Вы тут

Аляксандр Лукашэнка адкрыў будынак Вярхоўнага Суда


У фае новага будынка кіраўнік дзяржавы перарэзаў сімвалічную стужку, пасля чаго перадаў сімвалічны ключ ад будынка старшыні Вярхоўнага Суда Валянціну Сукалу.


Прэзідэнту паказалі залу судовых пасяджэнняў і кабінет суддзяў, а таксама залу Пленума Вярхоўнага Суда.

Неабходнасць сустрэчы наспела даўно

Далей пачалася нарада па пытаннях удасканалення дзейнасці сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх суддзяў з адкрыццём новага будынка Вярхоўнага Суда і пажадаў прафесійных поспехаў.

«Я б вельмі хацеў, каб гэта не быў нейкі нябесны далёка адцягнены ад вас храм, каб гэта быў светлы, добры, чысты дом для ўсёй судовай сістэмы», — сказаў ён.

«Сённяшняя падзея — знакавая не толькі для судовай сістэмы, але і для краіны ў цэлым, — падкрэсліў беларускі лідар. –  І справа не толькі ў будынку, хоць ен атрымаўся сучасным, функцыянальным. Ён сімвалізуе аўтарытэт судовай улады. Такім і павінен быць палац правасуддзя».

Пабудова такога будынка кажа пра тое, што Беларусь раз і назаўжды ў свой час узяла курс на суверэнітэт і незалежнасць, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў надзею, што гэты будынак стане такім жа сімвалам суверэнітэту як Палац Незалежнасці.

Што да самой нарады, Прэзідэнт адзначыў важнасць таго, што яна праходзіць у пашыраным складзе. «Вельмі важна, што гэта сустрэча, увогуле, наспела даўно. З моманту правядзення падобнага мерапрыемства прайшло восем гадоў, — нагадаў ён. — І ўжо пяць гадоў, як аб'ядналі агульныя і гаспадарчыя суды. Таму сёння трэба вам, перш за ўсё, абмеркаваць, наколькі эфектыўнай з'яўляецца праца судоў».

Беларускі лідар адзначыў, што патрабуе ад судовай сістэмы дысцыпліны і арганізаванасці. Судовая сістэма мае недахопы, аднак іх на парадак менш, чым у іншых галінах, лічыць Прэзідэнт. У сувязі з гэтым ён заклікаў абмеркаваць складанасці на гэтай нарадзе, выказацца розным супрацоўнікам аб насцярожанасцях, аб тым, што трэба зрабіць на перспектыву.

Трэба пераасэнсаваць прафесію

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступе спыніўся на кірунках, якія ідуць «ад жыцця»:

«Асноўны крытэрый, якім кіруюцца людзі пры ацэнцы работы судоў, — гэта сацыяльная справядлівасць. Вы, магчыма, заўважылі, я заўсёды кажу — людзі, людзі, людзі. І гэта не папулізм, ён мне не патрэбны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт упэўнены, што сацыяльная справядлівасць з'яўляецца не толькі закладам даверу насельніцтва да судоў і правасуддзя, але і важнейшым складальнікам ідэалогіі беларускай дзяржавы. Запыт на гэтую справядлівасць каласальны ва ўсім свеце.

На яго думку, грамадзяне павінны быць упэўнены, што ў судзе знойдуць абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў. Гэта значыць, іх праблему пачуюць, паглыбяцца ў жыццёвую сітуацыю. Прымуць аргументаванае і ўзважанае рашэнне. І вельмі важна, каб чалавеку было зразумела, чаму суд вынес менавіта такое рашэнне.

«Людзі, якія прыйшлі ў суд, павінны верыць у яго здольнасць устанавіць ісціну. Тады ім не прыйдзецца ў пошуку праўды звяртацца пасля суда да Прэзідэнта. Суддзям трэба быць свабоднымі пры прыняцці рашэнняў. Не баяцца пракурораў. Не залежыць ад меркавання следчых. Не азірацца на мясцовую і іншыя ўлады, кіравацца толькі законам», — адзначыў беларускі лідар.

Пры гэтым у цэнтры ўвагі суддзяў заўсёды павінен быць чалавек, падкрэсліў Прэзідэнт.

«Трэба пераасэнсаваць бачанне сваёй прафесіі. Быць больш уважлівымі да людзей. А часам і ставіць сябе на іх месца. Толькі такі суд будзе па-сапраўднаму аўтарытэтным і справядлівым», — дадаў ён.

Якасцю, не колькасцю

Найважнейшай задачай дзейнасці судовай сістэмы Прэзідэнт назваў фарміраванне моцнага кадравага складу. На яго думку, тут многія пытанні ўжо вырашаныя. Стабілізаваная сітуацыя з цякучасцю кадраў. Павысіўся прэстыж прафесіі і прывабнасць працы суддзі, дзяржава забяспечыла годны ўзровень заработнай платы ў параўнанні з іншымі катэгорыямі, ёсць пэўныя магчымасці для яе павышэння.

«Сёння трэба казаць ужо пра якасць судзейскіх кадраў. Іх належная падрыхтоўка і высокі прафесіяналізм — абавязковая ўмова эфектыўнасці дзейнасці судовай улады, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У першую чаргу трэба прынцыпова мяняць падыход да кандыдатаў на судзейскія пасады. У суд павінны ісці людзі, якія валодаюць нават не высокімі, а найвысокімі маральнымі якасцямі, шырокім кругаглядам, эрудыцыяй і жыццёвым вопытам. Гэта аб'ектыўнае патрабаванне сучаснага грамадства».

З узростам суддзей, заўважыў Лукашэнка, судзейскай сістэме трэба вызначыцца самастойна, бо рэдка, але ёсць вопытныя, адказныя, мудрыя і падрыхтаваныя людзі, якія і ў 25 гадоў могуць стаць суддзёй. У якім узросце можна атрымаць вопыт — пытанне вельмі індывідуальнае, упэўнены кіраўнік дзяржавы. Таму трэба падумаць і аб крытэрах пры падборы кадраў на судзейскія пасады.

Акрамя таго, упэўнены кіраўнік дзяржавы, нельга забываць аб удасканаленні прафесійнага ўзроўню дзеючых суддзяў. Для гэтых мэтаў створаны Інстытут перападрыхтоўкі суддзяў.

«Аднак вы самі, наколькі я інфармаваны, лічыце яго працу нездавальняючай. Вучоба ў ім часам фармальная. Праграмы недастаткова адаптаваныя не толькі на перспектыву, але і да сучаснага жыцця. Пара кардынальна перабудаваць работу гэтага інстытута, прыцягваць туды найбольш вопытных, падрыхтаваных спецыялістаў, практыкаў і псіхолагаў. Я думаю, нам гэта пад сілу», — падкрэсліў ён.

Чысціня — аснова аўтарытэту

«Непрымальнае, можа быць, і набалелае ў нейкай ступені пытанне барацьбы з карупцыяй у краіне ў цэлым, і, у нейкай ступені, — не скажу, што гэта так ужо распаўсюджана — у судзейскім корпусе. Парадаксальна — суды выносяць вердыкты па карупцыйных злачынствах і ў той жа час асобныя суддзі самі парушаюць закон, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — За апошнія некалькі гадоў шэсць вашых калегаў былі асуджаныя за карупцыю. Не скажу, што мы пракантралявалі ўсю сістэму на прадмет карупцыі, але факт ёсць факт. Вы ведаеце, колькі яшчэ звольнілі тых, хто запляміў сябе».

На яго думку, гэта, безумоўна, кідае цень на ўсіх работнікаў судзейскага корпуса — пры тым, што абсалютная большасць працуе сумленна і добрасумленна.

«Непрымірымая барацьба з карупцыяй — справа гонару самой судовай сістэмы. Чысціня судзейскіх шэрагаў — аснова яе аўтарытэту. Людзей, схільных да злоўжыванняў, нячыстых на руку, трэба выяўляць і неадкладна ад іх пазбаўляцца, таму што далей будзе горш», — падкрэсліў беларускі лідар.

Пад абаронай Прэзідэнта

Прэзідэнт запэўніў прысутных, што судовая ўлада ў нашай краіне з’яўляецца незалежнай і абароненай. Аднак, дадаў ён, калі хтосьці з суддзяў не згодны, то ў гэтым вінаватыя самі суддзі. «Гэта можа пазначацца толькі адным тэрмінам — кругавая парука», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама распавёў, што вельмі жорстка рэагуе на сітуацыі, калі «начальнікі здымаюць трубку і тэлефануюць суддзям». «Гэта апошні дзень яго (начальніка — „Звязда“) працы, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Адзін толькі званок. І вы ведаеце, каму патэлефанаваць, акрамя мяне. Літаральна праз гадзіну-дзве я буду пра гэта ведаць».

Ён падкрэсліў, што заўсёды стане на абарону суддзяў.

Проста і зразумела

Выступаючы з дакладам, старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала адзначыў, што неабходна павышаць аператыўнасць аднаўлення парушаных правоў і адкрытасць правасуддзя, а таксама прымаць справядлівыя і зразумелыя людзям рашэнні.


Перапынкі, адкладванні, прыпыненні — усё гэта адбіваецца на судовых выдатках. Паводле яго слоў, неабходна ў бліжэйшы час працягнуць паспяховыя рэформы па павышэнні якасці і аператыўнасці ўсяго працэсу правасуддзя — ад першай да вышэйшай інстанцыі. Акрамя таго, упэўнены ён, варта далей развіваць тую апеляцыю, якую ўвялі, скарачаць умяшанне на стадыі нагляду.

Валянцін Сукала звярнуў увагу, што людзі хочуць бачыць зразумелыя, жыццёвыя і чалавечыя рашэнні. Працягнецца работа па павышэнні адкрытасці, публічнасці і галоснасці правасуддзя. Судовыя рашэнні будуць публікавацца ў адкрытых банках дадзеных. Важнейшы напрамак — укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій. Валянцін Сукала дадаў, што аналітычная праца павінна быць узнята на зусім новы ўзровень.

Яшчэ Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што судовай сістэме неабходна ўдасканальвацца, пра гэта вядуцца размовы. Пры чым развіццё трэба весці не толькі па асобных напрамках, але і глабальна. Дарэчы, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што да нас пастаянна прыязджаюць паглядзець на айчынную судовую сферу і вучыцца.

Кіраўнік дзяржавы закрануў адукацыю ў гэтай сферы — на яго думку, добра, што яе не сталі рабіць цалкам прыватнай.

Аб ролі Вярхоўнага суда

Сёння Вярхоўны суд кіруе ўсімі працэсамі жыццядзейнасці судовай сістэмы краіны. Пры рэфармаванні суду былі прадастаўлены паўнамоцтвы па арганізацыйным, кадравым і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні судоў.

«Думаю, што ні ў адной краіне такога няма, — сказаў Прэзідэнт. — Гэта рашэнне было прынята, каб галіна ўлады была насамрэч незалежнай.

Таму, паводле слоў Прэзідэнта, асноўныя абавязкі вышэйшай судовай інстанцыі — дзейнічаць стратэгічна, ініцыятыўна, працаваць на апярэджанне.

У прыярытэце для Вярхоўнага Суда павінна быць аналітычная праца. Неабходна ў поўную сілу задзейнічаць магутны інтэлектуальны патэнцыял, якiм суд валодае», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Каля пяці гадоў таму Вярхоўны суд заявіў аб неабходнасці распрацоўкі адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса. Але да вырашэння гэтай задачы дагэтуль не наблізіліся, канстатаваў Прэзідэнт. «Пара актывізаваць гэтую працу, каб завяршыць кодэкс у найбліжэйшы час. Ён вам патрэбны перш за ўсё», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Зразумела, што гэта задача не толькі судовага корпусу, але калі ініцыявалі, прызналі, што яго трэба зрабіць, падштурхніце іншых. У крайнім выпадку, падкажыце мне», — заклікаў Прэзідэнт актывізаваць гэтую працу і завяршыць падрыхтоўку кодэкса ў найбліжэйшы час.

Кіраўніцтву судовай галіны трэба прааналізаваць, што яшчэ засталося не выкананым у ходзе рэформы.

«Ведаю, што слаба выкарыстоўваецца медыяцыя (магчымасць прымірэння бакоў да прыняцця рашэння па спрэчцы), а гэта важна, бо менш пытанняў было б і валакіты. Не запатрабаваны інстытут трацейскага суда — давайце ў рэшце рэшт паспрабуем. У нас павінен быць агульнадаступны электронны банк судовых рашэнняў. Калі вы бачыце і іншыя праблемы, я ўжо адзначыў, што вельмі хачу, каб вы аб гэтым сказалі», — звярнуўся лідар дзяржавы да прысутных.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што вельмі жадае, каб гэтая нарада стала практычнай і былі вынясены канкрэтныя прапановы.
Напрыклад, па інфарматызацыі судовай сістэмы. Сучасныя рэаліі гэтага патрабуюць.

«Выкарыстанне IT-тэхналогій у вашай дзейнасці дазволіць рацыянальна зрабіць таннейшым судаводства, скараціць судовыя выдаткі. Суды маюць неабходнае абсталяванне для фіксацыі працэсу. Як вы паўнавартасна будзеце карыстацца гэтымі тэхналогіямі? Што перашкаджае адмовіцца ад папяровых пратаколаў паседжання? Сёння ўжо час пачынаць фарміраванне электронных спраў», — задаў пытанні Аляксандр Лукашэнка.

Да 1 верасня 2020 года ўсе паседжанні Вярхоўнага суда павінны ісці без паперы. Арыенцірам на будучае будзе такая ж цыфравізацыя сістэмы для раённых судоў. Падключыць да гэтага працэсу Прэзідэнт параіў IT-парк і Аператыўна-аналітычнага цэнтр. Цыфравізацыя судовых спраў, на думку кіраўніка дзяржавы, запатрабуе ад супрацоўнікаў большага прафесіяналізму і эстэтыкі. Такія навацыі істотна павышаюць адкрытасць і празрыстасць правасуддзя. Да таго ж укараненне электроннага судаводства ўлічваецца пры складанні міжнародных рэйтынгаў, якія вызначаюць узровень развіцця і інвестыцыйнай прывабнасці дзяржавы.

Не павінен быць Вярхоўны cуд і ў баку ад галоўных кірункаў развіцця грамадства.

«Меры, што прымаюцца па стымуляванні прадпрымальніцкай актыўнасці і развіцці лічбавай эканомікі, патрабуюць прававой абароны гэтых працэсаў з боку судовай улады. Задача Вярхоўнага Суда зрабіць так, каб айчынная судовая сістэма адказвала лепшым стандартам правасуддзя. Карысталася аўтарытэтам у юрыдычнай супольнасці як нашай краіны, так і за мяжой», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Такі падыход будзе садзейнічаць развіццю інавацыйных тэхналогій, прыцягненню замежных інвестыцый і павышэнню канкурэнтаздольнасці эканомікі.


У сваім дакладзе Генеральны пракурор Аляксандр Канюк супыніўся на агульных для суда і пракуратуры пытаннях.

«На працягу пяці апошніх год павялічваецца колькасць спраў, якія пракуроры вярнулі для дадатковага расследавання ў сувязі з дапушчанымі парушэннямі. У выніку — за апошнія сем год (да статыстыцы можна адносіцца па-рознаму, але тым не менш гэта факт) колькасць апраўданых асоб скарацілася ў 11 раз», — сказаў Аляксандр Канюк. 

Паводле слоў генпракурора, меры, якія прымаюцца, пакуль што не дазваляюць поўнасцю пазбегнуць памылак у расследаванні крымінальных спраў і падтрымкі дзяржаўнага абвінавачвання. 

«Хачу засяродзіцца на тэме электроннага суда. Задача пастаўлена — укараніць да 1 верасня 2020 года, гэта задача не толькі для Вярхоўнага Суда, але і для Генеральнай пракуратуры. Я на сябе спраецыраваў (калі б быў суддзёй), што такое электроннае правасуддзе, — звярнуўся да прысутных Аляксандр Канюк. — Гэта, як даць інтэрв’ю цэнтральнаму органу друка ці тэлебачанню, — трэба рыхтавацца. Гэта і знешні выгляд, і маўленне і да пракурора гэта адносіцца ў першую чаргу».

Даклаў Аляксандр Канюк Прэзідэнту і аб выкананні даручэння па скарачэнні ўдзелу пракурораў у грамадзянскім судаводстве. Пасля аналізу працэсу падыходы перагледжаны (у тым ліку і да апеляцыйнага апратэставання). Па выніках колькасць пратэстаў скарацілася на трэць.

«У цэлым, паміж Генеральнай пракуратурай і Вярхоўным Судом наладжана канструктыўнае ўзаемадзеянне, якое дапамагае ў выпрацоўцы адзіных падыходаў, узнікаючых у правапрымянальнай практыцы», — рэзюмаваў Аляксандр Канюк.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».