Мамін дзённік


У нашага Цёміка — новая забава: навучыўся адчыняць-зачыняць у пакоях дзверы. Стане на пальчыкі, галаву задзярэ і цягнецца маленькімі пальчыкамі да быццам намазаных мёдам ручак. Ці з канапы звесіцца, толькі паспеўшы расплюшчыць вочкі пасля сну. Не трымаў бы, так і пляснуўся б галавою ўніз. Во крыку было б! Пачуццё страху, як вядома, дзецям не ўласціва, а вось даваць здачы, здаецца, яны ўмеюць ледзь не з пялюшак...


Нядаўна хадзілі ў госці — знаёміцца з Цёмкінай сястрычкай. Не паспелі распрануць нашага кавалера, як пяцімесячная Соня раз — і выхапіла ў яго з рота соску. Малы ў слёзы! Але не будзь ён хлопцам, калі б не знайшоў магчымасць адпомсціць. Гуляюць, значыць, дзеці, кожны са сваімі цацкамі, як раптам ні з таго ні з сяго Цёмка схапіў Соню за валасы — адзін адзін.

Вось і няхай хто скажа, што дзеці ў такім узросце нічога не разумеюць. Бацькаў голас па тэлефоне пачуе і шэпча задаволена: «Та-та, та-та». Малазнаёмага чалавека да сябе ўвогуле не падпусціць. Пірамідку саставіць — пляскае ў далоні: маўляў, хваліце яго. Машынку каціць і бубніць пад носам «бррр». Пасунецца на край канапы, ляжа на жывот, вусны трубачкай незадаволена выцягне, але ўніз не спяшыць — ведае, што будзе «бах». А як смешна гуляе ў хованкі! Запаўзе за канапу, прытуліцца — толькі вушы тырчаць: выглядае, ці не ідзе яго хто шукаць. Альбо коўдру ці ручнік які на галаву нацягне — шукайце мяне, маўляў, я ў доміку.

А вось калі нешта яму не пад густ — крыку на ўсю хату! Ён жа памятае, што яшчэ ўчора шафка адчынялася, а сёння нейкія вяровачкі на ручках з'явіліся. Ці вілка з разеткі вісіць без справы — трэба паспрабаваць яе вярнуць на месца: ён жа памятае, як было. Альбо як не пакаштаваць лісцік, які толькі што адарваў з палыселага ўшчэнт вазона? Адным словам, шкадлівы кот адпачывае.

Дарэчы, пра братоў нашых меншых. Свякроўчына Муся толькі адышла ад крыўдзіцельства старэйшага ўнука, як ужо малодшы ганяецца за ёй па ўсёй кватэры. А яна, між іншым, ужо не маладая, дзясятак гадоў размяняла. Затое яе амаль равеснік Тоша, які даўно прапісаўся ў маіх бацькоў, толькі рады, калі яго хто пацягае за поўсць, нават лашчыцца — малы ажно пішчыць ад задавальнення. Аднак тое бывае нячаста: большасць часу кот праводзіць на вуліцы, таму дакранацца да, мякка кажучы, бруднага ката я дазваляю ў рэдкіх выпадках.

Дарэчы, сёння Арцемію — роўна 11 месяцаў. Як хутка імчыць час! Ён ужо ходзіць каля канапы ці секцыі, стаіць, ні за што не трымаючыся, балбоча на сваёй «тарабарскай» і па-ранейшаму прачынаецца па некалькі разоў за ноч. Але як нехта заўважыў: «Радуйся, мама, тры гадзіны ночы, ты не спіш, але сыночак з табой». Сапраўды, праз колькі гадоў я, магчыма, зноў не буду спаць у гэты час, чакаючы сына з якой-небудзь вечарыны. Таму лепш не спаць цяпер. І няхай не будзе горшай бяды, чым няўсунутая ў разетку вілка і брудныя рукі, якія толькі што гладзілі ката.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Як шкадлівы кот

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.