Вы тут

Фізіятэрапеўт дзіцячага хоспіса: Зрабіць шчаслівым ляжачага хворага можна


Юрый Абадзінскі працуе ў сферы, якую традыцыйна лічаць жаночай. Афіцыйна назва яго прафесіі гучыць як медыцынская сястра па ЛФК. Ён займаецца з дзецьмі са складанымі дыягназамі ў Беларускім дзіцячым хоспісе (і ламае стэрэатыпы, што працаваць з малымі могуць толькі жанчыны). Юрый упэўнены, што жыццё нават з самай цяжкай хваробай можна пастарацца зрабіць камфортным. А яго місія — дапамагчы ў гэтым.


Пра выбар прафесіі

Яго Юрый называе выпадковым. А для яго вайсковай сям'і, дзе ўсе былі звязаны з палётамі і небам, дзе нават маці — кандыдат у майстры па парашутным спорце, ён увогуле стаў нечаканым. Спачатку, як і бацькі, Юрый захапляўся парашутным спортам, меў трэці разрад. А ў медыцынскае вучылішча вырашыў паступаць за кампанію з сяброўкай, праўда, навучанне адразу спадабалася. Пасля службы ў войску, папрацаваўшы нейкі час масажыстам у паліклініцы, Юрый перайшоў у дзіцячы цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, займаўся з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Там упершыню адчуў, што атрымлівае задавальненне ад працы, бо дапамагае тым, хто мае ў гэтым вялікую патрэбу, і кожны дзень бачыць вынікі — прагрэс сваіх выхаванцаў.

— Далей мой выбар быў ужо асэнсаваны. Я вырашыў удасканальваць веды ў сферы рэабілітацыі дзяцей і паступіў у акадэмію фізвыхавання (цяпер універсітэт фізічнай культуры. — Аўт.) на факультэт адаптыўнай фізічнай культуры.

Пасля пэўны час ён працаваў у адным з санаторыяў інструктарам па лячэбнай фізкультуры, аднак прызнаецца, што сумаваў па рабоце з асаблівымі дзецьмі. Усё стала на свае месцы, калі аднойчы ён звольніўся з санаторыя і перайшоў у дзіцячы хоспіс.

Пра «хатнюю» працу

Асноўная работа фізічнага тэрапеўта з дзецьмі, якія знаходзяцца пад апекай хоспіса, — па дамах. Прычым важна не толькі выканаць пэўныя практыкаванні, але і навучыць ім бацькоў. Бо займацца з такімі дзецьмі варта штодзень.

— Фізічны тэрапеўт павінен валодаць і мануальнымі тэхнікамі, і прыёмамі масажу, ведаць біямеханіку — як рухаюцца рукі, ногі, а таксама фізіялогію: у якую позу дзіця можна пасадзіць, пакласці ці паставіць, — пералічвае спіс кампетэнцый Юрый. — Знаходзячыся ў паліятыўнай групе, дзіця можа пражыць і 20, і 40 гадоў. Наша задача — палепшыць якасць жыцця, зрабіць яго больш камфортным. Мы працуем і з асяроддзем, якое акружае, і з бацькамі, і з самім дзіцем. Прычым работа камандная: фізіятэрапеўт, псіхолаг, медсястра — кожны ўносіць нешта сваё. Мая задача — не толькі выканаць пэўныя практыкаванні, а зрабіць так, каб дзіцяці было зручна сядзець, ляжаць. Мэбля павінна быць індывідуальна прыстасавана да гэтага малога. Часта даводзіцца адаптаваць тыя рэчы, якімі яно карыстаецца: перарабляць крэсла, ложак, падказваць бацькам, як можна ўдасканаліць ці дзе набыць штосьці адпаведнае.

Працуе Юрый у праграме мабільнай абілітацыі, якая прадугледжвае выезды да дзяцей, што жывуць па-за межамі сталіцы. Прыкладны радыус — 150 кіламетраў. На практыцы часам атрымліваецца значна больш.

— Працуем па запыце — выязджаем туды, дзе малому неабходна наша дапамога. Учора, напрыклад, наведваў дзіця ў вёсцы Грабянёва ў Аршанскім раёне, гэта больш за 200 кіламетраў у адзін бок. Спачатку аказваю дапамогу, кансультую і, калі бачу, што мая прысутнасць патрэбна ў далейшым, планую новыя візіты. Канешне, я мала часу праводжу дома, і для сям'і гэта мінус. Але плюс у тым, што адчуваю сябе запатрабаваным на рабоце і задаволены ёй.

Яшчэ адна праграма — камандная абілітацыя — прадугледжвае выезды некалькіх спецыялістаў у іншыя гарады на тыдзень. Паездкі па ўсёй Беларусі, у апошні месяц супрацоўнікі хоспіса пабывалі ў Магілёве і Мсціславе. У першы дзень наведвання фізічныя тэрапеўты і псіхолагі праводзяць навучальныя семінары з бацькамі асаблівых дзяцей і спецыялістамі. У астатнія дні — практычная работа з дзецьмі паліятыўнай групы.

Работа ў паліятыве патрабуе пастаяннага навучання — стажыруюцца супрацоўнікі хоспіса ў Італіі, Польшчы, Вялікабрытаніі. Зараз Юрый вучыцца на двухгадовых курсах Бобат-тэрапіі ў Маскве.

— У аснове работы фізічнага тэрапеўта ў хоспісе ляжыць якраз Бобат-тэрапія. Там, дарэчы, нас вучаць правільна ставіць мэту ў рабоце з кожным дзіцем. Калі яна дасягальная, тады будзе вынік.

Пра вынікі

Практычна кожнае дзіця, з якім працуюць спецыялісты хоспіса, развіваецца і робіць крокі наперад. Праўда, для гэтага павінны прыкладаць намаганні і бацькі, на якіх кладзецца асноўная нагрузка. Хоць для звычайных людзей часта такі прагрэс можа падацца нязначным, для самога дзіцяці і яго блізкіх — гэта неверагодныя намаганні і вялікі поспех.

— Уявіце малое з цяжкім захворваннем, якое прагрэсуе, — спінальнай мышачнай атрафіяй: дзіця знаходзіцца на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, з трахеастомай, цалкам прыкавана да ложка і можа толькі паварушыць двума пальцамі. Увесь час яно ляжыць і глядзіць у столь. У працэсе работы мы знаходзім розныя позы, у якіх яно адчувае сябе добра: і фізіялагічна, і камфортна. Разам з бацькамі мы павярнулі яго на бок, падумалі як аблегчыць яму рух рукой — і дзіця паварушыла рукой, каб пагуляць! Гэта вялізны для яго крок, бо задзейнічана вялікая колькасць суставаў. І такіх прыкладаў шмат. Самае важнае — правільна паставіць мэту, над якой будзеш працаваць з дзіцем.

Пра дрэнныя навіны і прафесійнае выгаранне

— Працаваць з цяжка хворымі дзецьмі кожны дзень — гэта нескладана, — упэўнены Юрый. — Негатыў — гэта адсутнасць разумення ў нашым грамадстве, што такое паліятыў. Часам даводзіцца чуць, што няма сэнсу працаваць з такімі дзецьмі. На мой погляд, кожны чалавек, жывучы ў грамадстве, павінен адчуваць абароненасць. Любы з нас раптоўна можа трапіць у паліятыўную групу — ісці праз дарогу, папасці пад аўтамабіль і назаўсёды застацца ляжачым хворым. Таму нельга пакідаць сам-насам бацькоў дзяцей, якія не маюць так званага рэабілітацыйнага патэнцыялу.

— Здараецца, хтосьці з выхаванцаў памірае...

— Дыягназы ў нашых дзяцей такія, што яны могуць сысці ў любы момант. Смерць — гэта заўсёды цяжка. Але працуючы ў паліятыве, штодзённа назіраем вынікі сваёй дапамогі. Я бачу дзіця, якое есць праз гастрастому, яму спастычнасць не дазваляе прыняць нейкую позу, за яго дыхае апарат... Але яно ўсміхаецца, бо я нешта памяняў, навучыў бацькоў, і я бачу, што яму добра. Вось гэта пераважае любы негатыў. З дыягназам «хранічная ныркавая недастатковасць» можна пражыць некалькі дзесяцігоддзяў, і ўсе мы робім так, каб дзіця ўдзельнічала ў жыцці, а не было назіральнікам. Многія лічаць, што хоспіс — гэта месца, дзе людзі паміраюць. На самай справе хоспіс — гэта месца, дзе людзі пачынаюць жыць лепш.

Вельмі часта выхаванцы хоспіса здзіўляюць сваіх куратараў. Гэта заўсёды ўзнімае настрой. І з'яўляецца добрай прафілактыкай прафесійнага выгарання.

— Дзеці развіваюцца, якая б хвароба ў іх ні была. Многае залежыць ад бацькоў і ад нас, у які бок памяняецца дзіця. Яно можа памяняцца і ў горшы бок, з'явяцца другасныя ўскладненні. Але калі мы разам з бацькамі працуем, стан мяняецца да лепшага. Часам здараюцца настолькі рэзкія перамены, што немагчыма не здзівіцца. Дзіця, якое не магло сядзець без поўнай падтрымкі, праз нейкі час самастойна сядзіць! Гэта той выпадак, калі яно перасягае пастаўленую табой мэту. Але мы, безумоўна, улічваем, што дыягназы складаныя, і ніколі не чакаем, што дзіця яе перасягне. Часта нават захаваць яго на пэўным узроўні — ужо дасягненне. Хвароба можа прагрэсаваць, і стан будзе пагаршацца. Яшчэ нядаўна дзіця магло сядзець, а зараз не можа. Але давайце зробім так, каб яно было шчаслівым лежачы.

P. S. Ужо 25 гадоў Беларускі дзіцячы хоспіс дапамагае цяжкахворым дзецям бясплатна, існуючы толькі на ахвяраванні.

Алена КРАВЕЦ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Місія — зламаць стэрэатып

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.