Вы тут

«Пакуль людзей забівалі, аркестр выконваў фашысцкія маршы»


Пра якія злачынствы фашыстаў сведчаць партызанскія газеты

«...Па пажарышчах адзінока бадзяюцца пагарэльцы. Каля абломкаў печы маці і чацвёра дзяцей пякуць бульбу. Два старыя недзе дасталі абгарэлыя дошкі і робяць труну для свайго суседа, цела якога яшчэ ляжыць на месцы гібелі — у кустах каля рэчкі, дзе стары хаваўся ад самалётаў. Асколкам бомбы знесла яму чэрап... Па вуліцы бяжыць, захлёбваючыся плачам, звар'яцелая жанчына сярэдніх гадоў. Падчас бамбардзіроўкі яна згубіла сваю пяцігадовую дачушку і зараз не можа яе знайсці.

А над суседняй вёскай кружыцца зграя чорных фашысцкіх сцярвятнікаў, густа кідаючы ўніз запальныя бутэлькі і бомбы... І так кожны дзень. У Ветрынскім раёне фашысцкай авіяцыяй спалена за апошні час больш за 50 вёсак...» Гэтыя радкі — з «Чырвонай звязды» за 30 кастрычніка 1943 года. Падпольныя і партызанскія газеты, якія выдаваліся на акупаванай тэрыторыі Беларусі, сведчаць пра масавыя забойствы мірных жыхароў. На іх старонках можна знайсці назвы спаленых вёсак, прозвішчы закатаваных людзей і жахлівыя аповеды пра злачынствы, што адбываліся на нашай зямлі.


Тактыка выпаленай зямлі

«Боль­шэ­вік Па­лес­ся» рас­каз­вае  пра жу­дас­ныя за­бой­ствы.

Непамерныя падаткі, якімі спачатку нямецкая акупацыйная ўлада абкладала насельніцтва, у 1943 годзе змяніліся сапраўдным рабаваннем: у сялян забіралі скаціну, прадукты, рэчы. У Мінскай, Гомельскай, Палескай, Магілёўскай абласцях спецыяльныя брыгады, створаныя акупантамі, адбіралі хлеб проста з палёў. Каб асудзіць насельніцтва на голад, у жніўні 1943 года немцы знішчалі палеткі, забаранялі пад страхам пакарання збіраць ураджай. Так, дзевяць фашысцкіх сцярвятнікаў наляцелі на палеткі вёсак Зелянковічы і Зубарэвічы. Самалёты абстрэльвалі з кулямётаў людзей, што працавалі на полі, кідалі бомбы і запальныя шашкі ў стагі і копы.

«Прайдзіце па вёсках Гаравыя, Лазовікі, Зарэчча — і вы ўбачыце выбітыя шыбы, паламаныя рамы, ушчэнт разбітыя дзверы...

Так выглядае кожная наша хата. Усё, што ў ёй было з гаспадарчых рэчаў — самавары, сталовыя лыжкі і відэльцы, аконныя завесы і ручкі, — забрана, відаць, на ваенныя справы. Астатняе — бязлітасна знішчалася. Лапці і тыя рваліся на кавалкі. Падвергліся вобыску нават смеццевыя ямы і прыбіральні», — скардзіліся сяляне партызанам, іх ліст друкуецца ў кастрычніку 1943 года ў «Чырвонай звяздзе».

Але самае страшнае, калі за рабаваннем ішлі масавыя расправы над жыхарамі — жывымі спальвалі сотні людзей, нікому не давалі шанцаў выжыць.

У газеце «Большэвіцкая трыбуна» (орган Барысаўскага гаркама і райкама КП(б) Б)) за 15 красавіка 1943 года знаходжу артыкул пра трагедыю ў Хатыні: «22 сакавіка фашысцкае звяр'ё ўварвалася ў вёску Хатынь Каменскага сельсавета Плешчаніцкага раёна. Усіх жыхароў вёскі яны сагналі ў два хлявы, насупраць дзвярэй хлявоў паставілі кулямёты. Хлявы абклалі саломай і запалілі. Калі палаючыя дахі пачалі абвальвацца на жанчын, старых і дзяцей, яны сталі выбягаць з хлявоў, а фашысты расстрэльвалі іх з кулямётаў. Усяго загінула ў агні і было расстраляна 304 чалавекі, паранена 9 чалавек. Усе дамы і халодныя пабудовы вёскі спалены». Таксама газета расказвае пра іншыя вёскі, якія былі знішчаны фашыстамі ў гэты час, — Богуты, Ляды, Прылепы, Пагарэльцы...

Пра вясковыя трагедыі ў газеты пісалі вяскоўцы, якім удалося ацалець, ці партызаны, якія пасля пагромаў прабіраліся на месцы трагедыі. Сведкі апісваюць жахлівыя падзеі, называюць прозвішчы ахвяр, — сярод якіх цяжарныя жанчыны, немаўляты, старыя. «Мы, сяляне вёсак Заполле, Камаровічы, Боркі, Фаставічы, праз газету «Звязда» хочам расказаць усім працоўным аб тых жудасных і крывавых злачынствах, якія ўчынілі гітлераўцы ў нашых вёсках у сакавіку месяцы 1943 года.

Раніцай, як зграя дзікіх звяроў, наляцелі гітлераўскія бандыты на вёску Заполле. На гэты раз яны не стралялі з аўтаматаў і кулямётаў, а з нажамі ў руках урываліся ў хаты і выразалі адну сям'ю за другой. Ні малым, ні старым, ні хворым не давалі літасці. Выразалі ўсіх пагалоўна.

Ад крывавых рук гітлераўскіх людаедаў загінулі Ева Талецкая і Ганна Карнейчык з малымі дзецьмі. Стасю Трухановіч і трое яе дзяцей яны закалолі штыкамі. Нямецкія душагубы запалілі вёску. А потым лавілі яшчэ застаўшыхся старыкоў, жанчын, дзяцей і кідалі жывымі ў агонь...»

31 жніўня 1943 года «Чырвоная звязда» друкуе ліст партызанаў, якія абяцаюць адпомсціць ворагу за гібель ні ў чым не вінаватых людзей: «Нядаўна фашысцкія зверы спалілі зажыва ў вёсцы Гурц 60-гадовую Данішэўскую Вікторыю. 38-гадовай Цюлькевіч Еве гітлераўскія людаеды адрубілі рукі і ногі, а пасля жалезным крукам зачапілі за падбародак і павесілі. Яе 14-гадовую дачку Ядзю таксама павесілі. Такіх фактаў фашысцкіх зверстваў можна прывесці дзясяткі...»

Вяскоўцаў закопвалі паўжывымі ў зямлю, заганялі на мінныя палі, закідвалі трупамі калодзежы, а часам кідалі туды і жывых. У вёсцы Вужынец Калінкавіцкага раёна немцы спалілі больш за сто двароў. 30 старых і дзяцей яны кінулі жывымі ў калодзеж і засыпалі зямлёй. У Хойніцкім раёне людзей секлі сякерамі, рэзалі і калолі кінжаламі....

Газеты сведчаць пра дзікія, вар'яцкія забойствы. «Нечуваным мукам падверглі нямецкія дзікуны 70-гадовую Сокал Ганну, грамадзянку вёскі Міхедавічы Петрыкаўскага раёна. Ёй злупілі з рук скуру, збілі ўвесь твар, а потым павесілі. 89-гадоваму Налецка Арцёму яны выкалалі вочы. Акуліч Агапу, 65 год, бандыты абклалі саломай і спалілі». «Гэта яны, фашысцкія канібалы, прывязалі да слупа і спалілі 80-гадовага дзеда Ціта Ушака ў Какуевічах. Гэта яны выкалалі вочы Маланні Ходзька ў Бабунічах. Гэта яны нацкавалі сабак на сялян вёскі Нязнанне, запраглі ў калёсы нашых людзей у Зарэчцы», — расказваў у жніўні 1943-га «Большэвік Палесся», ён жа напісаў пра трагічную смерць калгасніцы Гэлі Царык з вёскі Макраны Глускага раёна. Змучаную і збітую прыкладамі жанчыну заперлі з грудным дзіцем у хаце, напоўненай саломай і падпалілі. А калі яна з немаўляткам выскачыла з палаючай хаты ў акно, злавілі, звязалі разам з дзіцем вяроўкамі і кінулі ў агонь.

На расправу выпраўлялі не толькі нямецкія гарнізоны, вёскі бамбілі з самалётаў. «Чорныя трубы, як помнікі вялікіх злачынстваў гітлераўскіх мярзотнікаў, радамі высяцца на месцах квітнеючых беларускіх сёл і вёсак. Іх дзясяткі і сотні, гэтых мірных паселішчаў, ад якіх засталіся толькі назвы. Гэты жудасны малюнак можна назіраць у Сенненскім, Талачынскім, Бешанковіцкім, Чашніцкім, Лепельскім і другіх раёнах Беларусі. На вуліцах і агародах злавесна зіяюць вялікія варонкі. Гэта вылюдак Гітлер супраць старых, жанчын і дзяцей пасылае бамбардзіроўшчыкі, якія загружаны запальнымі сумесямі і фугаснымі бомбамі... Вось Рыдомльская воласць Талачынскага раёна. У ёй уцалелі пакуль толькі дзве вёскі, усе астатнія спалены. У Рыдомлі гітлераўскія палачы з абыякавасцю прафесійных забойцаў разарвалі дзясяткі людзей, кідалі ў полымя, у калодзежы старых і дзяцей. Зусім нядаўна, у лістападзе, гітлераўскія гады спалілі адзінаццаць вёсак Сенненскага раёна — Алексінічы, Зяньковічы, Шынкова, Барок, Леснікова, Казадой, Ляўкова, Рай, Вялікае Сяло, Жохава, Лугі. Усяго згарэла 578 дамоў... У другіх вёсках гітлераўскія разбойнікі на самалётах ганяліся за жанчынамі і дзецьмі, якія ўцякалі з палаючых хат, асыпалі градам куль («Чырвоны хлебароб», 5 снежня 1943 года).

Некаторым вяскоўцам давялося перажыць не адну расправу. Людзі са спаленых вёсак хаваліся ў балотах і лясах, туліліся ў наспех вырытых зямлянках, але і там да іх дабіраліся фашысты падчас карных аперацый. «Ратуючыся ад расстрэлаў і ўгону ў Германію звыш 10 000 мірных грамадзян хаваліся ў Шчаглоўскім лесе. Немцы абкружылі лясны масіў, на працягу некалькіх дзён абстрэльвалі яго з артылерыі і мінамётаў, а затым бамбардзіравалі. Гітлераўцы забілі за гэты час, па далёка не поўных даных, звыш 2000 мірных жанчын старых і дзяцей», — паведамляў «Чырвоны хлебароб» 18 сакавіка 1943 года.

«Чыр­во­ны хле­ба­роб». Пар­ты­за­ны кля­нуц­ца ад­помс­ціць за спа­ле­ныя вёс­кі.

У фашысцкай няволі

Бывала, частку людзей у вёсцы спальвалі, а працаздольнае насельніцтва вывозілі. Вайна, якая зацягнулася, выклікала ў Германіі востры дэфіцыт рабочых рук. Праблема вырашалася за кошт захопленых тэрыторый. З Беларусі было вывезена каля 400 тысяч чалавек. Часта нявольнікі гінулі ў дарозе ад голаду, хвароб і нямецкіх куль.

«Было гэта восенню 1942 года. Вёску Аляксандраўка Ельскага раёна акружылі з усіх бакоў гітлераўцы. Закрыўшы ўсе выхады з вёскі, яны сілком сабралі ўсю моладзь і, як жывёлу, пагналі ў Ельск. А там, у хлявах і абгароджаных калючым дротам кашарах, пад узмоцненай аховай жандармаў і паліцэйскіх, ужо знаходзіліся сотні юнакоў і дзяўчат, якія прайшлі «камісію» альбо чакалі сваёй чаргі.

Так праходзіла чарговая адпраўка нявольнікаў у Германію. Толькі з аднаго Ельскага раёна было загнана ў фашысцкае рабства больш 3000 чалавек», — пісаў «Большэвік Палесся» ў сакавіку 1943 года. На акупаванай тэрыторыі вялася прапаганда, каб завабіць моладзь на працу ў Германію. А партызанскія і падпольныя друкарні праз газеты і ўлёткі паказвалі, што насамрэч чакае хлопцаў і дзяўчат у Нямеччыне. У тым ліку яны друкавалі і лісты остарбайтараў.

«Хлебоўскага я даўно ўжо не бачыла, затое Буракоўскага бачу кожны дзень. Жыву добра, як дзядзька Зміцер, што на канцы сяла...» — такі ліст быў атрыманы з Германіі ў вёсцы М. Бацькі адразу разгадалі, што дачка галадае, замест хлеба яе кормяць буракамі, а дзядзька Зміцер — жабрак, вядомы ва ўсіх навакольных вёсках.

«Большасць маіх сябровак выйшла замуж за англійскіх лётчыкаў. Я пашыла сабе сукенку з адным рукавом. Мабыць, таксама выйду за лётчыка...» І тут разгадка была хуткай. Часта нявольнікаў адпраўлялі працаваць на нямецкія ваенныя заводы, якія бамбілі саюзнікі. Многія работнікі загінулі ў выніку англійскіх бамбардзіровак. А аўтарка ліста, відаць, засталася без рукі і чакае сваёй гібелі...

Бясплатная рабочая сіла выкарыстоўвалася і непасрэдна на захопленай тэрыторыі. «Васілевіцкі торфазавод немцы ператварылі ў нявольнічы лагер. Зараз там тамяцца ў страшэнных пакутах 450 савецкіх грамадзян, з іх 230 падлеткаў ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў.

Ад цямна да цямна працуюць нявольнікі, атрымліваючы два разы ў дзень поліўку з бураковага бацвіння. За малейшую дробязь немцы б'юць совецкіх людзей шампаламі, прыводзячы іх да беспрытомнасці. Ад пабояў і непасільнай працы многія сталі інвалідамі. У лагеры шырока распаўсюджаны эпідэмічныя захворванні», — пісаў «Большэвік Палесся» ў жніўні 1943 года.

«Новы парадак»

Партызанскія і падпольныя газеты пісалі і пра так званы новы парадак, які фашысты ўсталявалі на захопленых тэрыторыях. Расказвалі пра пакаранні падпольшчыкаў і застрашвальныя аперацыі, гвалтаванні дзяўчат, пра знішчэнне яўрэяў, пра тое, як дзяцей разрываюць на кавалкі і выкідваюць у вокны, як людзей атручваюць газам у машынах смерці, празваных «душагубкамі», пра тое, што любы бандыт, які знаходзіцца на нямецкай службе, можа беспакарана чыніць расправу. «Гітлераўцы вывезлі ў Германію ўсе харчовыя запасы, якія ім удалося захапіць у Слоніме, і горад асудзілі на голад. Увесь гандаль з прыходам фашыстаў спынен. Гітлераўцы выдаюць у дзень па 200 грамаў хлеба тым, хто працуе ў іх. Захворваемасць і смяротнасць ад голаду набылі каласальныя памеры. Колькасць насельніцтва, у параўнанні з даваеннай, у многа разоў зменшылася. І над усім гэтым запусценнем, голадам, разбурэннем узнімаецца ўстаноўленая на кірмашнай плошчы шыбеніца — сімвал гітлераўскага «новага парадку», — пісала «Чырвоная звязда» ў лютым 1944 года...

«Гарадскі пасёлак змяніў сваё аблічча. Ён стаў могілкамі працоўных. Школа, клуб, магазіны сталі камерамі смерці. Электрычныя слупы ператвораны ў шыбеніцы. Чалавечай крывёй забрызганы тратуары... Тысячы забітых замучаных жанчын, дзяцей, старыкоў ляжаць у гэтых ямах. Дзясяткі рук без пальцаў, выламаных ног тырчаць з зямлі і нібы просяць дапамогі...

Немцы закрылі нашы школы і ператварылі іх у камеры смерці... У нашых школах мучаць людзей, ломяць ім рукі, ногі, выбіваюць вочы», — пісала пра трагедыю Рудзенска ў ліпені 1943 года газета «Большэвіцкі сцяг».

«Боль­шэ­віц­кі сцяг». Ну­мар за 14 лі­пе­ня 1943 го­да апіс­вае, што ста­ла­ся з га­рад­скім па­сёл­кам Ру­дзенск.

З пажоўклых старонак можна дазнацца пра малавядомыя забойствы людзей, знайсці інфармацыю пра злачынствы, пра якія раней яшчэ нідзе не згадвалася. «Пасля няўдалай блакады партызанскіх атрадаў гітлераўскія мярзотнікі ў чэрвені гэтага года прывязлі ў Мінск мірных грамадзян з некалькіх вёсак Лагойскага раёна. Аддзяліўшы моладзь, гітлераўцы пагналі яе на катаржныя работы ў Нямеччыну. Астатніх жа — старых, жанчын і дзяцей, прыгналі на могілкі і пачалі знішчаць.

Каб заглушыць крыкі, плач, стогны расстрэльваемых людзей, фашысцкія звяры прывялі на месца гэтай бойні духавы аркестр. У той час, калі гэтыя людаеды знішчалі ні ў чым не павінных грамадзян, аркестр выконваў фашысцкія маршы. Пад музыку было знішчана больш за 300 чалавек», — пісала «Большэвіцкая трыбуна» ў кастрычніку 1943 года.

Партызанскія і падпольныя газеты яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Яны могуць расказаць пра месцы, дзе адбываліся як масавыя забойствы, так і пакаранні асобных сем'яў за сувязь з партызанамі. Яны дапамогуць вярнуць памяць пра ахвяр Вялікай Айчыннай, якіх мы дагэтуль не палічылі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.