Вы тут

Экскурсія па Беларускай атамнай электрастанцыі


Адкуль бярэцца ядзернае паліва, як робяць ваду для ахаладжэння энергаблока і навошта Беларускай атамнай электрастанцыі лавушка расплаву. Пра ўсё гэта і шмат што іншае журналісты даведаліся на экскурсіі па АЭС, дзе яны ўгледзелі разрыў трубаправоду на рэактары і ліквідацыю аварыі... у камп'ютарнай версіі. Арыгінальнае падарожжа зладзіла Мінэнерга.


1000 кіламетраў пад напружаннем 330 тысяч вольт

На свае вочы пабачыць, што адбываецца на самай вялізнай будоўлі ў Еўропе, а таксама даведацца пра меры бяспекі на станцыі, першы рэактар якой будзе запушчаны сёлета, — магчымасць, ад якой не адмаўляюцца. Тым больш што трапіць на АЭС без спецыяльнага пропуску неўзабаве будзе ўжо немагчыма.

Вакол АЭС збудавана высакавольтная інфраструктура, якая гатовая прыняць энергію. Працуюць трансфарматары і камплектнае размеркавальнае ўстройства элегазавае (КРУЭ), якое летась у снежні падключылі да напружання ад падстанцыі «Паставы». Пакуль яна адзіная з сямі ўведзена ў строй. Электрычнасць прымаюць звонку для сілкавання ўласных патрэб станцыі. Уласную энергію яна, зразумела, пакуль яшчэ не генерыруе.

— З 2014-га да 2018 года падчас рэалізацыі гэтага праекта, які складаўся з 23 пускавых комплексаў агульным коштам 340 мільёнаў долараў, было збудавана больш за 1000 кіламетраў лініі напружаннем 330 тысяч вольт, — расказаў Аляксандр МАЛЬКОЎ, начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела. — А КРУЭ атамнай станцыі — гэта своеасаблівы лагістычны цэнтр, з якога выпрацаваная энергія будзе па размеркавальных устройствах паступаць у энергасістэму.

КРУЭ — гэта своеасаблівы «нулявы электракіламетр». Праект выдачы магутнасці АЭС параўноўваюць з энергетычным аўтабанам, па якім вось-вось памчыцца электрычнасць.

На першым энергаблоку станцыі поўным ходам ідуць будаўніча-мантажныя работы і праводзіцца добраўпарадкаванне. У канцы красавіка тут павінны скончыць зборку рэактара. На другім — манціруецца абсталяванне. У найбліжэйшых планах на першым энергаблоку гідравыпрабаванні і халодная абкатка з далейшай праверкай абсталявання. Пасля ў рэактар загрузяць паліва і падключаць энергаблок у сетку, паведаміў Міхаіл МІХАДЗЮК, намеснік міністра энергетыкі:

— Запуск такога механізма, як атамная станцыя, з дакладнасцю работы швейцарскага гадзінніка патрабуе вялікіх кампетэнцый і ведаў, цягне за сабой з'яўленне многіх рабочых пытанняў, якія ўносяць карэктывы ў нашы планы. Завоз паліва — не самамэта, аднак гэта ўжо зусім іншы рэжым працы. Нам дастаткова завесці яго за месяц да выхаду на фініш. Тым больш што паліва ўжо гатовае.

«Сэрца» АЭС — цэнтральны шчыт кіравання.

Стрыжні кіравання і абароны

Калі нешта не можа здарыцца, рыхтуйся да гэтага акурат цяпер, кажуць атамшчыкі, апісваючы сістэму абароны аб'екта. Ядзерныя рэактары знаходзяцца ў спецыяльным будынку або ў гермаабалонцы. Збудаванне вышынёй 70,2 метра і дыяметрам 44 метры мае двайную ахоўную абалонку. Дадатковае ўзмацненне надае сістэма пераднапружвання бетону, якая дазваляе будынку захоўваць герметычнасць нават пры ўнутраным ціску пяць атмасфер. Нават калі здарыцца неверагоднае, і ў выніку аварыі днішча рэактара расплавіцца, радыеактыўныя рэчывы трапяць  не ў наваколле, а ў спецыяльнае прыстасаванне, якое знаходзіцца пад рэактарамі, — лавушку расплаву, запэўніваюць спецыялісты.

Ядзернае паліва — гэта канструкцыя з тоненькіх трубачак — цеплавыдзяляльных элементаў, якія зроблены са сплаву цырконію. Унутры трубачак — уранавыя паліўныя таблеткі вагой 5 грамаў, кожная з якіх замяняе 350 літраў нафты па сваёй цеплаёмістасці. У адной цеплавыводзячай зборцы (ЦВЗ) або касеце такіх таблетак больш за 18 мільёнаў.

— Мы будзем купляць не ўран, а паліва ў выглядзе цеплавыдзяляючых зборак. Для кожнага рэактара патрэбны 163 ЦВЗ, — паказаў макет канструкцыі Эдуард СВІРЫД, начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Беларускай АЭС. — Касета са свежым ядзерным палівам бяспечная для чалавека, бо ўсе небяспечныя рэчывы пачынаюць выпраменьвацца толькі пасля таго, як становяцца актыўнымі ў рэактары. Унутры касеты знаходзяцца стрыжні кіравання і абароны. Пакуль яны ўнутры зборак, стрыжні паглынаюць усе нейтроны і дзялення  ўрану не адбываецца. Калі стрыжні падняць угору, нейтроны запусцяць ядзерную рэакцыю і паліва разагрэецца да 1200 градусаў. Каб спыніць рэакцыю, стрыжні трэба перавесці ўнутр ЦВЗ. У падвешаным стане яны ўтрымліваюцца з дапамогай электрамагнітаў, і нават калі не будзе электраэнергіі, стрыжні пад уздзеяннем уласнай вагі апусцяцца ўніз і рэакцыя затухне, энергаблок спыніцца.

Як гэта працуе, паказалі на спецыяльнай камп'ютарнай праграме.

Вілейскі ласось і пырскальны басейн

Для патрэб АЭС неабходна 12 000 кубаметраў вады, якую дае станцыі рака Вілія. Як выглядае водазабор глыбінёй восем метраў, нам таксама паказалі і запэўнілі, што дамбу на рацэ не будавалі. Так што гэта ніяк не замінае жыццю асятра і ласося, якія плывуць сюды на нераст з Балтыкі.

— Вада ідзе ў водазаборны коўш, дзе знаходзяцца водазаборныя сеткі, якія не даюць смеццю і рыбе трапіць у насосную станцыю. Па трох вадаводах дыяметрам 1000 міліметраў вада ідзе на насосную станцыю першага пад'ёму. Тут вада праходзіць першую ачыстку. Далей насосамі яна каскадна падаецца на станцыю другога пад'ёму. Пасля такім жа каскадным чынам ідзе непасрэдна на станцыю, — расказаў Сяргей КАХАЕЎ, начальнік цэха забяспечвальных сістэм.

Пакуль усё гэта ў тэорыі, на станцыі вядуцца пуска-наладачныя работы. Дарэчы, пад падлогай машыннай залы насоснай станцыі першага пад'ёму, дзе адбываецца тэрмічная ачыстка вады, якую падымаюць з ракі, — 22 метры глыбіні, што ўражвае.

— На думку вучоных, страты вады будуць на ўзроўні 2,2 працэнта, а ў самы спякотлівы і малаводны год — не больш за 6 працэнтаў. Так што адмоўнага ўздзеяння на раку не здарыцца, — запэўніў Ігар КІРЭЕЎ, начальнік аддзела аховы навакольнага асяроддзя АЭС.

Каб убачыць увесь ланцужок шляху вады, наведалі і станцыю другога пад'ёму. Тут тую частку вады, якая пасля ачышчэння вяртаецца з атамнай станцыі ў раку і мае тэмпературу, большую за прыродную, даахалоджваюць у пырскальным басейне. Гэта падземная канструкцыя даўжынёй 170, шырынёй 31 і глыбінёй тры метры. Цёплая вада распырскваецца на фантанах і аддае цяпло ў атмасферу. Калі тэмпература становіцца меншай, чым сярэдняя па Віліі, вада самацёкам адпраўляецца ў раку, растлумачылі спецыялісты. Дарэчы, вада, якая цыркулюе ў ядзерным рэактары, у раку не трапляе.

Наступны аб'ект воднага падарожжа — будынак водападрыхтоўкі № 1. Тут у хімічным цэху ваду рыхтуюць для падачы на энергаблок.

— Неабходнасць падачы хімічна абяссоленай вады абумоўлена бяспекай. Хімічна ачышчаная, яна мінімізуе адкладанні, якія могуць з'явіцца на сценках абсталявання і трубаправодаў энергаблокаў, — расказаў Яўген ЛЕСНІЧЭНКА, намеснік начальніка хімічнага цэха.

А Міхаіл Міхадзюк заўважыў:

— Наша задача — знайсці разумны баланс у тарыфах, які б забяспечыў і развіццё галіны, і канкурэнтаздольнасць эканомікі. Каб узровень тарыфаў адпавядаў плацежаздольнасці насельніцтва.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Вандроўка па энергетычным аўтабане

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».