Вы тут

260 дамоў у Бабруйску могуць прызнаць пустуючымі


У Бабруйску лічаць, што Указ № 357 «Аб пустуючых і старых дамах» дазволіць значна палепшыць сітуацыю з праблемнай нерухомасцю

На апошняй суботняй тэлефоннай прамой лініі ў Магілёўскім аблвыканкаме жыхары вобласці тройчы падымалі пытанне пустуючых дамоў. Якую яны ўяўляюць небяспеку, расказваць не трэба. У тым жа Магілёве некалькі гадоў таму пад плітой закінутага дома, які абрынуўся, загінулі двое дзяцей. Вінаватыя пакараны, але жыцці не вярнуць. Для дэпутатаў тэма пустуючых дамоў — адна з важных, але рэальна паўплываць на рэчаіснасць народныя абраннікі маглі толькі ў межах сельскай мясцовасці. Галоўным іх інструментам пры гэтым быў Указ № 100. Больш вялікія магчымасці дае падпісаны летась замест «сотага» Указ № 357. Ён дазваляе працаваць з праблемнай нерухомасцю нават райцэнтрам і буйным гарадам (за выключэннем сталіцы і абласных цэнтраў). У Магілёўскай вобласці такое права атрымаў і Бабруйск, дзе пражывае больш за 200 тысяч чалавек. Пра тое, як закон дапаможа дэпутатам у рабоце, у нашай размове са старшынёй Бабруйскага гарсавета дэпутатаў Міхаілам Жалудовым.


— Зараз вывучаюцца ўсе пытанні, звязаныя з пустуючай маёмасцю, — паведаміў ён. — На сёння ў Бабруйску выяўлена 260 дамоў з прыкметамі таго, што яны не выкарыстоўваліся для пражывання працяглы перыяд. Але, каб такі дом паставіць на ўлік як пустуючы і безгаспадарны, трэба правесці дастаткова складаную працэдуру.

— І як бабруйскія дэпутаты працавалі з такімі дамамі?

— Гэтыя дамы нясуць небяспеку перш за ўсё для тых, хто жыве побач. І людзі перыядычна звярталіся да нас з такімі пытаннямі. Раней мы маглі толькі папрасіць гаспадароў неахайнай маёмасці навесці парадак або пахадайнічаць, каб ім далі прадпісанні. Неаднаразова разглядалі пытанні па пустуючых дамах на розных камісіях, у тым ліку і канкрэтныя сітуацыі, калі там на пажарах гінулі людзі або калі збіраліся кампаніі для распіцця алкагольных напояў. Для горада гэта вельмі сур'ёзная праблема.

— Зараз дэпутатам стане прасцей вырашыць пытанне?

— Пераканаць уласніка дакладна будзе прасцей. Закон дазваляе дом знесці або прадаць праз суд. Але гэтым будуць займацца прафесіяналы, людзі якія, маюць паўнамоцтвы дзейнічаць у рамках заканадаўства. Пры Бабруйскім гарвыканкаме існуе спецыяльная камісія па абследаванні старых і пустуючых дамоў. Туды ўваходзяць прадстаўнікі землеўпарадкавальнай службы, жыллёва-камунальнай і гэтак далей — усе тыя, якія могуць рэальна ацаніць стан пабудовы. Менавіта камісія будзе вырашаць, з'яўляецца дом пустуючым і старым або не. Мы ж нават не можам прызнаць дом старым. Але, паўтаруся, для дэпутата вельмі важна, каб з такой маёмасцю было прасцей разабрацца. Праблема не толькі ў тым, як выглядае гэты дом, але і ў тым, якую пагрозу ён нясе. Бабруйск на працэнтаў 30 — гэта прыватны сектар. І закінутыя дамы прыцягваюць увагу людзей асацыяльнага ладу жыцця.

Нядаўна мне патэлефанавалі, каб паведаміць пра чарговы праблемны дом па вуліцы Бярэзіна. Гаспадары не карыстаюцца сваім жыллём, іх участак зарос пустазеллем. І тое, што яны жывуць у другім горадзе, не вызваляе іх ад адказнасці за кінутую без нагляду маёмасць. Раней на такіх уласнікаў складалі пратакол, пісалі лісты, але гэта была вельмі доўгая працэдура і малаэфектыўная. Зараз можна сказаць адкрытым тэкстам, што пры такіх адносінах дом можа стаць безгаспадарным, пустуючым. А калі яго такім прызнаюць і пасля гэтага на працягу года там не з'явіцца чалавек, дом можа быць знесены або выстаўлены на продаж. Што датычыцца дома па канкрэтным адрасе, то ім пакуль зоймецца камунальная служба і навядзе вакол яго парадак. А калі аб'явіцца гаспадар, яму, акрамя ўсяго астатняга, прыйдзецца кампенсаваць і гэтыя выдаткі.

— Які ўдзел прымалі бабруйскія дэпутаты ў распрацоўцы ўказа? Ці былі канкрэтныя пажаданні, заўвагі?

— Калі разглядалі пытанні па старым жыллі, мы перш за ўсё ставілі перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу задачу ўнесці змяненні ў «соты» ўказ, каб яго дзеянне распаўсюджвалася і на гарадскую мясцовасць. Гэта было практычна невырашальнае пытанне, паколькі маёмасць прыватная, і мы не маглі паўплываць на ўласніка. Пытанне было яшчэ вось у чым. Паўразбураны дом стаіць, у спадчыну ніхто не ўступае, а як толькі вакол яго пачынаюцца нейкія дзеянні, тут жа з'яўляецца ўласнік. Ён мог аформіць на сябе ўсё тое, што засталося ад дома, і прад'явіць прэтэнзіі, у тым ліку і да камунальных службаў. Рызыка існавала вялікая. Закон быў на баку ўласніка. Нават калі дом ледзь ліпеў. Зараз можна больш плённа працаваць з такімі дамамі. Для горада гэта будзе добрая магчымасць папоўніць бюджэт і зрабіць нешта карыснае для людзей.

У тэму

Магілёў — абласны цэнтр, і на яго дзеянне Указа № 357 не распаўсюджваецца. Між тым у горадзе хапае прыватнага сектара, і праблема з пустуючымі дамамі таксама вельмі актуальная.

— На тэрыторыі нашага мікрараёна — 18 вуліц і завулкаў, і практычна ўсюды ёсць безгаспадарныя закінутыя дамы. Што з імі рабіць, невядома, — паскардзіўся нядаўна Віталь Гардзееў, старшыня мікразоны № 5. — Звяртаюся ў розныя інстанцыі — міліцыю, ЖКГ, архітэктуру, але толку мала. Вось не так даўно жыхары вуліцы Валгаградскай паведамілі, што ў закінутым доме пад нумарам № 50 збіраюцца аматары выпіць. Пабываў на месцы і прыйшоў у жах. Раней вакол дома была агароджа, а зараз яе няма. І смецця нанесена столькі, што трэба машына, каб усё гэта вывезці. Патэлефанаваў камунальнікам — прыедзьце, прыбярыце. Але ж гэта не вырашэнне праблемы. Трэба з сітуацыяй нешта рабіць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Знайсці гаспадара хаце стане прасцей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?