Вы тут

Што адбываецца ў Брунеі?


У султанаце Бруней днямі ўступілі ў сілу папраўкі ў заканадаўства, заснаваныя на правілах шарыяту. Цяпер за шлюбную здраду або аднаполыя адносіны належыць смяротнае пакаранне праз збіццё камянямі або бізуном. Крадзеж караецца адсячэннем рукі, паўторнае адпаведнае правапарушэнне — нагі. Пры гэтым для таго, каб абвінаваціць чалавека ў злачынстве, дастаткова паказанняў чацвярых мусульман. Аднаполыя адносіны і раней былі па-за законам у пераважна ісламскай краіне, але гэта дасюль каралася турэмным тэрмінам. Акрамя таго, за розныя правапарушэнні будзе прымяняцца публічная лупцоўка.

Выкананне пакаранняў плануецца праводзіць публічна — у прысутнасці ўсіх ахвотных. Мяркуецца, што дзейнічаць законы шарыяту будуць толькі ў дачыненні да мусульман, якія складаюць дзве трэці з амаль 450 тысяч грамадзян султаната. З уступленнем у сілу радыкальных паправак Бруней стаў першай краінай у Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе законы шарыяту пачалі дзейнічаць на нацыянальным узроўні. Назіральнікі кажуць, што гэтая дзяржава паступова ператвараецца ў «азіяцкую Саудаўскую Аравію». Куды ж рушыць адна з найбагацейшых краін свету?


Камбінацыя султана Амара

Калісьці на астравах Малайскага архіпелага існавала больш за сотню каралеўстваў, султанатаў і іншых васальных дзяржаў. Сёння застаўся толькі султанат Бруней. Цяпер ён лічыцца адной з самых невялікіх дзяржаў свету, а ў ХІV стагоддзі быў магутнай марской дзяржавай. Рэзідэнцыя султана знаходзілася ў Ката-Бату на рацэ Бруней. У пачатку ХV стагоддзя сюды прыбыў Шарыф Алі — нашчадак прарока Мухамеда. Менавіта тады тут прынялі мусульманства. А ў ХVІ стагоддзі ўлада султана распаўсюдзілася на шырокую тэрыторыю, уключаючы паўночна-заходняе ўзбярэжжа вострава Калімантан, які сёння называецца Барнэа, і многія з астравоў у паўднёвай частцы Філіпінскага архіпелага. Першымі еўрапейцамі, якія наведалі Бруней, сталі ўдзельнікі экспедыцыі Фернана Магелана, якія ў 1521 годзе кінулі якары сваіх караблёў у мясцовай гавані. Захаваліся і пісьмовыя сведчанні тых часоў. У іх, у прыватнасці, апісваюцца моц і багацце султана, а таксама яго прыкметны ўплыў на ўвесь рэгіён.

Як незалежная дзяржава Бруней існуе не так даўно — усяго 35 гадоў. Пратэктарат Вялікабрытаніі афіцыйна быў адменены толькі 1 студзеня 1984-га. Тады на карце свету і з'явілася Негара Бруней Дарусалам. Ад «каралевы мораў» султанат адкалоўся ледзь не пазней за ўсе іншыя часткі некалі велізарнай Брытанскай імперыі. Заслуга манархаў — захаванне Брунея як незалежнай дзяржавы.

— Гэта была шматхадовая камбінацыя султана Амара Алі (бацькі цяперашняга султана. — Рэд.) і яго сына: адцягванне як мага даўжэй абвяшчэння незалежнасці, — растлумачыў mk.ru Сяргей Пляханаў, аўтар шэрагу кніг, прысвечаных сусветным лідарам, які асабіста сустракаўся з брунейскім манархам. — Тут мы бачым адзін з рэдкіх выпадкаў у гісторыі, калі пратэктарат прымусіў дзяржаву-пратэктар (у дадзеным выпадку Вялікабрытанію) служыць сваім інтарэсам. Гэта значыць, Брытанію выкарыстоўвалі як парасон палітычны, ваенны, які не дазволіў суседзям «зжэрці» Бруней. І зацяжка з абвяшчэннем незалежнасці была выкліканая тым, што краіне трэба было падрыхтаваць кадры — ваенныя, кіраўніцкія, дыпламатычныя. Калі б Бруней выйшаў з брытанскай арбіты яшчэ ў 1963 годзе, то ён, вядома, не быў бы гатовы і яго «праглынулі» б суседзі.

Багатая жыла

У 1963 годзе каля берагоў Брунея выявілі першыя шэльфавыя радовішчы нафты. Адбылося насамрэч казачнае ўзбагачэнне: за дзесяцігоддзе даход дзяржавы ад продажу вуглевадароднай сыравіны вырас з 277 млн да 9,7 млрд долараў. У 2012 годзе часопіс Fоrbеs паведаміў, што багаты на нафту і газ Бруней, які ўтульна размясціўся на паўночным захадзе вострава Барнэа, увайшоў у пяцёрку самых багатых краін свету. Дзяржава экспартуе нафту з 1970-х гадоў (сёння каля 90 працэнтаў бюджэту забяспечваюць даходы ад продажу чорнага золата). Менавіта тады сюды прыйшла сусветна вядомая кампанія Shеll. Бруней нават жартам празвалі Shеllfаrе stаtе («дзяржава ўсеагульнага дабрабыту за кошт Shеll», па аналогіі з wеlfаrе stаtе — «дзяржава ўсеагульнага дабрабыту»).

Ад нафтавага буму выйгралі мясцовыя жыхары, якія атрымалі шмат прэферэнцый, што з'явіліся з невычэрпным патокам грошай, якія лінулі ў краіну. Гадавы даход на душу насельніцтва ў гэтай краіне перавышае 20 тысяч долараў. Султанат не звяртаецца да знешніх пазык, мае шматмільярдную «падушку бяспекі» — фінансавыя рэзервы. Дарэчы, Бруней стаў першай краінай у Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе з'явілася каляровае тэлебачанне. Цяперашні ўзровень дабрабыту кожнай брунейскім сям'і даволі высокі — яно і зразумела, бо нафтагазавыя даходы невялікага султаната прывялі да росквіту сацыяльнай сферы, дазволілі ўкараніць бясплатную адукацыю (у тым ліку права на навучанне за мяжой) і ахову здароўя. Брунейцы не плацяць падаходны падатак, актыўна карыстаюцца беспрацэнтнымі пазыкамі. Акрамя таго (спецыфіка ісламскай манархіі), дзяржава аплачвае традыцыйнае штогадовае паломніцтва (хадж) у Мекку. Так што адно з самых суровых пакаранняў для падданых султана — пазбаўленне грамадзянства.

Кажучы аб невялікім Брунеі, можна звярнуцца да формулы «памер не мае значэння»: краіна вядзе актыўную знешнюю палітыку, перш за ўсё на рэгіянальным узроўні. Брунейскае багацце канвертуецца ў палітычны ўплыў, сцвярджае Сяргей Пляханаў. Султанат — член ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН), Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва і Руху недалучэння. Бруней вельмі актыўна наладжвае адносіны з Кітаем — за апошнія гады султан неаднаразова сустракаўся з кіраўнікамі КНР. У манарха выдатныя адносіны з Японіяй. І наогул, як адзначаюць эксперты, султан праводзіць па-сапраўднаму шматвектарную палітыку.

Мадэль для зборкі

72-гадовы Хасанал Болкіях кіруе краінай больш чым паўстагоддзя. Ён скончыў інстытут «Вікторыя» ў Куала-Лумпуры (Малайзія) і Каралеўскую ваенную акадэмію ў Сандхёрсце (Вялікабрытанія). З 1964 года — наследны прынц, султанам абвешчаны 5 кастрычніка 1967-га. З 1984 года — таксама прэм'ер-міністр, міністр фінансаў і міністр абароны Брунея. Лічыцца самым багатым манархам у свеце: у 2010 годзе яго асабісты капітал ацэньваўся ў $20 млрд. Пабудаваны ў 1984-м для султана палац Нурул Іман мае плошчу 200 тысяч кв. метраў, налічвае 1788 пакояў, 257 ванных, у ім ёсць парадная зала на 5000 чалавек, мячэць умяшчальнасцю 1500 чалавек, гараж на 110 машын.

Сёння Хасанал Болкіях па-ранейшаму адчувае сябе на троне ўпэўнена, а вось казаць пра стабільнасць у дзяржаве цяпер, на жаль, не выпадае. Перад султанам цяпер стаіць задача замены старой мадэлі развіцця краіны на новую. Зрабіць гэта будзе няпроста, таму што ў Брунеі хапае праціўнікаў рэформаў. Яны прапануюць пацярпець да наступнага нафтавага буму, пасля якога ўсё вернецца на кругі свая і ў Брунеі зноў наступіць залаты век.

«Цэны на нафту абудзілі брунейцаў, — адзначыў коmmеrsаnt.ru Мустафа Ізудзін, супрацоўнік сінгапурскага Інстытута Юсофа Ісхака, — і парушылі іх глыбокі сон. З'явіліся сур'ёзныя праблемы, якія неабходна вырашаць. Ніхто не прадракае брунейскай манархіі хуткую гібель, але прыродныя рэсурсы султаната моцна скараціліся». У пэўнай меры такі песімізм апраўданы. Некалькі гадоў таму, падчас імклівага змяншэння цэн на вуглевадароды Брунею, як і шэрагу іншых нафтаздабываючых краін, прадракалі ледзь не банкруцтва. Вядома ж, у султанаце разумеюць, што неабходна злезці з «нафтагазавай іголкі». І як мага хутчэй ствараць дынамічную і самадастатковую эканоміку. Паводле прагнозных даследаванняў BР Wоrld Еnеrgу Оutlооk, нафта ў краіне скончыцца да 2035 года.

Брунейскія ўлады, вядома, спрабуюць адэкватна рэагаваць на пагаршэнне сітуацыі ў эканоміцы. Яны ўвялі субсідыі для здыму жылля, субсідавалі ахову здароўя і шэраг спажывецкіх тавараў. Аднак маладое пакаленне брунейцаў выдатна разумее, што ўжо ніколі не будзе, як іх бацькі, атрымліваць пенсіі памерам 5 тыс. брунейскіх долараў ($3650) у месяц. Урад за апошнія гады неаднаразова скарачаў выдаткі і, напэўна, працягне гэта рабіць. На пытанне журналістаў, ці не перашкодзілі нафтадолары развіццю брунейскай эканомікі і прадпрымальнасці брунейцаў, міністр энергетыкі Брунея Махамад Ясмін Бін Умар адказаў: «Вядома, перашкодзілі. Гэта вынік стадоларавых цэн на нафту».

Урад спрабуе дыверсіфікаваць эканоміку і заахвочвае развіццё прыватнага бізнесу, спрабуе зрабіць Бруней прывабным для Токіа і іншых фінансавых сталіц, а таксама завабіць у краіну турыстаў. Зрэшты, пакуль ні адна з гэтых спроб асаблівым поспехам не ўвянчалася. Асабліва дрэнна ідуць справы з замежнымі турыстамі. Адсутнасць начных клубаў і забарона на алкаголь адпужваюць падарожнікаў. Яшчэ ў канцы 1990-х аўстралійскі пісьменнік Чарлз Джэймс так ахарактарызаваў султанат: «Больш сумным месцам, чым Бруней, можа быць хіба што глухая брытанская вёска ў самы разгар зімы».

Шчыт супраць глабалізацыі

На фоне праблем у эканоміцы краіна і ўзяла курс на ісламізацыю. Пра намер зрабіць больш жорсткім крымінальнае заканадаўства султан Болкіях упершыню абвясціў яшчэ ў 1996 годзе. А пра больш канкрэтныя тэрміны змяненняў у прававой сістэме дзяржавы стала вядома ў кастрычніку 2013 года. Найвышэйшым указам Хасанал Болкіях абвясціў аб тым, што з 1 мая 2014 года на ўсёй тэрыторыі султаната Бруней уступаюць у сілу законы шарыяту. Прычым меркавалася, што ўводзіцца яны будуць паступова, у тры фазы, паведаміла Brunеі Tіmеs. Такое рашэнне султан растлумачыў тым, што законы шарыяту зыходзяць ад Алаха, з'яўляюцца найбольш правільнымі і «здольныя гарантаваць справядлівасць і дабрабыт для ўсіх». Ён адзначыў, што яго ўрад не чакае разумення з боку іншых людзей, будзе дастаткова, калі яны будуць паважаць яго нацыю. Дарэчы, самі падданыя да ўвядзення суровых законаў паставіліся з разуменнем, тым больш што манарх растлумачыў: «Іслам — гэта шчыт супраць глабалізацыі». «Рэжым усё больш імкнецца легітымізавацца як тэакратычны і апелюе да кансерватыўнай ісламскай ідэалогіі», — заўважыла «Бі-бі-сі» Брыджыт Уэлш, эксперт па Паўднёва-Усходняй Азіі з амерыканскага ўніверсітэта Джона Кэбата.

Афіцыйна пераход да шарыяцкага заканадаўства адбыўся сёлета ў красавіку і выклікаў вялікую крытыку па ўсім свеце. Аднак улады султаната працягваюць стаяць на сваім. У заяве ўрада адзначаецца, што «Бруней — гэта суверэнная, ісламская і цалкам незалежная краіна, якая мае права ўводзіць любыя законы». Паводле ацэнкі амерыканскага часопіса Оіl аnd Gаs Jоurnаl, Бруней знаходзіцца на чацвёртым месцы ў рэгіёне па запасах нафты. Асноўную частку энерганосьбітаў султанат экспартуе азіяцкім пакупнікам. Сёлета кітайская Zhеjіаng Hеngуі Grоuр плануе адкрыць у Брунеі НПЗ і нафтахімічны комплекс магутнасцю ў 148 тысяч бараляў у дзень. Як заўважаюць аналітыкі, патэнцыйна Бруней можа канчаткова разгарнуць сваю эканоміку ў бок Кітая, калі Захад працягне яго крытыкаваць ці вырашыць увесці санкцыі.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Залаты бізун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.