Вы тут

«Каб выказаць канкурэнтам знак павагі, зрабілі фільм у колеры»


У гэтыя дні ў Мінску праходзіць беспрэцэдэнтная для аматараў кіно рэтраспектыва японскага і сусветнага класіка Ясудзіра Одзу. Шэсць адрэстаўраваных карцін, у тым ліку трэцяя пазіцыя з сотні «найлепшых фільмаў не на англійскай мове» па версіі BBС — «Такійская аповесць», паказваюцца з 2 да 7 красавіка ў кінатэатры «Піянер». Каб прадставіць карціны, у Мінск прыехаў японскі кінавед і кінакрытык Хіраноры Іта, што спецыялізуецца на даследаванні творчасці Одзу, і мы сустрэліся з ім, каб крыху больш распытаць пра вядомага рэжысёра.


— Кінадаследчык Дональд Рычы ў сваёй кнізе пра Ясудзіра Одзу напісаў, што гэта «самы японскі рэжысёр». Чаму Одзу больш японскі, чым, напрыклад, Акіра Курасава альбо Кэндзі Мідзагуці?

— Усё ў комплексе — японская сям’я, японскі дом, здымкі з пазіцыі чалавека на татамі, што Одзу паказвае і як ён гэта робіць — стварае своеасаблівую атмасферу. Японцы ўвесь час кажуць, што яго кіно адлюстроўвае нацыянальную эстэтыку, у 1950-я нават лічылі, што Одзу — настолькі японскі аўтар, што за мяжой нікому не зможа спадабацца. Маўляў, сем’і ў яго занадта пасрэдныя, крыху вышэй за сярэдні клас, сюжэты — напрыклад, дачка выходзіць замуж — вельмі простыя. У параўнанні з Курасавай у фільмах Одзу ўвогуле нічога не адбываецца! Але апошнім часам японскія кінакрытыкі сталі мяняць сваё стаўленне да рэжысёра і сумнявацца нават, што да канца разумеюць яго творчасць. Чаму ён падабаецца за мяжой? Таму што паказвае нешта, важнае для ўсяго чалавецтва. Таму і кінакрытыка адыходзіць ад азначэння «самы японскі рэжысёр».

— Ясудзіра Одзу зрабіў 53 поўнаметражныя фільмы і амаль усе з іх расказваюць пра сям’ю, прычым часта ў стане распаду. Наколькі гэта тэма абумоўлена японскай культурай?

— Для нас важна не толькі тое, што ў Одзу распадаецца сям’я, але і тое, як на гэты факт ды на традыцыйную сям’ю і яе каштоўнасці паўплывала вайна. Пасля паражэння ўсё змянілася: калі раней галавой сям’і заўсёды быў бацька, патрыярхат у выніку замяніўся дэмакратыяй. Памяняліся стасункі паміж старэйшым і малодшым пакаленнем. Гэты пералом відаць, напрыклад, у карціне Ясудзіра Одзу «Кветкі Хіган» з рэтраспектывы.

— Калі на працягу сваёй творчасці Одзу расказваў фактычна аб адным, як ён са сваёй тэмай эвалюцыянаваў? Можа, дастаткова паглядзець адзін фільм рэжысёра і закрыць для сябе гэты кірунак?

— Насамрэч першы яго фільм — Одзу пачаў кар’еру ў 1920-я — быў самурайскім, гэтым усе тады займаліся. А калі ў Японіі стала распаўсюджвацца гукавое кіно, ён здымаў адну-дзве карціны ў год і не тое каб развіваў сваю філасофію, але разглядаў розныя аспекты сям’і. Ён сам параўноўваў сябе з магазінам тофу, гэта такі соевы тварог. Маўляў, кожны дзень ён робіць адно і тое ж, але з кожным разам смачнейшае і смачнейшае. У сталовай універмага, як ён казаў, гатуюць нясмачна, бо занятыя вялікай колькасцю страў, а ён гатуе толькі адну страву, таму і лепшую. Одзу таксама параўноўваў сябе з вядомым мастаком, які малюе толькі ружы, але кожны раз па-рознаму.

— Ясудзіра Одзу пазней, чым іншыя рэжысёры студыі «Сёціку», пачаў рабіць гукавыя і каляровыя фільмы. Чаму ён так спазняўся?

— Што датычыцца гукавога кіно, на студыі «Сёціку» былі дзве тэхналогіі яго стварэння, першая з якіх была названая па прозвішчы інжынера Такеа Цучыхашы. Але Одзу працаваў з аператарам, які распрацоўваў сваю тэхналогію, і, каб яму не здраджваць, чакаў, калі той скончыць. Кінакрытыкі таксама пыталіся ў Одзу, калі ён пачне рабіць гукавыя карціны, на што рэжысёр адказваў, маўляў, апошнюю нямую стужку Японіі зробіць менавіта ён. Першы каляровы японскі фільм з’явіўся ў 1951 годзе, таксама на студыі «Сёціку», але чорна-белае кіно працягвала здымацца. Каб перайсці на колер, недастаткова было проста памяняць плёнку: яе адчувальнасць была яшчэ нізкай, таму трэба было даследаваць, як праяўляюцца колеры, асабліва любімы Одзу чырвоны, і як працаваць з асвятленнем. У выніку з усіх варыянтаў рэжысёр знайшоў сваю плёнку, нямецкай вытворчасці, і ў 1958 годзе зрабіў свой першы каляровы фільм «Кветкі Хіган». Была яшчэ адна прычына пераходу Одзу на каляровае кіно: у Японіі тады існавала некалькі буйных кінастудый, паміж якімі была дамоўленасць не браць да сябе «чужых» акцёраў. Але ў «Кветкі Хіган» студыя «Сёціку» запрасіла актрысу іншай студыі і, каб выказаць ёй і канкурэнтам знак павагі, папрасіла абавязкова зрабіць фільм у колеры.

"Кветкі Хіган".

— Ці часта ў сённяшняй Японіі арганізуюцца рэтраспектывы альбо асобныя паказы Ясудзіра Одзу?

— Даволі часта, і яны карыстаюцца папулярнасцю, хоць гэта і не азначае, што ўсе японцы глядзяць фільмы Одзу, некаторыя нават не ведаюць гэта прозвішча. Да 2003 года, калі святкавалася стагоддзе з дня нараджэння рэжысёра, праводзіліся шматлікія прысвечаныя яму сімпозіумы ды публікаваліся даследаванні, Курасава ўсё яшчэ ва ўспрыманні кінасупольнасці займаў вышэйшую пазіцыю. Але цяпер Одзу шануецца больш. BBС неяк складала спіс «найлепшых фільмаў не на англійскай мове»: карціна Курасавы «Сем самураеў» у выніку заняла ў ім найвышэйшую пазіцыю, а «Такійская аповесць» Одзу толькі трэцюю, але ні адзін з пяці японскіх кінакрытыкаў, што ўдзельнічалі ў галасаванні, за Курасаву голас не аддаваў. Курасаву стала модна лічыць банальным. Пэўны злом адбыўся яшчэ раней, у 80-я гады, калі вядомы японскі кінакрытык апублікаваў кнігу пра Одзу, дзе сказаў, што Курасава — пераацэнены і ўвогуле дзейнічаў па адмысловай, нацэленай на папулярнасць, стратэгіі, а Одзу — цудоўны. І гэта ўсім спадабалася. Як часта бывае, калі адзін чалавек крытыкуе нешта неабвержнае, на яго бок пераходзяць усе. Пакуль што Одзу ніхто не звяргае з п’едэстала, але невядома, што будзе праз дзесяць гадоў.

— А якое месца ў гэтым пантэоне займае Кэндзі Мідзагуці?

— Рэйтынг Мідзагуці таксама павышаецца, бо апошнім часам яму даволі актыўна прысвячаюць даследаванні, кнігі, канферэнцыі. У выніку фанаты японскага кіно шануюць яго ўсё больш і больш.

— Чаму гледачу варта паглядзець кіно Ясудзіра Одзу?

— Шчыра кажучы, яго неабавязкова глядзець. Але што ў ім цікава — гэта тое, што аўтар вельмі старанна, да дэталяў, прадумвае размяшчэнне рэквізіту, націск у словах, інтанацыю, мантаж. Ён траціў шмат часу, каб скласці кампазіцыю кадра, адрэпеціраваць з акцёрамі, дамагчыся патрэбнага яму вымаўлення — і ўсё толькі каб сказаць слова «паехалі». Гэта здзек з акцёраў, але такім чынам Одзу ствараў свой свет, у кожным плане яго фільмаў закладзена шмат сэнсаў. Дастаткова адказаць, чаму тут стаіць шклянка, а там паказваецца рука, каб зрабіць цэлыя адкрыцці, якіх безліч. Ён наўмысна ў сваіх работах пакідаў прабелы, каб глядач мог увайсці туды, дадаць свае думкі і адкрыць свайго Одзу.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».