Вы тут

Партрэты Надзеі Артымовіч


Не так і шмат кніг маюць нашы паэты, дзе поруч іх вершы і перастварэнні на іншую мову. Беларуская паэтка з Бельска Надзея Артымовіч атрымала прыгожы падарунак — кнігу «Краявід з невідочнай памылкай», куды ўвайшлі творы розных гадоў і пераклады Марціна Рэмбача.


Гэта праўдзівы партрэт душы. Кожная кніга — такі партрэт? Далёка не заўсёды. Бо чалавеку, асабліва жанчыне, уласціва прыхарошваць, упрыгожваць сябе, свет, іншых. Надзеі Артымовіч гэта непатрэбна. Душа гераіні наколькі адкрытая (самоце, болю, адзіноце), настолькі схаваная за сценамі свайго дому без даху, на сваёй выспе, адсюль складанасць сумоўя са светам, мінімальная прысутнасць (дакладней, толькі пазначанасць) людзей. Таму і паэтычнаму радку характэрныя абарванасць, незавершанасць, недаказанасць, што камусьці мо падасца мудрагелістасцю.

Адкрывае гэтае прыгожае выданне верш-эпіграф, які ўвабраў у сябе ўсе асноўныя матывы зборніка. Так класікі ўкладалі свае кнігі. Згадаем «Вянок» Максіма Багдановіча, «Матчын дар» Алеся Гаруна. Не думаю, што паэтка арыентавалася на гэту традыцыю. Проста яна таксама класік — сучаснай беларускай паэзіі Польшчы, «Белавежы». У Беларусі, на жаль, яе творчасць ведаюць вельмі мала.

Вось ён — верш-эпіграф:

уваходзіш у краявід з відавочным дэфектам

гэта называеш домам пажоўклай кніжкай

неабходнай рэпетыцыяй перад таямнічай

вандроўкай —

гэты краявід з невідочным дэфектам ёсць твой

Тут усё — жыццё чалавека (краявід з відавочным дэфектам), ягоны зямны прытулак, дом, а для паэта натуральнае параўнанне з кнігай, якую ўсё жыццё і піша, і чытае. Зямное жыццё — неабходная рэпетыцыя перад вечнасцю (таямнічай вандроўкай). У кожнага жыццё (краявід з невідочным дэфектам) сваё, кніга свая. І памылкі свае, нябачныя, незразумелыя для іншых.

Некалькі скразных матываў, між якіх вылучым матыў горада. Бельск. Якім толькі не паўстае гэтае места ў паэзіі Надзеі Артымовіч. Тут далёка не замілаваная любоў да месца нараджэння, яно сталася ў адначассе і чужым, і блізкім. У вершы ікона прастора горада напаўняецца малітоўным сэнсам.

вечар у Бельску — камень і крыж

вечар у Бельску — блакітны туман

Бельск — ікона малітва сон жыццё

І самы апошні ў кнізе таксама вяртае чытача ў Бельск. Гэта — сыход. Тут пануе царства шэрага. Няма ні веры, ні святла, ні нябеснага блакіту. Паўстае вобраз парога, таксама скразны ў кнізе, і адзінокі, пакінуты мастак:

Над Бельскам шэрае неба

шэры брук, шэры парог, забыты музык

на шэрым парозе

У цэнтральнай страфе — зразумела, яны тут умоўныя — выведзеная формула гэтага горада, ды і гэтага Краю:

Бельск

мястэчка памежжа мястэчка бязмежжа

Адным словам паэтка то лакалізуе прастору горада, то пашырае яе да бясконцасці. То пераносіць у паэтычную прастору створаныя ў рэальнасці межы, між якіх існуе яе горад, то адным штрыхом разбурае іх. Бо паэзія магутнейшая за справы людскія. Гэты горад пусціў у бязмежжа яе слова.

Гераіня Надзеі Артымовіч не жыве ў свеце людзей. Ды і ўвогуле не жыве. Яна занатоўвае жыццё-паміранне, а сама на неабжытай, адасобленай ад свету выспе адмежаваная ад усяго. Бо ўсё даўно памерла:

на маёй выспе

паміраюць сонныя меандры

і чорныя лабірынты

на маёй выспе няма

вачэй свету

мая выспа

чыстая прастора

У яе вершах адсутнічае тое, што ёсць маркерам, апазнавальнымі знакамі жаночае паэзіі: каханне, кветкі, спатканне, ростані, слёзы. Ні аднае слязы не праліла яе гераіня. Жаданых мараў, летуценняў, жаданняў, чаканняў. Гэта таксама жаночая паэзія, але іншая. І кветкі тут ёсць, хай мізар, але іншыя: нагам, як зломленым кветкам і капелюшы аздобленыя сухімі кветкамі. Вось і ўвесь букет. Эратычнаскалечанае параўнанне і засохлая аздоба. Ніякае красы, водараў, шолахаў, колераў. Наогул, колеры ёсць. Ужо згаданы шэры. Самы распаўсюджаны. Ці ўлюбёны? А ці абавязкова любім тое, што вакол? Ці ў нас саміх. Ёсць і цалкам зафарбаваны верш, у якім колеры нясуць немалую сэнсавую нагрузку:

першую літару я напісала

зялёным алоўкам

другую літару я напісала

чорным алоўкам

трэцюю літару я пішу

чырвоным атрамантам

Першапачатак і ў паэзіі, і ў жыцці — маладое, светлае, травеньскае якога колеру? Зялёнага. Поўня жыцця, калі зведана многа, пішацца, як каму лёсіла. Мо хто застанецца ў яркім барвовым, зыркім настуркавым, звабным бэзавым ці наскім валошкавым, а яе гераіня — у непапраўным, незваротным чорным. І на заканчэнне, відаць, усе, каму баліць, напішуць ужо не фарбай, а крывёю — чырвоным, як піша сёння Надзея Артымовіч. Бо ўсё даўно зжыта, перажыта, перагарэла і адыходзіць, каб у тым пазамежжы пачаць з чыстага ліста.

Адзінае прызнанне ў каханні — да лістапада. Да таго, што памірае. Лістапад — гэта прыгожа. Краса шматколернага лісця, танец на ветры, лёгкае, плаўнае кружэнне. Але ў вершы Надзеі Артымовіч усё не так. Што кахае яе гераіня, што прынёс лістапад? Спапяліў, зруйнаваў, не пакінуўшы следу па мінулым, бо ён і ёсць мінулае, якое пануе ў прасторы і часе.

Лішне казаць, што гераіня адзінокая. Проста яна інакш адзінокая. Не між людзей. Гэта найвышэйшая ступень адзіноты. Прыняцце, не адмаўленне, не нараканне:

адзінокая сярод адзінокіх

кідаюся ў фіялетавы прастор

каб заснуць

«У творчасці паэта ёсць адзін важны верш», — гэтай катэгарычнай заявай паэткі з даўняга інтэрв’ю пачынае прадмову Яўген Вапа. Яе няварта ўспрымаць літаральна. Розныя яны, тыя важныя вершы. Напачатку іх выбірае чытач (і гэта таксама розныя вершы), пасля час. Для мяне ж самы важны, самы прыгожы нат не верш, а адзін радок з верша ікона: «веру ў адно нявыказанае слова», цалкам самадастатковы, глыбінны, непаўторны. І наогул, гэты верш, напісаны ў мінулым стагоддзі, адзін з нямногіх светлых, узнёслых, праўдзівы апафеоз красе, сімвал веры ад паэткі Надзеі Артымовіч:

стаю

хвіліна прыгажосці

акіян хараства

хвіліна

веру ў вечнае хараство

веру ў адно нявыказанае слова

веру ў белае маўчанне

Закончым роздум пра кнігу з партрэтаў паэткі. Яны ўражваюць надзвычайна. І так многа гавораць! Ды непатрэбна нічога дадумваць, адно ўважліва перажыць вершы, дзе гэтыя партрэты дакладна намаляваны. Калі б іх не было, уяўленне падказала б яе менавіта такою. Рука, якая бязважка, бяссільна, бязвольна апускаецца, ажывае толькі таму, што трымае папяросу, быццам за жыццё трымаецца, а заўсёдная папяроса без смаку. А яшчэ бязмоўны шэпт: шэрымі рукамі падкідваю няскончаныя размовы. Ад якіх рукі стаміліся — хочацца дапоўніць — і сталі шэрымі — самы характэрны колер няяркае палітры кнігі. Яе адсутная прысутнасць: як выстаяць мне ў дзвярах // нарыхтаваных у замкнутасць сну. Твар схаваны, і профіль таксама за валасамі, профіль кабеты ў чорным на шэрым фоне. Гэта яе воля, бо баюся выразнасці свайго партрэту. І цалкам лагічная выснова: мяне амаль няма. Слаба ратуе гэтае кволае амаль, роўна настолькі, каб гучала адно непрамоўленае слова. Брава, пане мастак-фатограф Павал Грэсь, Вы дасканала прачыталі паэтку. Яны гавораць без слоў: мяне амаль няма. Ёсць толькі вершы. Глыбокія, балючыя, нат суровыя вершы Надзеі Артымовіч, якія, маю надзею, застануцца.

Альжбета КЕДА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.