Вы тут

Пабачыць Марс і… зразумець


«Калі прыгледзецца — Марс сіні, — сцвярджае ў сваім аднайменным рамане, што выйшаў на пачатку года ў выдавецтве «Янушкевіч», Зміцер Вішнёў, — асабліва калі глядзець на яго праз сіняе шкло». Як кажа сам аўтар у адным з інтэрв’ю, «…гэта выклік бульварнаму чытву, якое запаланіла нашы кніжныя паліцы». Коратка адзначу, што чытач не пабачыць тут класічнага аповеду з выразным сюжэтам — гэта твор з урыўкаў дыялогаў, калажных аповедаў пра касмічную кнігарню, яе гандляроў і наведвальнікаў, дзе нерэальнае перамешваецца з кароткімі развагамі пра літаратуру ды літаратараў.


Невыпадкова згаданы твор пазначаны аўтарам як антыраман. Бо справа не толькі ў выкліку «папсе», што апанавала вочы і вушы чалавечай аўдыторыі і нічога не дае ні сэрцу, ні душы…

Тэрмін «антыраман» упершыню прагучаў з вуснаў Жана-Поля Сартра ў дачыненні да рамана Наталі Сарот «Партрэт невядомага», і адбылося гэта ў 1948 годзе. Аўтарам жа гэтага тэрміна з’яўляецца Ралан Барт, якога дужа хвалявала пытанне літаратурнай мовы, яе дэградацыі, што напрамую ўздзейнічае як на культуру ў цэлым, так і на прыроду міжчалавечых стасункаў.

Сваімі раманамі-маніфестамі аўтары антыраманаў ХХ стагоддзя сцвярджалі, што свет, як метафара чалавека, больш не ўяўляе цікавасці, што свет сам па сабе і ён прыўкрасны. Аднак калі мы звязваем яго з чалавекам, то пераносім на яго свае рысы — адмоўныя, а часам жудасныя.

 У антырамане, як правіла, няма героя, сюжэта і каментара аўтара, які апраўдвае ўсё гэта нагрувашчванне рэчыўных доказаў супраць яго. Калі праводзіць аналогію з жывапісам, антыраман — гэта абстракцыянізм. Раней мастак паказваў свет, прывязаны да чалавека: прырода, забітая ім, — нацюрморт; сонца, намаляванае ім, стварае рамантычную атмасферу; навальніца і бура, убачаныя ім, адлюстроўваюць унутраны стан і г. д. Што мы бачым на карцінах абстракцыяністаў? Колер дзеля колеру і квадрат дзеля квадрата. Так і ў антырамане назіраецца гіпертэкст (а што такое гіпертэкст? Гэта апісанне дзеля апісання).

Зразумела, многім антыраман не спадабаецца. І гэта нармальна, бо ніякай ежы для разважанняў ён не дае, як і маралі, урокаў, прыкладаў і іншага. Аднак ёсць і плюсы, якіх не знайсці ў традыцыйнай літаратуры. Чытанне падобна на медытацыю, і гэта лёгкае адчуванне слізгацення па тэксце зачароўвае. Акрамя таго, антыраман рэалізуе актуальную антыўтапічную ідэю, якая сцвярджае, што цяпер не мы выкарыстоўваем рэчы, а яны — нас. Дзеля іх набыцця мы марнуем здароўе, час, сілы і запаветныя мары. Мы самавыяўляемся, вымяраемся і існуем у рэчах. Прадметы — паказчыкі нашага статусу і вагі ў грамадстве, таму яны сталі незаменнай меркай патрэбнасці і важнасці чалавека ў маштабах планеты.

Адштурхоўваючыся, хутчэй за ўсё, ад вышэйсказанага, як мне падаецца, Зміцер Вішнёў сваім творам пракладае іншы шлях, падобны, але і адрозны ад яго папярэднікаў, і бярэ адказнасць за абраны кірунак, бо з’яўляецца адзіным яго прадстаўніком у беларускай літаратуры, можна сказаць, наватарам, хоць і трансфармуе яго па-свойму, робіць больш даступным для айчыннага чытача, які, можа, і вырас з «Людзей на балоце», але наўрад ці дарос да антырамана ў яго класічнай форме.

Зміцер Вішнёў уводзіць у антыраман сюжэт, няхай празрысты і неакрэслены, але ён ёсць, і ўся канва твора трымаецца на ім, а таксама галоўнага героя — кнігарню «Марс», якую адкрывае ў цэнтры горада, у адным з памяшканняў ваеннага завода і насупраць помніка Сталіну звычайны электрык Рыгор Каваль пасля таго, як яго шыбанула токам і яму прымірсцілася на небе замест поўні шыльда з надпісам жаданай установы. Адкуль ён узяў грошы на гэта, застаецца таямніцай. Рыгор Вельветавіч узначальвае культурніцкую установу, што адначасова з’яўляецца і культурніцкай прасторай, набірае штат і губляе галаву ў нялёгкіх працоўных буднях, каб потым апынуцца ў партовым горадзе Вентспілсе і зрабіцца памерам з прусака, седзячы ў сляпых вачах аднаго з наведвальнікаў кнігарні… Наведвальнікі, дарэчы, — найцікавейшы кантынгент планеты, створанай розумам і бясспрэчным талентам аўтара. Тут і вядомы пісьменнік у вузкіх літаратурных колах, які праславіўся тым, што з’еў кіпарыс падчас свайго выступу… Тут і ліха, якое нельга будзіць, ці ліхадзей, які ловіць людзей. І тлусты ды заможны чарвяк на імя Аўгуста Піначэт, які шукае «Капітал» Карла Маркса, і пажылы мужчына, які прагне прыгодаў Шэрлака Холмса, а ў кнігарню трапляе перад самай прэзентацыяй дзіцячых кніг, калі супрацоўніцы ганяюцца з выбівалкай і сачком па памяшканні за Карлсанам і Пінокіа, і дзіцячая пісьменніца з Амстэрдама, якая завітала ў кнігарню за сваёй кнігай, і нават чарапаха Тарціла, якая засумавала па прыгодах Бураціны, але здаволілася і прыгодамі Чыпаліна, бо чым не аналаг?..

У адрозненне ад французскіх прадстаўнікоў «антыраману», якіх, па вялікім рахунку, не цікавілі ні чытач, ні яго думка, бо галоўным яны лічылі мастацтва дзеля мастацтва, З. Вішнёў усё ж такі дбае пра чытача і любіць яго, якім бы ён ні быў. Дзеля гэтага ў раман уводзіць сябе — аўтара, які сумняецца, ці варта было пісаць гэты твор увогуле, і крытыка, які не пакідае ад старонак і раздзелаў шматпакутнай працы каменя на камені, не стрымлівае сябе ў абразах аўтара…

У рамане шмат адсылак, напрыклад, да Булгакава (галава, з якой аўтар вядзе бясконцыя размовы, — Берліёза? капітана Барады? абезгалоўленага дырэктара кнігарні «Марс» спадара Каваля? Чэшырскага ката? — што каму па душы… і неаднаразовае згадванне Ганнушкі, якая праліла алей), Букоўскі, Генры Мілера, Джойса, Кафкі, Картасара… Таму непадрыхтаванаму чытачу будзе няпроста, калі ён апынецца ў джунглях прыхаваных цытат і вобразаў, як, напрыклад, гледачу фільмаў Таранціна.

І, тым не менш, з’яўленне падобнага рамана для беларускай літаратуры — гэта падзея. Прычым падзея сусветнага маштабу. Зразумела, не таму, што ў кнізе няма хэпі-энду, што кнігарня зачыняецца, бо кнігі ўвогуле не прыбытковы занятак на сёння… Антыраман, дзякуючы З. Вішнёву, атрымаў новы подых, нарадзіўся наноў ці перарадзіўся, гэта не так істотна. Ён выйшаў з ценю кананічна-класічнага ўзору і эвалюцыянаваў, у першую чаргу, дзеля беларускага чытача. І ў гэтым яго вартасць. Вартасць, якая вымушае думаць і аналізаваць…

Мікола АДАМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?