Вы тут

Падрыхтоўка да 1000-годдзя Брэста плаўна пераходзіць у саму падзею


Калі падрыхтоўка да падзеі плаўна пераходзіць у саму падзею

У Брэсце зараз у кожнай газеце ці не ў кожным выпуску навін мясцовых тэлестудый, на гарадскіх форумах гучыць словазлучэнне «падрыхтоўка да 1000-годдзя горада». Але гэта, відаць, не зусім дакладная фармулёўка. Калі будаўніцтва мастоў і дарог яшчэ можна назваць падрыхтоўкай, бо прадугледжаны канкрэтныя тэрміны здачы аб'ектаў з усім належным антуражам, то іншыя кампаніі больш правільна будзе назваць святкаваннем, альбо кампаніяй, прысвечанай тысячагоддзю. А гэта значыць, што 1000-гадовы юбілей Брэста не можа быць асобным днём альбо нават святочным тыднем, ён ужо адзначаецца самымі рознымі мерапрыемствамі і падзеямі.


Зялёны шум

Фота Валерыя Караля.

Вось, скажам, даўно аб'яўлена акцыя «1000 дрэў да 1000-годдзя Брэста». Яна, дарэчы, пачалася яшчэ летась. І за гэты час пасаджана ўжо больш за чатыры тысячы дрэў. Асабліва актыўна вядзецца работа ў новым парку 1000-годдзя. Там прайшлі арганізаваныя пасадкі пад рознымі назвамі, напрыклад «Сямейнае дрэва». Садзілі свае алеі ветэраны і мытнікі, журналісты і таксісты. І не толькі ў названым парку, які разбіты ў новым паўднёва-заходнім раёне. У мікрараёне Усход спартсмены пасадзілі «спартыўную» алею, у цэнтры паявіўся сквер «банкіраў» і алея «адвакатаў».

Вельмі часта гэтыя акцыі ўзначальвае старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. Так было ў адзін з выхадных дзён, калі працоўны дэсант на чале з мэрам садзіў алею на рагу вуліц Валгаградскай і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Днямі ў мікрараёне Паўночны пасадзіла дрэвы адміністрацыя Ленінскага раёна. Акцыю падтрымалі кіраўнікі ўстаноў, прадпрыемстваў, арганізацый раёна. У гэты дзень на тэрыторыі былога Паўночнага ваеннага гарадка, які актыўна забудоўваецца, было пасаджана 60 рабін, бяроз і дубоў.

Вясна ж толькі пачынаецца, і наперадзе яшчэ шмат пасадак. Усяго запланавана пасадзіць больш за 22 тысячы дрэў. Так што акцыя «1000 дрэў» названая вельмі ўмоўна. І ўсе гэтыя прыгожыя акцыі сваёй мэтай ставяць прыцягненне ўвагі грамадскасці, падштурхоўваюць гараджан да ўдзелу ў агульнай справе. Асноўную работу па азеляненні робіць КУП ЖКГ. Яго работнікі кожны дзень высаджваюць дрэвы і кусты. Цяпер гэтыя дрэўцы яшчэ малыя, і іх наяўнасць у горадзе не вельмі паўплывае на знешні выгляд ды стан гарадскога асяроддзя. Але пройдзе нейкі дзясятак гадоў, і мы ўсвядомім, што гэта была, можа, найлепшая справа, зробленая да юбілею горада. Саджанцы падрастуць, узмацнеюць, прыбавяць кіслароду ў горадзе. Бо за апошнія гадоў дваццаць інтэнсіўнай забудовы дрэвы толькі і рабілі, што высякалі, каб вызваліць пляцоўку для новых кварталаў ды гандлёвых цэнтраў.

Працягваецца работа па аднаўленні старадаўняга Гарадскога сада. Не так даўно туды завезлі шматтонны камень-валун. Ён устаноўлены на ўзвышшы, хутка на ім з'явіцца шыльда. Валун стане своеасаблівым пунктам адліку парку.

Зверка пазіцый

Аб усім гэтым гаварылася на пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта, дзе старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК праінфармаваў кіраўніцтва вобласці аб рабоце гарадскіх службаў і грамадскасці горада напярэдадні святкавання юбілею. Як вядома, асноўныя мерапрыемствы па святкаванні прызначаныя на верасень. Кіраўнік гарадской улады паведаміў, што на навуковай аснове распрацаваная канцэпцыя мастацкага афармлення Брэста. Спецыялісты стварылі сістэму святочнага афармлення горада з ілюмінацыяй. Апошняе прымеркавана не толькі да юбілейных мерапрыемстваў, аснова канцэпцыі будзе выкарыстаная ў афармленні абласнога цэнтра і пазней.

На пасяджэнні выканкама таксама разгледзелі пытанне аб гатоўнасці аб'ектаў інфраструктуры і будаўніцтва да свят. Адзначалася, што ў горадзе рэкорднымі тэмпамі ідзе капітальны рамонт жылля, дарожнае будаўніцтва. Напрыклад, за тры гады капітальна адрамантавана 10 працэнтаў усяго жыллёвага фонду горада, альбо 122 дамы, заасфальтавана больш за 60 вуліц. У цэлым план мерапрыемстваў да святкавання 1000-годдзя Брэста, зацверджаны распараджэннем кіраўніка краіны, уключае 32 аб'екты будаўніцтва. Ужо ўведзена ў эксплуатацыю 13 з іх. У сціслыя тэрміны трэба завяршыць будаўніцтва яшчэ 19, якія ўключаны ў праграму. Усяго на рэалізацыю мерапрыемстваў плануецца выдзеліць каля 300 мільёнаў рублёў, за два гады з усіх крыніц фінансавання накіравана ўжо 200 мільёнаў.

Старшыня гарвыканкама расказаў, якая работа вядзецца дэпутатамі гарадскога Савета, грамадскасцю горада, які ўдзел у агульнай справе прымаюць прадпрыемствы, арганізацыі, бізнес. Паводле яго слоў, праблемай пакуль застаюцца прыватны сектар, гаражныя кааператывы. Для навядзення поўнага парадку патрэбныя намаганні дэпутацкага корпуса, структур, якія маюць права прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці і ўказваць на недахопы шляхам накіравання прадпісанняў.

Арт-аб'ект на Набярэжнай

Фота Валерыя Караля.

У Брэсце ледзь не кожны дзень паяўляюцца новыя цікавінкі, не кажучы пра вялікія і значныя аб'екты. Адзін з іх — сонечны гадзіннік, які нядаўна ўрачыста адкрылі. Такім чынам знайшла ўвасабленне даўняя задумка ўпрыгожыць Набярэжную. Запланаванае ўдалося ажыццявіць дзякуючы сумесным намаганням зацікаўленых з выкарыстаннем гарадскога бюджэту і суб'ектаў гаспадарання. І цяпер у горадзе на адзін арт-аб'ект стала больш. На гарадской набярэжнай ракі Мухавец час цяпер можна вызначаць па сонцы. Гадзіннік складаецца з 16 мініяцюр — славутасцяў абласнога цэнтра. Гэта музей «Бярэсце», Холмскія вароты крэпасці і галоўны ўваход у цытадэль, касцёл, вакзал, страчаная вежа старажытнага горада і іншыя.

Па новым гадзінніку можна вывучаць гісторыю, а таксама вызначаць час. Бо ў цэнтры бетоннага хранометра змешчана стрэлка з гербам горада, цень ад якой у сонечны дзень будзе падаць на цыферблат і такім чынам паказваць час.

На адкрыццё гадзінніка на беразе ракі сабралася шмат людзей. Аляксандр Рагачук падкрэсліў, што развіццё вуліцы Набярэжнай было вызначана некалькі гадоў таму ў якасці аднаго з трэндаў горада. Па ёй можна будзе дайсці да гарадскога саду, выйсці ў цэнтр і накіравацца далей — у крэпасць. А сама вуліца павінна жыць і стаць папулярным месцам, як, напрыклад, Савецкая. Апошняя, дарэчы, можа змяніць сваю назву на вуліцу 1000-годдзя. Такая грамадская ініцыятыва паявілася, яна набірае прыхільнікаў у сацсетках. Прапанова неўзабаве будзе разгледжана ў гарвыканкаме, за якім апошняе слова ў справе змены альбо захавання назвы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Тысяча дрэў і адзін гадзіннік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.