Вы тут

Бязвіз у Гродзенскай вобласці хочуць пашырыць яшчэ на тры раёны


Уладзімір Краўцоў адказаў на пытанні журналістаў падчас чарговай прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Іўі.


Хто дбае, той і мае

Фота БЕЛТА

Жыццё не стаіць на месцы, і многія эканамічныя паказчыкі таксама змяняюцца. Як адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, за першы квартал ужо можна сказаць, што ёсць чысты прыбытак у эканоміцы. Адзінае, што непакоіць, — гэта стратныя прадпрыемствы, іх нямала — 25 % ад агульнай колькасці. Таму зараз вядзецца аналіз іх дзейнасці.

Напрыклад, летась 450 мільёнаў рублёў страт атрымала АЭС. Здавалася б, чаму, яна ж яшчэ не запушчана? Але гэта страты будаўнічых работ за кошт курса валют. Таму ўлады будуць разбірацца і пры неабходнасці ўмешвацца.

Разам з тым вобласць захавала станоўчую дынаміку ў эканоміцы. Валавы рэгіянальны прадукт у мінулым годзе склаў 104 % — самы высокі паказчык у краіне. Варта адзначыць і рост экспарту. З пачатку года ён склаў 124 %. Гэта не выпадковы рост, адзначыў кіраўнік рэгіёна, а планамерная работа па выхадзе на знешнія рынкі.

Важны паказчык дзейнасці прадпрыемстваў — заработная плата. Яна фарміруецца зыходзячы з выпуску і продажу прадукцыі. Такім чынам, у снежні мінулага года рэгіён дасягнуў узроўню зарплаты ў 943 рублі. У першым квартале, як правіла, заробкі ніжэйшыя, і зараз яны па рэгіёне складаюць 835 рублёў. Але відаць дынаміка росту, бо гэты паказчык вышэйшы за леташні на 108 %, што дазволіць выйсці на прагнозныя паказчыкі. Зарплату ў 1 тысячу рублёў дасягнулі Гродна, Гродзенскі і Астравецкі раёны.

Інвестары прыходзяць

З сёлетніх праектаў — завод па выпуску лекавых прэпаратаў у Скідзелі, які рэалізаваны сумесна з індыйскай кампаніяй. Зараз там ідуць працэсы па сертыфікацыі медпрэпаратаў для ўнутранага і знешняга рынкаў, у прыватнасці расійскага. Толькі ў гэтым годзе плануецца прадаць туды прадукцыі на 40—50 мільёнаў долараў. З ліку буйных праектаў — будаўніцтва АЭС, дзе поўным ходам вядуцца мантажныя работы. Як вядома, пуск першага энергаблока павінен адбыцца ў канцы гэтага года. А другога — у канцы 2020-га.

У жніўні пачне дзейнічаць яшчэ адзін буйны завод па выпуску фанеры ў Смаргоні. Праект аўстрыйскай кампаніі «Кранаспан», якая развівае свае магутнасці ў Гродзенскім раёне, у Свіслацкім будуе лагістычны цэнтр. Дарэчы, у сакавіку ўведзены буйны транспартна-лагістычны цэнтр у Ашмянскім раёне каля міжнароднага пункта пропуску «Каменны Лог». Актыўна будуецца такі цэнтр у пункце пропуску «Бераставіца».

Завершаны праект па выпуску дацкай беконнай свініны ў Слонімскім раёне. Яго магутнасць — 6 тысяч тон жывой вагі штогод. Гэта амаль 50 тысяч галоў, і сёлета прадпрыемства выйшла на праектную магутнасць.

Што пасеем...

Мінулы год быў няўдалы: вобласць недабрала 400 тысяч тон збожжа. І яго трэба было знайсці, каб не страціць пагалоўе. Таму куплялі на біржах, у Расійскай Федэрацыі, бралі крэдыты. Гэта дазволіла захаваць статак. Уладзімір Краўцоў паведаміў, што ў цэлым летась атрымалі значны прыбытак у аграрным сектары — каля 140 мільёнаў рублёў. Гэта даволі значная лічба з улікам праблемнага года.

На сёлетнюю пасяўную забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі складае 80 % — гэта самы высокі паказчык у краіне. Ідзе сяўба ранніх культур. У гэтым годзе рэгіён ставіць задачу сабраць 1600 тон зерня.

Бязвіз пашырыцца?

Абласныя ўлады выйшлі з прапановай аб пашырэнні бязвізавай зоны.

— Мы выказалі намер уключыць туды Шчучынскі, Воранаўскі, Лідскі раёны і павялічыць тэрмін знаходжання турыстаў да аднаго месяца, — адзначыў Уладзімір Краўцоў. — Прапановы знаходзяцца ў стадыі ўзгаднення з рознымі ведамствамі. Гэта дасць дадатковы штуршок у развіцці турызму ў Гродзенскай вобласці.

Між тым работа па рэканструкцыі многіх аб'ектаў вядзецца актыўна. У рамках дзяржаўнай інвестпраграмы ідуць работы ў Старым замку. У 2020 годзе плануецца ўвесці першую чаргу. Сёлета — завяршыць рэканструкцыю другой вежы Лідскага замка і адкрыць яго для турыстаў. Асвойваюцца сродкі прэзідэнцкага фонду на Гальшанскім і Крэўскім замках.

Да 75-годдзя Гродзенскай вобласці ёсць намер увесці палацава-паркавы комплекс «Свяцк». У Іўеўскім раёне былы маёнтак Умястоўскіх — копію палаца ў польскіх Лазенках — выкупіў беларускі інвестар і пачаў яго аднаўляць. У вобласці ёсць іншыя маёнткі, якія купілі прыватныя інвестары і робяць турыстычныя аб'екты.

Будзе працягвацца работа па ўшанаванні вядомых асоб старажытнага горада. Непадалёк ад Старога і Новага замкаў нядаўна з'явіўся помнік Давыду Гарадзенскаму — гарадскому старасту. Да Дня пісьменства ў Слоніме будзе ўстаноўлены помнік Льву Сапегу, у Дзятлаве будзе ўвекавечана асоба Канстанціна Астрожскага. Гэтыя ідэі ідуць ад людзей, і ўлады да іх прыслухоўваюцца. На прэс-канферэнцыі прагучала прапанова па стварэнні ў Гродне музея вядомага пісьменніка Васіля Быкава. Матэрыял аб ім існуе ў некалькіх музеях, але ён разрознены. Магчымасць стварэння такога музея будзе разглядацца.

Аптымізацыя неабходная

Была закранута і тэма канфліктнай сітуацыі, якая склалася на будаўнічым прадпрыемстве «Гроднааблсельбуд». Прадстаўнікі адной з падведамасных структур выказалі пратэст супраць расфарміравання іх арганізацыі. Як растлумачыў кіраўнік рэгіёна, многія праграмы ў сельскіх населеных пунктах завяршыліся і аб'ём будаўніцтва зменшыўся. Прадпрыемства своечасова на гэта не адрэагавала, падрадаў няма, а пазыка расце. Таму была створана спецыяльная камісія і прынята праграма аптымізацыі прадпрыемства. Але ў кожным раёне засталіся значныя вытворчыя базы, якія зараз незапатрабаваныя, бо састарэлі. Таму ўсё было пералічана, унесена ў рэестр. У Шчучыне, дзе дзве ПМК, было прынята рашэнне адну ліквідаваць з прапанаваннем рабочых месцаў згодна з кваліфікацыяй з такім жа ўзроўнем заработнай платы. З кожным персанальна будзе весціся гутарка, каб чалавек не аказаўся без працы, падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. Дарэчы, працэсы па аптымізацыі адбываюцца і ў іншых раёнах, дзе, па сутнасці, засталіся адны ўпраўленцы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Эканоміка, бязвіз і праблемы будаўнічай галіны

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.