Вы тут

Уладзімір Дворнік прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра


Прэзідэнт прызначыў віцэ-прэм’ера ўрада. Ім стаў Уладзімір Дворнік, які з 29 снежня 2010 года ўзначальваў Гомельскі абласны выканаўчы камітэт.


Кіраўнік дзяржавы прытрымліваецца думкі, што Уладзімір Дворнік дастаткова дасведчаны чалавек, які прайшоў добрую школу. «Не толькі абласнога ўзроўню, што вельмі важна для любога, хто ідзе працаваць ва ўрад, тым больш, адным з кіраўнікоў урада», — адзначыў ён. 

У кар’еры нованазначанага намесніка прэм’ер-міністра здараліся розныя выпрабаванні, нагадаў беларускі лідар. «І гузы набівалі там, і падалі, і падымаліся. Усё ў вас было — а гэта каштоўны вопыт, які спатрэбіцца на працы віцэ-прэм’ерам. Таму я яшчэ раз пацвярджаю свой намер прызначыць вас віцэ-прэм’ерам нашага ўрада, які будзе курыраваць сельскую гаспадарку, прыродныя рэсурсы, ахову навакольнага асяроддзя, лес таксама ў вас. Гэта значыць, тое, з чым вы ўвесь час сутыкаліся ў сваёй працы», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, натуральна, не ён прыдумаў практыку ратацыі.

«Прынцып ратацыі быў краевугольным каменем работы з кадрамі і ў савецкія часы. Можа, так не называюць на Захадзе гэтыя пытанні, але кіраўнік краіны, дзе больш-менш стабільна ў кадравым дачыненні, праводзіць ратацыю. Таму кіраўніку Адміністрацыі пастаўлена задача ўносіць прапановы па ратацыі кадраў. Нядаўна ў МУС у чарговы раз адбылася ратацыя. Людзі павінны неяк рухацца і па вертыкалі, і па гарызанталі», — прызнаў беларускі лідар. Такі час, упэўнены Прэзідэнт, прыйшоў і для губернатара Гомельскай вобласці. 

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў сваё стаўленне да гэтага рэгіёну і яго жыхароў: «Яно заўсёды было не проста ўважлівым — я з вялікай любоўю стаўлюся да людзей, таму што ў свой час і пацярпелі яны парадкам, і выкарабкваліся мы разам з гэтай бяды. Гомельская вобласць ужо не тая, што была, хоць не без праблем, гэта натуральна, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я думаю, што мы знойдзем годную замену разам з вамі на пасаду губернатара Гомельскай вобласці. Я вас прасіў учора ў размове па тэлефоне, каб вы запрасілі да сябе свайго першага намесніка па працы ў Гомелі і памочніка Прэзідэнта, і каб яны ўдваіх запрагаліся і працавалі ў Гомельскай вобласці, пакуль не будзе афіцыйна вырашана пытанне па губернатары». 

Таксама Прэзідэнт дадаў, што нават пры прызначэнні віцэ-прэм’ерам і некалькі іншай зоне адказнасці, Гомельшчына ўсё роўна застаецца да канца года за Уладзімірам Дворнікам у кадравых адносiнах, каб дапамагчы увайсці ў курс справы новаму кіраўніку вобласці і іншым новым людзям. «Каб яны мелі магчымасць задаць пытанні, пракансультавацца ў вас па тых ці іншых пытаннях, ну і рухацца наперад», — сказаў ён.

Даведка

Уладзімір Дворнік нарадзіўся 16 красавіка 1963 года ў вёсцы Ровенская Слабада Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут, па прафесіі ветэрынарны ўрач. З’яўляецца генерал-маёрам запасу і лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне працы, навукі і тэхнікі.

Працаваў трактарыстам калгаса імя Дзяржынскага Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, галоўным ветэрынарным урачом калгаса «Усход» Нараўлянскага раёна, галоўным ветэрынарным урачом, намеснікам старшыні калгаса «Дружба» Мазырскага раёна, галоўным дзяржаўным ветэрынарным урачом Мазырскага раёна, дырэктарам РУП «Саўгас — камбінат «Зара» Мазырскага раёна Гомельскай вобласці.

Абіраўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу трэцяга, чацвёртага і пятага скліканняў. Акрамя таго, з’яўляўся старшынёй Мазырскага райвыканкама ў 2009 — 2010 гадах.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота gomel.today

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.