Вы тут

Ручнік як дарога да неба


Сялянскі абярэг з вёскі, «не любай Богу»


Ледзь не кожная вёска на Палессі — гэта цэлы сусвет. У аддаленні ад суседніх паселішчаў дзясяткамі кіламетраў балотаў і рэк, якія разліваліся штовесну да самага гарызонту, іх жыхары мусілі наладжваць жыццё амаль у поўнай ізаляцыі, будаваць сваё маленькае грамадства, сямейныя супольнасці і, адпаведна, развіваць уласную культуру ў адметным адзенні, звычаях, песнях. Нездарма ж нашы класікі Іван Мележ, Якуб Колас герояў цэлых трылогій «пасялілі» менавіта на Палессі: тут ёсць, дзе разгарнуцца пісьменніцкай фантазіі. Нездарма ж і сёння ў нас на слыху своеасаблівыя «сталіцы» этнаграфіі — параўнальна невялікія вёскі Тонеж, Бездзеж, Рычоў, Моталь. Тут ёсць што занатоўваць і вывучаць нават у нашы дні.

У шэрагу гэтых знакамітых блізкіх і далёкіх суседак не менш яскрава выглядае Неглюбка, са сваім адметным строем і традыцыяй ткання ручнікоў, якія, дарэчы, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Унікальнымі ручнікамі, створанымі ў Неглюбцы, што ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці, захапляліся на выстаўках у Італіі, Канадзе, Германіі, Францыі, Японіі. Такія ручнікі захоўваюцца ў Нью-Ёрку і ўпрыгожваюць адну з залаў штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Імі захапляемся і мы, беларусы.

На белым полі — густая чырвань узору. Дзе-нідзе паралельныя чорна-белыя палосы з дадаткам драбнюткіх элементаў. Прыкладна так можна апісаць ручнік, вытканы ў Неглюбцы. Яго даўжыня — як у народзе кажуць, бы дарога да неба — дзясяткі метраў. Натуральна, такі прадмет выкарыстоўваўся ў абрадавых мэтах — для ўпрыгожвання абразоў на покуці, пажадання доўгага шчаслівага жыцця нованароджанаму дзіцяці і маладой сям’і, для выправы душаў памерлых у рай…

Ткуць ручнікі ў Неглюбцы, як і спрадвек, з ільняных, баваўняных нітак, часам з дадаткам мулінэ, шоўку, ірысу, даўжыня ручніка звычайна 350—500 см, шырыня 40—50 см, арнаментам упрыгожана 80—140 см палатна на кожным канцы.

Дарэчы, да 1950-х г. памеры ручнікоў былі значна меншыя. У аздабленні пераважае геаметрычны і геаметрычна-раслінны арнамент, мясцовыя ткачыхі далі фігурам арнаменту свае назвы: «крывулі», «павукі», «кучараўкі», «казельчыкі», «лісты», «зорачка», «елкі». Узор на канцах ручнікоў складаецца з 5—9 шырокіх гарызантальных арнаментальных палос (2—4 розных узораў), далей шырокая іншага характару, потым сіметрычна паўтараюцца першыя. Сярэдзіна ручніка запаўняецца рытмічна размешчанымі вузкімі каляровымі палоскамі. Канец з трох бакоў абшываюць кароткімі махрамі, падабранымі ў колер закладак, часам канцы аздабляюць вязанымі карункамі. У арнаменце пераважаюць традыцыйныя беларускія чырвоны, чорны і белы колеры, але апошнім часам у невялікай колькасці дадаюцца зялёны, сіні, жоўты.

Дарэчы, паводле адной з версій даследчыкаў, назва вёскі Неглюбка інтэрпрэтуецца як «не любае Богу месца». Іншая з версій паходжання гэтай назвы больш празаічная — ад ракі Неглюбка, што працякае праз вёску. У пісьмовых крыніцах пачатку ХVIII стагоддзя паселішча згадваецца як уладанне Кіева-Пячэрскай лаўры. Існуе паданне, што менавіта сюды, у глухое месца сярод балотаў, ссылалі прыгажунь, якія саграшылі, моцна правініліся ці не адпавядалі высокім хрысціянскім канонам. Тут яны пачалі ткаць ды вышываць выкшталцоныя ўзоры. Таму ўжо з сярэдзіны ХІХ ст. Неглюбка стала вядомым цэнтрам мастацкага ручнога ткацтва.

Крыніцы сведчаць, што ў пачатку ХХ ст. тут жыло каля трох з паловай тысяч чалавек. І ледзь не ў кожнай хаце былі кросны. А імёны славутых мясцовых майстрых, адной з якіх была Настасся Хрушчова, памятаюць і сёння.

Зрэшты, традыцыі ткання ручнікоў нельга аддзяляць ад адметнасцяў стварэння іншага тэкстылю ў пэўным рэгіёне. Калі на Паазер’і мы часцей бачым сціплы арнамент, вытканы ці вышыты чырвонымі ніткамі на белым палатне, то на Палессі на створаных тут тканінах і касцюмах фарбы, фігуры проста буяюць, як яскрава квітнеюць кветкі кожную вясну і лета. Таму Неглюбскі строй, які навукоўцы пачалі вывучаць яшчэ з 1930-х гадоў, таксама ў пэўных рысах паўтарае мясцовыя адметнасці ткацтва. Так, напрыклад, для жаночых кашуляў, што тут насілі, была ўласцівая надзвычай багатая вышыўка рукавоў, галаўны ўбор — «кубак» — упрыгожвалі рознакаляровыя стужкі. Толькі тут дзяўчаты, якія ўжо здольныя былі ўступіць у шлюб, насілі адметныя цяжкія тканыя спадніцы — панёвы. Тут нават казалі: «Тады ўжо сваталіся, як панёву носіць, як стане поўная дзеўка».

Традыцыя нашэння жаночага касцюма звязвалася з вялікімі вясновымі рэлігійнымі святамі. Так, панёву першы раз рытуальна падпярэзвалі на Благавешчанне, Вялікдзень, Ушэсце, Троіцу, каб урадлівасць зямлі садзейнічала і працягу чалавечага роду.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.