Вы тут

На Гомельшчыне па выніках інвентарызацыі налічылі 261 крыніцу


На Гомельшчыне па выніках праведзенай у 2017—2018 гадах інвентарызацыі — 261 крыніца. Усе яны цяпер прывязаны да каардынат і апісаны. 130 з іх могуць патэнцыйна выкарыстоўвацца і для водазабеспячэння.


Фота fotobel.by мае ілюстрацыйны характар

— Трэба сказаць, што частка з крыніц у парадак прыведзена, — адзначае намеснік начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра і водных рэсурсаў Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Ткачоў. — І ўжо сёння ў гэтыя месцы пад'язджаюць людзі, каб напоўніць бутлі гаючай вадой. Але ж шмат дзе яшчэ неабходна добраўпарадкаваць тэрыторыю навокал і пачысціць крыніцы. Усім трэба памятаць пра тое, што рэсурсы вады не бязмежныя, а здароўе чалавека і жыццё залежаць ад яе колькасці і якасці.

З мэтай кантролю за якасцю вады з 1993 года ў Рэспубліцы Беларусі праводзіцца маніторынг паверхневых і падземных вод. Летась за станам паверхневых водных аб'ектаў, размешчаных на тэрыторыі Гомельскай вобласці, ажыццяўляліся назіранні ў 29 пунктах. Імі былі ахоплены 17 рэк, адно вадасховішча. У ліку самых важных кірункаў маштабнай экалагічнай кампаніі «Уладкуем малую радзіму» старшыня Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Сушчэвіч называе і добраўпарадкаванне крыніц:

— У першую чаргу будуць уладкаваны тыя, якія найбольш папулярныя сярод жыхароў той ці іншай мясцовасці.

Праблемамі вады і ўвогуле навакольнага асяроддзя ў вобласці актыўна займаецца Гомельская абласная грамадская арганізацыя «Асацыяцыя дзяцей і моладзі» (АСДЕМО). Дарэчы, на базе кафедры «Экалогія» Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прайшла адукацыйная экалагічная акцыя «У кроплі вады адлюстроўваецца свет».

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Гаючыя крыніцы малой радзімы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

На ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.