Вы тут

Прамоўлена сэрцам


Вядомае выказванне Аляксандра Пушкіна «Лета к суровой прозе клонят…» аспрэчыў Мікола Гіль. Шмат хто з паэтаў, сталеючы, пераходзіць на прозу. У М. Гіля адбылося наадварот: засведчыўшы сябе некалькімі цікавымі кнігамі прозы, захапіўся паэзіяй.


Хоць, па праўдзе кажучы, не чужой яна была яму і раней. Аднак тады вершы пісаліся ад выпадку да выпадку. Некалькі ж гадоў назад за яе «ўзяўся» ўсур’ёз. Да свайго 80-годдзя выдаў ажно шэсць кніг, пачынаючы са зборніка «Неадступнасць», як сам вызначыў жанр, «зімовых васьмірадкоўяў», які пабачыў свет у серыі «Кнігарня пісьменніка», і прадаўжаючы паэтычнымі зборнікамі, якія не трапілі ў гэтую «абойму»: «Летуценнасць», «Карчаватка», «Наканаванасць», «Непазбежнасць», «Піліпаўка». Ва ўсіх — роздум пра наш няпросты час, пра той шлях, якім прайшла Беларусь, і пра тое, што наперадзе. Навідавоку жаданне асэнсаваць і ўласную жыццёвую дарогу, узважыўшы, ці так, як трэба, жыў. Зразумелае жаданне чалавека на схіле гадоў зірнуць на ўсё з вышыні пражытага. Аднак гэта не проста асэнсаванне, а пакутлівы, часам празмерна ўзрушаны роздум. Ён не мог бы адбывацца, калі б на ўсё не глядзеў неабыякавы пісьменнік, які не можа заставацца звычайным сузіральнікам.

З шэрагу названых кніг вылучаецца «Карчаватка». Несумненна, дзякуючы сваім мастацкім вартасцям, але не ў меншай ступені і таму, што ў ёй стан лірычнага героя цалкам адпавядае душэўнаму непакою паэта, яго непрыкаянасці ў супярэчлівым свеце. Як і ў выпадку з «Неадступнасцю», М. Гіль даў твору, што склаў яе змест, адметны жанр — «аповед азірання». Самому аўтару, канечне, відней. Тым больш што элементы «азірання», звароту ў мінулае неаднойчы прысутнічаюць у супастаўленні з сучаснасцю. Ды, бадай, куды больш праўдзівы Анатоль Вярцінскі, які, прымаючы пад увагу сюжэтную з’яднанасць асобных раздзелаў, аднёс усё гэта да «аўтабіяграфічнай, лірыка-публіцыстычнай паэмы». Чаму ў яе з’явілася менавіта такая, а не іншая назва, бачна з раздзела ХІ:

У родным куце ёсць мясціна,

Калі папраўдзе, балаціна.

Калісьці рос там лес магутны,

За даўнім часам, ужо смутным.

Лес яшчэ прадзеды звалілі,

Пазвозілі, лаўжы спалілі.

На месцы пушчы толькі пнеўе —

Як напамін аб дрэваў гневе.

Рабілася гэта, як і заўсёды, з найлепшымі намерамі. Не зважаючы на тое, да чаго можа прывесці: «Пасля й да пнёў дапялі рукі — // Іх сталі карчаваць унукі. // Абкопвалі, падвагі бралі, // Людской і конскай сілай дралі, // Улетку й восенню дажджлівай, // Пупы ўпіналі, рвалі жылы. // Накарчаваных пнёў гамарню // Вазілі ўзімку на смалярню. // Карчоўка цягам год крактала, // Заробак мужыкам давала, // І балаціна неўаглядкі // Імя займела — Карчаватка». Ад якога слова, здагадацца няцяжка — «карчаваць». У тым, што адбывалася, нічога благога, калі забыцца пра экалогію — парушэнне раўнавагі ў прыродзе. Ды на той час пра гэта нікому не думалася, бо людзі змагаліся за выжыванне. Пазней, каб мець сякітакі заробак. Ды ёсць карчаванне іншага кшталту: «О, колькі год, стагоддзяў цэлых // карчуюць нашы душы з целаў [...]». Паэма «Карчаватка» — гэта і ёсць аповед пра такое «карчаванне». Толькі ў шырокім сэнсе...

Чытач, неабыякавы да літаратуры, у прыватнасці да паэзіі, лёгка заўважыў у стылістыцы, манеры пісьма М. Гіля падабенства з неўміручай «Новай зямлёй» Якуба Коласа. Такім шляхам паэт пайшоў свядома, бо гэтаксама, як народны пясняр (хоць ва ўнутранай інструментоўцы твора моцныя публіцыстычныя матывы, якія нярэдка і празмерна па-аратарску выкрывальныя), усё ж імкнуўся праўдзіва паказаць жыццё беларусаў на пэўным прамежку гістарычнага развіцця. Толькі такога выкрыцця ў «Новай зямлі» няма, дый не магло быць, бо Якуб Колас ставіў перад сабой іншую задачу. Што датычыцца «Карчаваткі», супрацьпастаўленне ў творы розных рэалій стаіць вельмі востра.

Пачынаючы з першых радкоў паэмы, унутраная пераклічка з народным песняром відавочная:

«Мой родны кут, ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!»

Звычайныя, зямныя словы,

 Ды сэнс — глыбокі і духовы.

……………………………………….

Згадаеш іх — душа ўзаўецца,

І сэрца гулка адзавецца —

То спыніцца, то зноў заб’ецца

І ў думках ты ляціш імкліва.

У родны кут, нібы на крылах.

У гэтым унутраным падабенстве — не жаданне пісаць «пад Коласа», а куды больш важнае: у пэўнай ступені і як бы вачыма народнага песняра больш пільна зірнуць на свой родны кут. Раскрыць тое, што таксама трапляе пад вызначэнне «зямля», хоць таго, што ўзнаўляецца, яна ніякая не новая, а добрая старая. Лірычны герой у думках пераносіцца на любую яго сэрцу Лагойшчыну, дзе нарадзіўся і ўзгадаваўся, адкуль пайшоў у вялікі свет і дзе па-ранейшаму жыве ў сваёй вёсцы Слабада ў бацькоўскай хаце. Ажывае блізкае і дарагое сэрцу, узнаўляецца, выплывае з памяці паўзабытае. Гэта ўсё тое, пра што можна сказаць: тут беларускі дух...

Беларускі дух у паэме прысутнічае ва ўсім. У той шчырай, наскай атмасферы, якую лірычны герой зведаў з маленства ў бацькоўскай хаце. З таго побыту, што блізкі ўражанням Якуба Коласа. З ранняга захаплення творчасцю Янкі Маўра. Гэтым духам, беларускасцю дыхала і ўсё наваколле, дзе прысутнічалі назвы, якія больш нідзе не напаткаеш:

[…] Гучалі музыкай прыязнай

Зямлі прадзедаўскія назвы:

Раўкі Папковы й Смаляковы,

Куды ганялі мы каровы,

Красная Горка, Буда, Ліпнік

(Што й сёння ёсць, а што і знікла),

Сысоўшчына і Паддубоўе

(Таксама пасвішча кароўе),

Падлужка, Лежнеўка і Буй

 (Апошніх двух — як вецер здзьмуў) […]

І яшчэ больш як дзясятак назваў, кожная з якіх пасвойму вабная, прыцягальная. Хто іх прыдумаў — невядома, але, сумнення няма, продкі тых слабодцаў, якіх з яшчэ большай любоўю, чым тапанімічныя назвы, згадвае М. Гіль. Атрымаўся свайго роду пантэон людзей ад зямлі і людзей пры зямлі, якія лепшага хараства, чым іх малая радзіма, і не ўяўлялі: «І ўсе ўстаюць перад вачыма // Былымі, роднымі, жывымі — // Банук Ляксандра й дзядзька Пётра, // Бладыкі — іх ажно чацвёра: // Іван, Валодзя, Міця й Веня // Пятрусь Драздоў, Марыльчын Геня, // Крыстынчын Косця, Каспаровіч // Міхалка, Анцік Давідовіч». Дый шмат хто іншы… Сапраўды: «Калгас, грамадства без халтуры, // Дзяржава ў мініяцюры». А ў гэтай дзяржаве і звычаі свае былі, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне, і песні, якія стагоддзі жылі ў народзе не знікаючы, бо іх спявалі, пакуль… «не выкарчавалі».

У паэме М. Гіля шмат таго, што кранае цеплынёй сэрца. Несумненна, знаёмячыся з «Карчаваткай», чытач бліжэй убачыць родную паэту Лагойшчыну, вёску Слабаду. Адначасова больш яснымі вачыма зірне і на сваю Случчыну ці Полаччыну альбо Аршаншчыну. На ўсю Беларусь — таксама. Лішні раз упэўніцца, як трэба любіць і шанаваць сваю малую радзіму. Памятаць, што з яе пачынаецца Радзіма вялікая. Беларусь...

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.