Вы тут

Паразуменне праз памяць


Да тэмы Вялікай Айчыннай вайны беларусы звяртаюцца не толькі з нагоды памятных дат — гэта толькі чарговая нагода для больш грунтоўных разважанняў. Але ёсць гісторыкі і вучоныя, штодзённым клопатам якіх з’яўляецца вывучэнне падзей мінулай вайны. Гэта красамоўна паказвае праект выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» «Беларусь помніць», які складаецца на гэты момант з трох кніг: «Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы», «Хатынь. Трагедыя беларускіх вёсак» і «Боль і гнеў. Халакост і супраціўленне ў Навагрудку». У хуткім часе праект папоўніцца.


Аляксандр КАВАЛЕНЯ, акадэміксакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар:

— Спрадвеку беларускі народ рабіў усё, каб памяць пра нашых лепшых суайчыннікаў захавалася назаўсёды. І мы, гісторыкі, робім таксама вельмі вялікую працу, каб не перарывалася духоўная памяць аб тых, хто даў нам магчымасць зараз жыць. Сёння ў Беларусі звыш 8,5 тысячы помнікаў і мемарыялаў, 180 рукатворных курганоў… Гэта наша матэрыяльная памяць. Але ёсць памяць духоўная, якая ўвасоблена ў тысячах кніг. На сёння мы маем звыш 11,5 тысячы розных выданняў. І гэта праца працягваецца. Вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі робяць усё магчымае, каб на старонках новых кніг з’яўляліся раней не вядомыя падзеі нашай гісторыі. На жаль, архівы вельмі скупа і неахвотна адкрываюць свае старонкі, каб паказаць усю красамоўную спадчыну, ратную справу беларускіх людзей. Але мы імкнёмся і робім сур’ёзныя крокі ў гэтым кірунку. Нам удалося выдаць 146-томную серыю кніг-хронік «Памяць», такога прыкладу не знайсці ні ў адной краіне былога Савецкага Саюза. «Памяць» захоўвае тысячы і тысячы імёнаў тых, хто паклаў свае галовы на алтар свабоды і незалежнасці нашай краіны. Важна і тое, што цяпер мы ствараем сумесную камісію вучоных Беларусі і Германіі па вывучэнні нашай агульнай гісторыі. І крок за крокам нам удаецца збліжаць падыходы нашых вучоных па асвятленні гісторыі. Думаю, памяць павінна садзейнічаць паразуменню.

Петэр ДЭТМАР, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі:

— Сапраўды, ёсць факты, якія сведчаць: мы не падышлі да канца гэтай гісторыі. Некалі тыдняў таму ў Брэсце пры будаўнічых работах былі знойдзены астанкі людзей. Аказалася, што гэта месца масавых расстрэлаў яўрэяў, якія некалі жылі ў Брэсце. Летам плануецца перапахаванне знойдзеных астанкаў. Вельмі важна, каб мы думалі над падзеямі мінулага і рыхтавалі гэтую тэму для падрастаючага пакалення. І канечне, трэба задавацца пытаннем, у якіх формах мы павінны захоўваць гэтую памяць і падносіць яе. З упэўненасцю можна сказаць, што адной кнігі недастаткова — трэба шукаць новыя падыходы ў музейнай педагогіцы, рабоце з сацыяльнымі сеткамі і медыя для таго, каб у даступнай форме падносіць інфармацыю тым, хто ўпершыню сустракаюцца з гэтай тэмай. Шматлікія ініцыятывы маюць адну мэту — каб ніколі такія падзеі не паўтарыліся. У гэтых адносінах прадбачыцца шмат працы. Тут трэба сказаць пра камісію гісторыкаў, якая стала вынікам сустрэчы Федэральнага Прэзідэнта Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў мінулым годзе. На той сустрэчы бакі сышліся на думцы, што кожная з краін ведае сваю гісторыю, але было б добра (і гэта насамрэч варта намаганняў) працаваць над сумеснай гісторыяй. Гэтая камісія ўжо збіралася два разы. І, як я магу меркаваць па выніках гэтых сустрэч, мы рухаемся ў правільным кірунку, каб распрацаваць агульныя падыходы ў сумеснай гісторыі і, магчыма, адкрыць новыя раздзелы.

Алаізія ВЁРГЕТЭР, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь:

— Гісторыя Беларусі не так шырока вядомая ў Аўстрыі. Вашы кнігі могуць стаць цікавымі для аўстрыйскага грамадства. Важныя яны для таго, каб паказаць не толькі ваенныя страты, але і страты культурныя, а гэта вялікі пласт гісторыі Беларусі. Так, у Аўстрыі вывучаецца тэма халакосту, але пра гісторыю Беларусі таго перыяду ведаюць няшмат. Выдатна, што ў чэрвені ў Вене распачнецца перасоўная выстаўка «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць». Пасля наведвання Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу я прачытала кнігі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». І вельмі спадзяюся на іх пераклад на нямецкую мову.

Уладзімір АНДРЫЕВІЧ, дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»:

— Апошнім часам мы падрыхтавалі і выдалі шэраг кніг, у якіх асвятляецца гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, асабліва ўдзел беларусаў у вызваленні ад нямецка-фашысцкіх акупантаў захопленых імі краін. Вядома, ёсць думкі перавыдаць гэтыя кнігі на нямецкую. Напэўна, з’явіцца нагода, і мы зробім гэта разам. Магчыма яшчэ дадаць шмат матэрыялаў пра тое, што зроблена сумесна беларуска-аўстрыйскім бокам. Мы шукаем кропкі сумеснай дзейнасці. Вельмі важна выпрацоўваць агульную культуру памяці, каб і пераможцы, і каты, і тыя простыя людзі, якія перажылі жудасныя падзеі, былі паказаны праўдзіва. Бо гісторыя Другой сусветнай вайны — гэта гісторыя ўсёй Еўропы. Наперадзе ў нас выданні пра лагер у Масюкоўшчыне, дзе загінула больш як 80 тысяч ваеннапалонных і мірных жыхароў, а таксама пра Азарыцкі лагер. Важна звярнуцца і да такіх месцаў на Гродзеншчыне, Брэстчыне, Магілёўшчыне — увогуле, да ўсіх месцаў, дзе загінула найбольш людзей. Але мы зараз бачым: якую б тэму ні ўзялі, з якога боку ні паглядзелі, — актуальна. Бо ўжо і кніга пра Хатынь пабачыла другое выданне. Наперадзе перавыданне кнігі пра Трасцянец. Ёсць маладое пакаленне, якое па-рознаму разумее той час, вывучаючы факты, якія скажаюцца, інфармацыю, якая супрацьпастаўляе народы. Усе мы павінны разумець (але часам гэта даецца цяжка), чаму адбываюцца войны, чаму народы знішчаюць адзін аднаго, чаму забіваюць не толькі бацькоў, але і дзяцей. Здавалася б, ва ўсіх адна планета, якая можа жыць мірна і працаваць на будучыню…

Будучыня — у дзецях. Як вайна можа стаць трагедыяй дзяцінства, зведала Беларусь. Вядома, што каля 25 тысяч юнакоў і падлеткаў дапрызыўнага ўзросту ўдзельнічалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскім руху, змагаліся ў падполлі. Якраз гэтай тэме прысвечана кніга, якая выйшла сёлета ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», — «Маленькія салдаты вялікай вайны». Аўтар Уладзімір Вавула прысвяціў яе 250 юным змагарам, некаторыя з якіх з воінскімі часцямі нават дайшлі да Берліна. Караблі і цеплаходы, вуліцы гарадоў і вёсак носяць іх імёны.

У год 75-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў можна чакаць не адно значнае выданне. Менавіта сёлета завершана трылогія каталога рукапісных партызанскіх часопісаў. Яны складаюць адну з самых унікальных калекцый Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і маюць статус гісторыка-культурнай спадчыны. У Нацыянальным архіве Беларусі запланаваны зборнік, тэма якога — аператыўныя зводкі Беларускага штаба партызанскага руху. Ён павінен красамоўна паказаць становішча на пачатку аперацыі «Баграціён» і ў першыя месяцы яе правядзення. Плануюцца зборнікі, адзін з якіх прысвечаны станаўленню пасляваеннай гаспадаркі Беларусі, другі — юбілею мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Вядзецца сумесная работа Нацыянальнага архіва і выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» над Энцыклапедыяй спаленых вёсак Беларусі і Энцыклапедыяй партызанскай барацьбы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».