Вы тут

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў адказаў на пытанні


У мінулую суботу да старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў вобласці Уладзіміра Цярэнцьева падчас прамой лініі звярнуліся дванаццаць чалавек.


Адзін з віцебскіх заяўнікаў расказаў пра тое, што ў двары на Маскоўскім праспекце замест таго, каб адрамантаваць альтанку, яе проста дэмантавалі. Уладзімір Цярэнцьеў паабяцаў, што тыя, хто гэта зрабіў, будуць абавязаныя ўсё аднавіць.

Жыхарка Віцебска паведаміла, што ў жыллёва-эксплуатацыйным участку, які абслугоўвае дом, параілі жыльцам сабраць грошы на руберойд. Будаўнічы матэрыял неабходны, каб адрамантаваць дах 10-павярховага дома на вуліцы Чкалава, які пасля кожнай зімы і падчас буйных ападкаў працякае. Гэты сігнал вельмі абурыў кіраўніка прадстаўнічай улады вобласці. Спасылкі на недахоп грошай тут наогул не «ў тэму». Гэта ўзорны прыклад раўнадушша таго, як нельга працаваць з людзьмі.

Быў званок наконт праблемы з набыццём асфальтабетоннага грануляту: каля 40 тон неабходна для таго, каб прывесці дарогі ў нармальны стан на тэрыторыі садаводчага таварыства «Лучоса». Дарэчы, заяўніка Ігара Цеплякова Уладзімір Цярэнцьеў, як лідар «Белай Русі» вобласці, ведае. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў адзначыў, што мужчына ўзначальвае абласную арганізацыю Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. І сваім прыкладам паказвае, як можна дапамагаць уладзе ў пытаннях добраўпарадкавання. Разам з аднапартыйцамі яны навялі парадак каля памяшкання залы цяжкай атлетыкі. Цяпер клапоціцца аб дачніках.

Шматдзетная маці з Бешанковіцкага раёна агучыла праблему даўгабуда: кіраўнік фірмы не выканаў абяцанне, і жыллё не было своечасова ўведзена ў эксплуатацыю. Пры гэтым для разліку былі выкарыстаны бюджэтныя грошы — па лініі льготнага крэдытавання «Беларусбанка». Трэці год разбіраюцца ў сітуацыі праваахоўныя органы. Але і дом недабудаваны, і ніхто не пакараны. Старшыня аблсавета паабяцаў давесці інфармацыю да абласнога кіраўніцтва Следчага камітэта і пракуратуры.

Некалькі чалавек патэлефанавалі з Оршы і раёна. У прыватнасці, гараджанка прасіла дапамагчы з рамонтам дарогі каля жылых дамоў. А зборшчыка малака хвалявала праблема недахопу транспарту. Толькі адна яго грузавая машына можа выходзіць у рэйс, яшчэ некалькі нельга эксплуатаваць. А ўсё, паводле яго слоў, з-за праблем з выплатай грошай за растаможку. Сітуацыя няпростая, бо па законе ўсё, бадай, правільна. Але кожны сігнал і гэты канкрэтна будзе вывучаны.

Чарговы зварот з Оршы быў даволі нечаканым. Жанчына сказала, што хоча даглядаць маму, якая жыве ў глыбінцы, але ў адным маленькім доме з ёй жыць складана. Зразумела, ва ўзросце людзі бываюць капрызнымі, але кідаць роднага чалавека без клопату дачка не хоча. Побач ёсць дом, які судом прызнаны безгаспадарным. І яго павінны знесці, але жанчына гатовая яго набыць, каб прывесці ў парадак. Што можна зрабіць, каб і заканадаўства не парушыць, і дапамагчы ў добрай справе?

Жыхарка Наваполацка паскардзілася на тое, што цяжка дыхаць у раёне так званай прамзоны з-за таго, што аўто газуюць. Напэўна, прыйдзецца разбірацца эколагам. Але зноў жа — самая дробная праблема не застанецца па-за ўвагай і кантролем над яе вырашэннем.

Зямлячка новапалачанкі спадзяецца на працяг кантракта да яе выхаду на пенсію.

Уладзімір Цярэнцьеў паабяцаў давесці гэта да ведама тых, хто разбярэцца ў канкрэтнай сітуацыі.

Пасля прамой лініі ён сказаў, што большасць званкоў маглі быць адрасаваныя прадстаўнікам мясцовай улады. Але тое, што тэлефануюць кіраўніку прадстаўнічага органа ўлады вобласці, пацвярджае чарговы раз: давер выбаршчыкаў да дэпутатаў павышаецца.

Людзі спадзяюцца, што народныя абраннікі больш пільна і ўважліва выслухаюць і зробяць усё магчымае, каб дапамагчы. І нават калі заканадаўства не ўлічвае ўсе нюансы праблемы можна з часам паспрабаваць унесці адпаведныя змяненні. Гэта не забараняецца. Напрыклад, на ўзроўні парламента таксама вельмі плённа вывучаюць прапановы грамадзян. Законы не павінны адставаць ад часу. Але і людзі павінны разумець, што толькі дзякуючы іх звароту цуду не адбудзецца, калі праблема нетыповая і асабліва патрабуе вялікіх грашовых выдаткаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Давер выбаршчыкаў расце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».