Вы тут

Юрыдычную дапамогу аказваюць кантакт-цэнтры органаў прымусовага выканання


Месяц штодзённага біцця даўжніка па нагах металічным кіем. Такім у Расіі ў ХV—ХVІІІ стагоддзях было мінімальнае прымусовае судовае спагнанне, якое называлася «правеж». Праўда, пасля такога пакарання чалавек не тое што не мог вярнуць доўг, а ўвогуле станавіўся калекам. Праз такое бессэнсоўнае спагнанне і з'явілася ў рускай мове выслоўе «в ногах правды нет». Пад праўдай тады меўся на ўвазе той самы доўг, які чалавек не мог вярнуць. Сучасныя судовыя выканаўцы, вядома, ніякіх жахаў у дачыненні да даўжніка не прымяняюць, аднак невяртанне грошай, узятых у пазыку, — гэта і цяпер не вельмі прыемная з'ява, якая мае свае наступствы. Для спрашчэння стасункаў паміж даўжніком і выканаўцам з лета 2018-га ў краіне працуе кантакт-цэнтр органаў прымусовага выканання. За пару хвілін па тэлефоне можна атрымаць літаральна ўсю даведачную інфармацыю.


Фота: million-wallpapers.ru

Прапушчаныя званкі і аўтаінфарматар

Ці ёсць у мяне доўг? Дзе яго запазычанасць? Куды адвезці квітанцыю? Хто мой судовы выканаўца? Адкуль у мяне ўвогуле ўзялася запазыка? Як падаць дакументы на афармленне выканаўчага вядзення? Найбольш часта даведачна-інфармацыйнай службе органаў прымусовага выканання задаюць менавіта такія пытанні. У першы ж месяц работы кантакт-цэнтра сюды пазваніла больш за 200 чалавек. Цяпер штомесяц звяртаецца каля 650 грамадзян.

— Асноўная задача кантакт-цэнтра — паведамленне мінімальнага аб'ёму інфармацыі аб выканаўчым вядзенні: дзе яно знаходзіцца, хто выканаўца, яго кантакты, дні прыёму, сума запазычанасці, — расказаў галоўны судовы выканаўца Беларусі Дзмітрый Каваленка. — 60—70 працэнтаў запытаў маюць даведачна-інфармацыйны характар.

Доўжацца званкі па-рознаму. Як правіла, дзве-тры хвіліны, але ёсць размовы і па гадзіне. Аператары запісваюць тэму званка чалавека, каб высветліць, якія далейшыя крокі прымаць. Па пытаннях, якія задаюць найбольш часта, накшталт «Як спагнаць аліменты?» ці «Як разлічыць запазычанасць?», спецыялісты рыхтуюць адказы і размяшчаюць іх на сайце Міністэрства юстыцыі.

У кантакт-цэнтр можна пазваніць са стацыянарнага ці мабільнага тэлефона з 9 да 18 гадзін. Неадказаныя званкі не застаюцца без увагі — спецыяліст абавязкова перазвоніць.

— Нават калі чалавек паклаў трубку, не выслухаўшы да канца аўтаінфармацыю цэнтра, калі ўсе аператары занятыя, спецыяліст пасля абавязкова звяжацца з ім, — сцвярджае галоўны судовы выканаўца. — Аналізуючы званкі, мы высветлілі, што па рабоце некаторых асобных аддзелаў паступала больш за ўсё пытанняў. Таму ў гэтых структурах уведзены пілотныя рабочыя адзінкі — спецыялісты, на якіх з кантакт-цэнтра перанакіроўваюць асаблівыя званкі. І гэтыя людзі ў межах аддзела размаўляюць з чалавекам і адказваюць на хвалючыя яго пытанні.

У Мінюсце не выключаюць, што з часам у кантакт-цэнтры з'явіцца і аўтаінфарматар. Сістэма вызначыць, па якім пытанні звярнуўся чалавек — штраф, аліменты, падаткі, — і падбярэ адпаведныя адказы.

Скаргі, непаразуменні і страх інтэрнэту

Прымаць скаргі на дзеянні судовага выканаўцы ў абавязкі кантакт-цэнтра не ўваходзіць. Тым не менш чалавека ўсё роўна выслухаюць і раскажуць пра парадак працэсуальнага абскарджвання дзеяння або бяздзейнайсці службовай асобы. Растлумачаць, што выканаўца можа і павінен рабіць і якім чынам.

— Нельга спрабаваць вырашыць праз кантакт-цэнтр канфлікт паміж даўжніком і судовым выканаўцам. Па званку ніякія скаргі разглядацца не павінны. Калі ўжо накіпела, то напішыце заўвагі, а не так, што выгаварыліся і чакаеце, што вашы пытанні нехта пасля пойдзе вырашаць, — раіць Дзмітрый Каваленка. — У гэтым плане аператар павінен быць крыху і псіхолагам, каб знівеляваць праблему. Можа, чалавеку толькі і трэба, каб яго выслухалі. Аднак часта людзі не разумеюць памераў сваіх правоў, змешваюць словы з эмоцыямі, не хочуць разумець і чуць аператара. Аднойчы мне прынеслі паўтарагадзінны запіс з нецэнзурнай лексікай грамадзяніна, які толкам не мог растлумачыць, што ён хоча. У дадзеным выпадку гэта была падстава звярнуцца ў праваахоўныя органы, каб яны далі прававую ацэнку такім выказванням.

Часта бывае, што чалавек проста не разумее свайго судовага выканаўцу, нават калі той стараецца. Па меры сіл аператару трэба растлумачыць чалавеку даступнай мовай, у чым сутнасць праблемы і што яму трэба рабіць.

Адказы даведачнага характару схіляюць некаторых да думкі, што кантакт-цэнтр — гэта своеасаблівы аналаг рэестра даўжнікоў, які змешчаны на сайце Мінюста. Аднак у рэестры не ўбачыш, напрыклад, разліковыя рахункі, куды пераводзіць грошы, і не даведаешся, дзе шукаць судовага выканаўцу ці яго начальніка. Многія проста дагэтуль не ўмеюць або не хочуць карыстацца інтэрнэтам і камп'ютарам і ў той рэестр нават не глядзяць. Так што адзінае выйсце для іх — тэлефанаванне. Некаторыя не хочуць шукаць сайт ды яшчэ ўводзіць на партале свае пашпартныя даныя, бо баяцца, што злачынцы могуць іх скрасці і выкарыстаць, каментуе Дзмітрый Каваленка:

— Такія меркаванні беспадстаўныя, бо злучэнне ў нас на сайце абароненае. А задача кантакт-цэнтра — забяспечыць атрыманне ўсіх званкоў у рабочы час і зрабіць сістэму органаў прымусовага выканання максімальна адкрытай. У прыёмны дзень судовага выканаўцы аператары, дарэчы, маюць права нават пераключыць на яго нумар чалавека, каб вырашыць пытанне непасрэдна з ім.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Пра штрафы, аліменты, падаткі...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.

Культура

Рэжысёрка Улада Сянькова: Беларускае кіно можа лёгка ўвайсці ў моду

Рэжысёрка Улада Сянькова: Беларускае кіно можа лёгка ўвайсці ў моду

Прэм'ера карціны ІІ, якая адбылася на мінулым кінафестывалі «Лістапад», стала сапраўднай падзеяй з усімі належнымі атрыбутамі — гучным кантэкстам, натоўпам у кінатэатры ды доўгімі рэфлексіямі, якія пацвердзілі, што фільм трапіў у яблычак. 

Спорт

Дзяўчына выступае ў аматарскай хакейнай лiзе супраць мужчын i адкрывае свае асаблiвыя трэнажорныя залы

Дзяўчына выступае ў аматарскай хакейнай лiзе супраць мужчын i адкрывае свае асаблiвыя трэнажорныя залы

Наталля Аляксеенка — дзяўчына нетыповая: у дзяцiнстве яна не марыла стаць балерынай або гiмнасткай, хоць яе i цiкавiў спорт.