Вы тут

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі


Жаваранак

Нядаўна быў на сваёй «фазэндзе». Стаяла цудоўнае надвор'е: ярка свяціла сонейка, цяплынь разлеглася паўсюдна. Пад такі настрой хацелася пасля доўгай зімы паслухаць птушыныя спевы. Але іх чуваць не было: гаманлівыя шпакі, відаць, з выраю яшчэ не прыляцелі, а сінічкі са сваім пяшчотным ценьканнем некуды пахаваліся.

Я пастаяў у садку хвілін колькі і сабраўся ўжо рушыць у хату, як раптам улавіў меладычны гук-званочак, які, падалося, ліўся аднекуль зверху. Сцішыўся і, напружваючы слых, зірнуў на неба. Там, высока-высока, у ззяючай блакітнай сіняве, вісела нейкая чорная кропка. Няйначай жаваранак, мільганула думка. І ніхто іншы! Жаданы госць вясны! Я слухаў яго да таго часу, пакуль ён не знік з поля зроку.

Так ужо і атрымалася, што там, на дачы, памяць вярнула мяне ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя, калі я працаваў настаўнікам адной са школ Сельмашаўскага мікрараёна горада Гомеля. Аднойчы ў завадскім Палацы культуры давялося прысутнічаць на канцэрце мастацкай самадзейнасці. Калі канферансье аб'явіў, што чарговым нумарам будзе «Жаваранак» Міхаіла Глінкі, я не разабраў прозвішча выканаўцы. Затое добра разгледзеў яго. Сярэдняга росту, прыгожа апрануты, асцярожныя крокі па сцэне.

Усе сціхлі, калі пачуліся першыя меладычныя гукі. Танюсенькія, ціхенькія, нясмелыя, яны станавіліся ўсё званчэй і званчэй і раптам хлынулі ў залу, запоўніўшы яе пявучай паводкай. Гэтак жа нечакана яны абарваліся на самай высокай ноце. І ў тое ж імгненне зала ўзарвалася апладысментамі. Музыка нізка пакланіўся, і, калі вядучы праграмы аб'явіў, што перад намі выступаў невідушчы работнік Гомельскага вучэбна-вытворчага прадпрыемства сляпых Адам Данчанка, гледачы запляскалі яшчэ дружней.

...Вечны змрок ахутаў вочы хлапчука Адама Данчанкі з вёскі Дуброўна Брагінскага раёна на першым годзе жыцця. Калі ён пачаў падрастаць і ўжо асэнсоўваў, у якім апынуўся становішчы, неадчэпныя, трывожныя і адчайныя думкі ўсё роўна не пакідалі яго: няўжо слепата на ўсё жыццё авалодала яго істотай? Так, сцвярджалі ўрачы, змяніць нічога нельга.

Адам разумеў іх добра: вярнуць натуральны зрок яму не ўдасца ніколі. Але ці можна, калі праявіць волю, настойлівасць, напоўніцу выкарыстаць прыродную кемлівасць, розум, у рэшце рэшт, адчуваць сябе відушчым?

— Хочаце верце, а хочаце — не, — апавядаў мне Адам Васілевіч, — нешта кранулася ў маёй душы, калі ў пяцігадовым узросце пачуў на полі нейкую птушыную песеньку, якая так усхвалявала мяне сваімі чароўнымі званочкамі, што я спытаў у бацькі, чыя яна? Жаваранка, быў адказ. Бацька захапляўся музыкай і на сваім гармоніку нярэдка граў, як казаў, «Жаваранка» рускага кампазітара Глінкі. Вось тады мне неадольна захацелася навучыцца авалодаць гэтай мелодыяй.

Каб здзейсніць гэта, спатрэбіўся не адзін дзясятак гадоў. Дапытлівы юнак прагнуў ведаў, шукаў дарогу, каб разарваць вечную заслону змроку, наканаваную яму лёсам. Ён паступіў спачатку ў Магілёўскую, а затым Ленінградскую завочную школу для сляпых, стаў працаваць настаўнікам спеваў у Астраглядаўскай сярэдняй школе, куды са сваёй вёскі хадзіў за тры кіламетры без усякага павадыра і ніводнага разу не заблудзіўся.

Потым лёс звязаў яго з Гомелем, дзе ён пачаў працаваць на вышэйназваным прадпрыемстве, дзе стварыў сям'ю, атрымаў кватэру і дзе... вырашыў паступіць у мясцовае музычнае вучылішча імя Н. Ф. Сакалоўскага. Калі будзе атэстат за восем класаў, сказалі там, тады і прыходзь. І ён прыйшоў, у сорак пяць гадоў адолеўшы школу рабочай моладзі. Вучыўся ж паралельна са сваімі двума сынамі (тыя, вядома ж, у сярэдняй школе). За той час Адам Васілевіч уважліва перачытаў кнігі Мікалая Астроўскага «Як гартавалася сталь», Барыса Палявога «Аповесць аб сапраўдным чалавеку», Уладзіміра Караленкі «Сляпы музыкант» і іншыя, у якіх чэрпаў сілу. Калі ж стаў завочнікам, падручнікі з рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля атрымліваў з Масквы. У многім дзякуючы чаму авалодаў акардэонам, баянам і кларнетам.

І яшчэ. На прадпрыемстве мне расказалі пра тое, што Адам Данчанка з'яўляўся адзіным сляпым, які паспяхова спраўляўся з вельмі складанай аперацыяй па зборцы паніжальных трансфарматараў для лямп дзённага асвятлення. А таксама пра тое, што ў Палацы культуры «Гомсельмаша» ён упершыню сыграў на баяне «Жаваранка», які не даваўся яму цэлымі гадамі.

Так вось залатыя рукі, настойлівы характар і пытлівы розум Адама Васілевіча Данчанкі, якога ўжо няма на гэтым свеце, зрабілі яго відушчым.


Грыбная падзяка

Калі Міколу Хутарному трэба было сустрэцца са сваім сябрам Астапчуком ці нешта ўдакладніць у яго, ён абавязкова вырашаў гэтае пытанне з дапамогай тэлефона. На той жа раз заўсёды надзейная сувязь чамусь «баставала», а мабільнік цэлых паўтары гадзіны тлуміў адно і тое ж:
«абанент часова недаступны». З прычыны таго, што справа ў Хутарнога была неадкладная і да таго ж яшчэ, што ён на сваёй легкавушцы якраз праязджаў міма дома, дзе жыў Алег Антонавіч, то і вырашыў заскочыць да яго на пяты паверх. Дзверы адчыніў сам гаспадар, які растлумачыў, што два дні таму змяніўся нумар гарадскога тэлефона, а мабільнік ён адключыў сам, каб управіцца з работай.

— З якой яшчэ работай? — спрабаваў высветліць у яго Мікола Сяргеевіч. — Сёння ж выхадны...

— Для цябе, можа, і выхадны, а для нас, нечакана, рабочы. Лепш зірні сюды...

Тое, што ўбачыў Хутарны, выклікала ў яго пытанне:

— Гэта што: у лесе воўк здох? Вы — грыбнікамі сталі? Не веру...

Здзіўляцца сапраўды было чаму. У прасторнай зале на разасланай на падлозе цэлафанавай плёнцы ўперамешку з сасновым шыгаллем і пажаўцелым лісцем бярэзніку і асінніку высілася груда маслякоў, апенькаў, махавікоў, а на другой — ужо ачышчаных іх. Каля тых груд са сцізорыкамі ў руках сядзелі жонка Астапчука Яўгенія Максімаўна і яе бацька Максім Яфімавіч. Побач стаяла табурэтка, вядома ж, для Алега Антонавіча.

Пытанне госця было ўпаўне заканамерным. Бо Астапчукі ў адрозненне ад Хутарных на ўлонне прыроды выязджалі вельмі рэдка і збор грыбоў іх ніколі не цікавіў.

Аказваецца, Астапчукі ў той выхадны дзень пасля наведвання ў Рэчыцы радні Алега Антонавіча вярталіся ў Гомель і спыніліся ў лесе для адпачынку. І сваю «таёту» паставілі на палянцы недалёка ад «мерседэса», каля якога ляжала нейкая прасціна. Самі ж накіраваліся ў малады сасняк. Там на карачках некалькі чалавек збіралі грыбы. Астапчукі не заўважылі, як і самі так нечакана захапіліся «ціхім паляваннем», што адышлі ад таго месца і натрапілі на ладную сямейку апенек. Далей — болей: напароліся на чатыры прыгажуны-баравікі. Ахвота была б пахадзіць па лесе яшчэ, ды трэба было ехаць дадому.

І вось да іхняй легкавушкі падыходзяць гадоў пад пяцьдзясят мужчына і жанчына і пытаюць, ці не сустракаўся ім дзядок. Яму, глухаватаму, які нядаўна выпісаўся з бальніцы, было загадана не адыходзіць ад «мерседэса» і адпачываць на той прасціне, а ён некуды знік. Пэўна, заблудзіўся, а хутка ж вечар. Бачылі аднаго старога, быў адказ Астапчукоў. Дык Богам просім: пакажыце дзе. Ну як было адмовіць людзям у такой сітуацыі? На пошукі «вандроўніка» адправіўся разам з тым мужыком Алег Антонавіч. Калі стары знайшоўся, новая бяда ў той сямейнай пары выявілася: ў мужыка ключоў ад машыны няма. Згубіліся недзе, выпалі разам з кашальком, у якім былі і ключы ад кватэры.

75-гадовая жыхарка вёскі Смолка Чавускага раёна Марыя Зайцава на фоне буслоў, якія «красуюцца» на варотах аднаго з суседніх падворкаў. Фота Анатоля Клешчука.

Во праблема, дык праблема! Што рабіць? Кашалёк, вядома, не іголка ў стозе сена. Але ж і лес — не стог сена. Паспрабуй знайсці. Невядома, чым бы ўсё закончылася, калі б Яўгенія Максімаўна не даўмелася спытаць ва ўладальніка «мерседэса», а ці не поўзаў ён на карачках за маслякамі ў тым сасняку. Поўзаў, быў адказ. Усе чацвёра накіраваліся туды, і — во радасць! — кашалёк знайшоўся.

Удзячны мужчына спрабаваў даць Астапчукам за выручку дваццаць еўра (больш грошай на той момант у яго, казаў, не было), але тыя далікатна і катэгарычна адмовіліся. Калі ж яны на нейкі момант па пільнай патрэбе адлучыліся ад сваёй легкавушкі, то, вярнуўшыся, выявілі каля яе тую цэлафанавую плёнку з цэлай грудай грыбоў. З адпаведнай запіскай незнаёмцаў, якія ўжо ад'ехалі.

...Не буду сцвярджаць, што Астапчукі пасля такіх лясных прыгод сталі заядлымі аматарамі «ціхага палявання», але дакладна ведаю, што пэўную цікавасць да яго яны пачалі праяўляць. І што скласці ў гэтым пытанні канкурэнцыю сужэнцам Хутарным яны яшчэ наўрад ці змогуць.


І тут прабліснуў праменьчык сонца...

Апошняя дэкада кастрычніка мінулага года. Суботняя раніца. Надвор'е — дрэнь. Неба пасылае на зямлю то шэрую імжу, то сыпле на яе нудны сеянец-дождж. Тым не менш да кас чыгуначнай станцыі — чэргі. Бо — выхадны дзень. Адны пасажыры бяруць прыцэл на «ціхае паляванне» ў лесе, другія (і іх большасць) — на свае дачы, каб сабраць апошні ўраджай, пасадзіць дрэўцы, упарадкаваць соткі.

Надвор'е — дрэнь, і настрой у людзей — таксама дрэнь. Стаяць маўклівыя, панурыя, быццам не яны самі адпраўляюць сябе ў дарогу, а нехта іншы павыганяў іх на халадэчу, якая нечакана для ўсіх вытурыла цяпло нядаўніх сонечных дзянькоў.

Паперадзе мяне — гадкоў пад восемдзясят дзядок. Як і ўсе пасажыры, задуменны такі, самотны. Але варта было яму наблізіцца да касы, як умомант падбадзёрыўся, выпрастаў спіну і, хітравата зірнуўшы на касіршу, прамовіў:

— Два білецікі. Да Будаценя. І, калі ласка, чацвёрты спальны вагон.

Чарга заварушылася: дзівак ён, ці прыезджы які? Цягнік — прыгарадны, адкуль спальныя вагоны ў ім?

Але дзядок — нуль увагі на гэта і дадаў:

— Ніжняя паліца. Першае і другое месцы.

Касірша, відаць, была жанчына не «кыш-варона», бо, улавіўшы ў яго тоне жартоўную настроенасць, напэўна, вырашыла падтрымаць яе.

— А з кім, калі не сакрэт, вы едзеце?

Дзядок карцінна азірнуўся наўкола, прыгладзіў далоняй вусы і прыцішана, гуллівым тонам, сказаў:

— Не сакрэт. З любіміцай...

Гэтыя словы тут жа даляцелі да і без таго «натапыранай» чаргі, з якой хто-ніхто ўтаропіўся ў яго цікаўным позіркам, хто-ніхто з'едліва ўсміхнуўся, а нейкі мужчына нават выгукнуў:

— А дзядок яшчэ той жук! Малайчына!

Касірша між тым працягвала:

— Калі з любіміцай, дык вам лепей падыдзе не чацвёрты вагон, а пяты. Ён таксама спальны, але бліжэй да вагона-рэстарана.

— Вось дзякуй за параду, — дзядок адпусціў касіршы галантны паклон. — Сам неяк не датумкаў да гэтага. Яшчэ раз дзякуй, — і, не звяртаючы ні на кога ўвагі, накіраваўся да маладой жанчыны, што чакала яго каля акна.

Была яна такой рэдкай прыгажосці, што немагчыма было адвесці ад яе позірка: стройная, высокая, з задорнымі агеньчыкамі ў вачах, ладная станам і з усімі прывабнымі формамі расцвіўшай жаноцкасці. У самым соку, адным словам.

Чарга яшчэ больш напружылася: няўжо яна палюбоўніцай у гэтага грыба-смарчка? Які не толькі недамеркам-хударэбрыкам выглядае, але яшчэ і гадоў на сорак старэйшы за яе.

Не, не можа быць, каб каханка. Не пара ён ёй, не пара. Не таго поля ягада. Хоць чаго там? Свет здурэў. Аднаполыя шлюбы вунь шмат дзе ўжо дазволены, старых цягне на секс з малалеткамі...

Пакуль ішлі маўклівыя разважанні на гэты конт, адна маладзіца, вытыркнуўшыся з чаргі, з'едліва запытала ў дзядка:

— А білеты назад чаму не купіў? Няўжо на ноч нацэліўся? Дык глядзі, ці хопіць сіл.

На гэтую яўную падкавырку язык дзядка захадзіў гладка, на склад ды лад:

— А ці ведаеш, маладзіца, што запрэжаны конь, як кажуць, не падае? Сіл хопіць, толькі вось у любіміцы спытаю, а як у яе? Ці справімся да вечара? Дык што, любіміца, скажаш, — выгукнуў ён, — як дамаўляліся, на два дні застанёмся?

— Застанёмся. Новых уражанняў хоць набяруся, адпачну ў цябе. А Сяргей, муж, нікуды не падзенецца. Сцерпіць, — быў адказ.

Ён, гэты адказ, чамусьці ўвёў у злосць некалькіх кабет, якія ў хвост і грыву пачалі чыхвосціць парачку: яна — начны матылёк, прастытутка, а з яго парахня сыплецца. Як такіх зямля трымае?

Парачка гэтых зняваг на свой адрас не стала слухаць і пайшла да дызеля, а ў чарзе, напэўна, яшчэ доўга б славесна шкуматалі яе, калі б наперад не выступіла маладая дзяўчына.

— Прыкусіце языкі, жанчынкі, — сказала яна. — «Кавалер» Іван Іванавіч — з нашай дачы. Весялун, лапатун, свавольнік, гумарыст. Такіх кашалёў наплесці можа, што толькі вушы развесіш. Разыграў ён усіх нас сёння. А любіміца — гэта яго дачка Зінуля, што прыехала ў госці з Расіі.

І тут чарга грымнула такім рогатам, што ледзь не павыляталі вакзальныя вокны. Пасажырам да лямпачкі стала і шэрая імжа, і нудны сеянец-дождж. Бо ў іх настроі нечакана прабліснуў праменьчык сонца.

Уладзімір Пернікаў

Загаловак у газеце: Свае буслы

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. Рэпартаж

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. Рэпартаж

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.