Вы тут

Фолк-малітва


Монаспектакль Івана Кірчука «Дарожка мая…» ставіцца на розных пляцоўках нашай краіны не першы год, але кожны раз змяняецца, каб падарыць гледачам новыя эмоцыі. Нязменным застаецца тое, што ён адкрывае людзям.


…Я выйшаў з філармоніі, дзе ў малой зале імя Р. Шырмы адбыўся паказ монаспектакля «Дарожка мая…», пад халодны сакавіцкі дождж, і сам сабой успомніўся радок з песні гурта Anacondaz: «Калі б я курыў, зараз закладна закурыў бы». Да такога настрою добра падышоў і жарт аднаго з гледачоў: «Спадзяюся, што ён сваімі замовамі дождж разагнаў». І сапраўды верылася ў тое, што Іван Кірчук зачараваў шэрае неба. Калі такое адчуванне было не толькі ў мяне, то ў лідара «Троіцы» атрымалася стварыць магію…

Хочацца пісаць тэкст менавіта ў мінулым часе не толькі таму, што ён пра спектакль, які ўжо прайшоў. «Дарожка мая…» настолькі прасякнута духам мінуўшчыны, што Іван Кірчук у белай шырокай кашулі і такіх жа нагавіцах выглядае не столькі прывідам, колькі адным з тых продкаў, чыю спадчыну музыка спрабуе перадаць сучаснікам. Нездарма ў канцы спектакля гучыць пытанне: «Мы з вамі таксама станем продкамі, толькі якімі?»

Але гэта ўсё лірыка, якая з’явілася дзякуючы канкрэтыцы. Да стварэння спектакля Іван Кірчук рыхтаваўся даволі доўга, збіраў матэрыялы ў экспедыцыях, хадзіў да старых людзей, якія яшчэ памятаюць некаторыя традыцыі. З 2002 года, калі Кірчук упершыню прадставіў «Дарожку…», спектакль змяніўся. З’явіліся сталы з ручнікамі, на якіх ляжаць інструменты. Іх калекцыя таксама папаўняецца, як і калекцыя масак і лялек. Стала больш відавочнай структура, па якой пабудавана выступленне: на сцэне існуе некалькі рытуальных зон, кожная з якіх увасабляе значны этап у жыцці чалавека.

Пачалося ўсё з зямлі, бо «з зямлі чалавек нараджаецца і ў зямлю сыходзіць». Першая частка спектакля звязана з нараджэннем чалавека і адраджэннем зямлі пасля зімы. Таму і песні гучаць такія, што адпавядаюць дзвюм гэтым з’явам. З дапамогай старажытных духавых інструментаў ён заклікаў вясну і вітаў новага сына Божага. Гэтае злучэнне паганскіх і хрысціянскіх матываў наогул характэрнае для спектакля. Нават манера спяваць адначасова была падобная і да малітвы, і да старажытных паганскіх спеваў. Але, як справядліва адзначыў сам Іван Кірчук, гэта не супярэчнасць, бо нашыя продкі існавалі ў культуры, дзе змешваліся хрысціянскія і паганскія традыцыі. Такое спалучэнне працягнулася і ў наступнай частцы, прысвечанай іншай стыхіі. Вада мела сакральнае значэнне, бо была не толькі сімвалам жыцця, але і той стыхіяй, у якой хрысцілі Ісуса Хрыста. І вельмі сімвалічна, што пасля ўспаміну пра Іардан музыка перайшоў да легенды і песні пра русалак, якія таксама жывуць у вадзе, але з’яўляюцца напамінам пра вераванні нашых продкаў яшчэ да эпохі хрысціянства. І менавіта русалкі з’яўляюцца аднымі з тых істот, міфалогію якіх хрысціянства крыху перарабіла, але пакінула сутнасць.

На мой погляд, самай цудоўнай часткай монаспектакля было Купалле. Іван Кірчук ператварыўся адразу ў трох персанажаў: старога, які распавядаў маладым дзяўчатам пра рытуал, саміх дзяўчат, якія загаворвалі вянкі і пускалі іх па вадзе, і некае бажаство, якое гэтыя вянкі надзявала на рукі і, хочацца верыць, прыслухвалася да жаданняў дзяўчат. Вянкі на руках у сукупнасці з цудоўным голасам спевака і яго пазнавальнай знешнасцю стварылі ўражанне, быццам малую залу філармоніі перанеслі ў старую, страчаную сярод лясоў Беларусі, вёску, дзе і сёння ладзяцца старажытныя абрады і пяюцца купальскія песні. Але і ў гэтай частцы не абышлося без успаміну пра хрысціянства, бо ў асноўнай песні гэтай кампазіцыйнай часткі гучыць рэфрэнам «Купала на Івана», дзе разам слухачы чулі імёны паганскага бажаства і Іаана Хрысціцеля.

Так падрабязна распавядаць пра монаспектакль далей бессэнсоўна, бо наступны раз ён будзе іншы. Дадаюцца новыя інструменты, або з-за асаблівасцяў пляцоўкі іх, наадварот, становіцца менш. З’яўляюцца новыя ідэі або перарабляюцца тыя элементы, якія ўжо шмат гадоў існавалі ў спектаклі. Напрыклад, адной з асноўных змен дзеі стала з’яўленне лялек «Дзед і Баба», якія дапамаглі Івану Кірчуку правесці сімвалічныя Дзяды. Раней гэтага элементу ў спектаклі не было. Але нязменным застаецца адно: гэта спектакль пра жыццё чалавека. Пра сонца, якое свеціць над галавой усё жыццё, пра вяселле, якое трэба адзначыць так, каб маладыя яго запомнілі, пра Каляды, якія святкуюцца кожны год… Гэта спектакль пра продкаў, пра павагу да іх і пра запаветы, якія яны пакінулі. «Дарожка мая…» і пра смерць таксама, бо «толькі прыйшоў у свет, а ўжо трэба сыходзіць». Але, як справядліва адзначыў Іван Кірчук падчас спектакля, нашы продкі не баяліся смерці, бо часам нават ведалі, калі памруць. І ў гэтай адсутнасці страху смерці таксама спалучаюцца паганства і хрысціянства, бо, негледзячы на захаванне нейкіх рытуалаў, продкі жылі па-хрысціянску і верылі, што трапяць у рай.

Музыкант іграў на шматлікіх інструментах: ад смыка да гусляў і акарыны. Гэта не выглядала хаатычным жаданнем паказаць выдатнае валоданне кожным інструментам, бо іх гучанне, я ўпэўнены, доўгія гады падбіралася, каб адпавядаць таму ўнікальнаму моманту жыцця, пра які зараз пяе або распавядае чалавек на сцэне. Калі гаворка вялася пра птушак, то інструмент гучаў так, быццам у зале лятала чарада ластавак. Калі пра казу — то падобна да бляяння. Стварылася адчуванне, быццам на сцэне, акрамя Івана Кірчука, жыве хтосьці яшчэ. Быццам ён з сабой на сцэну прывёз і тых магічных істот, што былі рэальнай часткай колішняга сусвету. І найлепш гэтае яднанне з мінуўшчынай адчувалася тады, калі Іван Кірчук пачынаў распавядаць пра тое, што цяпер мы б назвалі забабонамі. Але нашы продкі сапраўды верылі, што дрэвы ў купальскую ноч могуць пераходзіць з месца на месца, што ўвесну разам з птушкамі вяртаюцца душы памерлых і што на флейце з косці ваўка нельга граць пры людзях, бо яна кліча ваўкоў. Такі магічны рэалізм у сукупнасці з песнямі, замовамі і расповедам пра рытуалы прымушае паверыць, што ў гэтым жыцці, мабыць, ёсць яшчэ штосьці таямнічае. І пра гэтыя таямніцы ведалі людзі старажытнасці, але да нас дайшла малая частка тых ведаў.

Не апошнюю ролю ў тым, што гледачы паверылі ў магічную сілу песняў і замоў, адыгралі, мне здаецца, і тыя рэчы, што ляжалі на сталах побач з інструментамі. Іван Кірчук мог пратрымаць іх у руках літаральна некалькі секунд, але гэтага хапала, каб людзі маглі разгледзець рэчы, адчуць, што яны звязаны са старажытнасцю, нават калі гэтыя прадметы — «акцёры», якія толькі выконваюць ролю сапраўдных артэфактаў. І споведзь, якая павольна перацякае ў вясёлы, амаль што рокавы «рыф», сыграны на гуслях, толькі замацоўвае эфект магічнага трансу, пра які казаў Кірчук. Споведзь надае монаспектаклю больш эмацыянальнасці, нясе галоўную мэту, з якой творца ўвогуле прыдумаў «Дарожку…» — перадаць веды продкаў сучаснікам, каб яны мелі хаця б мінімальны шанс стаць тымі, хто штосьці пасля сябе пакіне. А пройгрыш на гуслях не дазваляе монаспектаклю перацячы ў рэчышча сакральнага дзеяння, якое трэба ўспрымаць толькі з бязмежнай павагай. Гэта таксама змяшэнне, але Іван Кірчук таленавіта злучае пласты хрысціянства і паганства, рэальнасці і магіі, таму інтымны момант споведзі побач са святочнай музыкай таксама выглядае арганічна.

…Калі перад напісаннем гэтага тэксту я разважаў пра спектакль, то зразумеў, што ён неідэальны — ці не ў гэтым падстава для пастаянных зменаў? Былі не вельмі зразумелыя пераходы паміж рознымі этапамі жыцця. Крыху не хапіла балансу паміж расповедам і песнямі, бо цікава паслухаць не толькі самі песні, але і тыя гісторыі, што атачалі абрады. Мне падаецца, калі б размоў было больш, то павялічыўся б і шанс падштурхнуць гледачоў больш цікавіцца гісторыяй і культурай нашай краіны. На іх і рэагавалі значна больша актыўна, бо тады наладжваўся кантакт з гледачом, які часткова губляўся падчас песень, калі яны ішлі адна за адной. Тады б і самі песні ўспрымаліся лепш, таму што людзі пачыналі б разумець, больш уважліва слухалі тэкст, які неадрыўна звязаны з сэнсам рытуалаў і канцэпцыяй монаспектакля.

Але ж ніводны твор мастацтва не можа быць ідэальны, і гэтыя дробязі, тым не менш, не парушаюць магію монаспектакля «Дарожка мая…». Самае правільнае вызначэнне для гэтага твора — «магія», бо нашы продкі жыцця без яе не ведалі.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».