Вы тут

Гаворым аб Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі з адным з яе аўтараў


Нядаўна Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў маштабны дакумент — Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (друкавалася ў «Звяздзе» 26.03.2018). Над ім працавалі спецыялісты амаль з 20 дзяржаўных органаў і арганізацый — сродкаў масавай інфармацыі, навуковых устаноў, парламента. Адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі стаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар МАРЗАЛЮК. Член-карэспандэнт НАН, доктар гістарычных навук, прафесар упэўнены: новая канцэпцыя абараняе канстытуцыйнае права на аб'ектыўную і праўдзівую інфармацыю.


— У чым значнасць Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, і чаму грамадству спатрэбіўся такі дакумент?

— Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі — гэта не прыдумка беларусаў, а агульнаеўрапейскі трэнд. Практычна ва ўсіх краінах, дзе актыўна развіваецца ІT-сектар і інтэрнэт іграе каласальную ролю, існуюць такія канцэпцыі. Паняцці «кібервойскі», «інфармацыйная вайна», «інфармацыйны напад» — рэальныя рэчы. Стварыць сітуацыю калапсу з улікам той камп'ютарызацыі, якая ёсць, няцяжка. Дастаткова ўвайсці на серверы і, напрыклад, прапыніць падачу вады, электрычнасці — і на пустым месцы мы можам атрымаць спланаваную атаку на інстытуты ўлады. Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі ахоплівае ўсе кірункі, звязаныя з выкарыстаннем і распаўсюджваннем інфармацыі.

Мы, распрацоўшчыкі канцэпцыі, дэталёва прааналізавалі досвед усяго свету, глядзелі і расійскі, і польскі аналагі. Але Канцэпцыя Вялікабрытаніі аб інфармацыйнай бяспецы, з нашага пункту гледжання, — адна з самых развітых. Многія прынцыпы, якія характэрныя для англасаксонскага права і брытанскай традыцыі, выкарыстаны ў Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, але мы ўлічвалі і канцэптуальныя падыходы нашых бліжэйшых суседзяў.

Трэба разумець, што гэта была дынамічная праца з мноствам этапаў. Дакумент прайшоў праз шматлікіх экспертаў, кожны адказваў за сваю частку. Я лічу, што мы можам з гонарам сказаць: Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі цалкам адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў дачыненні пытанняў свабоднага распаўсюджвання інфармацыі і доступу насельніцтва да яе. Канцэпцыя нікому не наступае на горла, але разам з тым уводзяцца паняцці «інфармацыйнага суверэнітэту», «інфармацыйнага нейтралітэту» і адказнасці за спланаваныя інфармацыйныя атакі. Фэйк — гэта не проста хлусня, фальсіфікацыя, а замоўлены пэўным рэсурсам альбо арганізацыяй, якая вядзе варожую падрыўную дзейнасць у дачыненні да той ці іншай дзяржавы, выкід інфармацыі, які мусіць стварыць сітуацыю дэстабілізацыі. Прычым размова ідзе не пра ўтойванне інфармацыі, а адкрытую хлусню.

— Пункт 48 Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі пазначае, што беларуская мова з'яўляецца гарантам гуманітарнай бяспекі дзяржавы. Як, на вашу думку, адлюстраванне гэтага факта ў новым дакуменце паспрыяе распаўсюджванню і развіццю беларускай мовы?

— Я непасрэдна прычыніўся да чацвёртага раздзела канцэпцыі, пункты якога звязаны з традыцыйнымі каштоўнасцямі народа, роляй беларускай мовы і гістарычнай палітыкі. Шматмільённы беларускі народ мае сакральную рэч — нашу мову. У мяне два любімыя паэты — японец Басё і наш Алесь Разанаў з яго белымі вершамі. У Алеся Разанава ёсць выказванне, што «кожны народ мае хоць бы адзін ідэальны твор, і гэты твор — мова». Размова ў Канцэпцыі ідзе пра мову не як сродак камунікацыі, а найважнейшы сімвал нацыянальнай тоеснасці і ідэнтычнасці. Размова ідзе пра мову, без якой не было б сучаснай дзяржаўнасці. У канцэпцыі сцвярджаецца фундаментальная рэч — існуе беларуская нацыя і яе непаўторная, самабытная нацыянальная мова. Мова для нас у канцэпцыі нацыянальнай тоеснасці адыгрывае тую ж сакральную ролю, як і валійская для кельтаў. Беларусы вельмі падобныя ў гэтым сэнсе на ацалелых кельтаў, у якіх жывая камунікацыя, на жаль, мінімізавана. Дзяржава паказвае, што ёй баліць за беларускую мову, што гэта яе клопат. Пры гэтым яна падкрэслівае, што не адыходзіць ад прынцыпаў двухмоўя.

Я не маю права раскрываць нюансы, але хачу сказаць, што ў тым ліку і па гэтых пунктах ідзе работа. Я таксама са сваімі калегамі працую, каб новы дакумент напоўніць канкрэтнымі, практычнымі крокамі. Кожны, у каго беларускае сэрца, можа не камунікаваць штодня па-беларуску, але прынамсі імкнецца ведаць мову і не будзе яе зневажаць. І па сутнасці гэта заява аб намерах, што дзяржава разумее неабходнасць браць пад апеку беларускую мову больш цесна, гларыфікаваць яе важнасць. Гэта мова не прыдуманая — ні палякамі, ні бальшавікамі — гэта найважнейшы элемент нашай ідэнтычнасці і струмень жыццядайнай крыніцы для народа.

— У канцэпцыі задакументавана такое паняцце, як «беларуская мадэль памяці». Што яно ў сябе ўключае?

— Паняцце «мадэль памяці» складаецца з комплексу практык, звязаных з захаваннем і ўмацаваннем памяці пра важныя для нацыі падзеі і значных асоб. Яно таксама ўключае і мемарыяльную памяць — архітэктурныя ландшафты, знакавыя помнікі, якія маркіруюць выбітныя падзеі з гісторыі. Гэта мадэль мае на ўвазе ўмацаванне памяці пра гераічныя і трагічныя факты, якія ствараюць пачуццё калектыўнай нацыянальнай тоеснасці, салідарнасці. Канцэпцыя гістарычнай памяці — гэта канцэпцыя грамадзянскай рэлігіі любой нацыі, якая дазваляе ёй адчуваць, адкуль яна, чаму яна тут, вызначаць, кім ёй быць заўтра, і як будаваць сваё сёння і будучыню.

У гэтым ключы варта адзначыць знакавыя падзеі з гісторыі, сімвалічныя рэчы, якімі ганарацца ва ўсіх сацыяльных групах, — гэта калектыўная памяць пра нашу дзяржаўнасць, якая нас аб'ядноўвае. Ёсць дзве падзеі, якія ва ўсіх узростах і сацыялагічных даследаваннях найноўшай гісторыі Беларусі называюць найважнейшымі. На першым месцы — гонар за Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, на другім з мінімальным адрывам — гонар за набыццё краінай незалежнасці.

— Вы працуеце з калегамі над несупярэчлівай — той, якая не будзе выклікаць супярэчнасцяў у грамадстве, — канцэпцыяй гісторыі беларускай дзяржаўнасці. На якіх прынцыпах яна базіруецца? Гэта канцэпцыя знойдзе сваё ўвасабленне ў падручніку, так?

— Так. Я спадзяюся, што першыя асобнікі гэтага падручніка для вышэйшай школы будуць выдадзены да 1 верасня. У падручніку тры блокі. Раздзел першы прысвечаны этапам беларускай дзяржаўнасці, пачынаючы з першых дзяржаўных утварэнняў. Калі не было дзяржаўнасці, мы пішам пра гэта адкрыта. Мы расказваем, напрыклад, што ў Расійскай імперыі былі беларускія міністры, вайскоўцы, якія рабілі бліскучую кар'еру, а беларускія мушкецёры бралі крэпасці. Там не будзе хлусні, што Беларусь была калоніяй. Хто гаворыць пра калонію, не ведае ўвогуле, што такое каланіялізм. Другі раздзел звязаны з узнікненнем інстытутаў улады. Кожны, хто вучыцца ў вышэйшай школе, павінен ведаць, як з'явілася заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада, якія былі функцыі ў князя, веча. І так, пачынаючы ад князёў полацкіх, да інстытута прэзідэнцтва. Трэці раздзел можна назваць адным ёмістым словам — «беларусазнаўства». Там змесцяцца ўсе канцэпты аб этнічным паходжанні нашага народа, назваў, сімволікі, аб гісторыі нацыянальных меншасцяў, супольнасцяў.

У канцэпцыі несупярэчлівай гісторыі навуковец не хлусіць, не расказвае казак, якія не абгрунтоўваюцца крыніцамі. Канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў маім разуменні і ў разуменні маіх калег — вывераная, верыфікаваная, з праверанымі фактамі, якая не памнажае нянавісць, а ўмацоўвае гістарычную тоеснасць, любоў да сябе, сваіх традыцый і паказвае месца нашай дзяржаўнасці сярод іншых еўрапейскіх культур.

Я ўпэўнены, што нам неабходна правесці кангрэс беларускіх гісторыкаў. Маю на ўвазе не толькі тых, хто мае беларускія пашпарты і прапіску, але і найаўтарытэтнейшых шведскіх, англійскіх, польскіх, нямецкіх спецыялістаў, што займаюцца нашай гісторыяй.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

— Як захаваць справядлівую гістарычную памяць, данесці традыцыйныя каштоўнасці да маладога пакалення, якое кожны дзень сутыкаецца з уздзеяннем шматлікіх дэструктыўных інфармацыйных патокаў?

— Я хачу расчараваць тых, хто расказвае: беларуская моладзь не тая. Яна тая. Мы вельмі традыцыйны і кансерватыўны народ. Моладзь можа фарбаваць валасы ў вычварны колер, слухаць разнастайную музыку, насіць любыя формы спадніц і штаноў, але большасць хоча стварыць нармальную сям'ю, дзе ёсць тата, мама і дзеці. З маладымі людзьмі трэба размаўляць на іх мове, не забывацца пра прысутнасць у сацыяльных сетках і ствараць там якасны кантэнт на ўзроўні тэкстаў, песень, літаратуры, відэаролікаў, камп'ютарных гульняў. Я з вялікім задавальненнем пабачыў бы камп'ютарную беларускую гульню, дзе хлопец у вопратцы партызана знішчаў бы захопнікаў, падрываў варожыя саставы, так як сёння яны ў сеціве ў камуфляжы амерыканцаў бяруць штурмам Багдад. Самая страшная разруха — разруха ў свядомасці, калі ў цябе забіраюць сэнсы.

Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі дае штуршок для развіцця і ўвасаблення ў заканадаўчых нормах, формах кантролю і падзаконных актах яе главаў і тэзісаў. Іх створаць усе зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы. Гэта не від таталітарызму і жаданне ўціхамірыць людзей, якія думаюць іначай, а абарона канстытуцыйнага права на распаўсюджванне аб'ектыўнай і праўдзівай інфармацыі. Элементы забароны прысутнічаюць толькі ў выпадках, якія звязаны з абразай годнасці і гонару, распаўсюджваннем паклёпу, стварэннем пагрозы нацыянальнай бяспецы.

Мы павінны мець выразную, зразумелую, лагічную канцэпцыю свайго мінулага і павінны бараніць свае нацыянальныя інтарэсы. Мы не можам нікому дазваляць сумнявацца, што мы нацыя, і хлусіць пра наша мінулае, адмаўляць факты злачынстваў супраць нашага народа. І мы самі гэтага рабіць не будзем.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Ад мовы да несупярэчлівай гісторыі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.