Вы тут

Рэпартаж з адзінай у Беларусі майстэрні прафесійных гітар


Хто б мог падумаць, што любоў да гітары прывядзе да такога? Уявіце, што вы скончылі санкт-пецярбургскі ўніверсітэт і спецыяльнасць ваша — тэхналогія карабельнага машынабудавання. На свае вочы вы бачылі, як на вялікую ваду спускаюць ледакол, і вам бы судны праектаваць, але... Аднойчы вы прачынаецеся з ідэяй: «Я буду рабіць гітары па-сапраўднаму цэлы дзень, каб гэта была мая прафесія». Так, у ліхія дзевяностыя захапленне Андрэя Кібіня рокерскай музыкай не прайшло дарма — лёс прывёў у майстэрню.


Сёння стваральнік гітар жыве ў Гродне. Ён мае адзіную на ўсю Беларусь дробнасерыйную вытворчасць гітар экстра-класа, вартых міжнароднай арэны. Карэспандэнт «Звязды» наведала цуда-майстэрню і падгледзела, як над шасціструннымі варожаць залатыя рукі.

Ідэальная елка

У прасторным памяшканні з вялікімі вокнамі пахне лесам, свежай драўнянай стружкай. Тут робяць грыфы і карпусы гітар. Тут жа іх паліруюць, фарбуюць, сушаць і збіраюць. Андрэй Кібінь кажа, што вытворчая магутнасць дазваляе рабіць ледзь не 240 гітар за год, але за аб'ёмамі ён не гоніцца: за месяц 20 інструментаў пакуль яшчэ не выпускае. Кошты вагаюцца ад 500 долараў, цана асобных мадэляў узнімаецца ў некалькі разоў.

«Цана залежыць ад фурнітуры, пароды дрэва і таго, як доўга матэрыял сушыўся натуральным чынам. Знайсці ідэальнае дрэва — місія выканальная, але складаная. Напрыклад, елку шукаю менавіта каўказскую, і то далёка не кожны кавалак падыдзе для гітары. Важны сур'ёзны адбор», — тлумачыць Андрэй Кібінь.

І адбор сапраўды сур'ёзны. Якая парода, дзе расло дрэва, якія там былі глеба, вільготнасць, перапады тэмператур, колькі гадоў яно расло і якую таўшчыню назапашвала — усё мае значэнне. Калісьці савецкая вытворчасць рабіла танныя гітары з бярозы, але апошняя давала бедны гук. А вось клён, кедр, палісандр, арэх, чырвонае дрэва з гітарамі сябруюць.

Па кутах у майстэрні адлежваюцца запасы драўніны. Некаторым дошкам ляжаць яшчэ пару-тройку гадоў. Матэрыял для будучых гітар павінен прасохнуць. А вось і шасціструнныя, што чакаюць сваёй законнай чаргі на зборку.

Ад малявання эскізаў каркаса да знешняга аздаблення аднаго інструмента можа прайсці больш за месяц. Тут працуюць не толькі рукамі, але і галавой, асабліва вушамі. Бо кожны музыкант хоча што? Ідэальны гук — глыбокі, густы і пявучы, дастаткова магутны, моцны, інтымны. Струны ў майстэрні ставяць альбо з нейлону, альбо з жалеза. Першыя даюць мажорнае гучанне, аксаміт. Другія — больш брутальнае.

Беларуская іспанка і не толькі

«Кожная гітара — вынік матэматычных разлікаў па распрацаванай іспанцамі методыцы, дзе база — прынцыпы залатога сячэння, — кажа Андрэй Кібінь. — Інструмент — гэта хістальны контур, што мае струны, дзве апоры і дрэва. Ведаючы прапорцыі залатога сячэння, можна не толькі спрагназаваць размеркаванне гукавых хваль, але нават кіраваць імі».

Кожная гітара гродзенца па форме абсалютна іспанская. Гэта класічны акадэмічны інструмент. Таму музычныя школы і ансамблі заказваюць гітары Андрэя Кібіня партыямі, часта іх купляюць бацькі для сваіх юных гітарыстаў-навічкоў. Канешне, мінулі тыя часы, калі імпартную гітару мянялі на аўтамабіль, а гітара ГДРаўскай вытворчасці была апагеем мар любога савецкага музыканта. Але нават на сённяшні дзень з яго прынцыпам «калі ласка, усё за вашы грошы» мець, скажам, еўрапейскую гітару праблематычна. Цэны такія, быццам яе не з Германіі авіяпоштай даставілі, а везлі з самой Патагоніі на паруснай шхуне. У Беларусі Андрэй Кібінь адзіны стварае інструменты належнай якасці і ў стабільнай колькасці.

Работа ў майстэрні не спыняецца, кіпіць.

«Бачыце, — клеячы ніжнюю дэку, кажа Канстанцін Бандурын, калега Андрэя Кібіня, — форма гэтай гітары будзе крыху выпуклая, — паказвае ён, прыкладаючы лінейку. — Гэта робіцца, каб павысіць яе трываласць. Тут працуе фізічны закон, паводле якога прамыя паверхні праламаць прасцей за купалападобныя. Напэўна, у школе вам прыводзілі класічны прыклад: куранё лёгка разбівае шкарлупу яйка, звонку ж яе разбіць больш цяжка».

«Гэта светлая гітара з елкі?» — пытаю.

«Так! — чую ў адказ. — А вось тыя, — ён паказвае дзясятак іншых, — цямнейшыя — з кедру. Пасля пакрыцця лакам некаторыя з іх набудуць колер шакалада з малаком. Каму як пашанцуе», — усміхаецца.

У камандзе Андрэя Кібіня тры чалавекі, такія ж улюбёныя ў творчасць, музыку, гітары. Разам яны маюць сакрэты, якія старанна захоўваюцца ў таямніцы ад іншых вытворцаў. Усё ж такі ўніверсітэтаў па гэтай справе не існуе. І напрацаваны ўласнымі рукамі і ўласнай інжынернай думкай вопыт занадта каштоўны, каб дзяліцца ім на «Ютубе».

У атачэнні класічных іспанскіх гітар заўважаю... цымбалы! Аказваецца, геаграфія гэтага інструмента шырокая: не толькі Беларусь, Польшча, Літва, але і Грэцыя, Турцыя, нават — уяўляеце! — Дзікі Захад. Беларускія ж цымбалы аформіліся за савецкім часам.

«Сёння ў Беларусі няма вытворчасці беларускіх цымбалаў. Бо завод быў, але ён даўно закрыўся, а музыканты засталіся. І перыядычна яны да мяне падыходзілі, пытаючы: «Дзе ж нашы цымбалы? Дзе?» Попыт нарадзіў прапанаванне, — кажа Андрэй Кібінь. — Выявілася, што гэта не якая-небудзь скрыня са струнамі, а сур'ёзны інструмент. Ужо восем гадоў раблю беларускія цымбалы».

Тэст на якасць

На інструментах Андрэя Кібіня іграюць такія віртуозы, як Валерый Дзідзюля і Павел Кухта. З яго гітарамі музыканты перамагаюць на конкурсе імя Фраўчы. Апрабаваў гітару беларуса і Томі Эмануэль, майстар унікальнай імправізацыйнай тэхнікі ігры, двойчы намінант на «Грэмі». Тады падчас сваіх мінскіх гастроляў аўстраліец вельмі высока ацаніў інструмент. І амерыканскі гітарыст-віртуоз Адам Раферці таксама палюбіў іспанскую гітару ад беларуса Андрэя Кібіня. З замежных мэтраў на чарзе засталіся хіба што Эліс Купер ці Джон Пацітучы, але яшчэ не вечар.

Удзельнічае гродзенец у замежных выстаўках музычных інструментаў. Напрыклад, на франкфурцкім кірмашы Musіkmesse Frankfurt — важнай падзеі для культурнага кола Германіі, куды з'язджаюцца выдатныя музычныя майстры з усяго свету, а таксама блогеры, журналісты і, канешне, музыканты. Там Андрэй Кібінь прадстаўляў Беларусь. І яго гітары суседнічалі з інструментамі вытворцаў з гучнымі імёнамі Марціна і Тэйлара.

«Адважыцца на ўдзел у такой выстаўцы вялікі азарт, заўсёды рызыка. Калі твае гітары не спадабаюцца, пра гэта сумленна напішуць на ўвесь свет — і адмоўныя моманты гарантаваны», — упэўнены ў майстэрні. Але дагэтуль гітары родам з Гродна атрымлівалі добрую ацэнку.

«Без сучка і задзірынкі, нават з лупай трэба пастарацца знайсці сляды ручной паліроўкі. У чалавека залатыя рукі, факт. Альбо гэты майстар геній, альбо ён на іспанца сваю наклейку прыклеіў», — ацаніў гітару Андрэя Кібіня стваральнік Lorance Міхаіл Стральцоў.

Цяпер шліфуюць дрэва. І сярод усяго гэтага грукання, бразгання, шоргання адчуваецца асаблівая атмасфера, якая толькі і можа быць у майстэрні, дзе залатыя рукі месяцамі варожаць над іспанскай гітарай ці беларускімі цымбаламі. Зразумела і тое, што інструменты, створаныя на механізаваным канвееры, не могуць быць, як гэтыя, жывымі.

«Крутыя брутальныя рокеры маюць традыцыю. Пасля канцэрта яны разбіваюць гітару аб сцэну. Ці не варварства гэта? Што вы ім скажаце?» — пытаю.

«Бачыце, якая справа... Крутыя рокеры разбіваюць заменныя танныя гітары. І вось гэта ўжо варварства, падман. Трэба разбіваць тыя, на якіх іграюць, любімыя, — смяецца Андрэй Кібінь, а пасля дадае: — Я скажу: разбівайце, спальвайце, знішчайце — і прыходзьце па новыя гітары!»

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Мэйд бай Андрэй Кібінь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.