Вы тут

Варта толькі ўявіць


Пры з’яўленні звычайнага таракана на кухні (канечне ж, на здымнай кватэры) большасць з нас спужаецца, закрые твар рукамі і з лямантам пабяжыць па дапамогу. Ці не з гэтага сэнсавага падабенства нейкія дзіўнасці ў нашых думках і паводзінах мы называем тараканамі… Але ці можна сцвярджаць, што сутнасць чалавека, якую ўсе, натуральна, хаваюць, і ёсць нейкі таракан, ад якога цяжка нават паспрабаваць пазбавіцца?


Тараканаў, якіх няма ў рэальным свеце, і ўбачыў Канстанцін, герой аповесці «Тараканы» Вольгі Юдзінай (Мінск, «Кнігазбор», 2018). Менавіта ў вобразе тараканаў — не малпачак, не катоў, а чагосьці зусім непрыемнага чалавечаму воку, так ужо склалася па сюжэце, персанаж пачаў бачыць людзей.

Пачынаецца твор з лёгкай інтрыгі: цёмным вечарам на шляху героя з’яўляюцца дзве постаці: адна, што ляжыць пад ліхтаром, і другая, што аддаляецца ад першай, — у капелюшы і ў доўгім шаліку. Фінал намаляваны такім жа чынам. Толькі ў ролі асобы, што знаходзіцца ў нявыгадным становішчы, — галоўны герой. Перад гэтым давялося пазмагацца з тараканамі, якія яму бачыліся амаль паўсюль, ды яшчэ ў чалавечым абліччы. І ўсё б нічога, калі б гэта было проста відовішча. Але тараканы маглі станавіцца варожымі... Усё невыпадкова: тараканы ціхіх і спакойных людзей выглядаюць кволымі і бяскрыўднымі, а тараканы карыслівых — хітрымі і ўпэўненымі. І нават маці галоўнага героя падаецца ў выглядзе вялікага насякомага з чарпаком.

Абсурдна-фантастычная аповесць — па-іншаму гэты твор назваць нельга. Бессэнсоўнасць жыцця Канстанціна чытаецца з першых радкоў. Дакладней, гэта бачыцца ў мэце кожнага пражытага дня — паесці, і менавіта смачна. Сытная хатняя ежа — галоўны рухавік сюжэта, бо без імкнення да яе Канстанцін існаваў бы толькі ў коле падзей, якія ад яго не залежаць. Боршч — гэтая чырвона-бардовая мешанка з белымі прожылкамі і, калі пашчасціць, з чорным хлебам і цыбуляй, — ледзь не адзінае, дзеля чаго герой можа зрушыцца з месца.

Абсурднасць бачыцца і ў прасторы, дзе знаходзіцца герой. Гэта пераважна закрытыя памяшканні, якія павінны скоўваць любую асобу ў дзеяннях і часам нават у думках, але герой не адчувае асалоды ад знаходжання на вуліцы, дзе не самае прыемнае мінскае надвор’е, — яго нібы магнітам цягне то ў свой пакой, то ў офіс. І нават у псіханеўралагічным цэнтры яму не стае не свабоды, а наўпрост яго звычайных атрыбутаў — спадарожнікаў жыцця — смачнай ежы, зручных гаджэтаў, начэй з серыяламі... Жыццё ў кватэры дзяўчыны, дзе ён хаваецца пасля ўцёкаў, таксама ёсць пазбяганне свабоды, якой ён нібы і прагне, але не ўсведамляе, што гэта на самай справе.

Узаемаадносіны з сям’ёй, якую складаюць маці і дзядзька з жонкай, можна назваць поўным неразуменнем адно аднаго. Пад ціскам маці герой стаў несамастойны, залежны ад свайго становішча і знешнасці. І гэта, дарэчы, яго цалкам задаволіла. Якраз адносіны з маці ў нейкім сэнсе і раскрываюць сутнасць героя.

Абсурднасць і ў асобе галоўнага героя: ён безаблічны. Мы не ведаем яго мінулага, мараў і надзей. Нават імя, здаецца, сустракаецца ў тэксце толькі адзін раз — напрыканцы. Абсурдны герой знаходзіцца ў такім жа абсурдным свеце. Пратаганіст, які жадае вярнуцца ў свой звычайны стан, ніяк не змяняючы навакольнага свету ці хаця б самога сябе. І ў адчаі знікае. Тут не будзе залішнім успомніць Кафку з яго «Ператварэннем». Толькі ў адрозненне ад героя твора вышэйназванага філосафа, у адносінах героя Вольгі Юдзінай няма зруху да сябе і да ўсяго свету. Ён прымае падзеі з «ціхім жахам», амаль не дзівячыся з таго, што адбылося, нібыта праглядаючы кашмарны фільм ці ўспамінаючы жахлівы сон. Найбольшая частка яго назіранняў скіраваная не на свой асабісты свет, са змянення якога маглі пачацца знешнія змены, а на наваколле. Так, менавіта прасачыўшы за ім, ён можа канстатаваць асабістае самаадчуванне. Але далей канстатацыі справа не ідзе.

Некаторыя дыялогі нібы штучныя — у гэтым ёсць сэнс і неабходнасць, каб адлюстраваць усю непатрэбнасць чалавечага ўзаемадзеяння, дзе людзі, са сваімі шкілетамі ў шафе, не здольныя да шчырасці, імкнуцца ўсё жыццё хаваць свае сапраўдныя думкі і пачуцці глыбока ў сабе.

Чытач запытае: дык што ж новае прыўнесла Вольга Юдзіна ў літаратуру? Героя іншага кшталту. З усяго твора вылучаецца тая падзея, калі Канстанцін упершыню пачынае сябе ўсведамляць як нейкую асобу ў незвычайнай сітуацыі. І звязана гэта не з тараканамі — з адсутнасцю тэлефона і з прысутнасцю дзяўчыны. Ён чытае, есць, п’е — а значыць, атрымлівае асалоду ад жыцця, не зважаючы на тараканаў. І гатовы так існаваць да канца сваіх дзён. Характэрны момант у тым, што герой цалкам суб’ектызаваны ад гэтага свету, эгаіст: маці звар’яцела, пакуль ён знаходзіўся ў клініцы і нават не даў ёй магчымасць пра гэта ведаць, зусім забыў пра ўпадабаную ім дзяўчыну. Затое яго ўвесь час падтрымлівала тое, што дома чакаюць супы ды пірагі. Аднак назваць героя бяздушным ці абыякавым усё ж нельга. Яго супярэчлівы вобраз выклікае і спачуванне, і дзесьці нават сімпатыю. Ён здольны здзівіць сваімі непрадказальнымі ўчынкамі і разважаннямі. Бо ў рэшце рэшт жыццядзейнасць гэтых уяўных тараканаў — у нечым жорсткае адлюстраванне сапраўдных адносінаў людзей.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».