Вы тут

Пра стральца-Фядота: сыграна як па нотах


Некаторыя адначасова робяцца легендамі як паэзіі, так і драмы (як Шэкспір). Спробы іншых так і застаюцца на ўзроўні перыферыйных спроб, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць стаць у адзін шэраг з выключна паэтычнымі творамі (як гэта адбылося, напрыклад, з Маякоўскім ці Цвятаевай).


Сцэна са спектакля «Пра Фядота-стральца».

Неразуменне асаблівасцяў драмы і разам з гэтым наяўнасць выразнага аўтарскага голасу прыводзяць хутчэй да стварэння моцных ліраэпічных твораў, чым твораў драматычных. Паэт — у нейкім сярэднестатыстычным зрэзе — істота заўсёды нашмат больш эгацэнтрычная, чым драматург. Адсюль — нярэдкая маналагічнасць паэтычна-драматычных твораў, якая ў спалучэнні з агульнай паўтаральнасцю паэтычнага аповеду робіць сюжэт і персанажаў недастаткова выразнымі для таго, каб адпаведна адлюстраваць іх на сцэне. Таму так істотна мець непаэтычны пазаасобасны 3D-позірк, каб данесці да гледачоў не аўтарскае бачанне, а нешта больш аб’ектыўнае.

Даволі карысныя ўмовы для развіцця падобнага бачання атрымліваюць акцёры кіно і тэатра, да якіх адносіцца і Леанід Філатаў. Яго самы паспяховы тэкст (калі лічыць паўторы вокладак у кніжных крамах) — казка ў вершах «Пра Фядота-стральца, удалога малайца». І поспех гэты (як і сцэнічная жывучасць) невыпадковы. Па-першае, мова твора стылізаваная пад народныя казкі, што спрыяе лепшай запамінальнасці (інакш вусныя казкі да нас, прагрэсіўных і пісьменных, не дайшлі б). Па-другое, у «Фядоце» прысутнічае іранічнае калькаванне народнага стылю, дзякуючы чаму ў тэкст упісваецца сучасная лексіка (напрыклад, Царэўна «вучыць сальфеджыю», а Нянька «распуджвае заморскіх аташэй»). Па-трэцяе, Філатаў наўмысна робіць некаторыя сюжэтныя пературбацыі архітэктурна-цыклічнымі: не толькі для большай запамінальнасці, але і каб даць патэнцыяльную прастору для сцэнічных інтэрпрэтацый. Што адбудзецца, калі ўсе закладзеныя аўтарам лакуны падчас пастаноўкі будуць крэатыўна запоўненыя сцэнічным матэрыялам? Напэўна, атрымаецца выдатны спектакль. А калі паспрабаваць зрабіць не проста спектакль, а мюзікл?..

Невыпадкова на сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра рэжысёр Настасся Грыненка рэалізуе твор Філатава менавіта ў фармаце мюзікла. Задума пачынае працаваць ужо на метасцэнічным узроўні: нашы продкі пакінулі вялікую фальклорную спадчыну ў песнях, таму, калі выкарыстоўваецца тая ж — песенная — форма, народная стылістыка п’есы яшчэ больш уразаецца ў памяць і гучыць больш аўтэнтычна. Каб узмацнілася поліфанічнасць п’есы, персанаж скамароха заканамерна расслойваецца на цэлую скамарохавую трупу, члены якой часам пераўвасабляюцца то ў царскі сек’юрыці-атрад, то ў лясных дапаможнікаў Бабы-Ягі. І гэта набліжае нас да наступнага ўдалага ходу — развіцця філатаўскіх цыклічных лакун ды непаўторных сюжэтных патэрнаў. Серый цыклаў у Філатава тут некалькі: размовы Фядота і Цара, заклік Марусі да Ціта Кузьміча і Фрола Фаміча, а таксама генеральскія «нарады» ў Ягі. Ва ўсіх гэтых момантах прысутнічаюць наратыўныя, ці нават лексічныя рэфрэны, што якраз характэрна для тэкстаў «з народа».

На тэатральных падмостках, відавочна, гэтыя паўторы выглядалі б не лепшым чынам, таму кожны цыкл кожнай серыі — відовішча з унікальнымі дзеямі з боку скамарохавай масоўкі і калі-нікалі галоўных герояў. Сваёй кульмінацыйнай кропкі варыятыўнасць дасягае ў сцэнах з Генералам і Бабай-Ягой (у выкананні Дзяніса Паршына і Ганны Барташэвіч). Кожны вядзьмарскі заход Ягі — вакальны нумар у непаўторным жанравым стылі. З пункту гледжання музычнай разнастайнасці яна — прыма гэтага мюзікла, і калі б «галоўнасць» герояў вызначалася не па волі сюжэта, а па ўнёску ў «мюзіклавасць», ох, не Фядот быў бы на вядучых ролях… Калі ж раздаваць узнагароды менавіта за акцёрскае майстэрства, то нават тут у пераможцах быў бы не Андрэй Гладкі ў ролі Фядота, а менавіта паршынскі Генерал. Усе выхады за межы рыфмаванага тэксту (з тыпова салдацкімі вербальнымі выкрутасамі) — працуюць, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем — агрэсіўнакамічнае. А хімія паміж Генералам і Бабай-Ягой такая моцная, што міжволі задаешся пытаннем: хто ў сапраўдных адносінах: Фядот з Марусяй ці ўсё ж такі Генерал з Ягой? А вішанькай на бісквіце гумару — тое, што робіць БДМТ прыдатнай пляцоўкай для гэтага мюзікла: моладзевыя музычныя фішкі. Фядот — натуральна дэбіт [Дэб — танцавальны рух, згодна з якім танцор адачасова апускае галаву падчас падняцця рукі па локаць у жэсце, які падобны да «жэста чхання»], апошняя перадтрапезная сварка праходзіць у фармаце рэп-батла, дзе кожны сам за сябе, і акрамя гэтага са сцэны нават пяюць песню Цімы Беларускіх (прычым на першы раз не разумееш, навошта гэта, і толькі на другі раз чуеш, якое дачыненне гэты момант мае да арыгінальнага твора). Наогул, амаль уся музыка — у меру пашырае межы арыгінала, пры гэтым як звяртаючыся да народных матываў, так і прымаючы іншыя, болей актуальныя, музычныя формы. І ўсё гэта — у першую чаргу заслуга кампазітара Ільі Палякова, без чыёй дапамогі той жа персанаж Ягі мог бы застацца пустой калькай філатаўскага тэксту, а не ўдалым пераасэнсаваннем (і ўсё — выключна за кошт музыкі, бо тэкставых адыходаў у гераіні не было).

Ёсць у гэтым мюзікле і жменя спрэчных момантаў. Псуюць агульны настрой некалькі лірычных філераўадсябяцін, дзе Фядот і Маруся (якую сыграла Дар’я Барташ) дзеляцца адно з адным сваімі пачуццямі. Выбіваюцца гэтыя часткі не толькі тэкстава (напісаныя спецыяльна для мюзікла песні адыходзяць ад заданых Філатавым вершаваных памераў), але і ідэйна (у гэтых песнях пачуцці падаюцца ў надта сур’ёзных і шчырых адценнях, якія нельга пабачыць у наскрозь камічным арыгінале). Наогул спрэчна тое, якое месца ў пастаноўцы адведзена тэме кахання. Ёсць месца для ўжо адносін Генерала і Бабы-Ягі, якія выглядаюць досыць натуральна (бо, згодна з тэкстам п’есы, абодвух яднае нейкае агульнае мінулае, ды і па характарах яны — самыя прапісаныя аўтарам пасля Фядота і Цара). Але нейкую няёмкасць выклікае занадта прымітыўны флірт паміж Царом (Юрыем Шаланковым) і Нянькай (Аляксандрай Змітровіч), і поўнае неразуменне — тое, як за некалькі імгненняў да канца зводзяцца Царэўна і Тое-Чаго-НеМожа-Быць (няўжо толькі з-за таго, каб усе асноўныя героі збіліся ў пары і фінальны танец выглядаў больш прыгожа?..). Асаблівы нумар — кульбіт з вобразам Царэўны (ролю якой выканала Кацярына Раманнікава): дзяўчына, якой у арыгінальным творы хацелася суперажываць і шчыра жадаць шчаслівых пошукаў кахання, у мюзікле з нечага стала капрызнай лыпавочай дурнічкай, у некаторай ступені нават нейкай Тупой Прынцэсай — толькі чароўнага люстэрка на сэлфі-палцы не хапае. З-за гэтага атрымліваецца, што Царэўна адбірае ў Цара званне самага брыдкага героя твора (хаця філатаўскі арыгінал дзякуючы гумару дае нагоду нават да негатыўных персанажаў ставіцца пазітыўна), але і адмова Фядота ад жаніцьбы з ёй выглядае ўжо не валявой одай сямейным каштоўнасцям, а проста нечым лагічным.

Але хай гэтае дзёгцевае паслягустоўе не парушае агульных станоўчых эмоцый ад мюзікла. Тэкст Леаніда Філатава — гучыць (нават пяецца). Уся зыходная іронія — на месцы (нават грае новымі фарбамі). Філатаўскія недаказанасці раскрытыя так, што п’еса сэнсава «цяжэе». Таму можна з упэўненасцю сказаць: са сцэны грае не прастадушная фанаграма, якая слепа прытрымліваецца ноты арыгінала, а паўнавартасны кавер, у якім народна-паэтычнае светаасэнсаванне гарманічна сплятаецца з сучаснымі поглядамі на музыку, а вечнае філатаўскае пачуццё гумару набывае актуальнае гучанне.

Данііл ЛЫСЕНКА

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».