дзецьмі кругласутачна. Тым не менш Мінск мае патрэбу ў прыёмных бацьках і бацьках-выхавальніках. Апошнім, дарэчы, выдзяляецца ўсё неабходнае для выхавання, у тым ліку і 7-8-пакаёвыя кватэры.

Ірына СІДАРОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Калі дзіця спрабуе цябе «на зуб»...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.

Грамадства

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Як з дапамогай кода стварыць уласную анімацыю і «ажывіць» касмічны карабель? 

Грамадства

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Наш карэспандэнт пастараўся згадаць самыя цікавыя прыклады сумеснай рэалізацыі праектаў.

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.