Вы тут

Нам неабходна сістэма суправаджэння сем'яў з асаблівасцямі


У нашай краіне ў цэлым нядрэнна выбудавана сістэма падтрымкі неўладкаваных сем'яў з дзецьмі. Калі размова ідзе пра залежных бацькоў. Але ёсць іншая катэгорыя сем'яў. Яны вельмі розныя, але маюць дзве агульныя рысы: бацькі ў іх не злоўжываюць алкаголем, але ім пастаўлены той або іншы... дыягназ.


Сям'я М. стварылася 15 гадоў таму. «Я Наташу адразу палюбіў, — прызнаецца Аляксандр. — Пажаніліся, і жонка зацяжарала двайнятамі. У нас нарадзіліся два сыны».

Роды ў Наталлі былі цяжкімі... Хлопцы з'явіліся на свет неданошанымі. Праблемы пачаліся амаль адразу. Дзеці хварэлі і часта плакалі.

«Нягледзячы на тое, што нам дапамагала бабуля Наталлі, у якой мы жылі, — я памятаю, што мы ўсе не высыпаліся. Досведу ў выхаванні здаровых дзяцей у нас не было, не тое што хворых. Нам было вельмі цяжка», — успамінае Аляксандр. Яшчэ ў радзільні маладых бацькоў папярэджвалі, што з Кірылам і Сашам (так назвалі двайнят) будуць цяжкасці.

«Я проста разрываўся паміж работай і домам, а дзеці плакалі! Мне здавалася, што яны ўвесь час плачуць». Потым бацькі заўважылі, што Саша стаў сінець. Аказалася, у малога сардэчная недастатковасць. Была патрэбна аперацыя. Нервы, хваляванні, рэабілітацыя... Перамаглі. Дзеці раслі, надышоў час ісці ў садок. І тут пачаліся праблемы ўжо іншага роду.

«Нас пастаянна выклікалі ў яслі: то малыя кагосьці паб'юць, то цацкі забяруць, то нешта разаб'юць, то істэрыкі ўчыняюць... Узнікалі праблемы і з бацькамі іншых дзяцей, і з выхавальнікамі. Гэта такі ціск, калі ўсе незадаволены тваімі дзецьмі. Ды і дома з імі не заўсёды ўдавалася справіцца. Паспрабавалі перавесці ў іншы садок... І там узніклі тыя ж самыя праблемы. Спецыялісты прапанавалі нам аддаць дзяцей у карэкцыйную ўстанову. Так было афіцыйна прызнана, што ў іх ёсць асаблівасці ў развіцці. Але мы ўсё ж спадзяваліся, што малыя перарастуць. На жаль, цуду не здарылася...»

Калі надышоў час ісці ў школу, іх накіравалі адразу ў дапаможную, для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. Кірылу і Сашу далі інваліднасць. У хуткім часе ў сям'і нарадзіўся трэці хлопчык Максім. Ён быў здаровы і развіваўся згодна са сваім узростам.

«Разумееце, мы гадавалі сваіх дзетак як умелі. Лічу, што ў малых было ўсё неабходнае: адзенне, ежа, кнігі, цацкі... У той дзень я быў вельмі стомлены. У дзяцей здарылася чарговая істэрыка. Я не ведаў, што рабіць... Сарваўся... Прызнаю сваю віну, паступіў непедагагічна — адлупцаваў іх. Разумею, што нельга прымяняць фізічнае пакаранне для малых. Зараз дзякуючы нашым органам апекі скончылі з жонкай некалькі курсаў па выхаванні дзяцей. Але тады здарылася ўсё хутка: прыехала міліцыя і дзяцей адабралі. На камісіі высветлілі, што мая жонка мае дыягназ «лёгкая разумовая адсталасць». І ўсё. Аказалася, яна не можа выхоўваць дзетак паводле дыягназу, а я... Мяне пазбавілі бацькоўскіх правоў. Як жа так? Мы дзесяць гадоў выхоўвалі нашых дзетак, і ўсё было нармальна. А тут раз... І наша кватэра пустая».

Старэйшых дзяцей накіравалі ў дапаможную школу-інтэрнат, а малога забрала сваячка пад апеку... Наташа ў той час не працавала. У Аляксандра сталі вылічваць грошы на дзяцей у памеры 70 працэнтаў ад заробку. Жыве сям'я ў Оршы, дзе зарплаты невялікія. У выніку пасля аплаты камунальных паслуг на жыццё не заставалася грошай... Па сутнасці, карміла іх бабуля за сваю невялікую пенсію. Так і жылі, пакуль знаёмыя не падказалі звярнуцца да Алены Кашынай. Гэта жанчына валанцёрыць: дапамагае сем'ям, якія аказаліся ў крызісным становішчы, мае юрыдычную адукацыю, раней працавала прыёмнай мамай, а зараз — апякун.

Але­на Ка­шы­на да­па­ма­гае сем'­ям,  якія ака­за­лі­ся ў кры­зіс­ным ста­но­ві­шчы.

«Сям'я была проста ў адчаі, — расказвае Алена. — Яны пакутавалі ад разлукі са сваімі дзецьмі і, па сутнасці, галадалі. Я была настолькі ўражана іх расказам, што адразу кінулася ім дапамагаць. Разумееце, аддзел адукацыі зрабіў быццам бы ўсё правільна. Але ніхто не ўлічваў асаблівасці сям'і. У гэтых людзей проста не хапае кампетэнцый, каб нават паспрабаваць паменшыць памер адлічэнняў і не вісець на шыі ў бабулі...»

Праз некаторы час яны здолелі дабіцца змяншэння адлічэнняў на дзяцей. Дамагліся, каб бабулі Наталлі далі пад апеку старэйшых хлопцаў. Наталля аформілася даглядаць уласных дзяцей і атрымлівала дапамогу ад дзяржавы. Кожны дзень ходзіць да сваёй бабулі дапамагаць выхоўваць малых. Аляксандр не пакідаў спробы аднавіцца ў бацькоўскіх правах і вярнуць усіх дзяцей у сям'ю. У хуткім часе ў Наталлі нарадзілася дачка Ангеліна, і жанчына пайшла ў дэкрэт. Муж разумее, што жонка мае пэўныя абмежаванні і ёй патрэбна дапамога. Больш за тое, Наталля працягвае хадзіць дапамагаць сваёй бабулі, але ўжо з немаўляткам на руках. Бацька ж увесь дзень на працы і часта наведвае сацыяльны прытулак, каб пад наглядам спецыялістаў размаўляць па скайпе са сваім трэцім сынам, якога апекуны павезлі з сабой у Расію. Па законе зносіны павінны быць зафіксаваны, гэта адна з умоў вяртання дзяцей дамоў.

«Мы паспрабавалі аформіць дэкрэтны водпуск на мужа, бо ў Наталлі ж дыягназ і яна быццам бы не можа выхоўваць дачку, — разважае Алена Кашына. — Але ж у нас не атрымалася. Каб аформіць дэкрэтны на бацьку, патрэбна заключэнне УКК, што маці не можа выконваць свае абавязкі. Аднак заключэнне немагчыма атрымаць, пакуль чацвёртае дзіця не адбяруць з сям'і! Але навошта ім заключэнне пасля адабрання дзіцяці? Тады мужу ўжо і дэкрэтны будзе непатрэбны! Яму патрэбен водпуск, каб даглядаць дзіця і дапамагаць жонцы».

Усё ж вырашылі і гэту праблему. Аформілі Наталлю як рамесніка, і тады Аляксандр атрымаў дэкрэтны водпуск. Такім чынам дапамагалі адно аднаму, разрываючыся паміж домам, дзецьмі, якія выхоўваюцца бабуляй, і сацыяльным прытулкам. Але ўзнікае пытанне: чаму людзі павінны шукаць нейкія шчыліны ў заканадаўстве, каб проста зберагчы сваю сям'ю?

«Канешне, складанасці ў гэтай сям'і ёсць, — кажа Алена.— Але я катэгарычна не згодна з тымі, хто заяўляе, што такім людзям нельга нараджаць і ствараць сем'і. Права ствараць сям'ю і жыць разам са сваімі дзецьмі павінна быць ва ўсіх. Так, яны адрозніваюцца ад іншых, але гэта не дазваляе іншым вызначаць жыццё такіх сем'яў. Сёння ж нікога ўжо не абураюць пандусы. Усе нармальна ставяцца да людзей з інваліднасцю... Разумеюць, што для іх трэба крыху змяніць нашае асяроддзе, і яны змогуць нармальна жыць побач з моцнымі і здаровымі людзьмі. Па сутнасці, такім сем'ям, дзе бацькі маюць пэўны дыягназ, патрэбен той жа «пандус».

Думаецца, надышоў час стварыць нейкую сістэму, якая б забяспечвала суправаджэнне такіх сем'яў. Ну і сапраўды: залежных наведваюць цэлымі камісіямі, і калі патрэбна прывесці чалавека на працу, нават з міліцыяй прывядуць! Да тых жа матуль, у якіх нарадзіліся двайняты, і пажылых людзей прыходзяць дапамагаць сацыяльныя работнікі. А людзі з дыягназам, якія не ўпісваюцца ў гэту сістэму, аказваюцца сам-насам са сваёй бядой. Адны страчваюць дзяцей і пакутуюць, іншыя шукаюць дапамогу, спадзеючыся на міласць тых, хто побач. Так, напрыклад, сям'я Ігара з Маладзечна доўга дабівалася дапамогі. Ігар са сваёй жонкай сляпыя. У іх нарадзілася двое дзетак. З кожным годам бацькам станавілася цяжэй выхоўваць малых. Што рабіць? Аддаць дзяцей у дзіцячы дом? Сярод блізкіх сяброў сям'і быў чалавек, які дапамагаў ім час ад часу. Ён і пагадзіўся жыць побач. Але як аформіць сваіх дзяцей пад апеку гэтаму чалавеку? Яны накіраваліся ў аддзел адукацыі і прызналіся, што самі ўжо не спраўляюцца. Іх дзецям патрэбен апякун, які будзе дапамагаць з выхаваннем. «Справа ў тым, што мы не хочам нікуды аддаваць нашых малых, — тлумачыць Ігар. — Але каб ім назначылі апекуна, зноў жа патрэбна атрымаць заключэнне УКК, а каб атрымаць гэтае заключэнне, нам трэба зрабіць так, каб нашы дзеці аказаліся ў небяспечным становішчы! Мы не хочам, каб нас каралі за тое, што мы НЕ МОЖАМ даглядаць дзяцей як здаровыя людзі... Нам проста патрэбна дапамога». Хочацца адзначыць,што дзяржаўныя органы звычайна ідуць насустрач такім сем'ям. Але не кожнай сям'і шанцуе сустрэць на сваім жыццёвым шляху чалавека з вялікім сэрцам. І тады сем'і з апошніх сіл выкручваюцца, прыдумляюць розныя «схемы», каб быць побач са сваімі дзеткамі. А тыя, хто не здолеў знайсці выйсце, пакутуюць ад разлукі. Па сутнасці, пакутуюць праз тое, што ў іх ёсць дыягназ.

Напрыклад, тыя ж Аляксандр і Наталля — уразлівая сям'я. У Наталлі лёгкая ступень разумовай адсталасці. Калі сям'я жыла разам з бабуляй, у іх было пэўнае суправаджэнне ад роднага чалавека. Дзеці раслі, а бабуля дапамагала Наталлі. Як толькі яны пераехалі ў сваю кватэру, хутка страцілі дзяцей. Ва ўпраўленні па адукацыі Аршанскага раёна, куды мы звярнуліся па каментарый на конт гэтай сітуацыі, сказалі: «Задача органаў апекі — здзяйсняць абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей, чые бацькі не выконваюць ці неналежным чынам выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей».

Наталля і Аляксандр і рады былі б выконваць свае абавязкі належным чынам, але не хапае ў іх для гэтага кампетэнцый. З боку спецыялістаў з сям'ёй усё ж праводзілася праца згодна з заканадаўствам: «Органы апекі не толькі кантралююць, але і аказваюць дзейсную падтрымку і дапамогу такім сем'ям: псіхолага-педагагічную, прававую, матэрыяльную, садзейнічаюць у працаўладкаванні бацькоў, каб дзяцей не прыйшлося разлучаць з імі», — гаворыцца ў каментарыі. Але здаецца, сям'я мае патрэбу не ў часовым, а ў рэгулярным суправаджэнні. Дзеці растуць, і іх патрэбы таксама мяняюцца. Наталля і Аляксандр любяць сваіх малых і гатовы іх выхоўваць, але ім патрэбны чалавек, які проста ў пэўны момант падкажа, што рабіць, не чакаючы крызіснага стану, калі дзяцей ужо трэба забіраць. Калі б сям'ю наведваў спецыяліст, які б мог падказаць бацькам, як сябе паводзіць падчас істэрыкі ў дарослых дзяцей, як прывучыць малую да гаршка, як правільна гатаваць ежу для першага прыкорму і да т. п., то, магчыма, сям'я сёння не пакутавала б ад расставання. Спецыяліст абыдзецца дзяржаве значна танней, чым утрыманне трох дзяцей у дзяржаўнай установе. А малыя будуць расці ў сваёй сям'і і не атрымаюць адну з самых цяжкіх дзіцячых траўмаў — наступствы ад страты сваіх родных.

Тым больш у нашай краіне ёсць досвед вырашэння такіх праблем. Так, у 90-я гады ў нас не праводзілі работу з бацькамі, у якіх ёсць залежнасць. Звычайна дзеці траплялі ў дзяржаўную ўстанову, калі ў сям'і ўжо здаралася трагедыя ці малыя заставаліся ўвогуле без нагляду дарослых. Дзеці пасля адабрання з сям'і маглі месяцамі ляжаць у бальніцах, пакуль афармляліся дакументы. Сёння выпрацавана сістэма дапамогі такім сем'ям. З залежнымі праводзіцца сур'ёзная работа: іх уладкоўваюць на працу і лечаць. Органы аховы і правапарадку наведваюць іх дома, праводзяць з імі прафілактычныя гутаркі. Дзеці падчас прафілактычнай працы з бацькамі жывуць у спецыяльна створаных сацыяльных прытулках. Здаецца, надышоў час звярнуць увагу і на сем'і, у якіх ёсць пэўныя асаблівасці і патрэбнасці.

Кампетэнтна

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы Ірына РЫНЕЙСКАЯ:

— Права мець і выхоўваць сваё дзіця ёсць у любой сям'і, у тым ліку і ў сем'яў, дзе бацькі маюць інваліднасць ці іншыя захворванні. Адзначу, што ў нашай краіне ўмовы падтрымкі такіх сем'яў усё больш удасканальваюцца. Як прыклад, не так даўно ўведзена сацыяльная паслуга няні, якая аказвае дапамогу па доглядзе дзіцяці сем'ям, у якіх бацькі з'яўляюцца інвалідамі першай ці другой групы.

Безумоўна, праца ў гэтым кірунку павінна весціся і далей у рэчышчы міжведамаснага ўзаемадзеяння: органаў аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, дэпутацкага корпуса і грамадскіх арганізацый. У сістэме падтрымкі такіх сем'яў важныя два ключавыя моманты — здароўе і бяспека дзіцяці і гатоўнасць і здольнасць бацькоў яго выхоўваць.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.